Прыёмная кампанія – 2020: усё, што трэба ведаць абітурыенту

Паколькі тэрміны здачы ЦТ пасунуліся амаль на два тыдні, графік падачы дакументаў у ВНУ таксама быў перагледжаны. Пра гэта падчас анлайн-канферэнцыі на сайце БелТА паведаміў начальнік галоўнага ўпраўлення прафесійнай адукацыі Міністэрства адукацыі Сяргей Каспяровіч.

Прыём дакументаў на ўзровень вышэйшай адукацыі на бюджэтную і платную форму навучання распачнецца 25 ліпеня. Залічэнне на бюджэт плануецца завяршыць 11 жніўня. Унутраныя ўступныя іспыты пройдуць з 1 да 6 жніўня. Затым, калі застануцца вакантныя месцы, з 12 да 14 жніўня правядуць дадатковы набор на бюджэтную форму навучання. Прыём дакументаў на платную форму будзе працягвацца да 15 жніўня, а залічэнне адбудзецца не пазней за 17 жніўня.

За маскай не схаваешся

Уступная кампанія праходзіць сёлета з улікам напружанай эпідэміялагічнай сітуацыі ў краіне. Новаўвядзенні закранулі ў першую чаргу тэхнічныя аспекты падачы дакументаў і здачы ўступных іспытаў. Так, усе абітурыенты перад наведваннем пунктаў рэгістрацыі на ЦТ праходзілі папярэднюю анлайн-рэгістрацыю на сайце. Магчымасць папярэдняй анлайн-падачы дакументаў у прыёмную камісію з выкарыстаннем асабістага кабінета абітурыента будзе забяспечана таксама і ва ўніверсітэтах і каледжах. Галоўная мэта – скараціць час знаходжання абітурыента ў памяшканнях прыёмнай камісіі і зменшыць колькасць людзей, якія там адначасова знаходзяцца.

– У пунктах правядзення ЦТ падчас уступных выпрабаванняў павінен захоўвацца рэжым сацыяльнага дыстанцыравання, – падкрэсліў Сяргей Каспяровіч. – Абітурыенты будуць размяшчацца на пэўнай адлегласці – 1,5 метра і больш, а напаўняльнасць самай вялікай аўдыторыі абмежавана 50 чалавекамі.

Аналагічныя падыходы будуць ужыты і падчас правядзення ўнутраных уступных экзаменаў. Калі яны праходзяць у пісьмовай форме – гэта дыстанцыраванне, наяўнасць антысептыкаў, магчымасць выкарыстання сродкаў для абароны дыхання (масак). Калі ўнутраныя выпрабаванні праходзяць у вуснай форме, то будуць праведзены дадатковыя мерапрыемствы па прадухіленні канцэнтрацыі вялікай колькасці абітурыентаў у адным месцы і іх дыстанцыраванні ў часе. Аднак маладыя людзі павінны разумець, што выкарыстанне масак не выключае працэдуру ўстанаўлення іх асобы на ўваходзе ў пункт тэсціравання, у экзаменацыйную аўдыторыю, а таксама на ўнутраных выпрабаваннях.

Сёлета было прынята рашэнне павялічыць колькасць пунктаў правядзення тэсціравання ў рэзервовыя дні.

– Мы хочам, каб абітурыенты праходзілі ЦТ у пунктах, максімальна блізка размешчаных да месца іх пражывання, – тлумачыць намеснік дырэктара Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў Наталля Вайцяховіч. – Для жыхароў Мінска і Мінскай вобласці тэсціраванне ў рэзервовыя дні пройдзе на базе Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. У астатніх рэгіёнах – у ВНУ-каардынатарах, якія знаходзяцца ў кожным абласным цэнтры.

На скарочаную форму – па адзіных праграмах

На ўзровень вышэйшай адукацыі на бюджэт плануецца прыняць крыху больш за 27 тысяч абітурыентаў і каля 28 тысяч – на платную форму. Ва ўстановы сярэдняй спецыяльнай адукацыі план набору складае каля 25 тысяч чалавек на бюджэт і каля 14,5 тысячы – на платную форму навучання. Набор на бюджэтныя месцы павялічыцца ў ВНУ на медыцынскія, тэхнічныя, асобныя педагагічныя і ІТ-спецыяльнасці, а таксама на спецыяльнасці фізкультуры і спорту.

Што датычыцца сярэдняй спецыяльнай адукацыі, то тут набор павялічыцца на ІТ-спецыяльнасці і спецыяльнасці профілю «тэхніка і тэхналогія». Акрамя таго, плануецца павялічыць прыём на адкрытую летась спецыяльнасць «лінгвістычнае забеспячэнне сурдакамунікацыі». Плануецца весці прыём на такія новыя спецыяльнасці, як «эксплуатацыя мехатронных сістэм прамысловага абсталявання», «арганізацыя тэхнічнага сэрвісу транспартных сродкаў», «вытворчасць біятэхналагічнай прадукцыі», «арганізацыя гасцінічных паслуг».

На ўзроўні прафтэхадукацыі павелічэнне прыёму прадугледжана па профілі «архітэктура і будаўніцтва», а таксама на спецыяльнасці, звязаныя з грамадскім харчаваннем і бытавым абслугоўваннем.

Сярод новаўвядзенняў гэтага года варта адзначыць правядзенне ўнутраных уступных выпрабаванняў для выпускнікоў устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі, якія паступаюць на скарочаную форму навучання, па адзіных праграмах ва ўсіх ВНУ. Як заўважыў Сяргей Каспяровіч, гэтая змена вельмі важная. Абітурыент, завяршыўшы навучанне ў каледжы, можа потым працягнуць сваё навучанне ў ВНУ па скарочанай праграме. Для гэтага ён здае два профільныя ўнутраныя іспыты па дысцыплінах, якія вывучаў у каледжы. Такім чынам, калі малады чалавек паступае ў адну ўстанову вышэйшай адукацыі і не праходзіць там па конкурсе на бюджэтную форму, здаючы ўнутраныя ўступныя экзамены, ён зможа ўзяць адпаведную выпіску з установы адукацыі і пайсці з ёй ужо, напрыклад, у іншую ВНУ на платную форму навучання на гэтую ж спецыяльнасць. Калі раней праграмы ўступных выпрабаванняў ва ўстановы вышэйшай адукацыі па адной і той жа спецыяльнасці маглі адрознівацца, то цяпер яны адзіныя. Такім чынам, вынікі, якія былі атрыманы пры паступленні на экзамене ў адну ўстанову адукацыі, могуць быць перанесены ў іншую ўжо на платную форму, і там абітурыент можа паўдзельнічаць у конкурсе.

Таксама сёлета, згодна з указам Прэзідэнта, выпускнікі профільных аграрных класаў атрымалі права паступаць на сельскагаспадарчыя спецыяльнасці без уступных выпрабаванняў, але на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі і пры наяўнасці ў атэстаце адзнак па профільных прадметах не ніжэй за 7 балаў. Як правіла, гэта фізіка, матэматыка, біялогія, хімія. Пералік такіх спецыяльнасцяў будзе распрацаваны і прыняты Міністэрствам сельскай гаспадаркі і харчавання ва ўзаемадзеянні з Мінадукацыі, а затым апублікаваны ў самы бліжэйшы час.

Сяргей Каспяровіч падкрэсліў, што новая норма аналагічная тым падыходам, якія на працягу некалькіх гадоў ужываюцца да выпускнікоў профільных педагагічных класаў:

– Мы бачым, што з выкарыстаннем гэтага механізму паступаюць найбольш прафесійна арыентаваныя абітурыенты. Потым яны паказваюць вельмі высокі ўзровень паспяховасці падчас навучання. Бачым, што такія падыходы дазваляюць кропкава і эфектыўна праводзіць прафарыентацыйную работу.

Што датычыцца зацікаўленасці з боку выпускнікоў аграрных класаў у льгоце, то пра гэта, напэўна, казаць яшчэ рана. Але мы мяркуем, што такая траекторыя будзе запатрабаваная абітурыентамі: папярэдняе вывучэнне настрояў і пераваг выпускнікоў профільных аграрных класаў паказвае, што гэта менавіта так. З імі будзе праводзіцца гутарка, як і з выпускнікамі педагагічных класаў. Яна прадугледжвае вызначэнне прыёмнай камісіяй матывацыі да атрымання будучай прафесіі ў галіне сельскай гаспадаркі і нейкую папярэднюю ацэнку атрыманых ведаў.

На піку інтарэсу – ІТ-спецыяльнасці і медыцына

Акрамя таго, указам Прэзідэнта прадугледжана льготнае паступленне для асоб, якія прайшлі тэрміновую ваенную службу (службу ў рэзерве) і маюць рэкамендацыі воінскіх часцей. Гаворка ідзе пра тых, хто завяршыў службу ў год прыёму або ў папярэдні год. Такія маладыя людзі маюць права па-за конкурсам паступаць на завочную і вячэрнюю формы навучання для атрымання вышэйшай адукацыі. Але ім патрэбныя вынікі ўступных выпрабаванняў або ЦТ. Пры наяўнасці адзнак не ніжэй за 6 балаў і сярэдняй спецыяльнай медыцынскай адукацыі яны маюць таксама права па-за конкурсам паступаць на спецыяльнасці профілю «ахова здароўя».

Акрамя таго, прадугледжана магчымасць ільготнага паступлення на найбольш запатрабаваныя эканомікай спецыяльнасці: на ўзровень сярэдняй спецыяльнай адукацыі без уступных выпрабаванняў, на ўзровень вышэйшай – па-за конкурсам. Пералік такіх спецыяльнасцяў для ўзроўню вышэйшай адукацыі ўжо ёсць, а для ўзроўню сярэдняй спецыяльнай будзе прыняты ў найбліжэйшы час. Фактычна гэта будзе адна пастанова, у якой будуць два пералікі найбольш запатрабаваных эканомікай спецыяльнасцяў.

Прагназаваць, якія спецыяльнасці стануць сярод абітурыентаў самымі запатрабаванымі, на 100 % сёння не бярэцца ніхто.

– Але мы можам параўнаць з тым, што было летась. У 2019-м самы высокі конкурс і прахадныя балы былі на міжнароднае права ў БДУ, інфармацыйныя сістэмы і тэхналогіі ў БДУІР, стаматалогію ў БДМУ. Сучасныя замежныя мовы, дызайн і яшчэ шэраг спецыяльнасцяў таксама карысталіся ў абітурыентаў высокім попытам, – падкрэсліў Сяргей Каспяровіч. – На ўзроўні сярэдняй спецыяльнай адукацыі найбольш запатрабаваныя спецыяльнасці тэхнічнага, эканамічнага і ІT-профілю. Хачу дадаць, што сёння больш аб'ектыўным крытэрыем запатрабаванасці з'яўляецца не конкурс, а прахадныя балы. На асобныя спецыяльнасці нават пры невялікім конкурсе прахадныя балы перавышаюць 350.

Як разабрацца ў «адценнях»?

Адказны сакратар прыёмнай камісіі БНТУ, дэкан аўтатрактарнага факультэта Дзяніс КАПСКІ паведаміў, што ў іх ВНУ адкрываюцца тры новыя спецыяльнасці, звязаныя з праектаваннем атамных станцый, з электрычным і аўтаномным транспартам і эканамічнай бяспекай прамысловых прадпрыемстваў. Рэальны сектар эканомікі вядзе за сабой вышэйшыя навучальныя ўстановы, прымушаючы іх трансфармавацца і адаптавацца да новых патрэб.

Дзяніс Капскі расказаў, што сёлетнія сустрэчы з абітурыентамі адбываліся анлайн. На кожны факультэт быў выдзелены асобны дзень. Сустрэчы на YouTube – вельмі цікавы досвед. Для маладых людзей гэта была магчымасць кропкава сфарміраваць сваё меркаванне, куды ж паступаць, таму што блізкія спецыяльнасці ў розных ВНУ або нават у адной ВНУ маюць невялікія адценні, сваю спецыфіку. Больш за тое, шмат пытанняў падчас дзён адкрытых дзвярэй анлайн было звязана з пранікненнем ІT-падрыхтоўкі ў тэхнічныя спецыяльнасці. «Для мяне гэтыя пытанні дзіўныя, таму што сёння любое тэхнічнае новаўвядзенне звязана з ІT-тэхналогіямі. Натуральна, што яны пранікаюць ва ўсе спецыяльнасці БНТУ, па якіх сёння вядзецца падрыхтоўка, – заўважыў дэкан. – І любы спецыяліст нашай прыёмнай камісіі заўсёды гатовы дапамагчы абітурыенту сарыентавацца ў яго выбары. Таму не трэба баяцца: маладыя людзі могуць быць упэўнены, што яны трапяць у дружалюбнае асяроддзе. БНТУ будзе рады ўсіх бачыць. У нас гэта юбілейны год. Мы рыхтуемся адзначыць стагоддзе 10 снежня. Таму ўсё будзе адбывацца на самым высокім узроўні».

Будзь у курсе!

Прыёмныя камісіі будуць прымаць дакументы з 25 да 31 ліпеня. У гэтыя тэрміны вызначыцца з выбарам спецыяльнасці павінны ўсе абітурыенты, якія прэтэндуюць на бюджэтныя месцы, а таксама абітурыенты, якія паступаюць на платную форму навучання на спецыяльнасці, дзе прадугледжаны ўступныя іспыты.

Ад абітурыентаў, якія паступаюць на платнай аснове, але не здаюць уступныя экзамены ў ВНУ, дакументы будуць прымацца:

  • з 25 ліпеня да 10 жніўня – у Акадэміі МУС, Магілёўскім інстытуце МУС, Універсітэце грамадзянскай абароны МНС;
  • з 25 ліпеня да 13 жніўня – у Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў;
  • з 25 ліпеня да 15 жніўня – ва ўсіх іншых установах вышэйшай адукацыі.

Тэрміны падачы дакументаў для выпускнікоў профільных класаў педагагічнай накіраванасці, якія паступаюць на педагагічныя спецыяльнасці пасля праходжання сумоўя, – з 25 да 27 ліпеня.

Опубликовано:
23 июня 2020
Просмотров:
6570
Категория:
Хештеги:
Поделиться в соцсетях: