Гэта нашы дзецi

ДАІ заклікае бацькоў вадзіць першакласнікаў у школу за руку ўвесь год. Да Новага года ва ўсіх школах з’явяцца куточкі бяспекі дарожнага руху, а супрацоўнікі МУС прымуць удзел у лінейках і першых уроках.

Куточкамі бяспекі дарожнага руху школы абсталююцца дзякуючы падтрыманаму ЮНІСЕФ праекту УДАІ МУС Беларусі па прафілактыцы дзіцячага дарожна-транспартнага траўматызму. Таксама вядзецца праца па абсталяванні на тэрыторыі школ аўтагарадкоў.

— У сталічнай школе №217, напрыклад, ёсць цэнтр і музей бяспекі дарожнага руху, тут жа запланавана стварыць аўтагарадок. Ужо зараз сюды па графіку прыходзяць на заняткі дзеці з іншых школ, каб адпрацаваць правілы бяспечнага руху. Другі аўтагарадок павінен з’явіцца ў Смалявічах. Мы плануем, што ў кожным абласным цэнтры дакладна з’явяцца цэнтры бяспекі, а з цягам часу створацца яны і ў раёнах, — зазначыла Ганна Банадык, старшы інспектар па асобым даручэннях УДАІ МУС.

Важным сродкам бяспекі ў МУС лічаць схемы бяспечнага руху «Дом-школа-дом», дзе акрэслена тэрыторыя мікрараёна вакол школы з нанесенымі на яе знакамі руху і пешаходнымі пераходамі. Стрэлкамі абазначаны бяспечны маршрут ад дома да школы. Ганна Банадык заклікала бацькоў у першыя дні верасня праходзіць увесь гэты шлях да школы разам з дзецьмі. Вучняў 1-2 класаў увогуле трэба ўвесь год вадзіць за руку, таму што ў 6-7 гадоў яны не гатовы да самастойнага ўдзелу ў дарожным руху.

Настаўнікаў заклікаюць актыўна карыстацца відэафільмамі, навучальнымі камп’ютарнымі праграмамі і ілюстрацыямі, спецыяльна распрацаванымі для гэтага УДАІ МУС. Напрыклад, надрукавана серыя з 17 яскравых малюнкаў дарожных знакаў, на адвароце якіх у вершаванай форме тлумачыцца, для чаго патрэбны знак. Там жа ёсць тлумачэнні і для настаўнікаў. Пры падтрымцы беларускага клуба аўтамотатурызму з’явілася новая смарт-праграма «Смарт-роўд» для дзіцячых мабільнікаў, якая будзе пастаянна абнаўляцца.

Ірына СІДАРОК, «Звязда»
Опубликовано:
24 августа 2015
Просмотров:
1348
Категория:
Поделиться в соцсетях: