Каб кніга стала магнітам для дзяцей

Сацыяльны праект «Чытаем па-беларуску з Velcom» з удзелам вядомых беларускіх пісьменнікаў стартаваў у школах.

На працягу трох месяцаў больш чым у 30 школах Мінска, а таксама ў 2 школах для дзяцей з асаблівасцямі развіцця пройдуць урокі па спецыяльна распрацаванай праграме. Вучні другіх і трэціх класаў будуць не толькі знаёміцца з сучаснай беларускай літаратурай, але і атрымаюць практычныя лінгвістычныя навыкі.

Ініцыятарам праекта выступіла кампанія Velcom пры падтрымцы Камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама. Ролю педагогаў возьмуць на сябе дзіцячы пісьменнік, галоўны рэдактар часопіса «Вясёлка», лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Уладзімір Ліпскі, пісьменніца, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Раіса Баравікова, пісьменніца-казачніца Алена Масла, паэтка і публіцыстка Таццяна Сівец, а таксама вядомы беларускі акцёр і тэлевядучы Юрый Жыгамонт.

Вельмі важна, што звяртацца да дзіцячай аўдыторыі будуць самі вядомыя літаратары, якія прадставяць маленькім чытачам свае творы. Спадзяёмся, што гэтыя ўрокі стануць добрым дадаткам да школьнай праграмы і яркай падзеяй для кожнага маленькага ўдзельніка, — расказаў начальнік аддзела карпаратыўных камунікацый кампаніі Velcom Вячаслаў Смірноў.

Гэты праект блізкі маёй душы, майму сэрцу і маёй сутнасці, — падкрэслівае пісьменнік Уладзімір Ліпскі, — таму што мова — гэта душа чалавека. Чалавек не можа быць паўнавартасным, калі яго душа не мае пэўных мускулаў. А мова, чытанне, літаратура — гэта і ёсць мускулы душы. Сёння моладзь захоплена інтэрнэтам. Але мы, дарослыя, павінны зрабіць усё, каб кніга стала для дзяцей магнітам. Я ўдзячны ініцыятарам гэтага праекта. Давайце ўкладваць грошы ў развіццё роднай Беларусі і дзяцей — галоўнага нашага скарбу!

Надзея НІКАЛАЕВА, «Звязда»
Опубликовано:
20 октября 2015
Просмотров:
1326
Категория:
Поделиться в соцсетях: