Мая школа - мая крэпасць

Электронная картка «сябруе» з вучнямі, але можа і бацькам «паскардзіцца».

Вобраз вучня з велізарным ранцам за плячыма, набітым кілаграмамі кніг і сшыткаў, «ссабойкамі» ды зменным абуткам, з цягам часу канчаткова знікне, як зніклі некалі прамакаткі са сшыткаў, і саступіць месца тыпажу «маленькага дарослага» з невялічкай сумачкай, у якой будуць вольна пачуваць сябе планшэт, мабільнік і электронная картка навучэнца.

Апошняй, дарэчы, ужо карыстаюцца ў 12 сталічных і 6 гомельскіх сярэдніх навучальных установах, далучаных да праграмы «Электронная школа». Чакаецца, што ў верасні ў Мінску яшчэ тры школы стануць «электронна падкаванымі».

Чатыры ў адным

Картка навучэнца — гэта самая сапраўдная картка Беларусбанка, якая бясплатна «прывязваецца» да рахунку аднаго з бацькоў. На ёй змешчаны здымак вучня і яго ідэнтыфікацыйны нумар. Гэта адначасова і пропуск у школу, і білет чытача, і сродак аплаты, і праязны ў транспарце.

Электронная картка навучэнца задумвалася найперш дзеля бяспекі дзяцей, а таксама фарміравання ў іх фінансавай адукаванасці і культуры. Акрамя таго, гэта дапамагае выхаванню самастойнасці і адказнасці, — зазначыла Наталля Сакалова, начальнік Цэнтра інфармацыйных рэсурсаў сістэмы рэгіянальнай адукацыі Мінскага гарадскога інстытута развіцця адукацыі. — Зручна гэта і для персаналу школы — паводле звестак пропуска адразу відаць, хто прысутнічае, на колькі чалавек накрываць сталы да абеду.

З дапамогай карткі вучні праходзяць не толькі ў школу, але і ў камп’ютарны клас або лінгафонны кабінет — па даных пропуска яму вызначаецца месца ў кабінеце. У бібліятэцы па электронным каталогу вучань выбірае патрэбныя яму кнігі, зноў жа па картцы заказвае ўсё неабходнае — і ніякіх табе папяровых фармуляраў.

Каб пацвердзіць права на бясплатны праезд, школьніку дастаткова паказаць картку замест адпаведнай паперкі. Аднак у перспектыве плануецца надаць ёй магчымасць «адбівацца» на валідатары.

Бадай, самая цікавая функцыя карткі — аплата буфетных прысмакаў: калі дзеці не проста набываюць тое, што выбралі, але яшчэ і пін-код уводзяць. Комплекснае ж «гарачае» харчаванне бацькі аплачваюць асобна.

Трэба дадаць, што магчымасці карткі не ва ўсіх школах рэалізуюцца на 100% — дзесьці ў электронны каталог не ўнесены бібліятэчныя кнігі, дзесьці не хапае камп’ютарнага абсталявання, але гэта ўжо асобныя моманты няпоўнага тэхнічнага напаўнення ўстановы адукацыі, — адзначае Таццяна Янушкевіч, прарэктар Мінскага гарадскога інстытута развіцця адукацыі. — Іншая справа — пераканаць бацькоў, што наяўнасць карткі — гэта, найперш, бяспека дзяцей і зручнасць. Некаторыя бацькі спачатку адмаўляюцца па нейкіх сваіх меркаваннях, але калі іх Саша ці Маша, вярнуўшыся са школы, будуць расказваць, як зручна стала іх аднакласнікам, то, думаю, з часам усе пяройдуць на карткі.

Наяўныя грошы ў школе не патрэбны

«Гарачае» комплекснае харчаванне бацькі аплачваюць авансам, пры гэтым тэрмін яны вызначаюць самі: месяц, тыдзень або нават некалькі дзён. Магчымасць аплаціць «дзіцячую ежу», увёўшы нумар карткі вучня ў спецыяльную графу, створана зараз у любым інфакіёску Беларусбанка. Аднак гэтая паслуга даступна толькі для тых бацькоў шкаляроў, установы якіх падключаны да сістэмы «Электронная школа». Для астатніх па-ранейшаму разлік адбываецца з дапамогай папяровых грошай. Пры адсутнасці вучня ў школе робіцца пераразлік.

Грошы на гарачае харчаванне не знаходзяцца як наяўнасць на картцы дзіцяці, а аўтаматычна спісваюцца з аплачанага бацькамі рахунку падчас кожнага сталавання, — патлумачыла Наталля Сакалова. — Гэта зроблена спецыяльна, каб не карыстацца кожны раз пропускам, бо інакш узніклі б такія чэргі, што вучні проста не паспявалі б абедаць.

Прагульшчыкі перавяліся


Некаторыя практычныя моманты карыстання карткай акрэсліла Галіна Чарнак, дырэктар сталічнай сярэдняй школы №51, дзе праект апрабоўваецца ўжо два гады.

Калі картка засталася дома, вучня пусцяць у школу, пасля чаго ён павінен папярэдзіць пра гэта дзяжурнага адміністратара, які падрэгулюе базу звестак, каб навучэнец не застаўся без абеду і не лічыўся прагульшчыкам.

Пропуск дысцыплінуе дзяцей не прагульваць і прыходзіць без спазненняў, інакш бацькі адразу атрымаюць СМС і малога дома будуць чакаць разборкі… А каму гэтага захочацца? Паслуга апавяшчэння ў мабільных аператараў платная, і бацькі заказваюць яе па жаданні, а не па абавязку.

Пакуль ідуць урокі, мы лічым за лепшае, каб дзеці не выходзілі на двор нават на вялікай перамене — у нас дастаткова абсталявання для адпачынку і ўнутры будынка. Такім чынам вырашаецца і пытанне барацьбы з курэннем старшакласнікаў.

Нягледзячы на, здавалася б, жорсткую сістэму кантролю, вучням вельмі падабаецца быць «дарослымі», і яны хутка прызвычайваюцца. Калі мы толькі пачыналі карыстацца карткамі, у буфеце дзеці стаялі ў чарзе і ў кожнага ў руках была паперка з пін-кодам. Праз колькі дзён заўважыла, што дзеткі малодшых класаў спраўляюцца ўжо без яе, а старэйшыя ўсё яшчэ для напаміну трымаюць. Так што дзеці з маленства цудоўна адаптуюцца да новай сістэмы і гэта не выклікае ніякіх цяжкасцей.


Бацькам уваход забаронены!

Уваход у школу з увядзеннем картак узняў на новы узровень пытанне бяспекі, і трапіць ва ўстанову чужому цяпер амаль немагчыма: яна або зачынена на замок адразу на ўваходзе, або ля турнікета знаходзіцца пільны вахцёр. Каб увайсці, напрыклад, бацькам, ім трэба клікаць дзяжурнага, распісвацца ў журнале, указваць мэту прыходу, выклікаць дзіця… На такое адважышся толькі ў выпадку крайняй патрэбы.

Карткі для бацькоў па праекце адразу не прадугледжваліся, гэта не патрэбна. Калі тэрмінова трэба штосьці перадаць, калі ласка, звяртайцеся да вахцёра, — дадае Таццяна Янушкевіч. — Я назірала, як гэтая сістэма працуе ў Маскве. Там бацькі чакаюць дзяцей, стоячы па-за турнікетам, ніводзін не імкнецца прайсці за яго і гэта ўспрымаецца нармальна.

Настаўнікі таксама карыстаюцца карткамі — тут няма фота і прозвішчаў, але адзначаецца час прыходу і выхаду з працы, так што ім катэгарычна не рэкамендуецца забывацца картку, каб потым не даказваць уласную наяўнасць на працоўным месцы.

Настаўнік будзе вучыць па-іншаму


З развіццём тэхнічных сродкаў мяняецца і стаўленне да іх. У школах ужо не глядзяць з дакорам на мабільнікі першаклашак, а распрацоўваюць сістэму, згодна з якой ёсць адведзены на размовы час.

Мы ўжо ідзём да таго, што хутка індывідуальныя прылады таксама стануць сродкам навучання. Тыя ж планшэты і мабільныя тэлефоны. Я памятаю, што нейкіх там 50 гадоў таму пісала пяром з зорачкай, і для нас гэта было нармальна. На яго трэба было націскаць, каб почырк быў прыгожы, і я так націснула аднойчы, што тая рысачка ледзьве не 5 міліметраў шырынёй атрымалася, пасля чаго я прамакаткай расцерла гэта так, што ўвесь ліст ссінеў. Зараз жа ў школьнікаў ёсць доступ да інтэрнэт-рэсурсаў, і імі трэба ўмець карыстацца для асабістага развіцця і адукацыі, — распавяла прарэктар. — Роля настаўніка таксама зменіцца — ён ужо не будзе простым перадатчыкам ведаў, а стане своеасаблівым каардынатарам і кансультантам, здольным навучыць дзяцей самастойна знаходзіць патрэбную інфармацыю, даследаваць яе і карыстацца ёй. Так што мяняецца ўжо сама сутнасць працэсу навучання.

Бяспека — не дзеля моды


Пры жаданні любая навучальная ўстанова рэспублікі можа далучыцца да праграмы «Электронная школа», не чакаючы чаргі і бюджэтных сродкаў, абы былі грошы на ўдасканальванне інфраструктуры школы з адпаведным матэрыяльна-тэхнічным абсталяваннем. Так, у Гомельскай вобласці каля дзясятка школ ужо далучыліся да праекта.

За сродкі бюджэту, бацькоў і спонсараў некаторыя школы ў Гомелі, Мазыры і Калінкавічах павысілі свой статус і па бяспецы, і па ўзроўні адукацыі.

Мы поўнасцю падтрымліваем новыя пачынанні, але не патрабуем фарсіраваць падзеі. Кожны дырэктар школы дзейнічае па магчымасці і неабходнасці, а не дзеля моды, — зазначыў Сяргей Парошын, начальнік упраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама. — Напрыклад, у мікрараёне Нова-Беліцы ў Гомелі ў школе №73 увялі сістэму пропускаў, бо ўстанова знаходзіцца ў лясным масіве. Для вёскі, дарэчы, гэта не вельмі актуальна, бо там у школах, па-першае, не так шмат дзяцей, а па-другое, усе ведаюць адно аднаго і бяспека кантралюецца непасрэдна самімі людзьмі.

Рэгіянальны пілотны праект «Апрабацыя мадэлі кіруемага развіцця адукацыйных паслуг для фарміравання і стымулявання самаадукацыйнай дзейнасці навучэнцаў сродкамі інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій» рэалізуецца ў Мінску з верасня 2013 года дзякуючы намаганням Беларусбанка, дзевяці камбінатаў школьнага харчавання, Галоўнага ўпраўлення спажывецкага рынку, устаноў адукацыі, Камітэта па адукацыі, Цэнтра сістэм ідэнтыфікацыі НАН Беларусі, Мінгарвыканкама.

Ірына СІДАРОК, «Звязда»
Опубликовано:
18 августа 2015
Просмотров:
1414
Категория:
Поделиться в соцсетях: