Партнёрства ў імя дзіцяці

У Акадэміі паслядыпломнай адукацыі прайшоў міжнародны практычны семінар «Партнёрства ў імя будучыні: стратэгіі ўзаемадзеяння ўстановы адукацыі, сям’і і структур соцыуму як ключавых удзельнікаў адукацыйнага працэсу». У рабоце семінара прынялі ўдзел педагагічныя работнікі з 11 краін Еўропы — Босніі і Герцагавіны, Венгрыі, Грэцыі, Італіі, Кіпра, Латвіі, Мальты, Малдовы, Румыніі, Сербіі, Славакіі, а таксама кіраўнікі і педагогі ўстаноў адукацыі Рэспублікі Беларусь. Мерапрыемства праходзіла ў рамках праграмы павышэння кваліфікацыі работнікаў адукацыі і арганізацыі прафесійных абменаў Савета Еўропы «Pestalozzi».

Удзельнікі семінара наведалі ўстановы адукацыі Мінска, дзе ўбачылі, як на практыцы ажыццяўляецца ўзаемадзеянне дзяржавы, сям’і і соцыуму ў нашай краіне.

Загадчык ясляў-сада № 239 Мінска Таццяна  Іванаўна Кузьміч прадставіла сістэму работы і эфектыўныя формы супрацоўніцтва з бацькамі выхаванцаў. Расказала аб днях сустрэч, аб удзеле бацькоў у праектах па зборы макулатуры і другаснай сыравіны, у акцыях па азеляненні і добраўпарадкаванні тэрыторыі ўстановы. Запатрабавана ў бацькоў і адаптацыйная група «Кроха” для дзяцей да 3 гадоў. Таццяна Іванаўна паведаміла аб тым, як выкарыстоўваецца сайт дзіцячага сада для падтрымання кантактаў з бацькамі. Сад супрацоўнічае з рознымі сацыяльнымі структурамі, грамадскімі арганізацыямі, з Дзіцячым фондам ААН (ЮНІСЕФ).

Загадчык ясляў-сада № 138 Мінска Аксана Станіславаўна Ярмашук прадэманстравала вопыт работы ўстановы па стварэнні інклюзіўнага адукацыйнага асяроддзя для дзяцей з асаблівымі патрэбамі, расказала аб рабоце групы кароткачасовага знаходжання бацькоў і дзяцей з АПФР ва ўзросце да 3 гадоў, якія не наведваюць дашкольныя ўстановы і ЦКРНіР. Варта адзначыць, што дзеці з асаблівасцямі ў развіцці ўзаемадзейнічаюць ва ўстанове са здаровымі выхаванцамі, наведваюць разам з імі музычныя заняткі, басейн.

Наведалі госці і гімназію № 16 Мінска. Яе дырэктар Георгій Уладзіміравіч Кушняроў адзначыў: «Для нас галоўнае, каб навучэнцы атрымлівалі ўсебаковую адукацыю, рыхтаваліся да жыцця ў грамадстве. Гімназісты прымаюць актыўны ўдзел у жыцці Цэнтральнага раёна сталіцы і горада ў цэлым. Установа супрацоўнічае з рознымі арганізацыямі і з бацькамі вучняў па самых розных кірунках. У нашай гімназіі дзеці вывучаюць англійскую, нямецкую і кітайскую мову, паспяхова займаюцца музыкай, удзельнічаюць у рабоце вакальных студый, харэаграфічных калектываў. Яны наведваюць вялікую колькасць гурткоў і заняткі па інтарэсах — па дызайне, фларыстыцы, выяўленчым мастацтве, інфармацыйных тэхналогіях, логіцы, тэатральны і спартыўныя гурткі і інш. Нашы навучэнцы маюць магчымасць паплаваць у басейне, які таксама ёсць пры гімназіі, пагуляць у тэніс, у міні-футбол, займацца таэквандо і г.д.».

З сістэмай адукацыйнай і выхаваўчай работы, якая склалася ў гімназіі, госці пазнаёміліся падчас інтэрактыўнай экскурсіі. Яны папрысутнічалі на ўроку беларускай мовы, на занятках вучняў з педагогам-псіхолагам, паспрабавалі свае сілы ў дыдактычных і рухавых гульнях на ўроках матэматыкі, асвоілі тэхніку квілінг, наведалі выяўленчую студыю, прынялі ўдзел у танцавальным майстар-класе і інтэрактыўных занятках «Логік-дашкольнік». У бібліятэцы гімназіі пазнаёміліся з праектнай дзейнасцю малодшых школьнікаў.

Трэнеры Савета Еўропы Шарлот Касар (Мальта) і Ая Туна (Латвія) падчас наведвання адукацыйных устаноў правялі трэнінгі па тэмах «Выкарыстанне сацыяльных медыя ў наладжванні супрацоўніцтва з сем’ямі і соцыумам», «Дзіцячы сад як адкрытая сістэма і асяроддзе разнастайнасці», «Сям’я — школа — соцыум: педагагічныя аспекты супрацоўніцтва і ўзаемадзеяння».

Семінар завяршыўся круглым сталом, падчас якога беларускія і замежныя педагогі выступілі з прэзентацыямі вопыту ўстаноў адукацыі сваіх краін у кірунку ўзаемадзеяння з сям’ёй і соцыумам.

Педагог невялікай вясковай школы на Кіпры Стэла Ттанау Іанідау расказала пра сумесную работу з бацькамі адносна праектаў па вывучэнні аліўкавага дрэва, прысвечаных вандроўкам па Еўропе, па Міжземным моры, а таксама пра праект па вывучэнні кіпрскай культуры і традыцыйных прафесій. «Наша школа вельмі прыгожая, а бацькі разам з дзецьмі і педагогамі імкнуцца зрабіць яе яшчэ прыгажэйшай і шмат працуюць над паляпшэннем яе знешняга выгляду», — адзначыла Стэла. Аб партнёрскіх праектах сваёй установы — дзіцячага сада-школы — расказала госця з Грэцыі Еўфімія Гаці. Там для бацькоў арганізоўваюцца, напрыклад, дні прыгатавання ежы, дні творчасці, дні сям’і. «Падчас рэалізацыі праекта «Чароўная каробка» бацькі раз у тыдзень наведвалі школу і праводзілі ў ёй цэлы дзень, — паведаміла выступоўца. — Дзеці загадзя прынеслі з дому разнастайныя карцінкі, фотаздымкі, цацкі, кніжкі, вырабы і склалі іх у каробку. Выхавальнік прыдумала розныя віды дзейнасці для кожнай сям’і з выкарыстаннем таго, што знаходзіцца ў каробцы». Яшчэ адзін праект установы тычыўся ўпрыгожвання школьнага двара. У ім таксама ўдзельнічалі бацькі, педагогі, прадстаўнікі мясцовых органаў улады і іншых арганізацый.

Дырэктар дзіцячага сада-школы з Італіі Сільвія Г’ёрджы расказала аб праекце «Шчаслівая школа», які мае на ўвазе навучанне дзяцей дашкольнага ўзросту італьянскай і англійскай мове, і аб праекце па стварэнні ў школе дзіцячага кансультацыйнага савета са структурай, якая нагадвае органы вышэйшай улады. Пры гэтым удзельнікі савета — дзеці — па ўсіх пытаннях жыцця ўстановы кансультуюцца з дарослымі, але маюць поўнае права выказваць свае пажаданні па яе развіцці.

Прадстаўнік Венгрыі Януш Мэйджэр працуе ў рэфармацкай гімназіі, якая належыць мясцоваму гарадскому рэфармацкаму прыходу. Ён расказаў аб дабрачынных акцыях, што праводзіць установа па зборы прадуктаў харчавання і ўсіх неабходных рэчаў для дзяцей, якія знаходзяцца ў цяжкай жыццёвай сітуацыі.

Госць з Румыніі Адрыян-Канстанцін Алекса паведаміў аб праекце па ўсталяванні ў яго школе сонечных батарэй, а таксама аб тым, як навучэнцы ўстановы працавалі ў аўтамабільных майстэрнях фірмы «Рэно» у Францыі, атрымліваючы разам з тым перспектыву працаўладкавання на прадпрыемства.

Аб новых вучэбных праграмах для дашкольнікаў у Славакіі, аб тым, якія новыя прадметы з’явіліся ў яе адукацыйнай сістэме, расказала Яна Чупікава, маладая даследчыца з Нацыянальнага інстытута адукацыі. Яна сканцэнтравала ўвагу і на актыўным удзеле бацькоў у вучэбным савеце дзіцячага сада, у які ўваходзяць, школьныя настаўнікі, і прадстаўнікі духавенства. Савет, напрыклад, мае права даваць змястоўныя рэкамендацыі мясцовым органам улады па паляпшэнні дзейнасці ўстановы.

Педагог прыватнай пачатковай школы з Босніі і Герцагавіны Элма Варупа таксама расказала аб савеце бацькоў і праектах, накіраваных на ўмацаванне сям’і, яе актыўнай пазіцыі.Яна падкрэсліла асаблівую важнасць даследаванняў па гэтым пытанні самімі педагогамі.

Выступоўцы з Малдовы Юлія Батан і Люсія Кацы расказалі аб неабходнасці партнёрства ў імя міру, у тым ліку, што вельмі важна, з царквой, з масмедыя, з грамадскімі арганізацыямі. Гасцямі з гэтай краіны быў прадстаўлены праект па стварэнні развіццёвай прасторы ў дашкольнай установе.

Загадчык кафедры зместу і метадаў выхавання АПА Наталля Андрэеўна Талыгіна закранула праблемы дзяцей ранняга ўзросту, якія знаходзяцца ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, і адзначыла вопыт эфектыўнай работы ў кірунку сацыяльнай рэабілітацыі сацыяльнай гасцінай у Калінкавічах і цэнтра «Шчаслівае дзіця» ў Мінску.

Праект «Прабацькі і ўнукі. Разам.by» прадставіла Валянціна Мікалаеўна Шашок, загадчык кафедры дашкольнай і пачатковай адукацыі АПА. Ён перамог у міжнародным конкурсе, арганізаваным прадстаўніцтвам Германіі ў Рэспубліцы Беларусь, быў рэалізаваны на базе ДЦРД Барысава і атрымаў распаўсюджанне ў іншых дашкольных установах краіны. Сутнасць праекта — увага да бабуль і дзядуляў, якія часта з’яўляюцца самымі душэўнымі выхвальнікамі дзяцей. Дзеці намалявалі партрэты бабуль і дзядуляў, напісалі казкі пра іх, і тыя таксама склалі цудоўныя казкі і песні. Распрацавана шмат метадычных матэрыялаў па праекце, якія можна выкарыстоўваць на практыцы.

Аб сучасных формах партнёрства ўстановы дашкольнай адукацыі, соцыуму і бацькоў дзяцей да 3 гадоў расказала дацэнт кафеды дашкольнай і пачатковай адукацыі АПА Раіса Раманаўна Касянюк. Яна адзначыла эфектыўнасць дзейнасці груп кароткачасовага знаходжання, мацярынскіх школ, патранажных паслуг дома, патранажных паслуг у спалучэнні з кароткачасовым знаходжаннем і ранняй комплекснай дапамогі ў ЦКРНіР.

Прадстаўлены вопыт выклікаў шчырую цікавасць ва ўсіх удзельнікаў семінара і жаданне наладзіць больш цеснае супрацоўніцтва, у тым ліку з выкарыстаннем сучасных электронных рэсурсаў.

Спецыяльны госць семінара дырэктар праграмы «Pestalozzi» Джозэф Хубер (Страсбург, Францыя) расказаў аб дзейнасці па ўмацаванні ўзаемаабмену і супрацоўніцтва паміж еўрапейскімі педагогамі.

— Джозэф, у якіх краінах працуе праграма «Pestalozzi” Якія тэмы і праблемы акрэслены ў ёй?

— Гэтая праграма працуе ў 50 краінах Еўропы, яе ідэі падтрымалі мільёны педагогаў-практыкаў. Мэта праграмы — дапамагчы ў прафесійнай дзейнасці дырэктарам школ, настаўнікам, метадыстам, псіхолагам, а таксама бацькам і прадстаўнікам мясцовай грамадскасці. Тэмы і праблемы, акрэсленыя ў праграме, тычацца развіцця самых розных адукацыйных з’яў і кірункаў. Напрыклад, паляпшэння ўзаемаразумення паміж дзецьмі, настаўнікамі, бацькамі і кіруючымі работнікамі сферы адукацыі, усебаковай ацэнкі падзей, якія адбываюцца ў нашым жыцці, развіцця грамадзянскасці. Перад сістэмай адукацыі пастаянна паўстаюць новыя задачы, напрыклад, папярэджанне дыскрымінацыі і насілля адносна дзяцей. Патрабуюць удасканалення пытанні інклюзіі і кампетэнтнаснага падыходу ў адукацыі, папярэджання злачынстваў супраць чалавечнасці, пытанні выхавання талерантнасці, якія пераклікаюцца з ключавымі каштоўнасцямі Савета Еўропы — актыўнай грамадзянскай пазіцыяй, дэмакратыяй, супрацоўніцтвам, мірным вырашэннем канфліктаў, павагай да правоў чалавека, празрыстасцю пры выкананні і функцыянаванні прававых норм.

У Беларусі праграма «Pestalozzi» стартавала ў 2012 годзе. Мы другі раз прыязджаем у вашу краіну. У праграме, якую мы падрыхтавалі для беларускіх педагогаў, на мой погляд, значэнне маюць два аспекты: перш за ўсё ў цэнтры ўвагі дзейнасці педагогаў павінны знаходзіцца інтарэсы і правы дзіцяці, другой ідэяй з’яўляецца партнёрства, узаемаразуменне і дыялог паміж установамі адукацыі, бацькамі і соцыумам пры іх цесным партнёрстве і супрацоўніцтве — зноў жа з мэтай шматбаковага развіцця асобы дзіцяці. Што разумеецца пад паняццем «развітая асоба»? Напрыклад, калі б мне сказалі выбраць, з кім размаўляць — ці са справядлівым, здольным да спачування і добрых чалавечых пачуццяў прадстаўніком рабочай прафесіі, ці з высакамерным інтэлектуалам, які па сваёй натуры з’яўляецца сацыяпатам, то я аддаў бы перавагу першаму.

— Якім чынам адбываецца адбор удзельнікаў семінараў?


— На ўдзел у семінарах заяўку можа падаць кожны педагог. Гэта яму нічога не будзе каштаваць. Фінансаванне размяркоўваецца паміж Саветам Еўропы і краінай, якая прымае яе ўдзельнікаў. Адзін з важных крытэрыяў адбору — не проста жаданне чалавека прыехаць на мерапрыемства, а шчырая зацікаўленасць у ім, імкненне падзяліцца ведамі, атрымаць іх ад іншых, каб потым прымяніць на практыцы, данесці да калег. Падчас нашых семінараў і трэнінгаў педагог, па маім меркаванні, павінен адчуць, што праблемы, якія абмяркоўваюцца, тычацца і яго, што ад яго залежыць іх вырашэнне, а новыя веды і вопыт, з якімі ён азнаёміўся, дапамогуць яму ў далейшай дзейнасці. Па выніках усіх мерапрыемстваў праграмы традыцыйна праводзіцца гутарка, падчас якой педагогі аналізуюць назапашаныя веды.

— Джозэф, раскажыце, калі ласка, аб далейшай дзейнасці праграмы
«Pestalozzi».

— Мы і далей будзем праводзіць трэнінгі і семінары. Плануем пашырыць фармат мерапрыемстваў, магчымасці для правядзення трэнінгаў у рэжыме анлайн. У найбліжэйшы час у рамках праграмы пройдуць трэнінгі па медыйнай дасведчанасці, пытаннях разнастайнасці, што асабліва актуальна ў сувязі з праблемай бежанцаў. Рыхтуюцца мерапрыемствы па выпрацоўцы і развіцці навыкаў пражывання ў дэмакратычным грамадстве, а таксама па папярэджанні злачынстваў супраць чалавечнасці.

— Вялікі дзякуй за гутарку! Жадаю поспехаў вашай праграме!

Надзея ЦЕРАХАВА, «Настаўніцкая газета»
Опубликовано:
20 ноября 2015
Просмотров:
1689
Категория:
Поделиться в соцсетях: