Канстытуцыйны ШАГ

Сталічныя гімназісты зрабілі свой «ШАГ» да разумення правоў чалавека. У межах аднайменнага праекта да іх у гімназію № 61 завіталі Ірына Старавойтава, першы намеснік Міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь, Ала Куніцкая, начальнік упраўлення па адукацыі адміністрацыі Маскоўскага раёна Мінска, Ніна Чарняк, старшыня Савета ветэранаў Маскоўскага раёна, яе намеснік Іван Шыманчук і інш.

Гімназісты

Тэмай сустрэчы стала святкаванне 25-годдзя Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

Пра тое, што гэта за закон і як ён уплывае на наша жыццё, сёння ведае, бадай, кожны школьнік. Не кажучы ўжо пра старшакласнікаў. Таму гутарка схілілася больш у бок выканання правоў сучаснага школьніка.

Так, улічваючы, што ўдзел у размове ўзялі навучэнцы 9–11 класаў, натуральна, што іх асабліва хвалявала не проста  права на адукацыю, але і ўлік усіх іх пажаданняў, датычных да гэтай сферы. Так, 11-класнікаў хвалявала, ці змогуць яны пры жаданні атрымліваць вышэйшую адукацыю на беларускай мове, і парадавала, што якраз цяпер у нашай краіне гэтае пытанне абмяркоўваецца, і робіцца ўсё для таго, каб у бліжэйшай будучыні можна было вывучаць любыя, нават тэхнічныя, навукі па-беларуску.

Цікавілі іх і змяненні ў падліку балаў на цэнтралізаваным тэсціраванні і тое, як гэта паўплывае на іх шансы стаць студэнтамі.

У размове былі закрануты пытанні змянення ў самой Канстытуцыі. Ірына Анатольеўна Старавойтава расказала, як яна можа змяняцца:

– Ініцыятыва па ўнясенні змяненняў можа паступіць ад дэпутатаў, ад выканаўчай улады і нават ад звычайных грамадзян нашай краіны пры выкананні пэўных умоў. Праўда, гэта патрабуе правесці сур’ёзную работу: праводзяцца маніторынгі заканадаўчых актаў, зносіны з насельніцтвам, аналізуецца сітуацыя, робяцца вывады і толькі пасля гэтага прапаноўваюцца змяненні. Далей магчымыя змяненні разглядаюцца дэпутатамі, выканаўчай уладай і ўзгадняюцца з усімі міністэрствамі і ведамствамі і толькі потым накіроўваюцца ў Савет Міністраў і ў Палату прадстаўнікоў. У Палаце разглядаецца пытанне ў рабочых групах. Гэта таксама вельмі складаны працэс, часта ён суправаджаецца грамадскімі абмеркаваннямі, часта і ў рабочых групах адбываюцца гарачыя дыспуты, бо тут вялікая цана няправільнага рашэння. Бо ад той ці іншай фармуліроўкі залежаць лёсы людзей. Напрыклад, апошні заканадаўчы акт, над якім я працавала, – гэта законапраект аб аўтарскім праве. І мы правялі больш за 50 рабочых груп, каб знайсці тыя рашэнні, якія аб’яднаюць інтарэсы нашых грамадзян і нашай краіны ў цэлым. Уявіце сабе тую маштабную, тонкую работу, якая папярэднічала прыняццю Канстытуцыі, якая рэгламентуе ўвогуле ўсю сістэму дзяржаўнасці нашай краіны. Таму яна настолькі вывераная. Асноўным дакументам нашай краіны мы можам па праву ганарыцца. І мы можам быць упэўненымі, што ўсе законы, якія мы прымаем і па якіх мы з вамі жывём, створаны ў адпаведнасці з нашай Канстытуцыяй.

Завяршылася гутарка аб правах пытаннем ад гасцей да школьнікаў наконт іх абавязкаў. Іван Уладзіміравіч Шыманчук прапанаваў задумацца, што ў імкненні ведаць свае правы кожны грамадзянін не павінен забывацца і пра свой абавязак перад Радзімай, па магчымасці старацца рабіць усё магчымае, каб паспрыяць яе росквіту, а таксама пра тое, што выкананне правоў аднаго чалавека не павінна перашкодзіць правам іншых людзей.

Святлана НІКІФАРАВА, Міністэрства адукацыі
(фота Алега Ігнатовіча)

Опубликовано:
22 марта 2019
Просмотров:
684
Категория:
Поделиться в соцсетях: