Лета. Беражыце дзяцей

Прыходзiць цяпло, i зводкi пра здарэннi i няшчасныя выпадкi нязменна папаўняюцца паведамленнямi аб падзеннi дзяцей з розных паверхаў. У чэрвенi было такое, што за палову тыдня ў краiне пацярпела пяцёра дзяцей. Гэта многа, недаравальна многа. Тым больш цяпер, калi iнфармацыя пра здарэннi распаўсюджваецца iмгненна i нiбыта павiнна насцярожваць: папярэджаны – значыць узброены...

Безопасность детей

Забарона – дазвол для душы

Выпадак у Кобрыне наогул заслугоўвае называцца ўнiкальным. Здаецца, бацькi прынялi ўсе меры бяспекi: са шклопакета загадзя знялi ручку, схавалi яе. Але 6-гадовы «выпрабавальнiк» падгледзеў, куды гэтую ручку паклалi, скарыстаўся тым, што бацькi адлучылiся з дому, а ён застаўся з 12-гадовай сястрой, ды і дастаў тую ручку са схованкi. Вядома, што забарона падштурхоўвае цiкаўнасць. Хлопчык залез на стол, адтуль перабраўся на падаконнiк, адчынiў акно, абапёрся на маскiтную сетку... i паляцеў унiз з пятага паверха. На шчасце, дзiця ўдалося выратаваць, а праз два днi медыкi ўжо паведамлялi, што яго жыццю нiчога не пагражае.

Гэта сапраўды рэдкi выпадак: дзiцячая цiкаўнасць падштурхнула да такiх рашучых дзеянняў, нiбы шасцiгадовы гарэза ўжо чытаў аб падобных прыгодах Тома Соера. А вось бацькам – урок. Не ведаю, цi цяперашнiя маладыя бацькi бачылi творы Марка Твэна, але пачытаць пра памянёнага героя iм варта хоць для таго, каб не лiчыць сваiх малых наiўнымi i нецiкаўнымi. Тады, можа, хавалi б забароненыя рэчы больш старанна.

У апiсаным вышэй выпадку ўсё ж такi бацькi прынялi неабходныя меры бяспекi – хто ведаў, што нашчадак пастараецца iх перахiтрыць?! А вось у дамах з меншымi дзецьмi, якiя ляцелi ўнiз ледзь не ў адзiн дзень з кобрынскiм таварышам па няшчасцi, вокны былi адчыненыя. Кажу пра здарэннi ў Брэсце, Вiцебску, Вiцебскiм раёне. На вокнах стаялi маскiтныя сеткi, бацькi палiчылi гэта дастатковым. Але, як паказвае практыка, сетка не вытрымлiвае вагi нават двухгадовага дзiцяцi. Усiм названым «героям свабодных палётаў», як i iх бацькам, пашанцавала. Яны выжылi, папраўляюцца. Але так бывае, на жаль, не заўсёды. Амаль кожны год мы маем i трагiчныя выпадкi. Вось i некалькi дзён таму ў сталiцы з акна выпала трохгадовае дзiця, якое загiнула.

Адзiн дома

Фактычна штогод з такiмi пацыентамi працуе загадчык траўматолага-артапедычнага аддзялення Брэсцкай абласной дзiцячай бальнiцы Андрэй БРАЗОЎСКI. «Кожны спадзяецца, што з яго дзiцем гэта не здарыцца, – кажа Андрэй Мiкалаевiч. – Але ж дзецi, асаблiва ў тры-чатыры гады, не ўсведамляюць небяспеку. Яны становяцца на падаконнiк, смела глядзяць унiз. Адна секунда – i маленькi чалавек ужо там. I тады – альбо яго больш няма, альбо цяжкае працяглае лячэнне, рэабiлiтацыя i ўсе наступствы».

Дарэчы, у Андрэя Бразоўскага некалькi гадоў таму лячыўся хлопчык, якi выпаў з балкона на сёмым паверсе. Забягаючы наперад, скажу, што сямiгадовае дзiця пайшло з бальнiцы сваiмi нагамi. Здавалася б, амаль радавы выпадак. Яго асаблiвасць у тым, што хлопчык сумаваў адзiн дома, ён чакаў маму з работы, выглядваў у акно, а потым залез на шафку, пацягнуўся па цацку i выпаў. Потым, калi сталi высвятляць абставiны здарэння, даведалiся, што мацi хлопчыка была разведзеная з яго бацькам, выхоўвала дзiця адна. Графiк яе работы прадугледжваў занятасць у асобныя выхадныя днi. Тады малы заставаўся адзiн, бо яго не было з кiм пакiнуць. Названая акалiчнасць i давяла да бяды – хлопчык выпаў 9 мая. Але ж гэта зноў выключэнне. Часцей за ўсё дзецi выпадаюць, калi бацькi не на рабоце, не ў магазiне, а ў суседнiм пакоi.

Фатальная выпадковасць цi недагляд?

Скажаце, так бывала i раней? Бывала, не буду спрачацца. Нядаўна чытала пра генерала авiяцыi, двойчы Героя Савецкага Саюза Якава Смушкевiча, якi на пачатку 1940-х не пазбегнуў сталiнскiх рэпрэсiй. Звярнула на сябе ўвагу такая акалiчнасць. Якаў Уладзiмiравiч пэўны час служыў у Вiцебску, у тую пару сям'я перажыла гора: з балкона выпала i загiнула малая дачка. Генеральскiя жонкi тады, як правiла, не працавалi, часта мелi памочнiц па гаспадарцы (хоць пра гэта ў бiяграфiчным артыкуле не сказана). У любым выпадку, дзiця недагледзелi.

Дык вось гэты выпадак я прывяла ў якасцi прыкладу нядаўна ў прыватнай гутарцы з адным нашым парламентарыем. Ён выказаўся за тое, каб адказнасць бацькоў за выпадкi траўмiравання дзяцей замацоўваць у заканадаўчым парадку. Не пагадзiлася з суразмоўцам, бо апошняе вельмi цяжка будзе зрабiць. На мой погляд, памiж няшчасным выпадкам, фатальнай выпадковасцю i прамой вiной, гэта значыць недаглядам, вельмi тонкая мяжа. Цяперашнi дэпутат, дарэчы, згадаў, што i сам у дзяцiнстве два цi тры разы быў на краёчку гiбелi, бо бацькi, вясковыя настаўнiкi, днямi прападалi на рабоце, а ён, малодшы школьнiк, гадзiнамi гойсаў па двары ў кампанii равеснiкаў.

Канкурэнты матчынай увагi

Кожны з бацькоў павiнен сам адчуваць гэтую мяжу i не даводзiць да краю. А вось што перашкаджае адчуць цяпер, дык гэта гаджэты. Не раз даводзiлася бачыць, як юная матуля, ледзьве пагойдваючы каляску нагой, не вылазiць са смартфона. А ўчора на адным з расiйскiх каналаў ўбачыла частку сюжэта пра вядомага спартсмена, якi судзiцца з былой жонкай за дзяцей. Суд чарговай iнстанцыi нарэшце прыняў рашэнне на карысць мацi. I вось гэтая маладзiца ў атачэннi адвакатаў i сябровак паехала да дома бацькоў свайго былога ў спадзяваннi хоць убачыцца з дочкамi, якiх даўно ў яе забралi. Адначасова каментавала свой вiзiт: маўляў, каб былыя родзiчы не паспелi зрабiць непажаданых захадаў, яна (увага!) нават у сацыяльных сетках не паведамляла, куды едзе. Значыць, кожны свой крок, кожную паездку нават у межах кiламетра гэтая асоба, мацi дваiх дзяцей, анансуе ў сацсетках. На жаль, гэтак жа робяць шмат яе равеснiц, калi не большасць. На падобныя пасты i iншую пiсанiну ды на прагляд рэакцыi патрэбны час. А нашыя маладыя мамкi часта ўжо залежныя ад сваiх электронных двайнiкоў. Ад усяго пералiчанага надзвычай часта церпяць дзецi i ў прамым, i ў пераносным сэнсе.  I калi школьнiкам нярэдка забараняюць тэлефоны на ўроках, а некаторыя бацькi, бабулi з дзядулямi абмяжоўваюць карыстанне iмi нават на канiкулах, то ў чалавека, якi стаў дарослы, яго нiхто не адбярэ. Гэтым i карыстаюцца юныя мацi. Як каторая з iх увесь час сядзiць утаропiўшыся ў экран, то дзiця пачынае сумаваць i само прыдумляе забаўлянкi, часам вельмi небяспечныя. Iншымi словамi, калi з малым недастаткова гавораць, не дапамагаюць пазнаваць свет, ён сам пачынае гэта рабiць. Ну а пасля няшчасных выпадкаў, калi ў дом прыходзяць прадстаўнiкi адпаведных службаў, пачынаюць разбiрацца, нiводная ж не прызнаецца, што сядзела ў тэлефоне. Скажа – на хвiлiнку выйшла на кухню, каб выключыць суп. Але ж сама яна будзе ведаць праўду, i ёй з гэтым жыць. Можа, якiя адмысловыя праграмы распрацоўваць i ставiць iх на смартфоны маладых матуль, каб кожныя пяць хвiлiн напамiналi iм пра iх малых?

Опубликовано:
13 июля 2020
Просмотров:
6077
Категория:
Поделиться в соцсетях: