Што варта рабіць бацькам, калі іх малога чакае сустрэча з доктарам

Калі дзіця плача, як толькі вы загаварылі пра неабходнасць здаць кроў, зрабіць прышчэпку, схадзіць да зубнога, па-першае, зразумейце яго. Па праўдзе кажучы, мы і самі не з вялікім натхненнем успрымаем такую неабходнасць, заўважае псіхолаг 3-й гарадской дзіцячай клінічнай паліклінікі Мінска Юлія Слясарчык і дае некалькі простых парад.

* Пачніце рыхтаваць загадзя. Пакажыце падчас прагулкі, дзе знаходзіцца паліклініка, раскажыце, як добрыя людзі ратуюць там дзетак ад хвароб.

* Пагуляйце дома ў бальніцу. Спачатку «палячыце» ляльку, пахваліце яе: якая яна разумніца, якая цярплівая. Пасля пацыентам хай пабудзе мама ці тата. Будзьце пры гэтым такім пацыентам, якім жадаеце бачыць сваё дзіця. Прапануйце, каб вы ці лялька палячылі само малое. Але не настойвайце!

* Намалюйце доктару ці медсястры малюнак. Дзеці з задавальненнем дораць падарункі. Дый пакуль дзіця будзе разважаць, як уручыць малюнак і што скажа цёця, забудзецца на сумныя думкі. Можна нават завучыць маленькі вершык.

* Калі наперадзе нейкая хваравітая працэдура, абавязкова трэба даць зразумець пра гэта, але не палохаць болем. Калі ў сям'і ёсць аўтарытэт або кумір (спартсмен, спявак), прыдумайце гісторыю, як у дзяцінстве яму рабілі ўкол (лячылі зубы), а ён толькі ціхенька войкнуў і працягваў усміхацца.

* У дзень паходу да доктара зрабіце дзіцяці смачны сняданак, апраніце, як на свята. Калі яно хвалюецца, адцягніце ўвагу. Паразмаўляйце пра планы на вечар або на бліжэйшае свята. Прыгадайце з ім прыемныя або вясёлыя падзеі, напрыклад адпачынак або дзень народзінаў.

* Ні ў якім разе не кажыце: «Толькі не крычы як рэзаны на ўсю паліклініку!» і г.д. Будзьце ўпэўнены, што яно так і зробіць.

* Калі дзіця моцна хвалюецца, паабяцайце ўзнагароду. «Ты ведаеш, раней табе нельга было, а пасля лячэння можна будзе з'есці арэшкі (марожанае, шакаладку)». Можна нават даць медсястры ці доктару кніжку ці цацку і папрасіць, каб яны падарылі яе пасля працэдуры.

* Каб дзіця ў чарзе не сумавала, дазвольце яму ўзяць з сабой любімую цацку. Дый самі не палянуйцеся — пакладзіце ў сумку кніжкі, пакецік соку, пячэнне, якія стануць сюрпрызам і адцягнуць увагу ў любы момант.

* Калі дзіця ўсё ж такі плача, упарціцца, не саромце яго, не сварыцеся, а спакойным голасам суцешце, будзьце побач, трымайце за руку, гладзьце па галаве і паўтарайце: «Усё будзе добра. Я з табой. Ты ў мяне малайчына».

По материалам газеты «Звязда»
Опубликовано:
12 мая 2016
Просмотров:
1563
Категория:
Поделиться в соцсетях: