Першая дапамога дзецям пры траўмах. Што трэба ведаць?

Дастаткова часта дзецi трапляюць у крытычныя сiтуацыi праз сваю цiкаўнасць i павышаную актыўнасць. У некаторых выпадках гэта прыводзiць да вельмi сумных наступстваў. Практычна заўсёды аказанне першай дапамогi пацярпеламу малому кладзецца на плечы перапалоханых бацькоў. У такой сiтуацыi галоўнае – не панiкаваць i правiльна выконваць медыцынскiя манiпуляцыi. Як гэта неабходна рабiць, расказаў дзiцячы ўрач-хiрург 3-й гарадской дзiцячай клiнiчнай палiклiнiкi Мiнска Вадзiм Пратасавiцкi.

Дети_Безопасность

Адна з самых распаўсюджаных сiтуацый – дзiця ўдарылася галавой.

– Калi ўдар быў дастаткова моцны, неадкладна звяртайцеся па ўрачэбную дапамогу. Да прыходу медыкаў пакладзiце дзiця ў ложак i забяспечце яму спакой. I нават пры поўнай адсутнасцi сiмптомаў, якія могуць напалохаць, уважлiва паназiрайце за дзiцем пару дзён. Страсенне можа праявiцца праз некаторы час рэзкай стратай прытомнасцi цi парушэннем каардынацыi, – тлумачыць Вадзiм Аляксандравiч. – Дзiцяцi варта некаторы час устрымлiвацца ад фiзiчнай актыўнасцi i эмацыянальных нагрузак. Памятайце, што страсенне, перанесенае на нагах, прыводзiць да вельмi цяжкiх наступстваў у будучынi.

Пры iншых траўмах варта таксама адразу звяртацца ў медустанову цi выклiкаць хуткую дапамогу. Пры першых прыкметах пералому ў дзiцяцi гэта важна зрабiць як найхутчэй.

– Далёка не ўсе пераломы суправаджаюцца рэзкiм болем. Напрыклад, зламанае рабро можа крыху паныць i перастаць, што вядзе ў будучым да няправiльнага зрашчэння. Таму пры неабходнасцi ўрач накiруе на рэнтген, каб перастрахавацца, – адзначае хiрург.

Пры яўным пераломе не варта нiчога рабiць да прыезду хуткай дапамогi. Сваiмi няўмелымi дзеяннямi вы можаце зрушыць зламаныя косцi, што ўскладнiць iх далейшае зрастанне. Для аблягчэння болю можна выкарыстаць анальгетыкi ў належнай дазiроўцы.

Калi дзiця моцна ўдарыла сустаў, найперш прыкладзiце да яго холад на 20 хвiлiн. Лепш за ўсё падыдзе напоўнены лёдам пакет. Пасля нанясiце на выцятае месца мазь для зняцця болю, ацёчнасцi i запаленчага працэсу.

Калi траўма выклiкала пашкоджанне звязак, траўматолагi рэкамендуюць выкарыстоўваць тугую павязку цi гiпсаванне для таго, каб абезруховiць траўмаваную канечнасць. Часам на каленны цi локцевы сустаў накладваюць жорсткi фiксатар.

Калi малое пры падзеннi рассекла скуру, i ў яго выступiла кроў, абавязкова апрацуйце рану перакiсам вадароду, накладзiце стэрыльную павязку з антыбактэрыяльнай маззю. Калi кроў не спыняецца, варта адвезцi дзiця ў траўмапункт цi бальнiцу, дзе яму акажуць неабходную дапамогу.

Пры сур'ёзных апёках, калi пашкоджана вобласць галавы цi значная частка скурнага покрыва, неадкладна выклiкайце хуткую дапамогу. Дайце дзiцяцi абязбольвальныя, каб папярэдзiць болевы шок.

Калi апёк невялiкi, рэкамендуецца апусцiць пашкоджанае месца ў халодную ваду. А пасля гэтага апрацаваць яго мяккiм сродкам на аснове пантэнолу.

– Такiя лекi знiмаюць запаленчы працэс, змякчаюць i дэзынфiцыруюць скурнае покрыва. Не трэба прымяняць пры апёках алеi, бо яны пакрыюць пашкоджанае месца своеасаблiвай плёнкай, не даючы яму нармальна астыць i зажыць, – тлумачыць урач.

Яшчэ адна небяспечная сiтуацыя – дзiця праглынула лекi. Трэба як мага хутчэй выклiкаць у яго рвоту, даўшы папярэдне папiць паболей вады. Рвоту выклiкаюць, засунуўшы абгорнутыя бiнтам пальцы ў рот i нацiскаючы на корань языка.

– Адразу ўдакладнiце, што за лекi i ў якой колькасцi праглынула дзiця. Хуткая санлiвасць, слабасць цi наадварот, рэзкае ўзбуджэнне – прыкметы атручэння. Неадкладна выклiкайце хуткую дапамогу, – папярэджвае суразмоўнiк.

Пры ўзнiкненнi насавога крывацёку ў дзiцяцi зацiснiце яму крылы носа, а на пераноссе пакладзiце што-небудзь халоднае. У ноздру, якая крываточыць, пакладзiце ватны кавалачак, змочаны ў перакiсе вадароду. Калi крывацёкi ўзнiкаюць часта, пастарайцеся засцерагчы малога ад стрэсаў, рэзкiх рухаў i розных перажыванняў.

Опубликовано:
15 Июля 2020
Просмотров:
615
Категория:
Поделиться в соцсетях:
Психологическая помощь