Пра тое, як важна навучыць дзяцей разумець свае эмоцыі і кіраваць імі

Людзі, якія здольны разумна ацэньваць свае магчымасці, могуць спакойна абмеркаваць далейшыя дзеянні, не пераходзячы на асобы, і валодаюць уменнем вырашаць канфлікты пры сутыкненні інтарэсаў, сустракаюцца не вельмі часта. А вы, напрыклад, можаце спыніцца і не працягваць бясплодную спрэчку, калі ўсе вакол на ўзводзе? Не ўзвальваць на сябе занадта шмат абавязкаў у стане эйфарыі? А ці здольныя прызнацца самім сабе ў непрывабных пачуццях? Усё гэта навыкі эмацыянальнага інтэлекту, які яшчэ могуць называць сацыяльным.

Дети

Аб эмацыянальным інтэлекце загаварылі пасля таго, як выявілася, што традыцыйныя тэсты на інтэлект не здольныя прадказаць паспяховасць чалавека ў кар'еры і ў жыцці ў цэлым. Аказалася, што тэсты на ментальны інтэлект не ацэньваюць здольнасць да эфектыўнага ўзаемадзеяння з іншымі людзьмі і да эфектыўнага кіравання сваімі ўласнымі эмоцыямі. Між тым менавіта гэтыя ўменні ўласцівыя ўсім паспяховым людзям – іншымі словамі, усіх іх аб'ядноўвае высокі эмацыянальны інтэлект.

Па не зусім класічным азначэнні С.Дж.Стэйна і Говарда Бука, якое дае Вікіпедыя, эмацыянальны інтэлект, у адрозненне ад звыклага ўсім паняцці інтэлекту, «з'яўляецца здольнасцю правільна інтэрпрэтаваць сітуацыю і аказваць на яе ўплыў, інтуітыўна ўлоўліваць тое, чаго хочуць і ў чым маюць патрэбу іншыя людзі, ведаць іх моцныя і слабыя бакі, не паддавацца стрэсу і быць абаяльным».

Ці можна гэтаму навучыцца? «Можна!» – упэўненая кіраўнік Школы развіцця эмацыянальнага інтэлекту Галіна Станілевіч.

Гэтая школа працуе ў Мінску ўжо год, яна існуе ў выглядзе гурткоў дадатковай адукацыі і актыўна супрацоўнічае са сталічнымі агульнаадукацыйнымі школамі. Кіраўнік школы кажа, што цікавасць да яе дзецішча рэзка вырасла ў гэтым годзе, асабліва пасля таго, што здарылася ў Стоўбцах, калі вучань забіў настаўніцу гісторыі і іншага школьніка і параніў яшчэ дваіх падлеткаў.

Галіна Станілевіч расказала нам аб навыках XXІ стагоддзя, аб выкарыстанні сваіх эмоцый і аб тым, як важна не станавіцца іх заложнікам.

Гэта не пра веды, а пра навыкі

– Зураб Кекелідзэ, галоўны псіхіятр Расіі, неяк у інтэрв'ю прывёў статыстыку, якую рэдка агучваюць, – кажа наша суразмоўніца. – Там палохаючыя лічбы. Адхіленні ў развіцці і дэзадаптацыя сёння назіраюцца больш чым у 60 % школьнікаў. Гэта значыць, такім дзецям будзе вельмі складана адаптавацца ў свеце. Ім будзе цяжка рэалізавацца ў прафесіі, зрабіць кар'еру, узаемадзейнічаць з іншымі людзьмі, пабудаваць сям'ю...

На Захадзе на працягу апошніх дзесяцігоддзяў праводзяць даследаванні: што адбываецца ў нашым быццам бы паспяховым свеце, дзе якасць жыцця паляпшаецца, дастатак расце, але разам з гэтым у людзей расце і дэзадаптацыя, і дэпрэсія. Аказалася, што недастаткова развіваць у дзяцей толькі разумовы інтэлект.

Што прынята лічыць навыкамі XXІ стагоддзя? Гэта не толькі кампетэнтнасць і прафесіяналізм. Гэта яшчэ і асабістыя якасці – ад іх залежыць, дзе вы будзеце працаваць, куды вас возьмуць. Можна быць вельмі разумным, але не ўмець размаўляць з людзьмі. А сямейнае жыццё? Як можна яго пабудаваць, не ўмеючы слухаць і чуць іншага чалавека, вырашаць канфлікты і г. д.? Таму гэта вельмі важныя кампетэнцыі.

Прычым гэта не веды, а менавіта навыкі. Усе мы ведаем, што не трэба нервавацца па дробязях, але ў каго ёсць такі навык? Навык – гэта калі веды ты можаш прымяніць на практыцы.

Дрэнных і няправільных эмоцый не бывае

– У побыце эмацыянальны інтэлект мы, дарэчы, часцей за ўсё называем рысамі характару. Напрыклад, калі гаворым пра чалавека, што ён ураўнаважаны, спакойны, прыязны, умее адстойваць сваю пазіцыю і пры гэтым паважаць чужую... Пра чалавека, які ўмее сябраваць, здольны пашкадаваць, папрасіць і прапанаваць дапамогу і яшчэ шмат чаго. Часцей за ўсё мы гэта называем якасцямі характару, і гэта ўсё з'яўляецца навыкамі эмацыянальнага інтэлекту.

Калі ў нас ёсць такія якасці, мы лепш разумеем людзей, не маем у адносінах да іх неапраўданых чаканняў, не патрабуем ад сябе і іншых больш, чым у нашых сілах, не становімся заложнікамі эмоцый.

Наогул, мы вучым дзяцей таму, што дрэнных і няправільных эмоцый няма. Яны павінны быць проста адэкватна выкарыстаныя. І мы вучым, якія эмоцыі для чаго падыходзяць. Напрыклад, не варта ісці на перагаворы ў добрым эмацыянальным стане, з павышаным настроем. Тут трэба трошкі злосці. Таму што весці перагаворы без такой эмоцыі, як злосць унутры, – не вельмі прадукцыйна, гэта значыць, што вы, хутчэй за ўсё, здадзіце свае пазіцыі, адступіце. І значна менш верагоднасці, што вы абароніце свае пазіцыі. Гэта ўсё тонкія грані, але вельмі важныя.

Распазнаваць, разумець, пераключацца...

– У нашай праграме мы займаемся развіццём трох навыкаў. Першы – гэта распазнаванне сваіх эмоцый і станаў, калі чалавек можа назваць, што з ім зараз адбываецца. Калі ён у стане аддзяліць трывогу ад раздражнення, стомленасць – ад апатыі. Такі чалавек не прыме лёгкае захапленне за вялікае каханне, а цікавую перспектыву – за галоўную мэту жыцця.

Другі навык – калі чалавек разумее прычынна-выніковыя сувязі: чаму са мной гэта адбываецца? Што такога здарылася, што выклікала гэты мой стан? І да чаго гэта можа прывесці? То-бок эмацыянальны інтэлект – гэта калі я разумею, што са мной адбываецца, а не толькі нешта адчуваю і выказваю гэтыя пачуцці.

Трэці навык – уменне пераключаць свае эмоцыі. Для гэтага трэба ведаць пэўныя тэхнікі. Напрыклад, калі дзіця знаходзіцца ў радасным стане, а ў яго наперадзе кантрольная работа, то гэты яго стан будзе не вельмі адэкватны. Для таго каб паспяхова здаць кантрольную, трэба дадаць крышку смутку. Тады чалавек стане больш уважлівы і сабраны. Але трэба разумець, што гэта не павінен быць смутак, які наваліўся і ўсё сабой апанаваў, а толькі лёгкі яго налёт. Вось як увесці сябе ў гэты стан?

І калі, напрыклад, дзіця ідзе ў школу са страхам, то не варта чакаць ад яго высокіх ацэнак. У стане страху мозг зацікаўлены ў тым, каб затаіцца і выжыць, а не ў тым, каб атрымліваць новую інфармацыю і выдаваць яе па першым патрабаванні.

Размаўляць з людзьмі – вялікая навука

– Ёсць яшчэ і чацвёрты аспект – ён ужо больш для дарослых – гэта калі я ўмею кіраваць і сваім станам, і чужым таксама. Вельмі мала людзей умеюць кіраваць сабой. І жыццё такое, што нам неабходна ўмець кіраваць і эмоцыямі іншых. Гэта не значыць маніпуляваць імі або падпарадкоўваць іх. Гэта і ўменне супакоіць іншага чалавека, калі той вельмі раззлаваны, баіцца або засмучаны, і ўменне заразіць сваім пазітывам іншых людзей.

Мы лічым самым яркім сваім дасягненнем тое, што нашы дзеці пачынаюць дзяліцца з намі тым, што яны перажываюць. Ім цікава расказаць пра сябе і паслухаць пра іншых, цікава, а як гэта бывае ў дарослых...

Зараз многія бацькі скардзяцца, што на пытанне «як справы?» – дзеці адмоўчваюцца або гавораць «нармальна». І мы ў адказ кажам дарослым: а вы не спрабавалі расказаць пра сябе? Напрыклад, «я так стамілася, мне сумна, у мяне здарылася тое і тое, вось гэта атрымалася, а гэта – не...». Калі пачаць так гаварыць, то і дзіця ўключыцца і сапраўды гэтак жа пачне расказваць пра сябе.

Таму мы вельмі рады, што нашы дзеці разнявольваюцца, што яны заўважаюць свой настрой і стан і вучацца кіраваць імі, што ў іх павышаецца самаацэнка.

Гэта вялікая навука – умець размаўляць з іншымі людзьмі, і вялікая навука – слухаць іншых людзей і ўмець рэагаваць на іх перажыванні.

Святлана Бусько, «Звязда»

Опубликовано:
16 мая 2019
Просмотров:
865
Категория:
Поделиться в соцсетях: