Кансультант па этыкеце расказвае, як правільна пабудаваць узаемаадносіны ў сям'і

Таццяна Гладкая – журналіст па адукацыі, працавала на беларускім тэлебачанні ў якасці рэжысёра, сцэнарыста і тэлевядучай. Аднойчы, распрацоўваючы чарговую тэму для сваёй аўтарскай рубрыкі, дзяўчына зразумела, што тэма этыкету развіта ў нас у краіне вельмі слаба, і ў літаральным сэнсе «захварэла» гэтым. Таму і паступіла ў Аўстрыйскую вышэйшую школу этыкету – там Таццяна вучылася ў такіх вядомых спецыялістаў, як Ксенія Ферзь, Марыя Бушэ, прынцэса Таня дэ Бурбон-Пармская, графіня Мары дэ Цілі. Пасля чаго атрымала дыплом і стала кансультантам па свецкім і дзелавым этыкеце. У інтэрв'ю Таццяна Гладкая расказала, як правільна навучаць этыкету дзяцей, у што адзявацца дома, як паводзіць сябе з бацькамі і пра шмат што іншае.

Этикет

«Заўсёды трымаць сябе годна сапраўднае мастацтва»

Таццяна, для пачатку раскажыце, чаму вы пачалі так старанна вывучаць этыкет?

– Працуючы на тэлебачанні, для спецыяльнай рубрыкі я прыдумала гумарыстычныя па выкананні, але сур'ёзныя па змесце сюжэты, якія і зараз можна знайсці ў Сеціве. Гэта ролікі на даволі бытавыя тэмы: як паводзіць сябе ў тэатры, у грамадскім транспарце, на пляжы, як культурна мець зносіны з суседзямі. Браць інфармацыю толькі з інтэрнэту было не камільфо, таму я пачала чытаць літаратуру, збіраць сваю бібліятэку, наведваць розныя майстар-класы, куды прыязджалі французскія і англійскія велікасвецкія дамы. А нядаўна скончыла курс у Аўстрыйскай школе і атрымала дыплом. Навучанне там ішло адразу па некалькіх кірунках: свецкі, дзелавы і сталовы этыкет. Я абрала менавіта гэтую школу, таму што мне вельмі блізкая іх «рэлігія» – элегантнасць ва ўсім. Яны прапагандуюць, што можна быць элегантным нават у старым бабуліным світары і джынсах. У першую чаргу, элегантным павінна быць не адзенне, а менавіта манеры, жэсты, звычкі і гаворка. Вельмі важна заставацца элегантным у крытычных, форс-мажорных сітуацыях. Калі нам хтосьці нахаміў або калі мы не ў настроі, калі, можа быць, адбылося нешта вельмі сумнае. Трэба заўсёды трымаць сябе годна. І гэта сапраўднае мастацтва.

– Наколькі тэма этыкету развіта ў нашым грамадстве?

– Яна, на жаль, развіта недастаткова, а самае сумнае, што часта правілы этыкету ў нас успрымаюцца варожа. Многія, напрыклад, лічаць, што лішняе «дзякуй», «добры дзень», «да пабачэння» – гэта як лакейства, прыніжэнне перад чалавекам, якому ты так гаворыш. Вядома, ёсць тэндэнцыі да лепшага, людзі больш вітаюцца з касірамі, суседзямі, але пры гэтым апускаюць вочы і галаву. Пра ўсмешку наогул можна забыцца. Гаворачы аб этыкеце, заўсёды трэба пачынаць з сябе і разумець, што этыкет – гэта не нейкія забароны або правілы, якія нас абмяжоўваюць, а наадварот – тое, што дае нам свабоду. Я для сябе вывела такую формулу: этыкет – гэта тры словы: камфорт, свабода і зручнасць. Калі мы ведаем правілы таго, як мець зносіны, правілы сталовага этыкету, нам камфортна. Не трэба нервавацца з нагоды таго, як есці амара. Мы можам свабодна весці гутарку з дзелавым партнёрам, камфортна сябе адчуваць на спатканні. А камфорт дае нам свабоду выбару. Культура зносін – гэта праца, спачатку вельмі няпростая. Нашмат складаней у аўтобусе, саступаючы месца бабулі, сказаць: «Сядайце, калі ласка!», чым проста ўстаць.

Вядома, накладае адбітак савецкі час, калі правілы этыкету трактаваліся абсалютна няправільна. Напрыклад, да гэтага часу ў дзіцячым садку дзецям кажуць: «калі я ем, я глухі і нямы». Лухта несусветная! За святочным абедам я гавару і слухаю згодна з этыкетам, таму што за сталом у сям'і ці кампаніі трэба ўмець размаўляць. Таксама няправільна трактуецца правіла, што нельга ставіць локці на стол. На самай справе, локці на стол ставіць можна, але не заўсёды. Можна, напрыклад, падчас змены страў і ў той час, калі ўжо падалі гарбату або каву. Таксама гэта дапускаецца ў выпадку, калі стол не сервіраваны. Усё лагічна, таму што ў гэты час на стале няма прыбораў, на гэта месца можна паставіць локці. Локці на стале дапускаюцца ў неафіцыйнай абстаноўцы – у сямейным асяроддзі ці на сустрэчы з сяброўкамі.

«Галоўнае правіла – гэта павага»

– Ці ёсць паняцце «сямейны этыкет»?

– Вядома, бо сям'я – гэта грамадства, прычым, я лічу, гэта галоўнае грамадства, бо ўсё, што адбываецца ў сям'і, потым транслюецца ў іншыя сферы жыцця: у работу, у зносіны з сябрамі, з незнаёмымі людзьмі. Усе правілы этыкету павінны пачынацца ў сям'і. З таго моманту, як дзіця пачынае штосьці разумець, трэба вучыць яго гаварыць «дзякуй», «калі ласка», пытацца дазволу, перш чым штосьці ўзяць ці штосьці зрабіць. А галоўнае – заўсёды ўсё трэба паказваць на сваім прыкладзе, без гэтага ніякія правілы этыкету не спрацуюць.

– Ёсць правілы, якія павінны выконваць члены сям'і ў адносінах адзін да аднаго?

– Галоўнае правіла – гэта павага і захаванне асабістай прасторы. Павага – шырокае паняцце, нават у плане дамашняга адзення. Гэта наогул балючая тэма для беларусаў. Чамусьці мы думаем, што дома можна дазволіць сабе хадзіць у чым заўгодна, але гэта нават і не лагічна. Накіроўваючыся на шпацыр, на работу ці на сустрэчу з сябрамі, мы спрабуем надзець усё самае найлепшае і прыгожае для адпаведнай абстаноўкі, таму што хочам спадабацца людзям, заваяваць павагу. Потым прыходзім дадому і апранаем расцягнутую майку. Гэта катэгарычна няправільна, трэба паважаць членаў сям'і і заставацца дома прыгожымі і дагледжанымі. Мінімум крытэрыяў, якія датычацца да хатняга адзення: яно павінна быць чыстым, цэлым і мець прыстойны выгляд. Я не маю на ўвазе бальную сукенку, але гэта могуць быць кашуля, штаны, шорты або нават майка, але добрая, чыстая, прыгожая. Ніколі не дапушчальна хадзіць мужчыну з голым торсам па хаце або любому члену сям'і ў лазневым халаце. Калі мы хочам выхаваць у нашых дзецях пачуццё густу, стылю і заўсёды ў вачах жонкі або мужа выглядаць вытанчана, трэба паклапаціцца аб хатнім адзенні.

Другое правіла – заўсёды трэба лічыцца з думкай жонкі або мужа, а таксама дзіцяці. Заўсёды трэба шукаць кампрамісы. Ніколі нельга ў сям'і лаяцца на кагосьці пры чужых людзях, нават жартам вінаваціць жонку ці мужа ў чым-небудзь пры гасцях. Гэта прыніжэнне. Таксама ніколі нельга высвятляць адносіны за межамі дому, не толькі лаяцца, але і праяўляць лішнія станоўчыя эмоцыі на людзях – такія, як каханне, страсць. Цалавацца ў парку, кіно, рэстаране – маветон. Вядома, ёсць сітуацыі, калі трэба выплеснуць эмоцыю. Напрыклад, калі закаханыя доўга не бачылі адно аднаго. У гэтым выпадку дапушчальныя гарачыя абдымкі і адзінкавы пацалунак.

Трэба таксама паважаць сваіх дзяцей: напрыклад, з таго часу, калі дзіця ўжо стала школьнікам, трэба стукацца ў яго пакой, перш чым увайсці.

– Пры якіх размовах бацькоў дзіця можа прысутнічаць, а пры якіх – не?

– Бацькам недапушчальна высвятляць адносіны пры дзіцяці, больш за тое, ніколі не трэба казаць пра маму ці тату штосьці дрэннае, дзіця не павінна быць інструментам разборак.

Дзіця можа прысутнічаць пры ўсіх звычайных, важных і пазітыўных размовах, калі сям'і трэба прыняць якое-небудзь рашэнне, напрыклад, паедуць яны сёлета адпачываць у Егіпет ці ў Турцыю. Трэба слухаць дзіця, безумоўна, і прымаць яго думку. Калі яна здаецца бацькам вар'яцкай з прычыны ўзросту, можна паспрабаваць растлумачыць, чаму зараз мы не можам так зрабіць. Але ні ў якім выпадку не гаварыць: «Божа, якую бязглуздзіцу ты нясеш», ці «Ты яшчэ маленькі, нічога ў гэтым не разумееш».

Як пачынаць расказваць дзецям аб правілах этыкету, з якога ўзросту?

– Калі яны ўжо разумеюць, што такое «дзякуй». У прынцыпе, з дзіцячага садка ўжо можна пачынаць, таму што вельмі многае закладваецца ў чалавеку менавіта ў дзіцячым садку выхавальнікамі, нянечкамі. Я лічу, што правілы этыкету павінны быць у кожным дзіцячым садку, у кожнай школе, ва ўніверсітэце, ды і ў кожным офісе, таму што вучыцца нам трэба яшчэ шмат.

Вучыць дзяцей трэба абавязкова ў гульнявой форме. Зараз я пачынаю навучаць дзетак этыкету ў адным з прыватных дзіцячых садкоў. Там мы распрацавалі спецыяльную праграму, дзе малыя, гуляючы, самі будуць ствараць сітуацыі для навучання. Самыя маленькія (ад трох гадоў) будуць выкарыстоўваць свае любімыя цацкі, саджаць іх за стол і разбіраць, што і як рабіць падчас яды. Для тых, хто трохі старэйшы (чатыры–пяць гадоў), мы прыдумалі розныя квэсты-сітуацыі, падчас якіх дзеці будуць трапляць у казачнае каралеўства добрых манер. Наша мэта – з садка навучыць дзяцей паважаць усіх: нянечку, кантралёра, любога мінака. Увогуле мэта этыкету – навучыць дзяцей паважаць, разумець і дзякаваць.

Многія бацькі схільныя да таго, каб выхоўваць дзіця ў грамадскім месцы.

– Гэта зусім недарэчна. Усім раю запомніць фразу: «Дома пагаворым!», старацца стрымліваць свае эмоцыі ў грамадскіх месцах. Таксама ніколі нельга рабіць заўвагі чужым дзецям. Гэта можна рабіць толькі ў выглядзе кампліменту. Напрыклад, калі нейкае дзіця нам перашкаджае, бегаючы на пляжы або ў самалёце, можна яму сказаць: «Ты такі класны, ты так гуляеш, давай я з табой пагуляю?» Хутчэй за ўсё, яно супакоіцца і стане паводзіць сябе па-іншаму. Або сказаць яго бацькам: «У вас такі актыўны хлопчык, так выдатна бегае!» Нармальны чалавек зразумее, што трэба абмежаваць перасоўванне свайго дзіцяці.

Цяпер лета, таму хацелася б закрануць тэму пляжаў і папрасіць бацькоў паважаць сваіх дзетак. Многія думаюць, што на пляжы, на дачы, каля басейна малым можна хадзіць увогуле без адзення. Нельга! Ніколі! Этыкет забараняе. Паўтаруся, трэба паважліва ставіцца да сваіх дзяцей і хаваць іх гендарную прыналежнасць.

«Усё найлепшае дзядулям і бабулям»

Якія правілы этыкету рэкамендуецца выконваць у дачыненні да старэйшага пакалення?

– Існуе такое выказванне – усё найлепшае дзецям. Я не згодна з ім абсалютна! Усё найлепшае павінна даставацца бацькам, дзядулям і бабулям. Яны заўсёды павінны садзіцца на лепшыя месцы ў машыне, аўтобусе, за сталом. Заўсёды трэба пытацца, калі дзядулі і бабулі змогуць прыехаць на вяселле ці на чыйсьці юбілей. І імкнуцца па магчымасці падладзіцца менавіта пад іх. Ніколі дзеці не павінны быць вызначальным фактарам на сямейных урачыстасцях, увага павінна надавацца ў першую чаргу людзям элегантнага ўзросту. Яны гэта заслужылі, бо часцей за ўсё гадуюць не толькі нас, але і нашых дзяцей.

– Ці дарэчы ў зносінах ужываць словы «цешча», «свякроў», «нявестка»?

– У прысутнасці людзей, якія з'яўляюцца гэтымі сваякамі, вядома, не. Гэта прастамоўныя словы. Думаю, што англійская каралева не скажа: «Вось, гэта мая нявестка». А калі мы хочам жыць па-каралеўску, давайце паводзіць сябе па-каралеўску. Калі, дапусцім, мы камусьці прадстаўляем цешчу, лепш сказаць: гэта Наталля Міхайлаўна, мама маёй жонкі.

Бацькі часта спрабуюць умешвацца ў маладыя сем'і і ў жыццё сваіх дзяцей. Як правільна абмежаваць сваю прастору?

– Па магчымасці, вядома, трэба жыць асобна. Калі гэта не так, пастарайцеся ніколі не грубіяніць і не выходзіць з сябе, хоць гэта можа быць і складана. Абмяжоўваць сваю прастору трэба заўсёды ветліва дзякуючы, напрыклад, казаць: «Мама, тата, я вельмі вам удзячны за тое, што вы далі мне параду, я яе ўлічу, але ў мяне ёсць яшчэ такі пункт гледжання...»

Дар'я Лабажэвіч, «Звязда», 11 ліпеня 2019 г.

Опубликовано:
15 июля 2019
Просмотров:
1200
Категория:
Поделиться в соцсетях: