Для абітурыентаў створаны ўсе ўмовы, каб яны маглі сканцэнтравацца на рашэнні тэстаў

Учора ў 11:00 у краіне стартавала цэнтралізаванае тэсціраванне. Але ўжо ў 9:30 побач з галоўным будынкам Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта дысцыплінаваныя абітурыенты, якія прыйшлі ў пункт тэсціравання загадзя, выстраіліся ў чаргу.

ЦТ

Беларускую мову (а менавіта з тэста па беларускай мове і распачаўся двухтыднёвы экзаменацыйны марафон) сёлета пажадалі здаваць 18,6 тысячы чалавек па ўсёй краіне. Для параўнання: на рускую мову зарэгістраваліся 52 тысячы чалавек. Як бачым, прапорцыя зусім не на карысць роднай мовы, нават калі ўлічыць, што некаторыя абітурыенты будуць здаваць дзве дзяржаўныя мовы. Такое права ў іх ёсць: каля 40 працэнтаў аформілі пропускі на чатыры прадметы.

У БДПУ для ўдзелу ў ЦТ па беларускай мове зарэгістраваўся 931 абітурыент. Для таго каб рассадзіць гэтую колькасць удзельнікаў экзамену з патрабаваннем захавання сацыяльнай дыстанцыі не менш за метр, спатрэбілася задзейнічаць 24 аўдыторыі. А пад рускую мову 26 чэрвеня ў БДПУ зарэзервавана ўдвая больш памяшканняў і дадатковыя вучэбныя карпусы. Увогуле пра тое, што прыёмная кампанія праходзіць сёлета ва ўмовах пандэміі, нагадвае абсалютна ўсё: паўсюдна ў свабодным доступе знаходзяцца антысептыкі для рук, а ў холе галоўнага корпуса – няпамятлівыя абітурыенты маглі набыць не толькі ручку з чорным чарнілам, але і маску, і вільготныя сурвэткі. Дарэчы, у БДПУ ўсім абітурыентам было рэкамендавана захоўваць масачны рэжым. Для тых, хто забыўся пра маску, у аўдыторыях быў створаны рэзерв індывідуальных сродкаў абароны. Усе арганізатары ЦТ ва ўніверсітэце былі ў масках і аднаразовых пальчатках.

На ўваходзе абітурыенты праходзяць строгі фэйс-кантроль: арганізатары супастаўляюць фота ў дакументах, так бы мовіць, з «арыгіналам». Калі сумняваюцца, просяць зняць маску. «Шукаем сваё прозвішча ў спісах. Не затрымліваемся, праходзім у гардэроб і здаём усе свае рэчы», – арыентуюць абітурыентаў, якія ўжо трапілі ў вучэбны корпус, шматлікія валанцёры. Каму патрабуецца, дапамагаюць знайсці экзаменацыйную аўдыторыю, бо заблытацца ў карпусах педуніверсітэта даволі проста. Валанцёры вылучаюцца сярод вялікай колькасці маладых людзей фірменнай жоўта-блакітнай універсітэцкай атрыбутыкай і... сваімі добразычлівымі ўсмешкамі. Будучыя педагогі выдатна разумеюць, наколькі важная падтрымка ў сітуацыі стрэсу, тым больш што і самі яны яшчэ не забыліся пра ўласныя эмоцыі ад ўступных экзаменаў. Дарэчы, у валанцёрскі атрад БДПУ «Штаб абітурыента» адбіраюць найлепшых, бо добра разумеюць, што падчас прыёмнай кампаніі валанцёры становяцца абліччам універсітэта.

Усе арганізацыйныя моманты добра прадуманы, таму чарга на ўваходзе хутка раствараецца. У 10:30 большасць абітурыентаў ужо занялі свае месцы ў памяшканнях. Перад аўдыторыяй хлопцы і дзяўчаты праходзяць яшчэ адзін пашпартны кантроль і цягнуць нумар свайго месца. Ад яго будзе залежаць варыянт тэста.

Каб асабіста пераканацца ў тым, што ўсё арганізавана належным чынам, у Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт завітаў старшыня Дзяржаўнай камісіі па кантролі за ходам падрыхтоўкі і правядзення ўступных іспытаў у вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных установах, намеснік прэм'ер-міністра Ігар ПЕТРЫШЭНКА.

– Міністэрства адукацыі і ВНУ добра падрыхтаваліся. Не было чэргаў перад аўдыторыямі, прынцып дыстанцыравання і ўсе супрацьэпідэмічныя меры былі цалкам выкананыя, – падзяліўся ён сваімі ўражаннямі ад убачанага. – З улікам эпідэміялагічнай сітуацыі сёлета паўсюдна давялося павялічыць аўдыторны фонд для ЦТ. Рассаджванне ўдзельнікаў ЦТ забяспечваецца на адлегласці не менш за адзін метр, а колькасць абітурыентаў у аўдыторыі не перавышае 50 чалавек. Для правядзення ЦТ па двух найбольш масавых вучэбных прадметах (руская мова і матэматыка) сёлета прадугледжана па два дні. Павялічана таксама колькасць пунктаў тэсціравання ў рэзервовыя дні: калі раней гэта быў толькі БДУ, то ў гэтым годзе вызначаны ВНУ ў кожным з абласных цэнтраў (усяго шэсць пунктаў). Створана бяспечнае з пункту погляду эпідэміялагічнай абстаноўкі асяроддзе, каб абітурыенты маглі сканцэнтравацца на рашэнні тэстаў. Вядома, удзельнікі ЦТ хвалююцца. Мы гэта бачым, але гэта натуральны працэс. Таму пры наведванні аўдыторый спрабавалі іх заспакоіць і падтрымаць, казалі ім, што ў тэстах няма заданняў, якія выходзяць за рамкі школьнай праграмы, і калі яны сумленна працавалі ў школе і рыхтаваліся да ЦТ, то ніякіх нечаканасцяў не будзе.

Як адзначыў віцэ-прэм'ер, у тых абітурыентаў, якія цяпер знаходзяцца на самаізаляцыі, будзе магчымасць у рэзервовыя дні здаць ЦТ. Створаны ўмовы і для абітурыентаў з Расіі, Казахстана, Кыргызстана і Таджыкістана. Яны могуць здаць ЦТ у рэзервовыя дні, каб паступіць у беларускія ВНУ. «Міністэрства аховы здароўя разам з Міністэрствам адукацыі падрыхтавалі метадычныя рэкамендацыі, каб абітурыенты, якія прыедуць з-за мяжы, маглі без 14-дзённага тэрміну самаізаляцыі прадэманстраваць свае веды», – праінфармаваў Ігар Петрышэнка.

У 10:15 на вачах у журналістаў арганізацыйная камісія разам з прадстаўнікамі Камітэта дзяржкантролю адчыніла сейф, куды трыма гадзінамі раней былі змешчаны матэрыялы цэнтралізаванага тэсціравання. Іх дастаўкай па ўсёй краіне займаюцца кур'еры фельд'егерскай службы. Матэрыялы ЦТ прывозяцца ў апламбаваных сумках накшталт інкасатарскіх. Для разноскі тэстаў ва ўсе аўдыторыі, дзе праходзіць цэнтралізаванае тэсціраванне, рыхтуюцца спецыяльныя пакеты з сакрэтнай стужкай, якія проста немагчыма ўскрыць непрыкметна, скажам, на шляху ад сейфа да памяшканняў. На кожную аўдыторыю запаўняецца акт, у якім пазначана не толькі колькасць бланкаў, але і іх нумары, таму чужыя бланкі апынуцца ў пакеце не могуць. Да таго ж і арганізатары ЦТ у пакоі пацвярджаюць сваімі подпісамі, што менавіта гэты бланк знаходзіўся ў экзаменацыйнай аўдыторыі. У сейфе застаюцца толькі два рэзервовыя пакеты: адзін з бланкамі адказаў і другі – з педагагічнымі тэстамі на той выпадак, калі раптам ужо ў аўдыторыях выявіцца друкарскі брак на паперы.

Для разноскі тэстаў ва ўсе аўдыторыі рыхтуюцца спецыяльныя пакеты з сакрэтнай стужкай. Як толькі цэласнасць стужкі парушаецца, на ёй праступаюць схаваныя ад вачэй сімвалы..

Кантроль за правядзеннем уступных выпрабаванняў і забеспячэннем для абітурыентаў роўных магчымасцяў ажыццяўляе дзяржаўная камісія. У дзяржкамісіі створана рабочая група, у склад якой уваходзяць прадстаўнікі Адміністрацыі Прэзідэнта, Камітэта дзяржкантролю, Міністэрства адукацыі і МУС.

– Камісіі па кантролі за ходам уступных выпрабаванняў працуюць ва ўсіх установах вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Іх старшынямі з'яўляюцца члены дзяржкамісіі, а намеснікамі – работнікі Камітэта дзяржкантролю. Усяго па краіне ва ўступнай кампаніі задзейнічана больш за 220 работнікаў Камітэта дзяржкантролю, якія будуць кантраляваць усе этапы ўступнай кампаніі: ад правядзення тэставых выпрабаванняў да падачы дакументаў у прыёмныя камісіі і залічэння, – падкрэслівае намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення кантролю бюджэтна-фінансавай сферы – начальнік упраўлення кантролю за работай галін сацыяльнай сферы КДК Віктар БУРЛО. – Лёсаванне, дарэчы, праходзяць не толькі абітурыенты, але і члены арганізацыйнай камісіі: ніхто загадзя не ведае, у якой аўдыторыі ён апынецца. Разам з выкананнем задач па прадухіленні парушэнняў члены дзяржкамісіі будуць аб'ектыўна і ў сціслыя тэрміны разглядаць звароты абітурыентаў і іх бацькоў. Для аператыўнага рэагавання на базе Камітэта дзяржаўнага кантролю і абласных камітэтаў дзяржкантролю арганізавана работа гарачых ліній, будзе праводзіцца таксама асабісты прыём абітурыентаў і іх бацькоў.

Віктар Бурло расказаў, што ў рабочую групу ў чэрвені ўжо паступалі звароты, звязаныя з рэгістрацыяй на ЦТ. Некаторыя абітурыенты не змаглі ўкласціся ў тэрміны, адведзеныя для яе. Па кожным канкрэтным выпадку прымалася рашэнне аб допуску да ЦТ. Апошнія звароты паступілі літаральна за некалькі дзён да старту цэнтралізаванага тэсціравання, таму гэтым маладым людзям дазволяць праходзіць яго ўжо толькі ў рэзервовыя дні.

Сёлета ўсім прэтэндэнтам было рэкамендавана прытрымлівацца дзелавога стылю ў адзенні. Гэта было сказана ў памятцы ўдзельніку ЦТ, але абітурыенты ўсё роўна адзяваюцца так, як ім зручна, – прыходзяць на экзамен і ў шортах. «Мы, канешне, звяртаем увагу на знешні выгляд, але, улічваючы спякотнае надвор'е, незахаванне дзелавога стылю не будзе крытычным, каб не дапусціць абітурыента да ўдзелу ў цэнтралізаваным тэсціраванні», – заўважыў Віктар Бурло.

Перад пачаткам ЦТ усім прэтэндэнтам яшчэ раз нагадваюць пра неабходнасць здаць мабільныя тэлефоны. За выяўленне гэтай прылады ў экзаменацыйнай аўдыторыі гаспадар пазбаўляецца магчымасці пераздаць ЦТ і аказваецца за бортам прыёмнай кампаніі. Абскардзіць такое рашэнне немагчыма. Дзеля справядлівасці трэба дадаць, што мабільныя тэлефоны забараняецца мець у экзаменацыйнай аўдыторыі не толькі абітурыентам, але і арганізатарам ЦТ.

А вось калі самаадчуванне на экзамене пагоршыцца, то гэта будзе падставай для таго, каб здаць экзамен у рэзервовы дзень. Праўда, такі факт абавязкова павінен засведчыць медыцынскі работнік у пункце здачы ЦТ.

У 11:05 камісія распячатвае канверт з бланкамі адказаў, а затым і з тэставымі заданнямі. Пасля ўскрыцця пакета з педагагічнымі тэстамі абітурыенты ў аўдыторыю ўжо не дапускаюцца. Журналістаў просяць пакінуць памяшканне. Адлік часу пайшоў…

Гарачыя тэлефонныя лініі дзяржаўнай камісіі па кантролі за ходам уступных выпрабаванняў створаны для абітурыентаў на базе цэнтральнага апарата Камітэта дзяржаўнага кантролю і камітэтаў у абласцях. Нумары тэлефонаў: рабочай групы дзяржкамісіі ў Мінску – (017) 327 66 80; Брэсцкай абласной камісіі – (0162) 21 18 76 і 21 18 94; Віцебскай абласной камісіі – (0212) 37 61 93 і 37 61 82; Гомельскай абласной камісіі – (0232) 23 83 85; Гродзенскай абласной камісіі – (0152) 79 88 01, 79 88 40 і 79 88 16; Магілёўскай абласной камісіі – (0222) 22 18 97, 31 07 73 і 31 07 75 і Мінскай абласной камісіі – (017) 284 09 06 і 284 05 90. Гарачая лінія Міністэрства адукацыі – (017) 222 43 12.

Опубликовано:
26 июня 2020
Просмотров:
8539
Фото:
Ганна Занкавіч
Категория:
Поделиться в соцсетях: