Iгар Бузоўскi: Трэба берагчы самае дарагое, што мы маем

Клапацiцца пра дзяцей i абараняць iх ад усякага роду пагроз, здавалася б, натуральны закон прыроды, важнасць якога нiкому не трэба тлумачыць. Але, як паказвае практыка, часам жыццё ўносiць свае карэктывы i сiстэма дае збой... I тады ўжо спрабуеш зразумець, хто можа абаранiць правы дзiцяцi, i адказнасць бацькоў цi дзяржавы тут большая. Па адказы на некаторыя пытаннi, што непакояць сёння грамадскасць, «Звязда» звярнулася да члена Нацыянальнай камiсii па правах дзяцей Iгара Бузоўскага.

Дети и родители

– Iгар Iванавiч, акрэслiце, якiя зараз найбольш вострыя праблемы ёсць у нашай краiне, што датычацца тэмы парушэння правоў дзяцей?

– У цэнтры ўвагi тых, хто на ўзроўнi дзяржавы i ў колах неабыякавых грамадзян непакоiцца i займаецца праблемамi дзяцiнства, падтрымкi i выхавання дзяцей, сёння па-ранейшаму востра гучаць шматлiкiя тэмы, актуальныя не толькi для большасцi краiн свету. Мы жывём у глабальным свеце i знаходзiмся ў вялiкай геапалiтычнай прасторы, якая наўпрост цi ўскосна закранае такога роду праблемамi i наша грамадства. Таму тэмы гвалту ў сям'i, распаўсюджванне наркотыкаў, сацыяльна небяспечныя ўмовы – з'яўляюцца актуальнымi i для нас. Наша Нацыянальная камiсiя па правах дзяцей працуе над тым, каб абаранiць дзяцей ад усiх згубных рэчаў такога характару.

– Скажыце, у святле абвостранага палiтычнага супрацьстаяння, якое мы назiраем апошнiя месяцы ў Беларусi, як абаранiць дзяцей ад уцягвання ў гэтыя падзеi?

– Калi канкрэтна па згаданай сiтуацыi, то так, у нас зараз актыўна праходзяць працэсы грамадска-палiтычныя, звязаныя з выбарчай кампанiяй кiраўнiка дзяржавы. I адбiтак яны знаходзяць у розных плоскасцях з закрананнем эканамiчных, сацыяльных, мiжнародных пытанняў. Апошнiм часам да нас звяртаюцца прадстаўнiкi грамадскiх колаў, бацькi з абурэннямi, што бачаць па СМI, у iнтэрнэце i на вулiцы, як удзельнiкi несанкцыянаваных акцый уцягваюць дзяцей, падлеткаў у сваю дзейнасць, альбо дзецi туды трапляюць з-за адсутнасцi належнага кантролю з боку дарослых. I ў гэтай сiтуацыi паняцце адказнасцi ўжо распаўсюджваецца не толькi за сваiх дзяцей, але i за дзяцей у грамадстве ў цэлым. Бо iх iнтарэсы i правы ў нашай краiне абараняюцца законам.

На жаль, мы ўжо ў сваёй краiне бачылi, якiя наступствы могуць мець масавыя несанкцыянаваныя мерапрыемствы, якiя потым ператвараюцца ў натоўп. I якiмi наступствамi яны адгукнулiся для асобных сем'яў. У такiх сiтуацыях пытанне забеспячэння фiзiчнай бяспекi – першачарговае. I тут яшчэ важна памятаць пра тое, што ёсць маральная, псiхалагiчная небяспека, якая ўзнiкае ў атмасферы натоўпу. Дзiцячая псiхiка яшчэ нясталая для ўспрымання iнфармацыi, тым больш той, дзе прысутнiчаюць псiхоз i агрэсiя, магчыма, некантралюемыя паводзiны людзей. Асаблiва, калi яны знаходзяцца на мяжы з законам i тым больш, калi яго парушаюць.

Таму мы пры неабходнасцi будзем iнiцыiраваць разгляд такiх выпадкаў i прымаць неабходныя меры. Каб, як мiнiмум, на прававым узроўнi ў тых, хто нясе адказнасць за дзiця, было ўсведамленне ўсiх рызык i наступстваў. Хочацца, каб людзi разумелi, што такiя паводзiны i неабдуманыя дзеяннi нельга дапускаць. Гэта забараняецца законам i тымi нарматывамi, якiя абараняюць сёння нашых дзяцей.

– У прэсе гучала iнфармацыя, што такiя паводзiны бацькоў будуць атрымлiваць прававую ацэнку. Якiя могуць быць наступствы?

– Думаю, рашэннi будуць прымацца, зыходзячы з таго, як працягнуць складвацца абставiны. Пакуль што мы фiксуем гэтыя выпадкi, назiраючы за падзеямi, i разумеем, што тут нельга сядзець склаўшы рукi. Пэўныя рашэннi ўжо прымаюцца i работа выконваецца камiсiяй. Цяпер праводзiцца шырокае iнфармаванне бацькоў i грамадскасцi наконт гэтых абставiн. Калi спатрэбiцца, то, мабыць, трэба будзе грамадскасцi (якая абараняе правы i iнтарэсы дзяцей i падлеткаў на ўсiх узроўнях) i непасрэдна камiсii прымаць больш радыкальныя меры па прыцягненнi да адказнасцi. Бо, нават улiчваючы пазiцыю некаторых «гэта маё дзiця, таму што хачу, тое i раблю», ёсць паняцце грамадства, якое сёння павiнна баранiць дзяцей i iх правы. I гэта датычыцца не толькi нейкiх рэчаў, якiя звязаны з выхаваннем, адукацыяй, але i са здароўем фiзiчным i псiхалагiчным. Клапацiцца пра гэта – прамы абавязак дзяржавы. Бо тое, што адбываецца сёння, проста па-за межамi разумення бацькоў, якiя занепакоены спакойным i нармальным фармiраваннем сваiх дзяцей, iх выхаваннем як асоб. Перад вачыма стаяць эпiзоды, якiя павiнны былi б хайпануць на эмоцыях, i яны дасягнулi сваёй мэты, дзе мацi трымае дзiця за руку, i тое плача, а яна перад праваахоўнiкамi эмацыянальна адстойвае нейкую сваю грамадскую пазiцыю. Калi ўзнiкла ў гэтым рэчышчы непаразуменне такога роду, дзе ёсць пагроза бяспецы i здароўю дзяцей, значыцца будзем звяртацца да заканадаўчай базы, каб адстойваць iх iнтарэсы.

Я сам бацька i добра разумею, што нiдзе акрамя сям'i дзiця не атрымае лепшага выхавання i больш увагi i цяпла, але ёсць межы, якiя нельга пераходзiць. I варта перш за ўсё думаць пра сваiх дзяцей. Трэба берагчы самае дарагое, што мы маем.

Опубликовано:
23 сентября 2020
Просмотров:
48520
Категория:
Поделиться в соцсетях: