Грамадзянства дзiцяцi залежыць ад бацькоў

Па звестках Белстата, каля сямі працэнтаў шлюбаў беларусы заключаюць з замежнiкамi. Але цi заўжды iх дзецi становяцца грамадзянамi Беларусi? На пытанне адказвае намеснiк начальнiка Дэпартамента па грамадзянстве i мiграцыi Мiнiстэрства ўнутраных спраў Беларусi Павел Хрышчановiч.

Семья

– Мы кiруемся Законам Рэспублiкi Беларусь ад 1 жнiўня 2002 года «Аб грамадзянстве Рэспублiкi Беларусь». Гэта значыць, незалежна ад месца нараджэння дзiцяцi яно аўтаматычна набывае беларускае грамадзянства, калi на дзень нараджэння адзiн з яго бацькоў з'яўляецца грамадзянiнам Рэспублiкi Беларусь. Пры гэтым якойсьцi згоды другога з бацькоў на набыццё беларускага грамадзянства не патрабуецца – таксама як i яго працэдурнага афармлення. I ў такiм выпадку бацькi могуць звярнуцца па афармленне пашпарта грамадзянiна Рэспублiкi Беларусь свайму дзiцяцi альбо па месцы жыхарства на тэрыторыi нашай краiны, альбо па месцы пастаноўкi на консульскi ўлiк у адпаведнае дыпламатычнае прадстаўнiцтва.

Пры гэтым заканадаўча забяспечана канстытуцыйнае права такога дзiцяцi на абарону i заступнiцтва Рэспублiкi Беларусь незалежна ад узнiкнення магчымых негатыўных абставiн. Iмi могуць быць сямейныя рознагалоссi цi развод бацькоў. Але дарослыя пры гэтым маюць выбар – пакiнуць за малым грамадзянства Беларусi або зарэгістраваць яго страту ці лiчыць дзіця толькi грамадзянiнам iншай дзяржавы. У апошнiм выпадку iм трэба звярнуцца або ў дыпламатычнае прадстаўнiцтва Беларусi за мяжой, або ў органы ўнутраных спраў па месцы жыхарства краiны – як i ў першым выпадку.

Калi ж рэгiстрацыя нараджэння дзiцяцi адбылася за мяжой, яго пасведчанне аб нараджэннi прымаецца на тэрыторыi Рэспублiкi Беларусь пры наяўнасцi легалiзацыi або прастаўлення апастыля. Пры гэтым дакумент на замежнай мове павiнен быць перакладзены на адну з дзяржаўных моў Рэспублiкi Беларусь, а пераклад натарыяльна засведчаны.

Пры гэтым ёсць адзiн выпадак, калi беларускае грамадзянства ўзнiкае ў непаўналетнiх дзяцей аўтаматычна, без дадатковага працэдурнага афармлення. Гэта датычыцца сiтуацый, калi бацькi дзiцяцi, адзiн з якiх з'яўляецца замежнiкам, не знаходзяцца ў шлюбе. У такiх выпадках беларускае грамадзянства ўзнiкае аўтаматычна ў дзяцей ва ўзросце да 18 гадоў з моманту ўстанаўлення мацярынства або бацькоўства грамадзянамi Рэспублiкi Беларусь. Аднак такая норма прымяняецца толькi ў дачыненнi да выпадкаў, калi мацярынства або бацькоўства зарэгiстравана пасля красавiка 2016 года.

Трэба сказаць, што жыццёвыя сiтуацыi, звязаныя з устанаўленнем мацярынства або бацькоўства, вельмi iндывiдуальныя, таму ў любым выпадку пажадана звяртацца ў падраздзяленнi па грамадзянстве i мiграцыi органаў унутраных спраў або дыпламатычныя прадстаўнiцтвы. Там вам дадуць персанальную кансультацыю, зыходзячы з усiх абставiн.

Опубликовано:
30 сентября 2020
Просмотров:
2583
Категория:
Хештеги:
Поделиться в соцсетях: