Канікулы без праблем

Два месяцы таму ў Мінску 9-гадовы школьнік сам справіўся з пажарам да прыезду ратавальнікаў. Хлопчык знаходзіўся дома адзін. Ён уключыў тэлевізар і пайшоў на кухню. А калі вярнуўся адтуль у пакой, то ўбачыў, што прыбор гарыць. Хлопчык тут жа адключыў тэлевізар ад электрычнасці, заліў полымя вадой і пакінуў кватэру. Пасля высветлілася, што пажар адбыўся з-за кароткага замыкання. Школьнік пасля расказаў, што літаральна за некалькі дзён наведаў урок па пажарнай бяспецы і скарыстаў атрыманыя на ім веды.

Зусім хутка настане гарачая пара. Дзеці адкладуць убок падручнікі і сшыткі, якія надакучылі за доўгія дзевяць месяцаў, і адправяцца на доўгі адпачынак. Шмат часу яны будуць праводзіць дома, пакуль бацькі знаходзяцца на працы. Але як жа зрабіць так, каб лета не было азмрочана трагедыяй? І якія захады мусяць прыняць бацькі? Аб гэтым карэспандэнт «Звязды» пагутарыў з прэс-сакратаром Мінскага абласнога ўпраўлення МНС Крысцінай Зайцавай.

Знайшлі малыя порах...


— Рыхтаваць дзяцей да летняга адпачынку мы пачынаем ужо цяпер. У маі стартуе акцыя «Не пакідайце дзяцей адных!». Ратавальнікі прыйдуць у школы, дзіцячыя садкі, завітаюць да шматдзетных сем'яў і ў дзіцячыя дамы сямейнага тыпу. Непасрэдна з чэрвеня пачнецца яшчэ адна акцыя — «Канікулы без дыму і агню». Тут нашых спецыялістаў варта чакаць у аздараўленчых і прышкольных лагерах. Мы правядзём навучальныя гутаркі і звернем увагу на, здавалася б, звычайныя побытавыя моманты, якія могуць хаваць у сабе небяспеку.

Кожны з бацькоў мусіць ведаць, дзе знаходзіцца іх дзіця і чым у гэты час займаецца. Таму лепш ужо зараз правесці прафілактычную гутарку і абыграць усе магчымыя сітуацыі. Дома небяспеку ў сябе хаваюць электрычныя прыборы. Трэба як мага далей прыняць інструменты, якія ў неспрактыкаваных руках могуць нанесці вельмі моцную траўму.

Асабліва пільнымі мусяць быць жыхары мясцовасцяў, дзе ідуць якія-небудзь будоўлі ці, напрыклад, пракапаны траншэі дзеля рамонту труб. Малых гэтыя аб'екты прывабліваюць, але растлумачце ім, чаму туды хадзіць нельга. Пэўную небяспеку хаваюць у сябе закінутыя дамы. Дзеці туды любяць хадзіць гуляць, але ж не ўлічваюць таго, што канструкцыі могуць абваліцца ў любы момант.

І нават у звычайных дварах у шматпавярховых кварталах хаваецца небяспека. Часта дзіцячыя пляцоўкі аддзелены ад уваходу ў пад'езд праездам, запаркаваным аўтамабілямі з абодвух бакоў. Таму растлумачце малому, як трэба правільна пераходзіць праезную частку — з-за вышыні аўтамабіля кіроўца рызыкуе заўважыць дзіця вельмі позна.

— Таксама раскажыце пра тое, што не варта браць незнаёмыя прадметы, — раіць Крысціна Зайцава. — Успамінаецца выпадак, які здарыўся ў Бабруйску. Некалькі гадоў таму хлопчыкі знайшлі нейкую банку. Адкрылі яе, а там аказаўся порах. Дапытлівыя малыя вырашылі паглядзець, як ён загарыцца. Кінулі запалку — і тут жа раздаўся выбух. Дзеці тады атрымалі сур'ёзныя апёкі...

«Зачэпінг» для Беларусі не актуальны»

Перамена абстаноўкі для гарадскіх дзяцей, якія прыехалі на тры месяцы ў вёску, вельмі ўражлівая. Тут табе і рэчка, і лес, і вялікія прасторы палёў. І гэта стварае ілюзію разняволенасці. Якая, аднак, можа скончыцца трагедыяй.

Летась у жніўні драма разыгралася на вадасховішчы паблізу вёскі Смолічы. Трохгадовы хлопчык і 16-гадовая дзяўчына адпачывалі разам з маці. Малы сядзеў на надзіманым матрацы. І ў нейкі момант парыў ветру аднёс матрац ад берага. Дзяўчына гэта заўважыла і паплыла ўслед за ім. За трыццаць метраў ад берага яна дагнала брата, але ўтрымаць яго не змагла. Імгненне — і абодва апынуліся пад вадой. Маці дапамагчы не змагла — яна не ўмела плаваць...

— Нельга выходзіць на ваду на самаробных плавальных сродках. На вадаёмах дзеці тонуць з-за таго, што яны там прадастаўлены самі сабе. Да таго ж у хлопчыкаў існуе дух спаборніцтва — напрыклад, хто далей праплыве. Але пры гэтым яны не разлічваюць свае сілы. Не ведаючы мясцовасці, яны не зважаюць на асаблівасці плыні, не разлічваюць тое, што ў дне вадаёма могуць быць глыбокія ямы. Таму лепш ісці адпачываць у дазволеныя правераныя месцы, дзе абсталяваны пляжы, і толькі пад наглядам дарослых.

Пры дзіцячым адпачынку на сельскай мясцовасці сур'ёзнай небяспекай для жыцця становіцца навальніца. У горадзе гэтая праблема вырашаецца проста: месцаў, дзе можна перачакаць непагадзь, вельмі шмат: крамы, грамадскі транспарт, фае. А вось у вёсцы бліжэйшая пабудова можа быць і за некалькі кіламетраў. Былі выпадкі, калі электрычныя разрады забівалі дзяцей у палатках.

— Нельга хавацца ад навальніцы пад асобнымі дрэвамі. Лініі электраперадачы таксама могуць прыцягнуць да сябе маланку. А што ж рабіць у полі, дзе ўвогуле няма дзе прыхінуцца? Калі чалавек проста стаіць, то ён з'яўляецца самай высокай кропкай, якая і можа прыцягнуць разрад па аналогіі з адзінокім дрэвам. Таму трэба прыняць позу «эмбрыёна» — прысесці на кукішкі, абняць рукамі калені і перачакаць дождж. Перад тым на зямлю лепш падсцяліць куртку. Уцячы ад навальніцы лепш не спрабаваць: прадметы, якія рухаюцца, прыцягваюць да сябе разрад. Мабільны тэлефон лепш выключыць на час непагадзі і нават выцягнуць батарэйку.

У суседняй Расіі сярод падлеткаў моцна распаўсюдзіўся так званы «зачэпінг». Падлеткі ў пошуках моцных адчуванняў чапляюцца за цягнікі звонку і так падарожнічаюць на далёкія адлегласці, нягледзячы на рызыку зваліцца пад колы падчас руху.

— На шчасце, у нас гэтая практыка не прыжылася. А вось экстрэмальныя «сэлфі» (самавыявы з дапамогай мабільнага тэлефона) нашы падлеткі рабіць спрабавалі. Нагадаем хоць бы пра выпадак у Пружанах, які здарыўся летась у жніўні. Дзевяцікласніца залезла на дах цягніка і атрымала магутнейшы ўдар токам ад кантактнай сеткі. Мы пасля гэтага выпусцілі відэаролік пра тое, як трэба рабіць сэлфі бяспечна. Пры кожнай гутарцы з дзецьмі звяртаем на гэта ўвагу. І больш такіх выпадкаў не было.

Каб не заблукаць у лесе

Летась у Бярэзінскім раёне ў лесе згубіўся чатырохгадовы хлопчык. Перад тым маці малога сама пайшла ў лес, а сына пакінула разам з 16-гадовай дачкой. Калі маці прыйшла дадому, малога там ужо не было. Дачка расказала, што ён пайшоў гуляць да суседзяў. Маці кінулася ў двор да іх, але і там малы не знайшоўся. Кабета прыгадала, што сын хацеў сустрэць яе на ўзлеску. Жанчына пабегла туды і знайшла там веласіпед сына. Пачала крычаць, але хлопчык не адгукаўся.

...Яго некалькі гадзін шукалі міліцыянеры, леснікі і мясцовыя жыхары. Толькі а дзясятай гадзіне вечара небараку знайшлі амаль за два кіламетры ад узлеску, на якім ён пакінуў веласіпед. Малы сказаў, што толькі хацеў паесці ягад.

— Таму не трэба пакідаць дзяцей без нагляду, — аналізуе сітуацыю Крысціна Зайцава. — Але з імі ўсё роўна трэба пагутарыць і на гэтую тэму. Негатыўную ролю адыгрывае псіхалагічны фактар: дзеці баяцца, што пасля на іх дома будуць сварыцца за тое, што пайшлі ў лес у адзіночку. Таму малы можа сядзець у лесе гадзінамі, чуць, як яго клічуць, але не адгукацца. Растлумачце яму, што заблукаць можа кожны чалавек, дарослы ці дзіця, што не трэба саромецца пазваніць па тэлефоне ў такой сітуацыі, калі сігнал ловіцца. І што б ні здарылася, вы абавязкова пачняце шукаць яго.

Але што рабіць, калі мабільны тэлефон не працуе і палянкі побач няма? Тут толькі застаецца выбірацца самому. Праўда, на сваім шляху пажадана пакідаць зарубкі ці заломкі на дрэвах. Гэтыя знакі дапамогуць пошукавай групе вас знайсці хутчэй. Людзі, якія шукаюць малога ў лесе, рухаюцца вельмі павольна, бо шукаюць разнастайныя сляды. Акрамя таго, гэты просты метад дазволіць не збіцца з курсу. У чалавека звычайна правая нага робіць крыху большыя крокі ў лесе. На дарогах гэтая асаблівасць не адчуваецца — на падсвядомым узроўні мы карэктуем крок міжвольна. А вось у лесе арыенціраў такіх няма. Таму гэтыя зарубкі дазволяць не апісваць гадзінамі адну і тую ж акружнасць радыусам у некалькі кіламетраў.


Валяр'ян ШКЛЕНІК, «Звязда»
Опубликовано:
4 Мая 2016
Просмотров:
1018
Категория:
Поделиться в соцсетях:
Психологическая помощь