«Наш культурны брэнд»: першае даследаванне аб беларускім буквары прадставілі ў Нацыянальнай бібліятэцы

8 лютага прадстаўнікі выдавецтва «Беларусь» у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі прэзентавалі манаграфіі Алеся Сушы «Беларускі Буквар у нацыянальнай і сусветнай прасторы» і «Вынаходства Буквара ў Беларусі», прысвечаныя гісторыі Буквара на беларускіх землях.

Ванина

– Буквар – вельмі асаблівая і важная кніга. Не проста кніга, праз якую мы вучымся чытаць. Праз буквар маленькі чалавек атрымлівае галоўныя веды пра Айчыну, свой народ і яго культуру. У сціслай, сканцэнтраванай, але вельмі простай форме Буквар захоўвае галоўныя вобразы і сімвалы народа, адметнасці нацыянальнай культуры, здабыткі і дасягненні дзяржавы. Праз Буквар дзіця атрымлівае своеасаблівую сістэму каардынат – тыя галоўныя арыенціры (грамадзянскія, рэлігійныя, эстэтычныя), якія фарміруюць свядомасць і ў пэўнай ступені вызначаюць усё яго далейшае жыццё. Такім чынам Буквар адлюстроўвае грамадскі запыт і дзяржаўныя падыходы да выхавання, і вельмі цікава ўбачыць, дзякуючы нашаму выданню, як гэтыя падыходы змяняліся з цягам часу, – адзначыла ў сваім выступе намеснік дырэктара выдавецтва «Беларусь» Вольга Ваніна. – Увогуле сімвалічна, што мы прэзентуем гэтую кнігу ў пачатку Года гістарычнай памяці. Бо ў чытачоў будзе выдатная магчымасць прасачыць гістарычны шлях Буквара ад першых рукапісных выданняў (і нават значна раней) да сучаснасці. Кніга Алеся Сушы – гэта сапраўдны Музей Буквара, у якім сабрана больш за 700 экспанатаў – менавіта столькі ілюстрацый у выданні! Выкарыстаны выявы і фотаздымкі з фондаў 68 устаноў і прыватных калекцый з Беларусі, Расіі, Украіны, Польшчы, Літвы, Латвіі, Германіі, Вялікабрытаніі, Швецыі, ЗША і іншых краін свету.

Пры такой колькасці ілюстрацыйнага матэрыялу кніга атрымалася вельмі даступная для ўспрымання, але ж гэта сур’ёзная навуковая праца з дасканалым навуковым апаратам: выкарыстана больш за 1000 крыніц інфармацыі.

А для дзяцей была падрыхтавана адаптаваная для сярэдняга школьнага ўзросту кніга «Вынаходства Буквара ў Беларусі», якая выйшла ў серыі «Беларуская дзіцячая энцыклапедыя», – падкрэсліла Вольга Ваніна.

Намеснік генеральнага дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Алесь Суша, аўтар фундаментальнага даследавання, адзначыў:

– Задумка нараджалася няпроста, і на яе рэалізацыю спатрэбілася дзесяць гадоў працы. Буквар – гэта культурны брэнд Беларусі і сусветны феномен. Буквар можна параўнаць з Канстытуцыяй, паколькі там ёсць галоўныя сімвалы краіны, пералік нацыянальных каштоўнасцей. Гэта кніга, якая фарміруе нацыю. Над букварамі працавалі заўсёды знакавыя асобы. Буквар – гэта вялікая спадчына народа і выключна важная падзея. У гэтых кнігах безліч старонак нашай мінуўшчыны і шмат адкрыццяў.

Манаграфія выклікала на прэзентацыі сапраўдны фурор. Кандыдат педагагічных навук, дацэнт Вольга Цірынава адзначыла: «Такога ўнікальнага і фундаментальнага выдання яшчэ не было». А дэкан факультэта пачатковай адукацыі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя М.Танка Наталля Ждановіч заявіла, што «гэта кніга – узор навуковага выдання, да якога трэба імкнуцца».

У планах выдавецтва на бягучы год – кніга Алеся Сушы «Беларускія карані сусветнага Буквара», у якой аўтар раскажа пра ўплыў беларускага буквара на станаўленне букварыстыкі ў іншых краінах свету.

Опубликовано:
9 февраля 2022
Просмотров:
6646
Категория:
Поделиться в соцсетях: