Падлеткавую злачыннасць трымаюць на кантролі

Дзеці — наша багацце, якое, на жаль, вельмі лёгка страціць. Неабавязкова псаваць з імі стасункі. Можна проста не цікавіцца іх справамі, а ў пэўны момант, што самае страшнае, пачуць ад міліцыянера, што ваша дзіця здзейсніла крадзеж альбо захоўвала і распаўсюджваланаркотыкі. І падобных выпадкаў у нас хапае. Толькі за апошнія 9 месяцаў зафіксаваны прырост у незаконным абарачэнні наркотыкаў, у хуліганствах, якія здзяйснялі падлеткі.

Спайсы застаюцца ў лідарах

— Непаўналетнія сапраўды сталі часцей уцягвацца ў наркагандаль. Нас гэта вельмі хвалюе, — кажа начальнік аддзела арганізацыі работы інспекцыі па справах непаўналетніх упраўлення прафілактыкі МУС Віталь ЯНЧЫН. — Тут тэмпы росту даволі сур’ёзныя. Мы самі прапанавалі знізіць узроставую планку адказнасці за збыт з 16 да 14 гадоў. І ўжо маем выпадкі, калі да крымінальнай адказнасці прыцягваліся 15-гадовыя падлеткі. Прычым супрацоўнікі міліцыі затрымліваюць шмат тых, хто пападаецца з наркотыкамі паўторна. Гэта сведчыць аб тым, што ў разглядаемы асяродак уцягваецца ўсё менш і менш людзей. Чым менш удзельнікаў, тым менш злачынстваў.

— Ці праўда, што ў пытанні незаконнага абарачэння наркотыкаў найбольш праблемнымі сярод навучальных устаноў з’яўляюцца сярэднія спецыяльныя?


— Так, ліцэі і каледжы займаюць вядучыя месцы ў падобным сумным спісе. І мы заўжды паўтараем, што на пачатку вучэбнага года многія вырываюцца з-пад бацькоўскай апекі, пераязджаюць у іншыя населеныя пункты, нечакана атрымліваюць самастойнасць, да якой бываюць проста непадрыхтаванымі. Але і празмерная апека тут таксама не дапаможа. Толькі правільнае выхаванне. Калі ў сям’і было ўсё добра, шчыра, праблем з дзецьмі быць не павінна.

— Большасць падобных злачынстваў здзяйсняюць, напэўна, у гарадах?


— Кожнае трэцяе злачынства, звязанае з абарачэннем наркотыкаў з удзелам непаўналетніх, здзяйсняюць у Мінску, у Гродзенскай вобласці — кожнае пятае. І гэта таксама даволі высокі паказчык. Але такія выпадкі характэрны не толькі для гарадоў. Некалькі гадоў таму нарказлачынствы з удзелам падлеткаў пачалі фіксаваць і ў сельскай мясцовасці. Даступнасць набыцця з дапамогай інтэрнэту прываблівае многіх. Гэтыя каналы, безумоўна, перакрываюцца міліцыяй, аднак, тым не менш, падлетку зусім няцяжка прыехаць у любы буйны населены пункт і забраць «закладку». Тым больш з электроннымі грашыма зараз умеюць карыстацца ўсе.

— Спайсы яшчэ застаюцца ў лідарах?


— Так, і за апошні год у плане запатрабаванасці нічога не змянілася. Былі факты, калі падлеткі касілі і сушылі канаплю, атрымлівалі пасля марыхуану, але падобныя выпадкі ў агульнай статыстыцы адзінкавыя.

— Рэйды дапамагаюць у канфіскацыі наркотыкаў?

— Адназначна. Нічога ў жаданнях падлеткаў не мяняецца. Многія па-ранейшаму спрабуюць распаўсюдзіць наркотыкі на дыскатэках, і мы падключаем нашы прафілактычныя службы для ўдзелу ў рэйдавых мерапрыемствах.

«Часта да цяжкіх злачынстваў прыводзіць нечаканая ўспышка агрэсіі»


— Сёлета падлеткі здзейснілі чатыры забойствы, — працягвае размову Віталь Алегавіч. — Гэта ў два разы менш, чым летась, аднак у нас яшчэ не было года, каб непаўналетнія не былі замешаны ў асабліва цяжкіх злачынствах. Гэта трагедыя, такое злачынства выклікае грамадскі рэзананс. Але ў кожным выпадку трэба разбірацца асобна, аналізаваць прычыны. Падобная паглыбленая праверка ў нас праводзіцца па кожным асабліва цяжкім злачынстве. У тым ліку глядзім, ці ёсць віна нашых супрацоўнікаў, якія маглі дзесьці недапрацаваць у прафілактыцы. У дачыненні да іх таксама прымаем меры. Даволі часта да падобнага злачынства прыводзіць неспадзяваная ўспышка агрэсіі, якую далёка не заўсёды можна растлумачыць.

— Галоўнай праблемай працягвае заставацца распаўсюджванне наркотыкаў і хуліганствы?


— І крадзяжы. У агульнай структуры правапарушэнняў яны дамінуюць разам з махлярствам. Крадуць па-ранейшаму веласіпеды, запчасткі, тэлефоны, грошы, прадукты. Многіх на крадзеж альбо на збыт наркотыкаў падштурхоўвае жаданне валодаць больш сучасным тэлефонам. Здзіўляюць 11-12-гадовыя дзяўчаты, якія маюць смартфон за 8 мільёнаў рублёў, а хочуць мець той, які каштуе 18. Некаторым бацькі купіць падобную дарагую «цацку» не могуць, і яны пачынаюць шукаць незаконныя шляхі, каб атрымаць грошы і набыць тэлефон.

— Непаўналетнія займаюцца прастытуцыяй?

— Падобная праблема цяпер не актуальна. А вось пытанне педафіліі стаіць востра. Многія дарослыя пад выглядам равеснікаў падманным шляхам атрымліваюць ад дзяцей эратычныя фотаздымкі, а ўжо пасля шантажыруюць, кажуць, што распаўсюдзяць іх, схіляюць да дзеянняў сексуальнага характару. Многія становяцца ахвярамі па няведанні, праз глупства. І гэта таксама бяда, з якой нам трэба змагацца. У гэтай праблеме мне бачыцца рэзерв для нашай прафілактычнай дзейнасці.

Даведачна

МУС разам з зацікаўленымі органамі распрацаваны і рыхтуецца да накіравання ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу праект закона «Аб унясенні дапаўненняў і змяненняў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь па пытаннях папярэджання п’янства, безнагляднасці і правапарушэнняў непаўналетніх». Яго асноўная мэта — удасканаленне мер па перавыхаванні непаўналетніх, якія канфліктуюць з законам, а таксама пашырэнне магчымасці вяртання такіх падлеткаў да нармальнага жыцця.

З улікам сучасных рэалій плануецца сістэматызаваць і канкрэтызаваць парадак і ўмовы правядзення індывідуальнай прафілактычнай работы з непаўналетнімі, парадак дзейнасці зацікаўленых па прафілактыцы безнагляднасці і правапарушэнняў падлеткаў.

Тарас ШЧЫРЫ, «Звязда»
Опубликовано:
2 ноября 2015
Просмотров:
1390
Категория:
Поделиться в соцсетях: