Почему для того, чтобы обновить сироту из Могилева в очереди на социальное жилье, в дело пришлось вмешаться прокуратуре

Мама, тата, я – шчаслівая сям’я. На жаль, гэтая формула спрацоўвае не заўсёды і не з усімі. Ёсць людзі, якія наогул не ведаюць, што такое бацькоўскі клопат. У нашай краіне дзейнічае мноства праграм, якія дапамагаюць сіротам рэалізавацца творча і прафесійна, а таксама быць абароненымі ў бытавым плане. Аднак у Веры Лапінай* з Магілёва жыццё пайшло па ўласным сцэнары. Кватэра, дзе яна нарадзілася і вырасла, зараз апячатаная, і маладая мама перабралася на жыхарства да сваякоў мужа. А ў чарзе на сацыяльную кватэру змагла аднавіцца толькі пасля ўмяшання пракуратуры. Чаму так атрымалася і – галоўнае! – калі і як магіляўчанка зможа, нарэшце, вырашыць сваё кватэрнае пытанне? Карэспандэнт «Р» паспрабавала разабрацца ў гэтай няпростай гісторыі.

Іншае дзяцінства

Сваю маму Вера практычна не памятае: з жыцця тая сышла дваццаць гадоў таму. Тады, калі адзінай дачцэ было ўсяго два гадкі.

– Маім апекуном стала прабабуля. Жылі ў трохпакаёвай кватэры на Пушкінскім праспекце – разам з іншымі сваякамі, – вяртаецца ў сваё дзяцінства дзяўчына.

Вонкава ўсё было, як ва ўсіх: школа, вучоба ў каледжы. Але сямейныя падзеі, якія адбываліся адна за другой, радавалі мала. Услед за мамай дзяўчынка страціла прабабулю. У 2014-м яе стала апякаць цётка, а яшчэ праз некалькі месяцаў хаваць прыйшлося ўжо і яе.

– Не атрымалася ў нас і кватэру прыватызаваць – улады ў гэтым адмовілі, – канстатавала магіляўчанка. – І ў 2014-м з муніцыпальнай яе перавялі ў арэндную.

А там жыллё і зусім апусцела: з усіх прапісаных жыхароў на камерцыйных «квадратах» засталася адна Вера. З ёй КУП ЖРЭУ Кастрычніцкага раёна Магілёва праз год і заключыў дамову найму.

– У сілу юнага ўзросту я не зусім разумела, што раблю, – прызналася дзяўчына. – Не ўсведамляла, што стала наймальнікам гэтага жылля.

І дадала, што ў 2016-м сама стала мамай і перабралася на новае месца жыхарства – да мужа. А яшчэ звярнулася ў раённую адміністрацыю з просьбай паставіць яе на жыллёвы ўлік як сірату.

– У адказ атрымала ліст, дзе гаварылася аб магчымасці атрымання жылля сацыяльнага карыстання. Сабрала дакументы, пайшла ў жыллёвы аддзел адміністрацыі, а мне сказалі, што адправілі дакумент памылкова. Бо за мной лічыцца кватэра, іншай – не паложана, – магіляўчанка пры гэтым адзначыла, што была гатовая адмовіцца ад атрыманых у спадчыну «квадратаў». – У крайнім выпадку, мы з мужам хацелі б стаць на чаргу як маладая сям’я. Але, улічваючы, што за мной – камерцыйнае жыллё, гэта таксама нерэальна.

Таму, адзначыла, давялося звярнуцца за дапамогай у высокія інстанцыі.

Даўгі становяцца ўсё большымі

У сутнасць гэтай праблемы ўнікла пракуратура. Старшы пракурор аддзела пракуратуры Магілёўскай вобласці Алена Шупленкава канстатавала: заключэнне дамовы найму з непаўналетняй супярэчыць Жыллёваму кодэксу. У жніўні мінулага года факт мізэрнасці дамовы найму прызнаў і суд.

– А пракуратура горада Магілёва прынесла пратэст на рашэнне раённай адміністрацыі аб зняцці Веры з уліку як тую, хто мае патрэбу ў сацыяльным жыллі, – падкрэсліла Алена Віктараўна. – Гэты пратэст быў здаволены: у чарзе яе аднавілі. Прычым – як тую, хто мае патрэбу з 2000-га года, гэта значыць з таго моманту, як яна стала сіратой. Больш таго, пераправерылі ўсіх, хто стаіць у чарзе – і Лапіна у выніку была перанесена на адну пазіцыю наперад.

Здавалася б, можна выдыхнуць. Аднак Вера прызналася, што ёсць яшчэ адна праблема – растуць даўгі за «трошку».

І гэта прытым, што я там даўно не жыву. Сапраўды, нават зайсці цяпер не магу – дзверы апячатаныя!

Кім і калі, прызналася дзяўчына, яна не ведае.

Якая менавіта сума доўгу лічыцца за кватэрай на Пушкінскім? Растлумачыць гэта дапамагла загадчыца сектара Магілёўскага Цэнтра гарадскіх інфармацыйных сістэм Кацярына Сарока. Паводле яе слоў, асноўная сума запазычанасці – 783 рублі. Што датычыць пені, дык яна вырасла ўжо да 1085 рублёў. Наймальнікам жылля па-ранейшаму лічыцца Вера Лапіна. Чым даўжэй пытанне пагашэння камунальных даўгоў будзе заставацца нявырашаным, тым больш стане і сума неплацяжоў

Пад нумарам дваццаць чатыры

Пакуль не зусім зразумела і тое, як і калі маладая мама зможа атрымаць сацыяльную кватэру. Начальнік аддзела ЖКГ адміністрацыі Кастрычніцкага раёна Магілёва Арцём Разуваеў пераадрасаваў гэтае пытанне супрацоўнікам свайго аддзела. Спецыялісты ўдакладнілі, што чарга на сацыяльнае жыллё – асобная. І дзяўчына ў ёй лічыцца пад нумарам 24:

– Цяжка сказаць, калі менавіта яна зможа адсвяткаваць наваселле. Калі здаюцца сацыяльныя дамы, чарга рухаецца хутка. На найбліжэйшы час здача новых не плануецца.

Вера тым часам хвалюецца: ці не атрымаецца так, што праз год, калі ёй споўніцца 23 гады і яна страціць свой статус сіраты, яе проста выкрасляць з чаргі? Спецыялісты запэўнілі, што не. Тут усё залежыць ад даты пастаноўкі на ўлік. Але разлічваць яна, незалежна ад складу сваёй сям’і, можа толькі на аднапакаёвую кватэру.

Дарэчы, сям’я Веры Лапінай за час кватэрных пертурбацыяў вырасла. У яе нарадзілася яшчэ адно дзіця. І цяпер пакойчык у кватэры сваякоў мужа ім даводзіцца дзяліць на чацвярых.

* Імя і прозвішча гераіні па яе просьбе змененыя.

КАМЕНТАРЫЙ У ТЭМУ

Генадзь Міхалап, адвакат Магілёўскай калегіі адвакатаў:

– Такая сітуацыя досыць складаная, якая пацягнула, як бачым, не толькі рэагаванне органаў пракуратуры, але і прыняцце судовых рашэнняў. У нашай краіне дзеці-сіроты маюць права на атрыманне жылых памяшканняў сацыяльнага карыстання дзяржаўнага жыллёвага фонду, будаўніцтва або на набыццё жылля з дзяржаўнай падтрымкай, ільготных крэдытаў, аднаразовых субсідый і іншых формаў дзяржаўнай падтрымкі для будаўніцтва (рэканструкцыі) або набыцця жылога памяшкання, калі яны з’яўляюцца тымі, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў па падставах, прадугледжаных заканадаўчымі актамі. Парадак прадастаўлення ўсіх мер падтрымкі вызначаецца спецыяльным заканадаўствам і шмат у чым залежыць ад канкрэтнай сітуацыі ў дачыненні да кожнага з дзяцей-сірот. Таксама за імі захоўваюцца права ўласнасці на жылое памяшканне або права валодання і карыстання жылым памяшканнем, замацаваным у парадку, устаноўленым заканадаўствам (калі такое мелася).

Замацаванне за дзецьмі-сіротамі жылога памяшкання, а таксама адмены такіх рашэнняў прадугледжаны Палажэннем аб парадку замацавання жылых памяшканняў за дзецьмі-сіротамі і дзецьмі, што засталіся без апекі бацькоў, якое зацверджана пастановай Саўміна.

Опубликовано:
30 апреля 2020
Просмотров:
3725
Категория:
Поделиться в соцсетях: