Сацыяльныя праекты па барацьбе з булінгам прадставілі беларускія падлеткі

Пераможцаў трэнінгу «Пошук рашэнняў для супрацьдзеяння булінгу ў школьным асяроддзі», у якім удзельнічалі дзесяць камандаў са школ Беларусі, абвясцілі у пачатку сакавіка. Мерапрыемства праходзіла з 22 лютага да 2 сакавіка ў межах праекта «Сяброўскае і падтрымліваючае асяроддзе ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі». Два праекты-пераможцы Дзіцячы фонд ААН ЮНІСЕФ дапаможа рэалізаваць.

Буллінг

Распрацоўкай сацыяльных праектаў, скіраваных на супрацьдзеянне булінгу ў школе, вучні займаліся амаль два тыдні. Дзесяць камандаў падзялілі на дзве групы, у кожнай з якіх быў свой трэнер. За гэты час нарадзіліся досыць крэатыўныя ідэі, аднак у кожнай групе журы прыйшлося абраць толькі аднаго пераможцу з пяці камандаў.

– Незалежна ад таго, хто перамог і атрымае сацыяльны грант, паспрабуйце рэалізоўваць свае праекты і не кідайце пачатае, – параіў усім камандам валанцёр-ментар ЮНІСЕФ і трэнер адной з груп Андрэй Максіменка.

– Тыдзень быў вельмі насычаны, дзеці па-даросламу пастараліся прадставіць свае ідэі і нават ужо крыху пралічылі, што можна рэалізаваць сваімі сіламі, таму трэба працягваць гэтую справу, – пагадзіўся і трэнер другой групы Аляксандр Аляксееў.

На жаль, булінг часта ўспрымаецца як звычайная штодзённая руціна ці з'ява, якую трэба проста перачакаць, аднак за гэтым крыюцца крыўда, боль і перажыванні, заўважыў Дзмітрый Шылін, старшы каардынатар па пытаннях аховы дзяцінства прадстаўніцтва Дзіцячага фонду ААН у Беларусі:

– Вельмі важна, калі дзеці самі прапануюць, выпрацоўваюць і рэалізуюць рашэнні. І я спадзяюся, што трэнінг стаў аб'яднальным элементам для ўсіх школ, якія ўдзельнічалі ў праекце.

Перш чым аб'явіць пераможцаў анлайн, Таццяна Колас, педагог-псіхолаг Рэспубліканскага цэнтра псіхалагічнай дапамогі БДПУ, правяла з вучнямі – аўтарамі праектаў невялікую гульню-віктарыну. Падчас яе ўдзельнікі вызначалі, якая з сітуацый з'яўляецца булінгам, а якая – не. Практычна аднагалосна ўсе правільна выяўлялі, дзе жарт, дзе насмешка, а дзе цкаванне.

– Булінг – гэта сітуацыя, калі крыўдзіцель зацікаўлены, каб яго ахвяра пакутавала фізічна і маральна. Булінг – з'ява, якая пастаянна паўтараецца, гэта не тое ж, што выпадкова пакрыўдзіць. Трэба памятаць, што пацярпелы ні ў якім разе не вінаваты ў тым, што з ім робяць, – падкрэсліла яна. – У апошні час школьнікі часта звяртаюцца да псіхолагаў менавіта з праблемамі булінгу, і наша з вамі задача – зрабіць так, каб гэтых пытанняў стала як мага менш. Важна звяртаць увагу на сітуацыі, калі побач кагосьці крыўдзяць. Ігнараванне іх – гэта адабрэнне булінгу. Важна паказваць сваё негатыўнае стаўленне да булінгу і дапамагаць тым, хто ад яго пакутуе.

На жаль, праблема агрэсіі і булінгу застаецца актуальнай, і мы сустракаемся з інфармацыяй пра яе фактычна штодзённа, адзначыў Уладзімір Валчанкоў, дырэктар Інстытута псіхалогіі БДПУ, называючы двух пераможцаў трэнінгу.

Пераможцам у першай групе стаў праект ток-шоу «Гаварыць аб праблемах не сорамна» Бараўлянскай сярэдняй школы № 2. У яго межах плануюцца сустрэчы з медыйнымі асобамі, інтэрв'ю, гісторыі – адным словам, класічнае ток-шоу, дзе абмяркоўваць праблемы булінгу.

Лідарам другой групы стала каманда Азяршчынскай сярэдняй школы № 1 Рэчыцкага раёна з праектам «Графіці супраць булінгу, або Праспект Сяброўства». Гэтая ідэя пакарыла журы тым, што праект плануе абазначыць праблему булінгу праз выявы, уклаўшы ў іх адпаведны сэнс. А яшчэ графіці – таксама актуальная патрэба падлеткаў у самавыяўленні.

Опубликовано:
18 марта 2021
Просмотров:
7115
Категория:
Хештеги:
Поделиться в соцсетях: