Міхаіл Жураўкоў: «Карыстайцеся вашым правам голасу!»

Міжнародная студэнцкая канферэнцыя «Студэнцкае самакіраванне: вопыт і перспектывы развіцця» пройдзе 21—22 верасня на базе Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Чакаецца, што ўдзел у канферэнцыі возьмуць лідары студэнцкіх арганізацый з краін СНД. Пра гэта стала вядома падчас пашыранага пасяджэння Грамадскага рэспубліканскага студэнцкага савета, удзел у якім узялі Міністр адукацыі Міхаіл Жураўкоў, рэктар БДУІР Міхаіл Батура і начальнік упраўлення па справах моладзі Міністэрства адукацыі Наталля Пшанічная.

Нагадаем, што рэспубліканскі студэнцкі савет быў створаны ў пачатку бягучага года для развіцця студэнцкіх ініцыятыў і аператыўнага вырашэння праблем і пытанняў студэнцтва. Міхаіл Жураўкоў выказаў надзею, што члены рэспубліканскага савета ўжо сталі ў сваіх універсітэтах добрымі памочнікамі для адміністрацыі.

У гутарцы са студэнцкімі актывістамі Міністр адукацыі расказаў, што апошнім часам сур’ёзна займаўся кадравымі пытаннямі, сустракаўся з рэктарамі, цікавіўся, як яны збіраюцца жыць далей.

Насцярожвае, што некаторыя метады навучання ў нашых універсітэтах не нацэлены на перспектыву. Сёння трэба ўкараняць новыя спецыяльнасці, інавацыйныя тэхналогіі. Мяняецца мысленне, узрастае ўзровень жыцця, — падзяліўся сваімі развагамі Міхаіл Жураўкоў. Нядаўна я вярнуўся з Бразіліі, з сусветнага чэмпіянату прафесійнага майстэрства WоrldSkіlls. Тыя кампетэнцыі, якія былі прадстаўлены на чэмпіянаце іншымі краінамі, у нас, на жаль, нават не разглядаюцца, у вядучых тэхнічных ВНУ краіны такіх спецыялістаў не рыхтуюць.

У найбліжэйшых планах кіраўніка ведамства — наведаць студэнцкія саветы ўніверсітэтаў, пагутарыць з самай актыўнай часткай студэнцтва пра тое, што сабой уяўляе сучасны ўніверсітэт, разгледзець пытанні вылучэння моладзі на кіруючыя пасады.

«Вы маеце права голасу ва ўніверсітэце, вас ведаюць студэнты, адміністрацыя ВНУ. Трэба стварыць базу таленавітай моладзі, якая можа быць кіраўнікамі: маладых людзей, якія ўмеюць захапіць, павесці за сабой, зарыентаваць на якасны вынік. У кожнага з вас ёсць здаровыя амбіцыі, чаму б іх не рэалізаваць?» — задаў зусім не рытарычнае пытанне Міхаіл Жураўкоў.

Прызнаюся, я знаходжуся пад уражаннем ад наведвання нацыянальнага дзіцячага цэнтра «Зубраня». Сустракаўся там са школьнікамі, якія прыбылі на летнюю змену як пераможцы рэспубліканскіх і міжнародных алімпіяд. Сярод іх ёсць вельмі талковыя хлопцы і дзяўчаты, а ёсць і тыя, чые развагі мяне насцярожылі. Напрыклад, пераможца алімпіяды па хіміі ўпэўнена заявіў: «Хутчэй за усё, у БДУ паступаць не буду. Чаму мяне там навучаць? Ды я і так усё ведаю, у нашай краіне я — самы лепшы хімік». Іншы ўдзельнік міжнароднай алімпіяды па біялогіі сказаў, што пойдзе ў медыцынскую ВНУ. Я здзівіўся, пытаюся, чаму б не заняцца навукай, генетыкай, біяінфарматыкай, на што атрымаў сустрэчнае пытанне — а колькі за гэта плацяць? Ідзе падмена каштоўнасцяў. На першы план выносіцца матэрыяльны фактар. А так быць не павінна. Калі чалавек у першую чаргу думае пра грошы, то з яго толку не атрымаецца. Каб чагосьці ў гэтым жыцці дасягнуць, трэба прыкласці максімум намаганняў. Нельга ісці на повадзе ў сваіх амбіцый, лічыць сябе выключнай асобай. У зносінах з малодшымі вы павінны нам дапамагчы, — канстатаваў Міхаіл Жураўкоў.

На думку Міністра, вельмі важнай праблемай з’яўляецца наяўнасць у моладзі духоўнага стрыжня. У свеце адбываюцца катаклізмы, войны, эканамічныя крызісы. Мы не жывём у ізаляваным грамадстве. У кагосьці з маладых людзей назіраецца разгубленасць: хто мы такія, куды ідзём і што нам рабіць?

У маладых павінна быць выразная грамадзянская пазіцыя, як мы, беларусы, бачым сябе ў агульнай еўрапейскай прасторы, — падкрэсліў Міністр. — Вельмі дрэнна, калі чалавек не верыць у сваю будучыню, не бачыць перспектыў. Нашых замежных гасцей прыемна здзіўляе патрыятызм беларускай моладзі. Студэнты выступаюць за Беларусь, за захаванне нацыянальнай самабытнасці. І гэта правільна. Вам, маладым, жыць тут далей, тварыць гісторыю, выхоўваць дзяцей.

Кіраўнік ведамства расказаў, што пасля ўступлення Беларусі ў Балонскі працэс, вышэйшую школу чакаюць пэўныя змены. У прыватнасці, плануецца перайсці на крэдытна-модульную сістэму навучання.

Сёння веды старэюць вельмі хутка. Таму пажадана даць выпускніку адносна шырокую падрыхтоўку і навучыць яго папаўняць і абнаўляць свае веды, уменні і навыкі па меры неабходнасці. Менавіта на такую падрыхтоўку нацэлены бакалаўрыят (у розных краінах падрыхтоўка бакалаўраў вядзецца 3-4 гады). Пры гэтым бакалаўрыят дае закончаную вышэйшую адукацыю, выпускнік з дыпломам бакалаўра можа прэтэндаваць на адпаведныя штатныя пасады. Магістратура (падрыхтоўка яшчэ на працягу года-двух) прадугледжвае больш вузкую і глыбокую спецыялізацыю, часта магістрант арыентуецца на навукова-даследчую або выкладчыцкую працу.

Пры модульнай сістэме навучання выкарыстоўваецца рэйтынгавая ацэнка ведаў, уменняў і навыкаў, пры якой улічваюцца ўсе віды вучэбнай дзейнасці студэнта (аўдыторнай і пазааўдыторнай), якія ацэньваюцца пэўнай колькасцю балаў. Ёсць абавязковыя прадметы, спецкурсы і курсы па выбары. За ўвесь час вучобы трэба набраць пэўную колькасць крэдытаў. Дзейнічае права выбару. Можна здаць пэўны прадмет на працягу года або праз 2-3 гады. Можна таксама праслухаць гэты курс у іншай ВНУ ў пэўнага прафесара, а затым яго здаць. Такім чынам, з’яўляецца зацікаўленасць студэнтаў у паспяховым засваенні кожнага элемента навучальнага плана.

У Балонскай дэкларацыі асаблівая ўвага надаецца сучаснаму падыходу да прафесійнай адукацыі: маюцца на ўвазе бесперапыннасць, пастаяннае павышэнне кваліфікацыі і навучанне на працягу ўсяго жыцця.

Міхаіл Жураўкоў паведаміў, што сёлета плануецца ўкараніць сеткавую арганізацыю навучання, якая ахопіць і каледжы (каб зрабіць іх больш прывабнымі для выпускнікоў). Можна будзе, напрыклад, паступіць у Баранавіцкі ўніверсітэт, але пры жаданні прыехаць на семестр у мінскі або гомельскі ўніверсітэты на навучанне.

У рамках мерапрыемства былі падведзены прамежкавыя вынікі працы рэспубліканскага студэнцкага савета за паўгоддзе — рэалізацыя праекта «Адукацыя вачыма моладзі» і «Пытанне міністру адукацыі». Даволі актыўна прайшло абмеркаванне найбліжэйшых планаў і новых праектаў, уключаючы распрацоўку Канцэпцыі развіцця студэнцкага самакіравання ў Рэспубліцы Беларусь, праект «Нашы людзі» і правядзенне міжнародных вэбінараў.

Членам рэспубліканскага студэнцкага савета расказалі аб праекце, скіраваным на падтрыманне здароўя студэнтаў — «Мой стыль жыцця сёння — мае здароўе і поспех заўтра!», які ўжо два гады з поспехам рэалізуецца ў БДУІР. Студсавет падтрымаў ідэю праекта, і многія прадстаўнікі ВНУ адразу пацвердзілі сваю гатоўнасць у рэалізацыі падобнай ідэі ў сваёй альма-матар.

Надзея НІКАЛАЕВА, «Звязда»
Опубликовано:
11 Сентября 2015
Просмотров:
973
Категория:
Поделиться в соцсетях:
Правила безопасности при возникновении чрезвычайных ситуаций для детей и взрослых