Пра кандыдатаў раскажа смартфон

Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі і Беларускае тэлеграфнае агенцтва сумесна распрацавалі мабільную праграму «Выбары-2015». Яна разлічана, перш за ўсё, на маладзёжную аўдыторыю і на яе інфармаванне аб галоўным выбарчым працэсе, які чакае Беларусь у кастрычніку.

«Мы хочам, каб моладзь ведала пра выбары калі не ўсё, то даволі шмат, каб арыентавацца ў гэтай няпростай тэме. Важна, каб інфармацыя, якую моладзь чэрпае з інтэрнэту, насіла канструктыўны характар», — адзначыў падчас афіцыйнай прэзентацыі прыкладной праграмы першы сакратар ЦК БРСМ Андрэй БЕЛЯКОЎ. Ён дадаў, што стварэнне такой праграмы — яшчэ адзін уклад у агульную справу: «Мы будзем вельмі рады, калі гэтая мабільная праграма сапраўды будзе служыць для аб’яднання моладзі, каб маладыя людзі актыўна, у тым ліку 11 кастрычніка, праявілі сябе, прыйшлі на выбарчыя ўчасткі і прагаласавалі за выбранага імі кандыдата ў Прэзідэнты».

На думку генеральнага дырэктара БелТА Дзмітрыя ЖУКА, асноўная задача новастворанай праграмы — зрабіць інфармацыю аб выбарах даступнай і зручнай для ўсіх. «Сёлета галасаваць будуць тыя, хто нарадзіўся ўжо ў суверэннай Беларусі. Каб адпавядаць патрабаванням моладзі, з’явілася ідэя стварыць гэтую праграму», — сказаў ён. Кіраўнік агенцтва назваў пакаленне, якое падрасло і ўпершыню прыйдзе на выбары, «пакаленнем вялікага пальца». Бо маладыя людзі ледзь не ад нараджэння знаёмыя з гаджэтамі і прывыклі атрымліваць інфармацыю з экранаў мабільных тэлефонаў ці планшэтаў.

Сапраўды, галоўным стваральнікам «Выбараў-2015» выступіў 18-гадовы Павел БАЦЫЛЕЎ, які скончыў першы курс механіка-матэматычнага факультэта БДУ. Па яго словах, у гэтым годзе ён упершыню будзе ўдзельнічаць у выбарах. Таму вырашыў пацікавіцца, дзе можна адшукаць інфармацыю аб кандыдатах у прэзідэнты і зразумеў, што адзінай крыніцы, зразумелай для яго, амаль што няма. Гэта і натхніла маладога чалавека, які да гэтага ўжо стварыў 4 праграмы для моладзі, на новую працу. Для таго, каб зрабіць «Выбары-2015», яму спатрэбіўся месяц.

У праграме можна адшукаць інфармацыю аб кандыдатах у прэзідэнты, апошнія навіны аб выбарчым працэсе, заканадаўчую базу па выбарах, прачытаць адказы на папулярныя пытанні, а таксама азнаёміцца з вынікамі галасавання. Для таго, каб зрабіць навінку больш інтэрактыўнай, у яе дадалі спецыяльны раздзел, прысвечаны конкурсу. «Ён праводзіцца сярод маладых выбаршчыкаў ва ўзросце ад 18 да 31 года. Яго асноўная задача — вызначыць найлепшую прапанову або ідэю да выбараў. Магчыма, гэта будзе эсэ пра ўдзел у выбарчай кампаніі. Арганізатары вызначаць трох пераможцаў, якія ў якасці прыза атрымаюць у падарунак планшэты», — паведаміла журналістам Алеся ВІННІК, каардынатар работы Саюза моладзі ў інтэрнэт-прасторы.

Пакуль што праграма прызначана для карыстальнікаў Androіd і знаходзіцца ў бясплатным доступе ў Google Play. У далейшым яе плануецца падладзіць і пад аперацыйную сістэму іOS.

Вераніка ПУСТАВІТ, «Звязда»
Опубликовано:
26 августа 2015
Просмотров:
1189
Категория:
Поделиться в соцсетях: