Правесці «спартыўную гадзіну» са сваім малым ужо можна ва ўсіх абласных цэнтрах

Маладзёжны сямейны праект, скіраваны на папулярызацыю здаровага ладу жыцця, адказнага бацькоўства і сямейных каштоўнасцяў, прапанаваны арганізацыяй БРСМ, ахапіў амаль усю краіну. Прыйсці ў «ТатаЗалу» і правесці «спартыўную гадзіну» са сваім малым ужо можна ва ўсіх абласных цэнтрах, а таксама ў адміністрацыйных раёнах сталіцы. Ідэю беларускай моладзі падтрымалі нават у Расіі і Украіне – «ТатаЗалы» там з'явіліся ў Тальяці і Кіеве.

З ініцыятывай актыўнага адпачынку, калі таты разам з дзецьмі падцягваюцца на турніках, лазяць па шведскай сценцы, гуляюць у футбол ці адціскаюцца ад падлогі, яшчэ два гады таму выступіла гомельская моладзь. Прапанова выклікала цікавасць па ўсёй краіне, і «ТатаЗалы» пачалі стварацца на базе спарткомплексаў і спартзал школ у розных гарадах. Іх цяпер больш за сотню.

Такія бясплатныя заняткі спортам у суботу для многіх сем'яў сталі прывабным спосабам актыўнага адпачынку, тым больш што прыйсці можна ў любую «ТатаЗалу», незалежна ад месца пражывання. Гэта зручна, бо заняткі ў пэўнай установе адбываюцца ў вызначаную гадзіну.

– Мы прымаем не толькі татаў, мамы таксама могуць прыйсці і пазаймацца спортам са сваімі дзецьмі. Калі ж нехта спазняецца, заўжды можна дамовіцца і крыху змясціць час, – кажа Віялета Гардзейчык, першы сакратар Савецкай раённай арганізацыі БРСМ Мінска. Праект скіраваны менавіта на тое, каб даць магчымасць бацькам і дзецям рабіць нешта агульнае разам, на гэта арыентуюцца і трэнеры.

Заняткі адаптаваны пад магчымасці дзяцей і падбіраюцца такім чынам, каб яны маглі рабіць тое ж, што і дарослыя: размінка, расцяжка, базавыя практыкаванні, заняткі на трэнажорах.

Такім чынам, у «дзіцяча-татаўскай трэнажорцы» бацькі могуць сумяшчаць прыемнае з карысным. У БРСМ адзначаюць, што праект доўгатэрміновы, і завяршаць яго не намерваюцца.

Адрасы і час работы сталічных «ТатаЗал»:

  • Цэнтральны раён – фізкультурна-аздараўленчы цэнтр Цэнтральнага раёна: вул. Л. Карастаянавай, 41, з 10.00 да 11.00.
  • Фрунзенскі раён – сярэдняя школа № 59: вул. Лідская, 8, з 10.00 да 11.00.
  • Партызанскі раён – фізкультурна-аздараўленчы цэнтр Партызанскага раёна: зав. Уральскі, 9, з 11.00 да 12.00.
  • Савецкі раён – фізкультурна-аздараўленчы цэнтр дзяцей і моладзі Савецкага раёна: вул. Гамарніка, 7/2, з 12.00 да 13.00.
  • Маскоўскі раён – сярэдняя школа № 26: вул. Льва Сапегі, 15, з 12.00 да 13.00.
  • Першамайскі раён – фізкультурна-аздараўленчы цэнтр Першамайскага раёна: вул. Нікіфарава, 49, з 13.00 да 14.00.
  • Кастрычніцкі раён – фізкультурна-аздараўленчы цэнтр Кастрычніцкага раёна: вул. Брэсцкая, 90, з 14.00 да 15.00.

Ірына Сідарок, «Звязда», 19 сакавіка 2020 г.

Опубликовано:
20 марта 2020
Просмотров:
403
Категория:
Поделиться в соцсетях: