Курсы - для прафесіі і курсы - для сябе, або якая «корачка» дае шансы на працаўладкаванне?

У Міністэрства адукацыі нярэдка паступаюць звароты ад грамадзян наконт дзейнасці арганізацый, што прадастаўляюць насельніцтву паслугі па правядзенні розных адукацыйных курсаў. У ведамстве вырашылі расставіць у гэтым пытанні ўсе кропкі над «і».

— Справа ў тым, што правядзеннем курсаў сёння займаюцца не толькі ўстановы адукацыі, але і іншыя ўстановы і арганізацыі. І нярэдка людзі, якія запісваюцца на такія курсы, плацяць за іх грошы, застаюцца ў выніку незадаволеныя, паколькі іх чаканні не спраўдзіліся, — патлумачыў начальнік аддзела павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў Міністэрства адукацыі Дзяніс Канапацкі. — Яны спадзяваліся, што дакумент, які выдаецца пасля заканчэння такіх курсаў, дасць ім магчымасць працаваць па пэўнай спецыяльнасці, напрыклад, тым жа цырульнікам ці касметолагам, або яны змогуць павысіць на курсах свой разрад. Але пры працаўладкаванні высвятляецца, што іх «корачка» не мае ніякай сілы і не прызнаецца кадравікамі.

Тут ёсць два нюансы. Урадам прадастаўлена права арганізацыям, якія не з’яўляюцца ўстановамі адукацыі, займацца прафесійнай падрыхтоўкай, перападрыхтоўкай і павышэннем кваліфікацыі сваіх работнікаў і па выніках навучання прысвойваць ім больш высокі кваліфікацыйны разрад, паколькі мяркуецца, што прадпрыемства будзе сумленна падыходзіць да справы, калі рыхтуе кадры для ўласных патрэб. Яшчэ раз падкрэслю, што размова ідзе пра сваіх работнікаў і падрыхтоўку спецыялістаў для ўласных патрэб. У гэтым выпадку пасля заканчэння курсаў іх слухачы атрымліваюць дакументы дзяржаўнага ўзору.

Таксама прадпрыемства можа займацца навучаннем работнікаў, накіраваных на вучобу іншымі прадпрыемствамі і арганізацыямі — па іх заяўках і на падставе заключаных з імі дагавораў. Логіка зразумелая: калі ў аддзеле кадраў прадпрыемства ўпэўнены ў якасці адукацыйных курсаў і гатовы за іх плаціць, то яны могуць адправіць сваіх работнікаў на суседняе прадпрыемства — для перанавучання і павышэння кваліфікацыі. І ім таксама будзе выдадзены дакумент дзяржаўнага ўзору.

Дзяніс Канапацкі дадаў, што ва ўсіх іншых выпадках арганізацыі, якія праводзяць адукацыйныя курсы, не маюць права прысвойваць іх слухачам кваліфікацыі і кваліфікацыйныя разрады па прафесіі. Навучанне на такіх курсах накіравана толькі на задавальненне пазнавальных патрэб грамадзян, а не на прысваенне кваліфікацыі і разраду па прафесіі. Розныя сертыфікаты, пасведчанні і іншыя дакументы, што выдаюцца пасля заканчэння курсаў, не з’яўляюцца дакументамі дзяржаўнага ўзору і права на працаўладкаванне не даюць.

«Таму, калі хтосьці жадае атрымаць уменні і навыкі, неабходныя для ажыццяўлення прафесійнай дзейнасці, і дакумент дзяржаўнага ўзору, які пацвярджае прысваенне кваліфікацыйнага разраду па прафесіі і права на выкананне адпаведных работ, трэба звяртацца непасрэдна ў арганізацыі, якія зарэгістраваны як установы адукацыі», — параіў спецыяліст.

Надзея НІКАЛАЕВА, «Звязда»
Опубликовано:
10 Ноября 2015
Просмотров:
939
Категория:
Поделиться в соцсетях:
Правила безопасности при возникновении чрезвычайных ситуаций для детей и взрослых