Непрыемная тэма школьных «пабораў» не знікла

Два гады таму бацькоўскім камітэтам ва ўстановах адукацыі афіцыйна забаранілі збіраць наяўныя грошы. Але непрыемная тэма школьных «пабораў» не знікла. Адно з пытанняў, што паступіла ў рамках правядзення «Вялікай размовы з Прэзідэнтам», зноў узняло гэту праблему. «У апошні час пастаянна збіраюць грошы то на вокны, то на ўстаноўку турнікетаў, то на дапаможнікі. Як даведацца, што фінансуе школам дзяржава, а што можа быць зроблена толькі за кошт сродкаў бацькоў пры іх жаданні?» – запыталася Марыя Лісатовіч з аграгарадка Сеніца Мінскага раёна.

Паборы ў школе

У Міністэрстве адукацыі растлумачылі, што фінансаванне расходаў на ўтрыманне ўстаноў дашкольнай і агульнай сярэдняй адукацыі ажыццяўляецца за кошт сродкаў рэспубліканскага і (або) мясцовых бюджэтаў, сродкаў заснавальнікаў, сродкаў, атрыманых ад дзейнасці, якая прыносіць даходы, бязвыплатнай (спонсарскай) дапамогі юрыдычных асоб, індывідуальных прадпрымальнікаў і іншых крыніц, не забароненых заканадаўствам (артыкул 137 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі). Абнаўленне і развіццё матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстановы адукацыі забяспечвае яе заснавальнік. Магчымы ўдзел бацькоў (законных прадстаўнікоў) навучэнцаў (выхаванцаў) ва ўмацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў адукацыі рэгламентуецца Палажэннем аб папячыцельскім савеце ўстановы адукацыі (дакумент зацверджаны пастановай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь ад 25.07.2011 г. № 146).

На падставе пункта 24 згаданага Палажэння грашовыя сродкі, накіраваныя ў распараджэнне папячыцельскага савета, фарміруюцца з добраахвотных пералічэнняў (узносаў) фізічных асоб, якія залічваюцца на бягучы (разліковы) рахунак па ўліку пазабюджэтных сродкаў установы адукацыі. Грашовыя сродкі выкарыстоўваюцца па мэтавым прызначэнні ў адпаведнасці з рашэннем папячыцельскага савета, узгодненым з кіраўніком установы адукацыі і бацькоўскім камітэтам установы адукацыі (пры яго наяўнасці). «Такім чынам, для вырашэння актуальных задач установы адукацыі яе кіраўнік ва ўзаемадзеянні з папячыцельскім саветам мае права прыцягваць дадатковыя крыніцы фінансавання, у тым ліку сродкі бацькоў (законных прадстаўнікоў), але пры гэтым дадзеная дапамога можа аказвацца толькі на добраахвотнай аснове», – падкрэсліваюць у Міністэрстве.

Адразу два пытанні, што паступілі на гарачую лінію напярэдадні «Вялікай размовы з Прэзідэнтам», датычыліся з'яўлення ва ўстановах адукацыі турнікетаў: «Чаму ў краіне масава і ў прымусовым парадку ўстанаўліваюць турнікеты ў школах? Як гэта звязана з бяспекай дзяцей? І ці не будзе паўтарэння трагедыі на Нямізе?»

У галоўным адукацыйным ведамстве краіны сцвярджаюць, што ўстаноўка турнікетаў дазваляе правільна арганізаваць праход вялікай колькасці навучэнцаў у будынак школы і выхад з яго, а таксама знізіць выдаткі ўстановы адукацыі на ахову будынка. Арганізацыя аховы з дапамогай фізічных асоб абыходзіцца даволі дорага.

Разам з тым няма ні аднаго нарматыўнага прававога акта, які б прадпісваў забяспечваць бяспеку ва ўстанове агульнай сярэдняй адукацыі шляхам абавязковай устаноўкі турнікета. Але калі магчымасці школы дазваляюць, то ўстаноўка турнікетаў вітаецца. Дзякуючы ім у будынак не зойдзе звычайны чалавек. Акрамя таго, яны зручныя тым, што дазваляюць весці дакладны ўлік наведвання школы навучэнцамі, у тым ліку хутка ўстанавіць факт прысутнасці (адсутнасці) вучня ў школе, час яго выхаду і іншыя абставіны, якія наўпрост звязаныя з бяспекай дзіцяці.

Устаноўка электронных турнікетаў з'яўляецца адным з элементаў праекта «Электронная школа», рэалізацыя якога ў перспектыве дасць магчымасць забяспечыць не толькі бяспеку ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі, але і збор вялікага масіву іншай інфармацыі, якая адносіцца да адукацыйнага і іншых працэсаў.

У Міністэрстве адукацыі звяртаюць увагу на тое, што да турнікета прад'яўляюцца пэўныя патрабаванні. Для таго каб дзеці і персанал змаглі без праблем пакінуць будынак школы ў выпадку надзвычайнага здарэння, на ўстройстве павінен быць рэжым «Антыпаніка». А для захавання неабходнай шырыні прахода (не меней 1200 мм) побач з турнікетам звычайна ўсталёўваюць лёгказдымныя агароджы або аўтаматычныя брамкі, якія па сігнале з кантрольнага прыбора пажарнай сігналізацыі аўтаматычна адчыняюцца. Акрамя таго, механізм устанаўліваецца ў вестыбюлі, а не на шляхах эвакуацыі людзей з будынка.

А Валерый Арцімовіч з Навагрудка пацікавіўся ўвядзеннем забароны на карыстанне мабільнымі тэлефонамі ва ўстановах адукацыі. Як высветлілася, пакуль такой забароны няма і нарматыўнымі прававымі актамі карыстанне мабільнымі тэлефонамі ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі не рэгламентуецца. Але Міністэрства адукацыі прапрацоўвае пытанне аб увядзенні абмежавання на выкарыстанне навучэнцамі сродкаў мабільнай сувязі ў час адукацыйнага працэсу ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі з 1 верасня 2019 года.

Надзея НІКАЛАЕВА, газета «Звязда»

Опубликовано:
4 Апреля 2019
Просмотров:
223
Категория:
Поделиться в соцсетях:
Личная безопасность