Хутка ў школу? Што трэба ўмець першакласнiку?

Штогод у шматлiкую армiю школьнiкаў улiваецца новае папаўненне – першакласнiкi. У класах iх чакае нязвыклая i цiкавая, але вельмi нялёгкая работа. Яна звязана не толькi з фiзiчнымi намаганнямi (варта выседзець 35 хвiлiн урока), але i з вялiкiм нервовым напружаннем. Як вызначыць, цi гатовы шасцiгодка першага верасня сесцi за парту, i зрабiць так, каб з першых дзён дзiця не страцiла iнтарэс да школы, расказала ўрач-педыятр, загадчык 3-га педыятрычнага аддзялення 3-й гарадской дзiцячай клiнiчнай палiклiнiкi Мiнска Людмiла Кiпцэвiч.

Первоклассник

– Большасць першакласнiкаў паспяхова авалодвае школьнай праграмай, але для некаторых дзяцей радасць новага жыцця ў школе азмрочваецца няўдачамi. А гэта найперш няздольнасць выседзець урок i засяроджана займацца, – расказвае ўрач. – Вельмi хутка дзiця пачынае круцiцца, абстрагавацца, не вельмi ўважлiва слухаць настаўнiка. У вынiку не цалкам асэнсоўвае матэрыял, не спраўляецца з нагрузкай, часта адчувае расчараванне. Такiм чынам дзецi паступова страчваюць цiкавасць да школы.

Асаблiва цяжкiя бываюць першыя днi, а для часткi дзяцей – нават першыя месяцы ў школе. У гэты перыяд адбываецца складаны працэс адаптацыi. Для яе характэрныя пэўныя змены ў паводзiнах, папярэджвае ўрач. У малых парушаецца сон, апетыт, з'яўляюцца раздражнёнасць, замкнёнасць, плаксiвасць.

– Некаторыя першакласнiкi часта хварэюць, а захворваннi яшчэ больш аслабляюць арганiзм. Таму дзiця абавязкова трэба рыхтаваць да навучання ў школе. I поспеху спрыяюць агульныя намаганнi ўрача-педыятра, педагогаў i бацькоў, – падкрэслiвае Людмiла Кiпцэвiч.

Даныя медыцынскiх аглядаў з'яўляюцца асновай для вызначэння гатоўнасцi дзiцяцi да навучання ў школе. Такімі лічацца дзецi здаровыя, фiзiчна вынослiвыя, з высокай супрацiўляльнасцю, якiя хварэюць рэдка i непрацягла, лёгка пераносяць адаптацыю. А вось аслабленасць арганiзма, частыя захворваннi, хранiчныя паталогii – гэта фактары рызыкi пры паступленнi ў школу.

Для асваення пiсьма патрабуецца трэнiроўка кiсцi. У многiх дзяцей у шэсць гадоў яшчэ не завершана развiццё мышачна-звязачнага апарату, адсутнічае ўстойлiвы хватальны рэфлекс – яму лягчэй трымаць лыжку, аловак, аўтаручку ў кулаку. Неабходна навучыць малога правiльна трымаць аловак трыма пальцамi, затым шляхам практыкаванняў дасягнуць дакладнасцi, каардынаванасцi рухаў.

Пры вызначэннi гатоўнасцi да школы правяраецца i правiльнасць маўлення. Дзiця павiнна назваць карцiнкi, падабраныя такiм чынам, каб гук, якi даследуецца, быў у пачатку, у сярэдзiне i ў канцы назвы. Напрыклад, набор карцiнак для праверкi вымаўлення гука «р»: рыба, барабан, шар. Няправiльнае вымаўленне хоць бы аднаго гука расцэньваецца як невыкананы этап.

Важныя паказчыкi гарманiчнага развiцця

Вельмi добра, калi да шасцi гадоў дзiця навучыцца выконваць комплекс ранiшняй гiмнастыкi, катацца на двухколавым ровары, лыжах. Асаблiва важна дакладна i строга прытрымлiвацца распарадку дня: у адзiн i той жа час класцiся спаць i прачынацца, прымаць ежу, гуляць, займацца.

У шэсць гадоў вельмi часта выяўляюцца дэфекты постацi. Адхiленнi не толькi прыводзяць да парушэнняў апорна-рухальнага апарату, але i неспрыяльна адбiваюцца на становiшчы i на рабоце ўнутраных органаў (лёгкiх, сэрца, печанi, страўнiкава-кiшачнага тракту). Таму ў дзiцяцi трэба фармiраваць правiльную позу пры сядзеннi, хадзьбе, стаяннi. Неабходна сiстэматычна выкарыстоўваць спецыяльныя практыкаваннi, якiя ўмацоўваюць мышцы спiны, ступнi. Практыкаваннi лепш даваць у гульнявой форме. На штодзённых прагулках мэтазгодна выкарыстоўваць рухавыя гульнi з бегам, скачкамi, лажаннем.

Падчас падрыхтоўкi да школы важна сфармiраваць у дзiцяцi ўменнi i навыкi ў прытрымлiваннi правiлаў асабiстай гiгiены, неабходныя для самаабслугоўвання ў школе. Тут няма дробязяў. Дзiця павiнна ведаць, як увайсцi ў клас, як сядзець за партай, як скласцi падручнiкi ў ранец, як акуратна апрануцца, як карыстацца прыбiральняй, як паводзiць сябе ў школьнай сталоўцы, як кантактаваць з равеснiкамi.

– Чым больш развiццё, уменнi i здароўе дзiцяцi будуць адпавядаць эталонным патрабаванням, тым лягчэй дашкольнiку будзе перайсцi парог школы, тым большую цiкаваць стане праяўляць дзiця да вучобы i менш стамляцца, – робiць выснову доктар.

Опубликовано:
19 августа 2020
Просмотров:
13903
Категория:
Хештеги:
Поделиться в соцсетях: