Самыя распаўсюджаныя злачынствы сярод непаўналетніх

У Віцебску падлеткі скралі з вулічнага халадзільніка марожанае. У Буда-Кашалёўскім раёне ліцэіст угнаў «Амкадор». На станцыі Памыслішча кампанія маладых людзей каталася на хваставым вагоне цягніка. У Гомелі хлопцы «выпрабавалі» электрашокер на школьніках. Цяпер за сваю дзікунскую выхадку хуліганам давядзецца несці адказнасць...

Несовершеннолетний

Амаль кожны дзень дзеці і падлеткі з прычыны неналежнага кантролю за імі трапляюць у розныя небяспечныя сітуацыі. Аператыўная абстаноўка ў верасні характарызавалася далейшым ростам колькасці злачынстваў, здзейсненых непаўналетнімі, – канстатуе начальнік аддзела арганізацыі работы інспекцый па справах непаўналетніх міліцыі грамадскай бяспекі МУС палкоўнік Сяргей Янкоўскі. За дзевяць месяцаў бягучага года быў адзначаны рост махлярстваў, павялічылася колькасць угонаў транспартных сродкаў, крадзяжоў з выкарыстаннем камп'ютарнай тэхнікі. А колькасць злачынстваў, звязаных з незаконным абаротам наркатычных рэчываў, вырасла за дзевяць месяцаў удвая ў параўнанні з адпаведным перыядам 2018 года – з 63 да 129.

Крадзеж застаецца самым распаўюджаным злачынствам у агульнай колькасці супрацьпраўных дзеянняў, здзейсненых непаўналетнімі. Пакінуты ў грамадскім месцы тэлефон можа вельмі хутка займець новага гаспадара. Таксама дзеці карыстаюцца няўважлівасцю дарослых. Здараецца, што падлеткі ўгаворваюць старэйшых сяброў ці знаёмых набыць ім у крэдыт гаджэт. І як бы парадаксальна гэта ні выглядала, але дарослыя не задумваюцца, адкуль потым у прасіцеля возьмуцца грошы на яго вяртанне...

Сур'ёзнай спакусай для непаўналетніх з'яўляецца выпадкова пакінуты ў аўтамабілі ключ ці заведзены транспартны сродак.

Пачасціліся таксама выпадкі, калі падлеткі карыстаюцца знойдзенай банкаўскай карткай. Напрыклад, у адным з мінскіх гіпермаркетаў непаўналетнія падабралі карту, якая не патрабавала ўвядзення пін-кода, і некалькі дзён запар разлічваліся ёй у рэстаране хуткага абслугоўвання.

«Сёння мы назіраем уцягванне падрастаючага пакалення ў распаўсюджванне наркотыкаў і фарміраванне пранаркатычнай свядомасці праз інтэрнэт. Гэта адбываецца ў сацыяльных сетках і на пляцоўках сумніўных рэсурсаў, дзе ладзяцца акцыі ў падтрымку і легалізацыю марыхуаны, папулярызуюцца так званыя наркатычныя вечарынкі. Ідзе агрэсіўная рэклама хуткага і высокага заробку, у ход ідуць механізмы сеткавага маркетынгу, абяцанні зарабляць неблагія грошы без прывязкі да канкрэтнага месца і часу, – падкрэслівае Сяргей Янкоўскі.У шэрагу выпадкаў падлеткі, якія здзяйсняюць той ці іншы ўчынак, нават не задумваюцца пра яго грамадскую небяспеку. Напрыклад, хлопец мадыфікаваў інфармацыю ў сацыяльнай сетцы на старонцы сваёй сяброўкі. Ён палічыў, што нічога страшнага не адбылося, тым больш што сам дапамагаў яе ствараць, ведаў пароль... Але дзяўчына звярнулася ў міліцыю. Дзеянні гэтага падлетка кваліфікуюцца як крымінальныя.

Практычна палова ўсіх злачынстваў здзяйсняецца навучэнцамі ліцэяў і каледжаў. На долю школьнікаў і гімназістаў прыпадае трэцяя частка. 23 працэнты злачынстваў адбываюцца ў вучэбны час, з панядзелка да пятніцы з 8 гадзін раніцы і да 15 гадзін, калі падлеткі павінны быць на занятках. Па-ранейшаму значная колькасць злачынстваў з удзелам непаўналетніх здзяйсняецца ў начны час. І каля 31 працэнта злачынстваў з удзелам непаўналетніх адбываюцца ў выхадныя. «Хацелася б звярнуць увагу бацькоў, што ўскладаць абавязкі па забеспячэнні бяспекі дзяцей толькі на школу ці міліцыю не варта, бо менавіта ў сям'і закладваюцца асновы выхавання», – падкрэсліў Сяргей Янкоўскі.

Прарэктар па навукова-метадычнай рабоце Мінскага гарадскога інстытута развіцця адукацыі Аксана Талкачова таксама ўпэўненая: у работу па фарміраванні прававой свядомасці моладзі павінны быць уцягнутыя ўсе – бацькі, органы МУС, навучальныя ўстановы, а таксама грамадскія дзіцячыя і маладзёжныя арганізацыі.

Адзін з перспектыўных кірункаў прафілактыкі укараненне медыятыўных тэхналогій у сістэму адукацыі. У Мінску працуе ўжо 11 школьных службаў медыяцыі, – расказала прадстаўнік сістэмы адукацыі. На працягу навучальнага года школьнікі ўдзельнічаюць у семінарах і форумах, навучаюцца, а калі хто-небудзь з іх аднагодкаў аказваецца ў крызіснай сітуацыі, прымяняюць свае веды на практыцы. Праект выдатна зарэкамендаваў сябе ў Мінску, а з гэтага навучальнага года будзе распаўсюджвацца і ў рэгіёнах.

Яшчэ адна новая форма работы, скіраваная на прафілактыку правапарушэнняў, – адкрыццё мабільных пакояў для моладзі. Такія ўжо з'явіліся на базе пяці мінскіх устаноў адукацыі дзякуючы сумеснаму нямецка-беларускаму праекту.

Сёння дзеці могуць апынуцца на вуліцы з розных прычын, у тым ліку і з-за праблем ва ўласнай сям'і. Ім не хочацца ісці дамоў, большую частку свайго часу яны праводзяць з кампаніяй у дварах ці ідуць з сябрамі ў гандлёвыя цэнтры. Нават па самай аптымістычнай статыстыцы, аб'яднаннямі па інтарэсах ахоплены толькі кожны трэці школьнік.

А мабільны пакой – тое месца, куды ў пазавучэбны час заўсёды можна прыйсці без нейкай канкрэтнай мэты, каб проста пабыць у цяпле, пагуляць у настольныя гульні, паглядзець тэлевізар або зрабіць урокі ў цішыні. Для таго, каб наведаць пакой, не трэба нідзе загадзя рэгістравацца ці запісвацца, дастаткова проста ўзяць ад яго ключ. Можна прыйсці з сябрам з іншай школы. Калі ў дзяцей пацікавіліся, як бы яны хацелі бавіць свой вольны час, прычым пыталіся ў групы школьнікаў, не ахопленых заняткамі па інтарэсах, большасць з іх выбралі стасункі ў нейкім месцы, але галоўнай іх умовай была адсутнасць дарослых! Дзеці самі выпрацоўваюць правілы паводзінаў. У гэтых пакоях могуць працаваць валанцёры з цэнтра сяброўскага стаўлення да падлеткаў, але ніякага плана выхаваўчай работы няма. Толькі калі дзеці адчуюць сябе ў камфорце і бяспецы, можна ненавязліва і непрыкметна праводзіць сярод іх прафілактычную работу.

Мабільныя пакоі дзейнічаюць у сталіцы на базе сярэдніх школ № 208, № 9, цэнтра дадатковай адукацыі «Вікторыя», СПЦ Партызанскага раёна і ў цэнтры сяброўскага стаўлення да падлеткаў «Давер» на базе 8-й гарадской дзіцячай паліклінікі.

Напрыканцы 2017 года ў інтэрнэце быў запушчаны інфармацыйны рэсурс pomogut.by, дзе можна знайсці шмат карыснай інфармацыі і па бяспецы ў інтэрнэце, і па булінгу, і па нарказалежнасці. Як своечасова разглядзець у дзіцяці наркамана? Куды звяртацца і хто можа дапамагчы? Якая адказнасць прадугледжана за распаўсюджанне наркотыкаў? На гэтыя і многія іншыя пытанні ёсць адказы на сайце...

Надзея Нікалаева, «Звязда», 31 кастрычніка 2019 г.

Опубликовано:
1 ноября 2019
Просмотров:
466
Категория:
Поделиться в соцсетях: