РНПЦ дзіцячай хірургіі споўнілася 50 гадоў. Чым за мінулы год здзівілі беларускія ўрачы?

Беларускія дзіцячыя кардыёхірургі сваімі ўнікальнымі аперацыямі вядомы не толькі ў Беларусі, але і далёка за яе межамі. Цяжка ўявіць, што яшчэ 25 гадоў таму яны самі вучыліся ў расійскіх і азербайджанскіх калег. Сёння тут робяць сапраўдныя цуды: выратоўваюць немаўлят вагой крыху больш за кілаграм (напрыклад, робяць аперацыі па рэканструкцыі кішэчніка, дыяметр якога ў маленькага пацыента ўсяго чатыры міліметры!), спыняюць на некалькі гадзін дзіцячыя сэрцы падчас хірургічных умяшанняў, каб потым запусціць іх працаваць без збояў. Многае з таго, што тут робяць малым, ва ўсім свеце выконваюць толькі дарослым. Сёлета РНПЦ дзіцячай хірургіі споўнілася 50 гадоў. Мы згадалі, чым за мінулы год здзівілі медыцынскую грамадскасць урачы гэтага цэнтра.

Хірургі

З датчыкам УГД проста ў сэрцы

У снежні 2019-га ўпершыню на прасторы СНД у РНПЦ дзіцячай хірургіі была праведзена ўнікальная аперацыя па закрыцці дэфекту міжперадсэрдзевай перагародкі пад кантролем унутрысардэчнай ультрагукавой дыягностыкі.

Гэта гісторыя пачалася дастаткова даўно – адзінаццаць гадоў таму, калі нарадзіўся Усевалад. Урачы адразу выявілі ў немаўляці некалькі парокаў развіцця. У прыватнасці, атрэзію стрававода і дэфект міжперадсэрдзевай перагародкі.

Амаль адразу пасля нараджэння хлопчык быў першы раз прааперыраваны. Пасля ён перанёс цэлую серыю складаных аперацый па аднаўленні стрававода. І вось летась, калі Усевалад падрос, было прынята рашэнне выправіць дэфект сэрца. Як расказаў дырэктар цэнтра Канстанцін Драздоўскі, у пераважнай большасці такія аперацыі робяцца без спынення сэрца і вялікага разрэзу. Працэдуру і ў гэтым выпадку вырашылі правесці пункцыйна – праз маленькі пракол у сцягне правесці ў сэрца катэтар і ўстанавіць у дэфект перагародкі спецыяльную прыладу – аклюдар.

Але была адна вялікая складанасць: для выканання аперацыі патрабавалася ўвесці ў стрававод датчык УГД для інтрааперацыйнага кантролю. У выпадку з Усеваладам гэта аказалася немагчыма: яго стрававод сфарміраваны з трансплантаванай кішкі і размяшчаецца ззаду грудзіны перад сэрцам. З прычыны такіх асаблівасцяў (з-за высокай рызыкі траўміравання стрававода) была немагчымая і звычайная адкрытая хірургічная аперацыя. Урачы прынялі рашэнне правесці яе пад кантролем унутрысардэчнага ўльтрагукавога датчыка.

У выніку спецыяльны мініяцюрны датчык быў праведзены непасрэдна ў сэрца пацыента праз сцегнавую вену. І хірург рабіў аперацыю пад візуальным ультрагукавым кантролем знутры сэрца пацыента! Аперацыя прайшла паспяхова, дэфект быў закрыты. Паколькі ўскладненняў не ўзнікла, у хуткім часе маленькі пацыент з мамай вярнуўся дадому.

Сэрца спынілі больш чым на тры гадзіны

Калі ў папярэдняй аперацыі спынення сэрца не спатрэбілася, то дзеля выратавання жыцця яшчэ аднаго маленькага пацыента РНПЦ дзіцячай хірургіі яго сэрца спынялі больш чым на тры гадзіны.

Маленькі Ян жыве з бацькамі ў Смаргоні. Яму тры з паловай гады. Пры нараджэнні ў хлопчыка была дыягнаставана паталогія аартальнага клапана. На яго сэрцы беларускія кардыёхірургі і правялі найскладанейшую аперацыю. Само маленькае сардэчка спынялі на 3 гадзіны 20 хвілін. Канстанцін Драздоўскі адзначыў, што ў дарослым узросце пацыенту маглі б імплантаваць механічны пратэз, але ў выпадку з дзецьмі так зрабіць нельга. Было вырашана правесці хлопчыку ўнікальную аперацыю Роса-Кона – складанае ўмяшанне, калі аартальны клапан замяшчаецца лёгачным, а замест лёгачнага ўшываецца біяпратэз.

Адзначым, што ў 1967 годзе брытанскі кардыёхірург Дональд Рос правёў першую ў свеце аперацыю па замене пашкоджанага аартальнага клапана клапанам лёгачнай артэрыі. Цяпер аперацыя Роса лічыцца залатым стандартам хірургіі. Праўда, традыцыйна такія ўмяшанні робяць у дарослым узросце.

На аперацыйным стале Ян правёў 14 гадзін, у тым ліку на працягу больш чым трох з іх яго сэрца не працавала. У хірургічным умяшанні ўдзельнічалі 10 спецыялістаў. Яны запратэзавалі лёгачны клапан спецыяльным біяпратэзам, аднавілі функцыю сэрца, выдалілі тканку з левага жалудачка. Акрамя таго, хлопчыку зрабілі пластыку клапана. Цяпер парок сэрца скарэктаваны цалкам, а здароўю маленькага Яна нічога не пагражае.

У выпадку няўдачы – толькі перасадка

Яшчэ адна рэдкая і ўнікальная аперацыя прайшла ў цэнтры летась. У дзіцяці выявілі гіпертрафічную кардыяміапатыю – у дзяцей такая паталогія сустракаецца даволі рэдка. Малых таксама аперыруюць нячаста, звычайна чакаюць, пакуль пацыент вырасце.

Праблема была ў тым, што ў дзіцяці левы жалудачак цалкам зарос мышцамі. Наша задача была выразаць новую поласць для левага жалудачка, – расказаў Канстанцін Драздоўскі.

Ён адзначыў, што ў выпадку няўдачы малога магла б выратаваць толькі перасадка сэрца. Аднак беларускія кардыёхірургі чарговы раз прадэманстравалі свой высокі клас.

У Расіі, ЗША, Германіі, Францыі дзіцячых хірургічных цэнтраў, падобных на наш, у краіне некалькі, таму яны могуць выбіраць сабе спецыялізацыі. Прыроджаных парокаў сэрца вельмі шмат больш за 250. Сярод іх ёсць рэдкія і складаныя. Напрыклад, у Германіі кожны цэнтр спецыялізуецца на пэўных відах парокаў, паспяхова аперыруе іх, усе пра гэта ведаюць, і жанчыны мэтанакіравана едуць туды нараджаць. У нас няма магчымасці выбіраць мы аперыруем усё. Атрымліваецца, што ў год мы робім 10401200 аперацый па карэкцыі парокаў сэрца, – кажа Канстанцін Драздоўскі. Пры гэтым лятальнасць у нас на дастаткова нізкім узроўні, лічбы адпавядаюць сусветным.

Вага пацыента – крыху больш за кілаграм

Яшчэ адну аперацыю можна назваць унікальнай таму, што яна была праведзена пацыенту з масай цела 1 кілаграм 135 грамаў. Гэта была карэкцыя прыроджанага пароку сэрца – стэнозу клапана лёгачнай артэрыі. Выпадак стаў унікальным у гісторыі дзіцячай кардыёхірургіі.

Паводле нашых звестак, у свеце пакуль што не праводзіліся настолькі складаныя аперацыі малому з такой вагой, – адзначыў Канстанцін Драздоўскі.

Дзіця нарадзілася заўчасна і, на жаль, мела патрэбу ў тэрміновай хірургічнай дапамозе. Спецыялісты двух РПНЦ – «Маці і дзіця», дзе яно і з'явілася на свет, і дзіцячай хірургіі – спрацавалі зладжана. Аперацыя прайшла паспяхова, але ёй папярэднічала сур'ёзная падрыхтоўчая работа спачатку неанатолагаў, а потым і кардыёхірургаў, анэстэзіёлагаў і іншых спецыялістаў.

Трансляцыі з аперацыйнай для замежных калег

А ў студзені год таму некалькі паспяховых аперацый і майстар-класаў правялі дзіцячыя кардыяхірургі ў Аб'яднаных Арабскіх Эміратах у клініцы Аль-Касімі. У беларускую каманду уваходзіла сем урачоў і шэсць медсясцёр. Пры гэтым яшчэ 20–25 гадоў таму беларускія дзіцячыя кардыяхірургі вучыліся ў Расіі і Азербайджане. Цяпер РНПЦ дзіцячай хірургіі сам з'яўляецца адукацыйным цэнтрам. Складаныя аперацыі транслююць непасрэдна з аперацыйнай для ўрачоў, якія павышаюць кваліфікацыю. У нашых кардыяхірургаў вучацца калегі з Расіі, Украіны, Азербайджана, Грузіі, Узбекістана і нават Эквадора.

У ААЭ кардыёхірургі правялі пяць умяшанняў. Першага прааперыравалі сямігадовага хлопчыка з прыроджаным парокам сэрца. У яго дыягнаставалі дэфект міжжалудачкавай перагародкі. А самым маленькім пацыентам стаў сямімесячны малы з камбінаваным прыроджаным парокам сэрца.

Падрыхтоўка да работы ў гэтай краіне вялася на працягу паўтара гадоў. Дэлегацыя міністэрства аховы здароўя і прафілактыкі захворванняў Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў яшчэ летам 2017 года падчас перамоў звярнулася па дапамогу ў стварэнні службы дзіцячай хірургіі ў адным са шпіталяў краіны. Пасля быў падпісаны мемарандум аб узаемаразуменні паміж міністэрствамі аховы здароўя абедзвюх краін.

Для Беларусі такое супрацоўніцтва і прызнанне поспехаў беларускіх кардыёхірургаў у свеце таксама важнае, адзначаў тады Канстанцін Драздоўскі.

Штогод у РНПЦ дзіцячай хірургіі выконваецца больш за пяць тысяч аперацый, з іх каля 1 200 на сэрцы, каля чатырох тысяч на органах грудной клеткі, брушной поласці і іншых.

Алена Кравец, «Звязда», 6 лютага 2020 г.
(фота Таццяны Ткачовай)

Опубликовано:
6 февраля 2020
Просмотров:
469
Категория:
Поделиться в соцсетях: