Прыёмнае бацькоўства без прафадукацыі – шлях да вяртання малога ў дзетдом

Жаданне ўзаемадзейнічаць, самаўдасканальвацца і працаваць мамай і татам, а не проста імкненне дапамагчы дзіцяці і самому адчуць пяшчоту, павінна кіраваць людзьмі, якія збіраюцца стаць прыёмнымі бацькамі. На адных эмоцыях ад першага знаёмства, без самааддачы і разумення, на што падпісаўся, калі вырашыў стаць прыёмным бацькам, новая сям'я доўга не праіснуе. Чаму дзіця ніколі не вінавата, як не дайсці да разусынаўлення праз непаразуменне і навошта апекунам і ўсынавіцелям прафесійная падрыхтоўка, расказвае Зінаіда ВАРАБ'ЁВА, загадчык сектара сацыяльна-педагагічнай работы і аховы дзяцінства камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама.

Недахоп увагі ці клапатлівы кантроль?

Часта людзі, якія збіраюцца стаць апекунамі ці прыёмнымі бацькамі, думаюць: свайго выгадаваў, выгадую і чужога. А пасля разумеюць, што атрымліваецца не так, як бачылася, а афармленне папер на дзіця – не самая вялікая праблема, як здавалася напачатку, гаворыць спецыяліст.

Першае знаёмства папячыцеляў і малога заўжды прыемнае, прыхільнасць адзін да аднаго з'яўляецца вельмі хутка. Дзіця заўжды задаволена сваім новым становішчам. Напачатку яно выконвае ўсё, што папросяць, можа зваць апекуноў мамай і татам. Аднак усё гэта не азначае, што дзіця адразу палюбіла новых бацькоў. З часам малое прыстасоўваецца да новых умоў, навізна знікае, і паводзіны малечы мяняюцца: яно адмаўляецца падпарадкоўвацца, спрабуе бацькоў «на зуб», высвятляе межы дазволенага. З'яўляюцца дэпрэсія, сваркі, агрэсія, слёзы, уцёкі...

Прыходзячы ў сям'ю, дзіця думае: я цяпер тут галоўны, у мяне будзе суцэльнае свята – гульні, клопат, увага. Аднак бацькі часта рашаюць жыццёвыя праблемы, а малому раяць заняцца чымсьці самастойна. Супрацьлеглы бок стаўлення да малога – татальны кантроль як праяўленне празмернага клопату. Мне кожны раз балюча, калі я накіроўваю малых з апякунскай і тым больш прыёмнай сям'і назад у дзіцячы дом. Пасля высвятляецца, што бацькі хацелі прымусіць выхаванца падпарадкоўвацца сваім загадам і прытрымлівацца ўласных традыцый. У нас прыёмнымі бацькамі могуць стаць усе ахвотныя, хто не пераходзіў мяжу закону. Аднак яны не разумеюць шмат псіхалагічных тонкасцяў, – падзялілася Зінаіда Вараб'ёва. – Мы ўжо наладзілі ў горадзе сістэму дапамогі бацькам, аднак усё роўна знаходзімся яшчэ на пачатку шляху. Каб дзіця паспяхова сацыялізавалася і зносіны паміж новымі членамі сям'і ўсталёўваліся нармальныя, патрэбны час. І намаганні павінны прыкладаць менавіта дарослыя. Дзіця ніколі не вінаватае, якім бы непаслухмяным ці кепскім яго ні стараліся выставіць. Калі так кажуць, я ўжо бачу, што сям'я задумваецца: «Навошта мы яго бралі?»

Умацаваць нельга зруйнаваць

Работа ў нас наладжана так, што, калі дзіця страціла ўласную сям'ю, у яго павінна з'явіцца замяшчальная. Прычым усынаўленне зусім не абавязковае. Але найлепшая форма выхавання для малога тая, што адпавядае менавіта яго інтарэсам, лічыць прадстаўніца камітэта па адукацыі.

Калі ў дзіцяці цудоўныя сваякі, навошта яго аддаваць на ўсынаўленне? Няхай лепш родныя стануць яго апекунамі. А многія і самі нізавошта не аддадуць сваіх пляменнікаў ці ўнукаў чужым. А ёсць яшчэ ўзроставыя дзеці, якім гадоў 1516, і яны лепш пойдуць у дзіцячы дом, а па выхадных да бабулі будуць прыязджаць, а не ў прыёмную сям'ю. І да жаданняў дзяцей мы прыслухоўваемся заўжды, а з дзесяці гадоў абавязкова.

Усынаўленне, дарэчы, таксама не пажыццёвы статус. Яго можна адмяніць, і, як правіла, робяць гэта дарослыя, якія не справіліся. Аднак быў выпадак, што ўсыноўленыя дзеці пасля свайго 14-годдзя падалі ў суд на ўсынавіцеляў, якія выпівалі. Падлеткі дамагліся разусынаўлення згодна з 139-м артыкулам Кодэкса аб шлюбе і сям'і.

Дзіця можа як умацаваць сям'ю, так і зруйнаваць яе. Нельга чакаць, напрыклад, што новы чалавек запоўніць месца ад страчанага сям'ёй папярэдняга дзіцяці. Гэта амаль 100-працэнтны правал. Таму так важна, што ў кожным раёне Мінска штомесяц працуюць групы па падрыхтоўцы ўсынавіцеляў. Дарэчы, не ўсе даходзяць да стадыі ўсынаўлення, атрымаўшы веды на гэтых курсах.

– Ва ўсіх выпадках вельмі важна, каб прыёмныя бацькі ўмелі ўзаемадзейнічаць са сваякамі дзіцяці і не забаранялі стасункі паміж імі. А таксама сур'ёзна ставіліся да сацыяльных педагогаў і псіхолагаў у школах. Усе праблемы можна пераадолець, было б жаданне, – упэўнена Зінаіда Вараб'ёва.

Адказнасць за гульні і гутаркі

Незалежна ад таго, трапляе дзіця ў прафесійную сям'ю – дзіцячы дом сямейнага тыпу ці да прыёмных бацькоў, або ідзе пад апеку, папячыцельства, на ўсынаўленне, усе гэтыя формы выхавання сутыкаюцца з цяжкасцямі падчас наладжвання стасункаў з малымі.

Дарослыя павінны шмат часу аддаваць дзецям і прымаць на сябе адказнасць за сумесныя з імі гульні, гутаркі, заняткі, за ўласныя паводзіны, якія будзе капіраваць малы.

Гэта павольнае пранікненне ў інтарэсы дзіцяці і пастаянная дапамога яму. Каб падтрымаць малога, трэба ведаць, што з ім адбываецца, разумець яго думкі і памкненні. Гэта трэба ўмець рабіць, нават нягледзячы на страту ўласнага часу, і да такой працы неабходна быць гатовым, – пераканана прадстаўніца Мінгарвыканкама.

Аднак нават з улікам усіх намаганняў няма гарантыі, што з часам паміж дзіцем і бацькамі з'явіцца эмацыянальная сувязь. Дарослыя павінны справіцца з гэтымі цяжкасцямі, а задача спецыялістаў – навучыць іх спраўляцца.

Быць замяшчальнымі бацькамі і пераадольваць праблемы павінны вучыць спецыялісты сацыяльна-педагагічных цэнтраў (СПЦ). І тады, калі дзяцей толькі аддаюць, і падчас суправаджэння сям'і. У раённых СПЦ сталіцы, згодна з новым палажэннем, ёсць цяпер аддзелы па суправаджэнні замяшчальных сем'яў. Падобныя ж службы існуюць у школах. У педагагічным ВНУ таксама больш увагі сталі аддаваць падрыхтоўцы спецыялістаў, у тым ліку па пытаннях замяшчальнага бацькоўства. Так што да нас прыходзяць больш падрыхтаваныя спецыялісты. Аднак самае галоўнае для поспеху – гатоўнасць бацькоў да самаадукацыі, – упэўнена Зінаіда Вараб'ёва. – У саміх замяшчальных бацькоў павінна быць культура на прыняцце гэтай падтрымкі. Мы праводзім трэнінгі, ладзім семінары, арганізуем клубы прыёмных бацькоў. Аднак калі чалавек проста прыйдзе пасядзець, а не паўдзельнічаць, то няма гарантыі, што ён справіцца з праблемай.

У Цэнтральным раёне Мінска, напрыклад, паспяхова працуюць супервізары, якія праводзяць работу з групай людзей, што займаюцца адным відам дзейнасці. На такіх сустрэчах здымаюцца многія пытанні. А яшчэ, магчыма, сёлета ўнясуць змяненні ў палажэнні аб патранатным выхаванні, прыёмнай сям'і і дзіцячым доме сямейнага тыпу. Работа яшчэ больш палепшыцца са з'яўленнем агульнагарадскога СПЦ, які аб'яднае сталічную сістэму па абароне правоў дзяцей.

Неабходнасць гэтага даўно наспела, – лічыць спецыяліст. А статус бацькоў-выхавальнікаў у грамадстве павінен стаць больш высокім, бо яны працуюць з дзецьмі кругласутачна. Тым не менш Мінск мае патрэбу ў прыёмных бацьках і бацьках-выхавальніках. Апошнім, дарэчы, выдзяляецца ўсё неабходнае для выхавання, у тым ліку і 7–8-пакаёвыя кватэры. 

Ірына СІДАРОК, «Звязда»
(фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА)

Опубликовано:
4 апреля 2019
Просмотров:
760
Категория:
Поделиться в соцсетях: