Как прошло ЦТ и каким оно будет в следующем году – РИКЗ

Цэнтралізаванае тэсціраванне прызначана рэальна ацэньваць веды будучых студэнтаў. Сёлета на выпрабаванне зарэгіс­травалася 76,9 тысячы чалавек. Многія ўжо ведаюць свае вынікі, некаторыя яшчэ чакаюць іх па асобных прадметах. Аднак асноўны этап ЦТ завершаны. А заўтра пачынаецца старт рэзервовых дзён тэсці­равання – 6, 8 і 10 ліпеня. Для тых, хто не змог па сур’ёзных прычынах здаць у асноўныя дні. Карэспандэнт «Р» пагутарыла з абітурыен­тамі, якія ўжо ведаюць свае балы, а таксама даведалася пра ўсе пад­рабязнасці экзаменацыйнай кампаніі ў прадстаў­нікоў Рэспублікан­скага інстытута кантролю ведаў.

ЦТ

Ганна Світа атрымала па рускай мове  96 балаў, па біялогіі – 100. Што па хіміі – зусім хутка даведаецца.

Рыхтавалася да цэнтралi­заванага тэсцiравання на працягу ўсяго 11-га класа. Амаль кожны дзень рабіла заданні па патрэбных прадметах. Хадзіла на курсы па біялогіі і рускай мове, а хімію вывучала на ўроках і факультатыве. Я паступаю ў БДМУ, таму мне патрэбны былі высокія балы, і я рыхтавалася так, каб іх набраць. Калі сказаць шчыра, чакала добрых вынікаў. Тым больш рэпетыцыйнае тэсціраванне выканала добра.

Што цікава, рэпетытар Ганны па біялогіі таксама прайшла ЦТ. І яна таксама набрала, як і навучэнка, 100 балаў. Выдатны вынік! Ганна кажа:

Заданні ЦТ няцяжкія пры важнай умове: вы старанна і якасна рыхтуецеся. Трэба сапраўды вучыць усе тэмы, адпрацоўваць іх тэстамі, затым паўтараць для ўпэўненасці і пры неабходнасці. Хто адыграў важную ролю для мяне, дык гэта настаўнікі. Напрыклад, настаўніца па хіміі падрабязна ўсё тлумачыла, давала рашаць тэставыя задачы, пасля чаго яны станавіліся зразумелымі, многія лёгка было выконваць.

Яшчэ адзін абітурыент з Мінска Валянцін Гапановіч вырашыў здаваць 4 прадметы: рускую мову, матэматыку, фізіку і на ўсялякі выпадак нямецкую мову. Плануе паступіць на факультэт прыкладной матэматыкі і інфарматыкі БДУ. Сертыфікат па матэматыцы ўжо цешыць яго вочы – 100 балаў! Да нямецкай рыхтаваўся ў сваёй гімназіі № 56 на ўроках і факультатывах. Матэматыкай займаўся на курсах у БДУ і ў адукацыйным цэнтры «100 балаў». Там жа рыхтаваўся да фізікі і рускай мовы. Адчувае сябе ўпэўнена – рэпетыцыйнае тэсціраванне здаваў добра. Ён узгадвае:

– 100 балаў па матэматыцы я чакаў. Пасля таго, як выйшаў з аўдыторыі, з іншымі хлопцамі абмяркоўвалі задачы – адказы сышліся, гэта супакоіла. У параўнанні з РТ, ЦТ было складаней, але цікавей. Самай складанай задачай была В7, якую рашаў графічна. Нечаканай была задача А18 геаметрыя. Але і яе рашыў правільна. Я шмат часу аддаў пераправерцы, усё пералічыў, таму адчуваў сябе ўпэўнена. Так, былі на матэматыцы задачы, якіх я раней не бачыў, але, паколькі ведаў матэрыял, іх таксама рашыў. Аналагічна было з нямецкай мовай і фізікай.

На жаль, не абышлося на ЦТ без неспадзяванак. На тэсціраванні па рускай мове выдалілі пяць чалавек за выкарыстанне мабільных тэлефонаў, на матэматыцы – траіх, двое з іх хацелі скарыстацца шпаргалкамі, адзін – мабільным тэлефонам. На фізіцы – шэсць чалавек: пяцёра выкарыстоўвалі мабільны тэлефон, адзін – шпаргалку. На сусветнай гісторыі – аднаго за мабільны тэлефон. Сярэдняя няяўка на ЦТ склала каля 4 працэнтаў. Ужо вядома, што на сотню балаў напісалі ЦТ па беларускай мове 42 чалавекі – у два разы больш, чым летась. Сто балаў на ЦТ па рускай мове атрымалі 36 чалавек, па грамадазнаўстве – 15 чалавек, па матэматыцы – 101.

Юрый Міксюк, дырэктар УА «Рэспубліканскі інстытут кантролю ве­даў», ацэньваючы методыку ЦТ у гэтым годзе, зазначыў, што яна адрозніваецца ад ранейшай толькі формулай падліку балаў, не больш за тое.

Новая методыка аналізу вынікаў ЦТ дазваляе лепш ацэньваць рэальныя веды абітурыентаў у абсалютнай велічыні. Па сутнасці, тое, што ёсць у атэстаце выпускніка, адлюстравана яго ведамі ў тэсце па прадмеце. Юрый Міксюк таксама сказаў, што канкурэнцыя паміж моцнымі абітурыентамі, якія набіраюць больш за 70 балаў, будзе тая ж самая. А што датычыцца слабейшых юнакоў і дзяўчат, то пераважная большасць з іх будзе мець сярэдні бал.

З-за таго, што сярэдні бал на ЦТ сёлета вырас, у наступным годзе ніжнія парогавыя значэнні адзнак на ЦТ будуць павышаны. Пакуль, напрыклад, па беларускай або рускай мовах нездавальняючымі лічацца адзнакі ад 0 да 9 балаў (уключна), для спецыяльнасцей філалагічнага профілю – ад 0 да 24.

ЦТ тым часам працягваецца для тых, хто меў важкія прычыны, якія былі пацверджаны дакументальна, каб іспыты здаваць у рэзервовыя дні. У бліжэйшы час ЦТ па рускай мове здадуць 254 чалавекі, па беларускай – 51, фізіцы – 137, матэматыцы – 149, хіміі – 39, біялогіі – 126, па англійскай мове – 122, нямецкай – 15, французскай – 3, гісторыі Беларусі – 126, грамадазнаўстве – 53, геаграфіі – 2, сусветнай гісторыі – 4.

Атрымаць сертыфікаты на рукі абітурыенты, якія прынялі ўдзел у ЦТ у асноўныя дні, змогуць у пунктах правядзення ЦТ з 10 ліпеня, а тыя, хто прымае ўдзел у ЦТ у рэзервовыя дні, – з 13 ліпеня.

Аліна Касель, «Рэспубліка», 5 ліпеня 2019 г.

Опубликовано:
5 Июля 2019
Просмотров:
181
Категория:
Поделиться в соцсетях:
Правила безопасности при возникновении чрезвычайных ситуаций для детей и взрослых