Звязаныя адной сеткай

Бацькі і дзеці ў інтэрнэце: разам ці паасобку?

Асабісты камп’ютар, планшэт, мабільны тэлефон з выхадам у інтэрнэт ёсць сёння ці не ў кожнага падлетка. На практыцы гэта, на жаль, не толькі доступ да неабсяжнага акіяна інфармацыі, але і шматгадзіннае «завісанне» ў сацыяльных сетках і анлайн-гульнях, знаёмства з сумніўным кантэнтам, вірусамі і шкоднымі праграмамі, а таксама рызыка стаць ахвярай махляроў і злачынцаў — як віртуальных, так і цалкам рэальных.

Як у час заўважыць, што тэхналогіі з карысных інструментаў ператвараюцца ў забойцаў часу? Хто і якім чынам павінен кантраляваць дасяжнасць пэўных інтэрнэт-рэсурсаў для дзяцей? І ці праўда, што інтэрнэт-залежнасць можна папярэдзіць? Гэтыя пытанні гучалі падчас «круглага стала» «Бацькі. Дзеці. Інтэрнэт». У абмеркаванні ўзялі ўдзел псіхолаг Мінскага гарадскога дзіцячага псіхіятрычнага дыспансера Наталля ЛІТВІНКА, старшыня праўлення гарадскога грамадскага аб’яднання па папярэджанні жорсткага абыходжання з дзецьмі «Дзеці — не для насілля» Маргарыта ПРАХІНА, кіраўнік групы PR кампаніі МТС Таццяна КУРБАТ, адвакат юрыдычнай кансультацыі № 2 Ленінскага раёна сталіцы Ганна СТРАЛКОВА, настаўніца матэматыкі і інфарматыкі слуцкай гімназіі № 1 Настасся ГРЫНКЕВІЧ і вучань 11 класа гэтай жа гімназіі Павел БАГУШЭВІЧ.

Залежыць ад кожнага
— Паводле міжнароднага даследавання «Дзеці анлайн», якое адбылося ў 2010 годзе ў 25 еўрапейскіх краінах, у сярэднім дзеці пачынаюць самастойна выходзіць у сусветнае павуцінне ў 9–10 гадоў. Пры гэтым знаходжанне ў віртуальнай прасторы 90% падлеткаў, старэйшых за 13 гадоў, наогул ніхто не кантралюе… З чаго пачынаецца інтэрнэт-залежнасць?

Наталля ЛІТВІНКА: — Акрамя прысутнасці ў сацыяльных сетках і часу, праведзенага ў інтэрнэце, трэба ацэньваць усю сукупнасць сімптомаў, інакш усіх нас на 100% можна лічыць інтэрнэт-залежнымі. Але ў інтэрнэт-залежнасці ёсць свае прыкметы: найперш гэта павышаная раздражнёнасць, адчуванне пустаты, дэпрэсіўны стан, сыход ад рэальнасці, нежаданне стасункаў з сям’ёй, аднагодкамі, іншымі значнымі людзьмі; таксама характэрныя сімптомы — парушэнне рэжыму сну, пропускі прыёмаў ежы, грэбаванне асабістай гігіенай. Магчымы галаўныя болі накшталт мігрэні, болі ў спіне, сухасць у вачах. Перадусім у групу рызыкі гульнявой і інтэрнэт-залежнасці ўваходзяць падлеткі, якія лёгка захапляюцца, не адчуваюць, як бяжыць час, і цалкам паглыбляюцца ў віртуальную рэальнасць. Такія дзеці пачынаюць прапускаць школу, горш вучацца, і тады ўжо бацькі і педагогі б’юць трывогу. Як бачым, пры залежнасці так ці інакш закранаюцца ўсе сферы жыцця, але найперш — псіхічнае здароўе. Колькі ў нас падлеткаў з падобнымі праблемамі, дакладна сказаць цяжка, бо пераважна такія звароты ананімныя: мала хто хоча называць прозвішчы, заводзіць медкартку. Непасрэдна ў наш дыспансер звяртаюцца, як правіла, ужо з ускладненымі выпадкамі, з комплексам праблем…
Але, заўважу, прафілактыку інтэрнэт-залежнасці трэба пачынаць з ранняга ўзросту, бо часта самі бацькі, не ўсведамляючы гэтага, прывучаюць дзяцей бавіць час у інтэрнэце: маўляў, так нам прасцей, спакайней, дзеці як быццам занятыя.

Нагадаю: калі дзіцяці 5–7 гадоў, яму дазваляецца прабыць за камп’ютарам не больш чым 7–10 хвілін у дзень, ад 7 да 12 гадоў — 30 хвілін, 12–14 гадовым падлеткам варта знаходзіцца за камп’ютарам не больш чым 1 гадзіну, 14–17 гадовым — 1,5 гадзіны.

Настасся ГРЫНКЕВІЧ: — Думаю, у большасці райцэнтраў такая ж сітуацыя: паўсюдна ёсць мабільная сувязь, на кожную сям’ю прыпадае мінімум адзін камп’ютар. Нават калі браць маіх вучняў-пяцікласнікаў (я іх класны кіраўнік), каля 70% прыходзяць на ўрокі з планшэтамі. Лічу, гэта ў першую чаргу віна бацькоў. Напэўна ж, ім прасцей даць дзіцяці планшэт: няхай лепш на перапынках чытае ці гуляе, чым па калідорах бегае, а то яшчэ нос разаб’е… Праўда, з агрэсіяй, нежаданнем вучыцца, пагаршэннем стасункаў з іншымі людзьмі з за інтэрнэт-залежнасці я ў сваёй практыцы не сутыкалася. Але, мяркую, трывогу трэба біць ужо тады, калі ў падлетка няма іншых заняткаў і інтарэсаў, акрамя інтэрнэту.

Маргарыта ПРАХІНА: — Я не спяшалася б абвінавачваць у недаглядзе ўсіх бацькоў: многія проста не ведаюць пра небяспеку інтэрнэту ці схільныя яе недаацэньваць. Мяркую, трэба праводзіць асветніцкую работу найперш з бацькамі, каб яны разумелі, пры якіх абставінах іх дзеці могуць трапіць у групу рызыкі інтэрнэт-залежнасці. Паводле нашых апытанняў, 98% дзяцей сядзяць у сацыяльных сетках. Але ж не ўсе яны стануць залежнымі…

Наталля ЛІТВІНКА: — Безумоўна. Для мяне, як для мамы падлетка, гэтае пытанне таксама актуальнае. У найбольшай ступені да інтэрнэт-залежнасці схільныя тыя ж дзеці, якія падпадаюць пад усе іншыя залежнасці — алкагольную, наркатычную, харчовую і г. д. Тут адыгрываюць сваю ролю і спадчынныя фактары, і сацыяльнае становішча сям’і, і эмацыянальны стан дзіцяці, і хранічны недахоп здаровых яркіх уражанняў. Проста менавіта ў падлеткавым узросце гэта рызыка павялічваецца для ўсіх з за няўстойлівасці, няспеласці псіхікі.

Віртуальнасць з наступствамі

— Занятасць на працы, недахоп часу, сіл, грошай — усё гэта павінна адысці на другі план, калі гаворка ідзе пра адказнасць. Якімі канкрэтнымі непрыемнасцямі можа адгукнуцца бескантрольнае знаходжанне дзяцей у інтэрнэце?

Ганна СТРАЛКОВА: — На жаль, пра адказнасць за словы і ўчынкі, здзейсненыя падлеткамі ў сеціве, бацькі часта даведваюцца постфактум, праз тэлефонны званок супрацоўнікаў міліцыі, альбо праз атрыманне іскавай заявы аб кампенсацыі матэрыяльнай або маральнай шкоды, нанесенай неабдуманымі дзеяннямі падлетка. Найбольш часта да адказнасці інтэрнэт-карыстальнікаў прыцягваюць за паклёп і абразу. Паклёп — гэта распаўсюджванне лжывых звестак, якія ганьбяць гонар і годнасць іншага чалавека, абраза — прыніжэнне гонару і годнасці чалавека ў грубай (неабавязкова нецэнзурнай) форме. Напэўна, усе чулі, што гэтыя дзеянні цягнуць за сабой адміністрацыйную адказнасць (як, скажам, пераход вуліцы ў неналежным месцы). Але паклёп і абраза, здзейсненыя праз інтэрнэт, падпадаюць пад крымінальную адказнасць! Пакідаючы абразлівыя каментарыі пад артыкуламі альбо запісы ў сацыяльных сетках, далёка не ўсе падлеткі разумеюць, што віртуальная прастора — гэта публічнае месца, фактычна СМІ і што запісы ўбачыць неабмежаванае кола людзей. Так, гэтыя дзеянні не нясуць вялікай грамадскай небяспекі, і калі мы гаворым пра падлетка да 18 гадоў, то ён не сядзе ў турму, а, хутчэй за ўсё, атрымае штраф (максімальны — да 2,6 млн рублёў) у выпадку калі мае самастойны заробак, альбо арышт. Але крымінальная адказнасць — гэта пляма на ўсё жыццё. У 15–16 гадоў мала хто з падлеткаў задумваецца, але пазней з за гэтага для іх будуць «адрэзаны» пэўныя магчымасці… Другі бок медаля — прыцягненне да грамадзянскай прававой адказнасці, гэта значыць, пэўныя матэрыяльныя абавязкі, якія ўскладаюцца на бацькоў (да 14 гадоў падлетка) альбо на дзіця (ад 14 да 18 гадоў). У выпадку, калі ў нясталай асобы ва ўзросце ад 14 да 18 гадоў адсутнічаюць самастойныя сродкі альбо маёмасць, дастатковых для кампенсацыі шкоды, шкода мусіць быць кампенсавана бацькамі.

Але на паклёпе і абразе Крымінальны кодэкс не заканчваецца. Адказнасць інтэрнэт-карыстальнікам давядзецца несці, напрыклад, за парушэнне тайны перапіскі (для гэтага дастаткова факта ўзлому чужога акаўнта), распаўсюджванне звестак, якія складаюць асабістую ці сямейную тайну чалавека.

Павел БАГУШЭВІЧ: — Асабіста мне не часта даводзілася сутыкацца з «тролямі», якія адкрыта ці ўскосна правакуюць іншых на агрэсію ці эмацыянальныя выказванні. Як правіла, падобныя баталіі разгортваюцца ў сацыяльных сетках. Я да гэтага стаўлюся не тое каб з недаверам — хутчэй, з усмешкай: як можна ўсур’ёз успрымаць падбухторванне ў пісьмовым выглядзе, калі ўсё гэта невядома кім напісана? Хіба гэта тая асоба, да меркавання якой варта прыслухоўвацца? Часам, натуральна, падмывае рэзка адказаць — напрыклад, калі мноства людзей абмяркоўваюць твой любімы футбольны клуб і калі ты ведаеш, хто стаіць за канкрэтным каментарыем. Але і тады стрымліваўся. Асабіста мне нескладана кантраляваць сябе ў працэсе інтэрнэт-перапіскі — напэўна, таму, што ўсё гэта ўспрымаю як гульню, а не сур’ёзныя спрэчкі аб сэнсе быцця.

— Калега, маці траіх дзяцей, распавяла даволі распаўсюджаны выпадак: на дачы летам дачка 12 гадоў з кімсьці дамаўляецца па тэлефоне, што пойдзе катацца на веласіпедах. Добра, што ў маці ёсць звычка ўдакладняць, хто тэлефануе. Аказваецца, на прагулку старэйшых дзяцей запрасіў дарослы, з якім яны нядаўна пазнаёміліся ў сацсетках і бачыліся жыўцом літаральна адзін раз…

Таццяна КУРБАТ: — Добра, што мама, у прынцыпе, цікавіцца такімі рэчамі. Па нашых звестках, 70% дзяцей ва ўзросце 9–10 гадоў прысутнічаюць у сеціве без мінімальнага бацькоўскага нагляду. І чым старэйшае дзіця, тым менш бацькі яго кантралююць, што карэнным чынам няправільна. Як тут ужо ўзгадвалі, пачынаць адукацыю трэба не з дзяцей, а з бацькоў, бо гэта вельмі істотная група рызыкі. Статыстыка сведчыць: дарослыя ва ўзросце 35+, на жаль, валодаюць асноўнымі правіламі паводзін у інтэрнэце менш за сваіх дзяцей. Самае памылковае, што могуць зрабіць бацькі, — пачаць іх абмяжоўваць. У такім выпадку ў падлеткаў адразу ўзнікае ўнутраны пратэст і жаданне зрабіць наадварот. Трэба павышаць ступень даверу да бацькоў — толькі тады дзіця будзе расказваць пра ўсё, што з ім адбываецца не толькі ў рэальным, але і ў віртуальным жыцці.

Маргарыта ПРАХІНА: — Мы праводзілі апытанне амаль 500 падлеткаў па Мінску і Мінскай вобласці і высветлілі, што каля 40% іх стасуюцца ў сеціве з незнаёмымі людзьмі або з тымі, каго ведаюць толькі праз інтэрнэт, — фактычна, тымі ж незнаёмцамі. Больш за палову падлеткаў гаварылі аб тым, што сустракаліся з віртуальнымі сябрамі ў рэальнасці, і, разам з тым, 35% апытаных адзначалі, што гэтыя сябры не адпавядалі таму, як яны апісвалі сябе ў інтэрнэце. Таму цягам ужо 6 гадоў падчас заняткаў з падлеткамі мы стараемся тлумачыць, якая ёсць небяспека і якія наступствы можа выклікаць той ці іншы ўчынак.

Павел БАГУШЭВІЧ: — За ўсіх казаць не магу, але да мяне ў інтэрнэце абсалютна незнаёмыя людзі ніякай цікавасці не праяўлялі, як і я да іх. У віртуальнасці стасуюся не проста з людзьмі, з якімі знаёмы, а з пэўным колам сяброў. Бацькі і настаўнікі яшчэ ў дзяцінстве навучылі таму, што не ўсе людзі, якія праяўляюць да цябе цікавасць, добрыя і жадаюць табе ўсяго найлепшага. Гэта як растлумачыць малому: незнаёмы дзядзька можа падысці з цукеркай, але браць яе не трэба. Інтэрнэт — абсалютна такі ж самы свет, толькі не фізічны, а віртуальны, і ў ім таксама ёсць бяспечныя месцы, дзе можна спакойна хадзіць і гуляць. А ёсць «дзядзькі з цукеркамі» і страшныя рэчы.

— Адна з такіх рэчаў — кібербулінг. Усе мы памятаем фільм «Чучала», гераіню якога цкавалі ўсім класам. Цяпер тое ж самае часта адбываецца ў віртуальнасці — падлетку пагражаюць, прыніжаюць яго і абяцаюць выкласці зневажальнае відэа ў інтэрнэце… Якім чынам дарослыя могуць заўважыць і прадухіліць гэтыя з’явы?
Маргарыта ПРАХІНА: — Каля 40% падлеткаў з Мінска і сталічнай вобласці сутыкаліся ў інтэрнэце з жорсткімі абразамі ў свой адрас. Прыкладна ў палове выпадкаў абразы не маюць канкрэтнага аўтарства. Толькі 6% адзначылі, што гаварылі пра гэта бацькам. І на трэнінгах, дзе мадэлюем падобныя сітуацыі, падлеткі прызнаюцца, што не скажуць бацькам, калі сутыкнуцца з кібербулінгам, бо «будзе яшчэ горш, мама ці тата прыйдуць у школу і пачнуць разбірацца, а з мяне толькі стануць больш здзекавацца». Безумоўна, такія рэчы — стварэнне сайтаў, змест якіх абражае падлетка, выкладванне зневажальных відэа, рассылка СМС-паведамленняў, якія ў любы момант можа ўбачыць любы чалавек, — гэта вялізны стрэс і страх для дзіцяці. Добра, калі праблему ўдаецца вырашыць. Але ж былі выпадкі, напрыклад, у Расіі, калі даходзіла да суіцыду. Спецыялісты ўпраўлення «К», з якімі мы супрацоўнічалі, адзначалі, што можна звярнуцца з заявай у міліцыю, але многія бацькі гэтага не робяць…

Ганна СТРАЛКОВА: — Тут трэба ўлічваць чалавечы фактар. Часам супрацоўнікам праваахоўных органаў, якія заняты раскрыццём сур’ёзных злачынстваў, падаецца, што не варта марнаваць час на дзіцячае свавольства. Чым больш напорыста і настойліва будуць дзейнічаць у такім выпадку бацькі, тым хутчэй справа зрушыцца. З дапамогай Упраўлення «К» можна зрабіць зварот нават у іншую дзяржаву, калі сервер размешчаны на яе тэрыторыі, і адміністратар сайта паведамляе, з якога ІP-адраса было адпраўлена тое ці іншае паведамленне або на каго зарэгістраваны пэўны сайт. Праўда, на жаль, гэтая справа — не хуткая. Толькі ў кіно зладзеяў вылічваюць за гадзіну. Насамрэч спатрэбіцца не адзін месяц і вялікі запас нерваў. Гэта адзіны цывілізаваны спосаб, у тым ліку для таго, каб потым самому не даваць тлумачэнні ў міліцыі ў стане падазронага ці абвінавачанага.

Наталля ЛІТВІНКА: — Хацелася б нагадаць і пра псіхалагічную дапамогу, якую могуць атрымаць бацькі і дзеці, пазваніўшы на тэлефон даверу (017) 246 03 03. Калі спатрэбіцца, дзяжурныя таксама падкажуць тэлефон «гарачай лініі» МУС для ахвяр насілля і пракансультуюць, да якіх спецыялістаў яшчэ можна звярнуцца. У тым ліку і па псіхалагічную, і па медыкаментозную дапамогу. У многіх цэнтрах пазашкольнай працы, тэрытарыяльных сацыяльна-педагагічных цэнтрах паступова ствараюцца спецыяльныя «пакоі апытання», бо для некаторых падлеткаў цяжка і страшна звяртацца ў міліцыю, публічна агучыць свае праблемы.

Настасся ГРЫНКЕВІЧ: — Думаю, пэўныя меры павінны прымаць і педагогі, асабліва класныя кіраўнікі. Дзеці ж праводзяць паўдня ў школе, таму хто, як не класны кіраўнік, бачыць і можа ўплываць на іх паводзіны? Была сітуацыя: у групе 10 га класа ў сацсетках вывесілі агульную фатаграфію класа, дзе адной дзяўчыне замалявалі твар. Натуральна, ёй гэта было вельмі непрыемна. Яна паскардзілася маме, а мама патэлефанавала мне. Я патлумачыла ў класе, што такія рэчы — не жартачкі, а дзеянні, якія могуць быць пакараны. Але дзеці ўсё ж такі жорсткія, і як бы ты ні гаварыў ім, што нельга прыніжаць і крыўдзіць аднакласніка, назаўтра гэта забываецца і знаходзіцца новы «аб’ект» для жартаў. Таму я рабіла ўпор менавіта на адказнасць, у тым ліку бацькоў, — здаецца, гэта спрацавала.

Расказаць, паказаць і даць пакаштаваць
— Як кажуць, любую хваробу лягчэй папярэдзіць, чым лячыць. Мяркую, гэта справядліва і для інтэрнэт-небяспекі — інфармацыйная прафілактыка дапамагае прадухіліць многія небяспечныя сітуацыі…

Таццяна КУРБАТ: — Узрост уваходжання дзяцей у інтэрнэт сёння складае 7–8 гадоў, таму працаваць з імі трэба як мага раней. Цягам амаль 2 гадоў, што мы праводзім адукацыйны праект «Дзеці ў інтэрнэце», высветлілася: у пытаннях інтэрнэт-граматнасці і бяспекі, валодання тэхналогіямі настаўнікі не з’яўляюцца аўтарытэтам для дзяцей… Доследным шляхам даведаліся, што праводзіць урокі павышэння інтэрнэт-адукаванасці трэба ў 1–2 класах, бо старшакласнікі нам распавядуць усё самі. Распрацоўшчыкі праграмы, спецыялісты факультэта псіхалогіі МДУ, прыдумалі жывую і захапляльную для малодшых школьнікаў форму падачы інфармацыі, мы абралі персону, якая выступае аўтарытэтным і цікавым расказчыкам, чалавекам з выключна пазітыўным вобразам, да таго ж мае педагагічную адукацыю. Такім чалавекам стаў вядомы спявак і тэлевядучы Георгій Калдун. Праграма ўрока, разлічаная на 45–60 хвілін, складаецца з мультымедыйнай прэзентацыі і метадычнай часткі. Асноўныя правілы бяспечнага інтэрнэту выкладаюцца ў гульнявой, інтэрактыўнай форме. Мы не гаворым дзецям, што інтэрнэт — гэта страшнае зло. Наадварот, распавядаем, што гэта вельмі цікава і карысна. Трэба толькі ўмець карыстацца тэхналогіямі і правільна сябе паводзіць. Значнасць гэтага праекта мы для сябе бачым у тым, каб уключыць у дыялог усе пакаленні і ўсе групы зацікаўленай аўдыторыі. Гэта і дзеці, і настаўнікі, і бацькі.

Цяпер паток ахвотных прыняць у сябе ўрок інтэрнэт-бяспекі настолькі вялізны, што ў «лісце чакання» сёння стаяць каля 47 школ. Зразумела, што мы адны не зможам ахапіць усе школы краіны. Таму на нядаўняй сустрэчы з прадстаўнікамі сістэмы адукацыі прапанавалі такі варыянт: праводзіць навучальныя семінары для старшакласнікаў, каб яны пазней самі навучалі малодшых. І вельмі хочацца, каб да гэтай сацыяльнай місіі, да дыялогу пакаленняў далучалася як мага больш людзей.

Павел БАГУШЭВІЧ: — У мяне ёсць малодшы брат Міша. Яму 8 гадоў і ён вучыцца ў 1 класе нашай школы. Пакуль што ў яго няма ніякай цікавасці да інтэрнэту, ён больш захапляецца зборкай канструктара «Лега». Але фармальна мы ўжо карыстаемся сецівам. У гімназіі паглыбленае вывучэнне англійскай, і калі ім задаюць паўтарыць некалькі новых слоў, то я заходжу ў інтэрнэт-слоўнік, набіраю гэтае слова і з дапамогай транслятара слухаем яго вымаўленне, з правільнымі націскамі. Мне здаецца, гэта цудоўна: дзіця ў 8 гадоў ведае, што ў інтэрнэце ёсць такая класная рэч, як анлайн-перакладчык, якая дапаможа ў вучобе.

— Існуе вялікае мноства карысных сайтаў, дзе ў даступнай і цікавай форме выкладаюцца асноўныя прынцыпы і правілы бяспечных паводзін у інтэрнэце. Ёсць выдатныя прэзентацыі на сайтах міністэрстваў унутраных спраў Беларусі і Расіі, існуюць сучасныя, у тым ліку бясплатныя, антывірусы і праграмы бацькоўскага кантролю ў інтэрнэце. Але галоўнае — уключыць не толькі кнопкі таймераў і антывірусаў, а ўключыць сябе, дарослага, у тое, чым жыве і цікавіцца дзіця. Што яшчэ варта зрабіць, каб потым не «бегчы за цягніком»?

Таццяна КУРБАТ: — Трэба дабіцца таго, каб дзіця вам давярала. Толькі тады можна сумесна ўвайсці ў гэты вялізны, дзесьці небяспечны, але пераважна карысны і цікавы віртуальны свет. Павышаючы ўзровень інтэрнэт-адукаванасці сваіх дзяцей, не забывайцеся аб тым, што гэта варта рабіць і самім.

Настасся ГРЫНКЕВІЧ: — На ўроках АБЖ у школе дзецям даюць пэўныя базавыя правілы — напрыклад, аб тым, што трэба быць асцярожным з агнём ці не ісці нікуды з незнаёмым чалавекам. Правілы бяспечных паводзін у інтэрнэце, наколькі я ведаю, у школьнай праграме пакуль не выкладаюцца. Мабыць, варта ўвесці гэты курс, прычым не толькі для малодшых класаў. «Повторение — мать учения», таму варта перыядычна паўтараць курс з папраўкамі на ўзрост і цікавасці вучняў.

Маргарыта ПРАХІНА: — Такія трэнінгі ўжо распрацаваны нашымі спецыялістамі і прадстаўнікамі Мінадукацыі пры падтрымцы ЮНІСЕФ, і з наступнага навучальнага года яны будуць уключаны ў школьную праграму, пакуль толькі факультатыўна, а ў будучыні, магчыма, стануць абавязковымі.

