Навошта сучаснаму чалавеку крытычнае мысленне?

Цікавы эксперымент правёў былы настаўнік англійскай мовы з Кентукі Тэры Хейк. Ён прапанаваў вучням 8—9 класаў адказаць на адно пытанне: «Як сучасныя раманы характарызуюць чалавецтва?» А затым са здзіўленнем назіраў, як школьнікі, не раздумваючы, звярнуліся за адказам да Google. Прычым задалі «гуглу» толькі што пачутае ад дарослага пытанне даслоўна...

Пэўны час таму Тэры Хейк пакінуў выкладанне ў школе, каб запусціць кампанію Teach Thought, якая стварае кантэнт для падтрымкі інавацыйнага выкладання і навучання. На яго погляд, у інтэрнэта — велізарны адукацыйны патэнцыял, але настаўнікі павінны перабудавацца і перастаць проста выдаваць сваім вучням інфармацыю (яна і так сёння даступная ў сеціве), а замест гэтага сфакусіравацца на развіцці ў вучняў крытычнага мыслення.

«Нам уласцівая ілюзія, што мы нешта разумеем толькі таму, што «загуглілі» гэта. І замест таго, каб «патаптацца» вакол новай інфармацыі, паглыбіцца ў яе як след, рухаемся далей  — да наступнага паняцця або ідэі», — кажа Хейк. Адна з яго рэкамендацый настаўнікам — задаваць пытанні такім чынам, каб Google толькі дапамагаў стварыць адказ, а не падаваў яго за пару клікаў. «Паспрабуйце прапанаваць ім паразважаць над «вялікімі» пытаннямі, якія не маюць канкрэтных адказаў. У гугл-цэнтрычным свеце мае сэнс вярнуцца да класічнай чалавечай практыкі назірання, вывучэння і выказвання здагадкі», — раіць Хейк.

Крытычнае мысленне і выкарыстанне стратэгій актыўнага навучання аказаліся ў цэнтры ўвагі ўдзельнікаў міжнароднага навукова-практычнага семінара, які прайшоў у Акадэміі паслядыпломнай адукацыі (АПА) і сабраў педагогаў з 11 краін: Балгарыі, Венгрыі, Латвіі, Партугаліі, Польшчы, Румыніі, Сербіі, Славеніі, Турцыі, Францыі, Эстоніі і Беларусі. Мерапрыемства праводзілася ў рамках праграмы прафесійных абменаў і павышэння кваліфікацыі Савета Еўропы «Pestalozzі» пры садзейнічанні Міністэрства адукацыі. «Чаму вучыць і як вучыць у ХХІ стагоддзі?» — гэта пытанне гучала рэфрэнам.

Знайсці кветку ў джунглях?

— Вызначэнне новых падыходаў да адукацыі хвалюе практычна ўсю сусветную супольнасць. Якімі якасцямі і кампетэнцыямі павінны валодаць вучні, каб быць паспяховымі ў сучасным зменлівым інфармацыйным грамадстве? — разважае кіраўнік Цэнтра прафесійнага развіцця і інавацыйнай адукацыі Акадэміі паслядыпломнай адукацыі Алена Радзевіч. — Англійскі пісьменнік-фантаст Ніл Гейман у сваім артыкуле «Чаму наша будучыня залежыць ад чытання?» выказаў наступную думку: «Інфармацыя мае кошт, а правільная інфармацыя неацэнная. На працягу ўсёй гісторыі чалавецтва мы жылі ў часы недахопу інфармацыі. Яна была каштоўнай рэччу. І тыя, хто валодалі ёю, маглі разлічваць на ўзнагароджанне. У апошнія гады мы адышлі ад недахопу інфармацыі і падышлі да перанасычэння ёю. Зараз задача не ў тым, каб знайсці рэдкую кветку ў пустыні, а ў тым, каб адшукаць канкрэтную расліну ў джунглях. Нам патрэбная дапамога ў навігацыі, каб знайсці сярод гэтай інфармацыі тое, што нам сапраўды трэба».

Праблемныя пытанні ўзнікаюць і праз супярэчнасць паміж патрабаваннем сучаснага грамадства да якасна новага навучання і нежаданнем многіх настаўнікаў адыходзіць ад стэрэатыпаў, змяняць традыцыйныя педагагічныя падыходы і свае звычкі. Сучасная адукацыя будуецца не вакол фігуры настаўніка, а вакол фігуры вучня. Педагог перастаў быць адзінай крыніцай інфармацыі ў класе, а вучні больш не з'яўляюцца пасіўнымі слухачамі. І чым хутчэй педагогі гэта зразумеюць, тым лепш. Мы ўсе стаім перад праблемай выбару інфармацыі. У гэтай сітуацыі патрабуецца ўменне не толькі яе здабыць, але і асэнсаваць, і крытычна ацаніць. Атрымліваючы новую порцыю інфармацыі, вучні павінны навучыцца разглядаць яе з розных пазіцый, рабіць высновы адносна яе дакладнасці і каштоўнасці.

Чытаю і не разумею

Дарэчы, расійскія навукоўцы б'юць трывогу: здольнасць разумець тэксты, крытычна ацэньваць прадастаўленую ім інфармацыю дэманструюць толькі 2% расійскіх навучэнцаў. Не лепшая сітуацыя назіраецца і ў іншых краінах, прычым не толькі сярод падрастаючага пакалення. Няздольнасць чытаць вялікія тэксты, аналізаваць і пераўтвараць інфармацыю — ужо не прагнозы фантастаў, а рэальнасць, у якой жывуць нашы дзеці. Пра функцыянальную непісьменнасць пачалі задумвацца на Захадзе прыблізна ў 80-я гады ХХ стагоддзя. Яе з'яўленне ў развітых заходніх краінах супала з пераходам да інфармацыйнага грамадства.

Людзі, якія церпяць ад функцыянальнай непісьменнасці, пазнаюць словы, але не «бачаць» тэкст, не ўмеюць знаходзіць у ім мастацкі сэнс ці тэхнічную карысць. Некаторыя даследчыкі лічаць, што функцыянальная непісьменнасць нават горшая за звычайную, паколькі ўказвае на глыбокія парушэнні ў механізмах мыслення, увагі і памяці.

— Сёння важна, каб вучань не толькі ведаў, як «гугліць», але і ўмеў ацаніць атрыманае і прыняць правільнае рашэнне. Гэта можна лічыць адной з самых актуальных адукацыйных задач, — тлумачыць Алена Радзевіч. — Гаворачы аб крытычным мысленні, многія часта робяць памылку, прымаючы яго за прадмет, які павінен выкладацца ў школе, або за набор навыкаў і метадаў, якія можна выпрацаваць і прымяніць. А калі гэта не так. Што ж такое крытычнае мысленне? Паводле амерыканскага псіхолага Даяны Халперн, гэта гатоўнасць да планавання, гнуткасць, імкненне выпраўляць свае памылкі, усведамленне і аналіз уласных разважанняў, пошук кампрамісных рашэнняў.

Выкарыстанне разнастайнай медыяінфармацыі на школьных уроках дазваляе навучыць выяўленню схаваных у ёй сэнсаў, разуменню светапоглядаў аўтара. На такіх матэрыялах вельмі зручна навучаць школьнікаў аргументацыі ўласных выказванняў і фарміраваць уменне не толькі слухаць, але і чуць апанента, адным словам развіваць крытычнае мысленне.

— На ўроку вучні могуць адпрацоўваць тэхналогію пошуку інфармацыі, работу з бібліятэчнымі каталогамі, гіпертэкставымі пошукавымі сістэмамі. Роля настаўніка — накіроўваць работу навучэнцаў, вучыць іх граматна складаць пошукавыя запыты, падбіраць ключавыя словы і г.д. Уменне крытычна ацэньваць інфармацыю дапаможа падрастаючаму пакаленню арыентавацца ў інфармацыйных патоках, выпрацоўваць устойлівасць да медыяманіпуляцый і прымаць незалежныя прадуманыя рашэнні, — падкрэслівае спецыяліст. — Педагогам, якія адважацца адказаць на выклікі сучаснага інфармацыйнага свету, прыйдзецца працаваць побач з тымі, хто не хоча нічога змяняць. Гэта зробіць іх працу больш складанай, але ад гэтага не менш удзячнай і важнай.

Калі не ведаеш, куды плыць?

Прафесар кафедры педагогікі і менеджменту адукацыі АПА, кандыдат педагагічных навук, дацэнт Мікалай Запрудскі спыніўся на такой новай стратэгіі навучання, як актыўная ацэнка. Яна прымяняецца настаўнікамі ўжо ў многіх краінах свету.

— У Еўропе гэта тэхналогія вядомая пад назвай Formatіve Assessment, а беларускія педагогі назвалі яе АА (актыўная ацэнка). Практыка сведчыць, што менавіта гэта стратэгія навучання дае найбольшы адукацыйны эфект, — падкрэслівае Мікалай Запрудскі. — Для педагога актыўная ацэнка — гэта прыняцце іншай уласнай прафесійнай пазіцыі і сваёй ролі на ўроку. Акрамя таго, гэта разуменне іншай, самастойнай пазіцыі вучня. Усё навучанне ў межах актыўнай ацэнкі пранізана зваротнай сувяззю: ад настаўніка да вучня, ад настаўніка да бацькоў, ад вучня да другога вучня, ад вучня да бацькоў. Навучэнцы маюць магчымасць пастаянна бачыць і разумець свае поспехі, разумець свае памылкі і працаваць над імі. Актыўная ацэнка падказвае, у якім кірунку ім рухацца далей, матывуе і прымушае браць на сябе адказнасць за сваё навучанне.

Як адзначае Мікалай Запрудскі, пры традыцыйнай практыцы мэты ўрока фармулюе выключна настаўнік, а вучні тут — толькі «матэрыял», з якім ён працуе. Галоўнае  — работа настаўніка, як рытуал, напісаны ім план, а вынік урока мае другаснае значэнне.

— Мэта павінна быць не толькі ў настаўніка, але і ў вучняў. Нездарма Сенека казаў: «Калі вы не ведаеце, куды плысці, ні адзін вецер не будзе вам спадарожным». Тое ж і з вучнем, які пачуў толькі тэму ўрока, але не ведае яго мэты, не ведае, што павінен вывучыць і навошта. Калі адкрыем яму таямніцу, навошта мы вучымся, ён стане нашым саюзнікам. Галоўнае — не перабраць з высокімі чаканнямі ў дачыненні да вучняў, бо мэта можа ператварыцца ў мару, — папярэджвае прафесар. — Мэту можна параўнаць з цаглінкай, з якой складаецца будынак пад назвай «урок», але калі мэта не адпавядае заяўленым патрабаванням, яна падобна да цаглінкі, пакладзенай наўскос.

Пры актыўнай ацэнцы ў вучня няма залежнасці ад адзнакі. Адна са стратэгій АА — вучымся на памылках. Калі педагог дае магчымасць памыляцца, істотна змяняюцца паводзіны вучняў, яны смялей пачынаюць выказвацца, дзяліцца цікавымі ідэямі, задаваць пытанні, агучваць гіпотэзы. Настаўнік — не кантралёр, а партнер у працэсе навучання.

Правіла непадымання рукі


Сапраўднае мастацтва — уменне задаваць на ўроку пытанні. Педагог павінен прадумаць ключавое пытанне, на якое на працягу 45 хвілін навучэнцы будуць шукаць адказ. Гэта той «кручок», які чапляе ўвагу вучня і не адпускае, пакуль задача не будзе вырашана.

Мікалай Запрудскі раіць педагогам больш шырока прымяняць адкрытыя пытанні, пытанні, якія правакуюць дыскусію, ствараюць праблемную сітуацыю.

— Пытайцеся не пра тое, што называецца цывілізацыяй, а, напрыклад, які сэнс вучань укладвае ў гэта паняцце. Скажам, замест пытання пра пабудову цвёрдых цел карысна пацікавіцца, чым абумоўлена менавіта такая іх пабудова. Самы эфектыўны спосаб заахвоціць вучняў думаць — гэта задаваць ім стымулюючыя пытанні.

Цікавае назіранне: дзеці, якія да школы ахвотна распытваюць бацькоў і выхавальнікаў пра ўсё, што яны бачаць, страчваюць такую цікаўнасць у школе. Чаму? Магчыма, гэта вынік таго, што інфармацыю яны атрымліваюць раней, чым паспяваюць ёю зацікавіцца? Да таго ж педагог, часцей за ўсё, не пакідае ім часу на развагі і роздум. На пытанне «Як доўга чакаеце адказу?» большасць настаўнікаў прызнаюцца, што некалькі секунд — да першай узнятай рукі.

Бадай што самае нязвыклае для беларускіх педагогаў у тэхналогіі актыўнай ацэнкі — гэта правіла непадымання рукі, якое змяншае для вучняў верагоднасць адседзецца, так бы мовіць, у глядзельнай зале, нават калі ідзе работа ў групе. Бо як толькі хтосьці падымае руку, то менш хуткія і паспяховыя вучні адразу спыняюць пошук адказу на пытанне. Прычым па тэхналогіі актыўнай ацэнкі таго, хто будзе адказваць, вызначае не педагог, а лёсаванне, напрыклад, з дапамогай палосак з імёнамі. Выклікаць любога вучня могуць у любы час, таму заўсёды трэба быць гатовым да адказу. Ёсць у гэтым і яшчэ адзін вялікі плюс — канкурэнцыя ў класе змяняецца на супрацоўніцтва.

***

І напрыканцы яшчэ адна акалічнасць, якую давядзецца ўлічваць, выхоўваючы пакаленне «гугл». Шматлікія даследаванні паказваюць, што калі людзі ведаюць, што ў іх ёсць кругласутачны доступ да інфармацыі, яны хутчэй спрабуюць запомніць, дзе і як знайсці гэтую інфармацыю, чым унікнуць у саму яе сутнасць. Навошта запамінаць даты дзён нараджэння сяброў, калі іх можна знайсці ў сацыяльных сетках? Але ёсць і іншае меркаванне: лёгкі доступ да любой інфармацыі вызваляе ў нашым мозгу большую прастору для заняткаў творчай дзейнасцю, з чым папярэднім пакаленням не так шанцавала. Адным словам, дыскусіі працягваюцца...

Прыклады ключавых пытанняў на ўроку:

   Што агульнага паміж скланеннем лічэбнікаў і дзіцячым канструктарам?
   Першая сусветная вайна — выпадковасць ці заканамернаць?
   Чаму тое, што выводзіцца з арганізма, не падобнае да таго, што ім спажываецца?
   Ці можна зрабіць так, каб вада кіпела толькі ў палове пасудзіны?
   Як вы разумееце надпіс на пакеце з малаком «Тлустасць 3,6 працэнта»?
   Салёнасць Балтыйскага мора складае 0,76%. Колькі вады трэба выпарыць, каб атрымаць кілаграм солі?
   Якімі аргументамі можа даказаць ці аспрэчыць сцвярджэнне, што шкло не раствараецца?

Надзея НІКАЛАЕВА, «Звязда»
Опубликовано:
28 Ноября 2016
Просмотров:
1368
Категория:
Поделиться в соцсетях:
Психологическая помощь