Інвестыцыі ў будучыню

Стала ўжо добрай традыцыяй, што ў пачатку навучальнага года кіраўнік дзяржавы наведвае адну са школ. Учора Аляксандр Лукашэнка прысутнічаў на першым званку ў сярэдняй школе № 56 горада Мінска.

Выступаючы перад вучнямі, педагогамі і бацькамі, Прэзідэнт адзначыў, што айчынная сістэма адукацыі мае высокі рэйтынг у свеце, яна канкурэнтаздольная. Сведчаннем высокага ўзроўню беларускай адукацыі служаць перамогі навучэнцаў і студэнтаў у міжнародных алімпіядах і конкурсах. Аляксандр Лукашэнка выказаў надзею, што з’явяцца таленты, якімі будзе ганарыцца Беларусь.

«Не можа не радаваць і той факт, што сёлета ў нашы школы пойдзе больш за 106 тысяч першакласнікаў — на 1,6 тысячы дзетак больш, чым у мінулым годзе. Такое папаўненне невыпадковае. Гэта вынік пастаяннага клопату нашай дзяржавы і грамадства пра сям’ю, дзяцей, іх здароўе, навучанне і выхаванне»,
— падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. Першакласнікаў ён павіншаваў асобна, паколькі для іх «гэты дзень — адна з самых памятных падзей, пачатак вялікага шляху да ведаў і першы этап сталення». Ён заклікаў педагогаў зрабіць усё неабходнае, каб дзеці былі ахінутыя клопатам і ўвагай.

У краіне пастараліся зрабіць, каб 1 верасня стала сапраўдным святам для ўсіх школьнікаў, педагогаў і бацькоў. Дзяржава накіравала на гэта велізарныя бюджэтныя сродкі, падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. «І мы лічым іх важнымі інвестыцыямі, фінансавымі ўкладаннямі ў будучыню краіны, у новае пакаленне грамадзян, у тых, хто будзе як зрэнку вока берагчы і захоўваць нашу Айчыну, нашу краіну, нашу Беларусь. Наша галоўнае дасягненне і здабытак — чалавечы капітал. І на гэта грошай шкадаваць ні ў якім разе нельга», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Не абмінуў увагай Прэзідэнт і праблемы беларускай адукацыі, рашэннем якіх займаецца цяпер дзяржава. Гаворка, у прыватнасці, зайшла пра залішнюю загружанасць школьнікаў хатнімі заданнямі. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што сёння ўрад займаецца аптымізацыяй працэсу навучання. На думку кіраўніка дзяржавы, неабходна зрабіць так, каб асноўныя веды дзеці атрымлівалі ў школе. «Не павінен вучань, адвучыўшыся 6-7 гадзін у школе, прыходзіць дадому і яшчэ 5-6 гадзін рыхтаваць хатняе заданне. Паглядзіце, у каго мы ператвараем нашых дзяцей», — абурыўся Прэзідэнт. Дома вучань малодшых класаў павінен працаваць паўтары — максімум дзве гадзіны, старшакласнікі — тры — тры з паловай гадзіны, дзякуючы гэтаму дзеці стануць нашмат здаравейшымі, упэўнены Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка таксама выказаў незадаволенасць тым, як працуюць школы ў суботу. Гэты дзень не павінен быць выхадным, школьнікі павінны прысвячаць яго фізкультуры, ўрокам працы. «Субота — ніяк не выхадны дзень, асабліва для калектыву школы», — адзначыў Прэзідэнт. Ён прапанаваў прыбраць лішнія гадзіны працы і фізкультуры з сеткі навучальных заняткаў і перанесці іх на суботу.

Па словах кіраўніка дзяржавы, трэба будзе яшчэ шмат чаго зрабіць у плане ўдасканалення працэсу навучання не толькі ў школе, але і ў ВНУ. У прыватнасці, Аляксандр Лукашэнка крытычна адазваўся аб якасці цяперашніх падручнікаў. Да канца наступнага года яны будуць прыстасаваны да сучасных патрабаванняў, без усялякіх празмернасцяў. Неабходна зрабіць рашучы крок для ўдасканалення айчыннай сістэмы адукацыі, «у нас для гэтага ёсць усё: воля, жаданне, і самае галоўнае — ёсць спецыялісты, якія могуць вырашыць гэтую задачу».

Школа № 56 павінна стаць своеасаблівым маяком і прыкладам у плане ўдасканалення працы з навучэнцамі. Неабходная матэрыяльна-тэхнічная база тут створана. Азнаёміўшыся з ёй, Прэзідэнт застаўся задаволены ўмовамі для навучання і выхавання. Кіраўнік дзяржавы наведаў клас, дзе будуць вучыцца першакласнікі, кабінет для навучання ігры на музычных інструментах. Прэзідэнт пабываў у спартыўных залах, басейне і сталовай, дзе пацікавіўся асартыментам страў і іх якасцю. Кіраўнік дзяржавы пакінуў таксама запіс у кнізе ганаровых гасцей, паведамляе прэс-служба Прэзідэнта.

Выходзячы са школы, Аляксандр Лукашэнка пагутарыў з бацькамі і педагогамі. Ён сказаў, што ў школе ўсё арганізавана належным чынам для вучобы і развіцця дзяцей. Дзяржава будзе старацца і надалей рабіць усё неабходнае для таго, каб школьнікі атрымлівалі добрую адукацыю, запэўніў Прэзідэнт.

«Звязда»
Опубликовано:
1 Сентября 2015
Просмотров:
880
Категория:
Поделиться в соцсетях:
Опасности Интернета