Наталля ЛІТВІНКА: — Я згодна, што падобныя праекты з удзелам спецыялістаў розных сфер трэба распрацоўваць для дзяцей розных узростаў. Але ніякая тлумачальная работа не дапаможа, калі бацькі не будуць прымаць пэўныя меры. Трэба ствараць альтэрнатыву «завісанню» ў інтэрнэце — спартыўныя мерапрыемствы, разнастайныя гурткі і секцыі, забавы, у тым ліку сумесныя. Вельмі важна паказаць дзецям, што ёсць іншы свет і што трэба ўмець кантактаваць з людзьмі найперш у рэальнасці.

Ганна СТРАЛКОВА: — Ніводную праблему нельга вырашыць праз сістэму забарон і пакаранняў. Дзеля прафілактыкі правапарушэнняў у інтэрнэце было б не лішне ладзіць сустрэчы старшакласнікаў з супрацоўнікамі праваахоўных органаў, якія маглі б засцерагчы ад тых ці іншых памылак, нагадаць пра наступствы пэўных учынкаў. А выключна па-чалавечы я лічу, што галоўнае ў жыцці — гэта сям’я, і выдатна, калі бацькі стануць для свайго дзіцяці старэйшымі сябрамі і дарадцамі, а не карнікамі, якіх трэба баяцца.

Павел БАГУШЭВІЧ: — У кожнай праблемы ёсць свае вытокі. Чаму дзеці сядзяць у інтэрнэце, калі ў навакольным свеце існуе столькі ўсяго цікавага? Мне здаецца, большасць такіх людзей проста не ведае, чым сябе заняць: тут паглядзеў відэа, тут прачытаў навіны, тут зачапіўся вокам за фота — а канкрэтна нічога не зрабіў, толькі час змарнаваў. Усё залежыць ад кожнага канкрэтнага чалавека, ад таго, як яго выхавалі бацькі, што ў яго ўклалі педагогі. Кагосьці не трэба абмяжоўваць, дастаткова сказаць, напрыклад: «Ты іграеш на трубе — вось табе сайт з відэаўрокамі і нотамі, тут можна дзяліцца з аднадумцамі сваімі дасягненнямі» — і ўсё, праблема практычна вырашана, чалавек знайшоў тое, што яму цікава. А іншаму чалавеку, больш залежнаму ад чужых меркаванняў і схільнаму рабіць «як усе», напэўна, трэба надаць больш увагі, аказаць пэўную дапамогу.

Па матэрыялах газеты “Звязда”

Асновы дзіцячай бяспекі ў інтэрнэце (паводле Google)

1. Пагаварыце з вашым дзіцем: абмяркуйце вэб-сайты і паслугі, якія прадастаўляюцца анлайн, навучыце не адкрываць файлы і ўкладанні ад незнаёмых людзей. Патлумачце, чаму трэба падыходзіць да стасункаў у інтэрнэце адказна. Вось добрае правіла: калі не гатовы штосьці сказаць чалавеку ў твар, не трэба пісаць яму гэта ў сеціве.

2. Карыстайцеся тэхналогіямі разам, каб вырашаць пытанні па меры іх паступлення.

3. Дапамажыце ўсёй сям’і выпрацаваць правільныя звычкі наконт бяспечных пароляў; нагадайце аб тым, што пры карыстанні камп’ютарамі ў публічных месцах — у школе, бібліятэцы, інтэрнэт-клубе — трэба абавязкова выходзіць з акаўнтаў. Гэта як зачыніць за сабой дзверы на ключ.

4. Выкарыстоўвайце настройкі канфідэнцыйнасці і кантролю доступу на сайтах, дзе можна абменьвацца інфармацыяй; абмяркуйце з дзіцем, якую асабістую інфармацыю нельга размяшчаць публічна.

5. Заўжды правярайце ўзроставыя абмежаванні інтэрнэт-сэрвісаў — у гульнях, відэазапісах.

6. Пагаварыце з іншымі дарослымі — настаўнікамі, сацработнікамі, спартыўнымі трэнерамі, іншымі спецыялістамі, якія працуюць з дзецьмі.

7. Абараніце свой камп’ютар і асабістыя звесткі, рэгулярна абнаўляйце антывіруснае праграмнае забеспячэнне.
8. Не спыняйцеся на дасягнутым. Бяспека — не разавая рэч, бо тэхналогіі развіваюцца і трэба ісці ў нагу з часам.
Опубликовано:
20 марта 2014
Просмотров:
2160
Категория:
Поделиться в соцсетях: