Сегодня начинается первый этап репетиционного тестирования: мы узнали, какие задания ждут абитуриентов

Старанная падрыхтоўка, горы кнiг i мноства тэстаў, заняткi дапазна ў рэпетытара i хуценька зробленая «дамашка» – думаю, гэты распарадак знаёмы многім выпускнiкам. I я праводзiла апошнi школьны год у такiм жа тэмпе. Кульмiнацыя выпускнога класа – тэсцiраванне. Нядаўна скончылася ЦТ-2020, i ўчарашнiя абiтурыенты сталi першакурснiкамi. Мiж тым сённяшнiя школьнiкi ўжо рыхтуюцца да новага выпрабавання – да першага этапу рэпетыцыйнага тэсцiравання. Дарэчы, даступны ўсе вiды праверкi ведаў: традыцыйны бланачны, анлайн i нават дыстанцыйны. Што чакае вучняў на першых тэстах?

Тестирование

Сiстэмна – значыць якасна

Традыцыйна праверыць свае веды можна ў тры этапы: з кастрычнiка па снежань, са студзеня па люты i з сакавiка па красавiк. Па вопыце ведаю: першы тэст даецца цяжэй за ўсё. Пасля зацяжных летнiх канiкул за некалькi навучальных месяцаў не паспяваеш паўтарыць школьную праграму i асвоiць новыя тэмы.

Кожны варыянт – розныя заданнi. У гэтым каштоўнасць рэпетыцыйнага тэсцiравання. Атрымлiваецца добра натрэнiраваць мозг i набiць руку. Вядома, пры ўмове сiстэмнай падрыхтоўкi.

– З году ў год мы назiраем, як абiтурыенты павышаюць свае веды ад першага этапу РТ да трэцяга. Паказчыкi могуць павялiчвацца вельмi значна, – дзелiцца вопытам намеснiк дырэктара па асноўнай дзейнасцi УА «Рэспублiканскi iнстытут кантролю ведаў» Наталля Вайцяховiч. – Вядома, калi падрыхтоўка да здачы тэсцiравання старанная i добрасумленная.

Сёлета РТ пройдзе на базе больш чым 140 устаноў адукацыi. Тэндэнцыя – з кожным годам iх колькасць толькi расце.

Тэсты прапануюць па 15 прадметах. Па большасцi з iх, выключаючы мовы, абiтурыент можа выбраць мову прадстаўлення заданняў. Часцей за ўсё гэта руская.

– Правядзенне рэпетыцыйнага тэсцiравання максiмальна наблiжана да цэнтралiзаванага. Праўда, першыя этапы, як правiла, праходзяць без новаўвядзенняў, – адзначае нюансы Наталля Вайцяховiч. – На аснове праграмы ўступных выпрабаванняў РIКВ распрацоўвае спецыфiкацыю. Яе зацвярджае Мiнiстэрства адукацыi. Там пазначаны формы заданняў, як яны размяркоўваюцца па ўзроўнях складанасцi, колькi iх будзе ў частках A i В.

Гэта значыць, што сёння перад выпускнiкамi пакладуць тэсты, якiя па фармаце падобныя да цэнтралiзаванага тэсцiравання гэтага года. Са змяненняў ужо выпрабаваныя – павялiчаная колькасць адказаў у частцы А i дададзеныя заданнi першага ўзроўню складанасцi па матэматыцы i фiзiцы.

Магчымыя навацыi

Варыянты тэстаў фармiруюць з адной базы – банка тэставых заданняў. Сёння для праверкi ведаў прапануюць разнастайныя вiды РТ: бланачны, анлайн i дыстанцыйны.

– Два гады таму на сайце РIКВ упершыню з’явiлася магчымасць прайсцi тэсцiраванне дыстанцыйна– робiць невялiкi экскурс Наталля Вайцяховiч. Сёлета фармат таксама актуальны. Па колькасцi тых, хто звярнуўся да адпаведнай укладкi на сайце РIКВ, мы бачым: ён карыстаецца папулярнасцю. Таксама ў красавiку гэтага года мы ўвялi новы варыянт праходжання тэстаў – анлайн. Ён даволi паспяхова сябе паказаў. Многiя абiтурыенты для лепшай падрыхтоўкi праходзяць тэсцiраванне ўсiх вiдаў: спачатку пiшуць у аўдыторыях, затым – анлайн i, нарэшце, выконваюць дыстанцыйнае РТ.

Дарэчы, анлайн-тэсты з’явяцца на сайце РIКВ у дваццатых чыслах кастрычнiка. Кошт на адзiн прадмет – 7 рублёў 60 капеек. Дыстанцыйны фармат стане даступным у пачатку студзеня. Ён будзе бясплатным. Прайсцi РТ могуць не толькi выпускнiкi, але i навучэнцы ўсiх класаў, выканаць заданнi можна неабмежаваную колькасць разоў. У абодвух выпадках вынiкi з’явяцца на экране адразу.

– Самым папулярным застаецца традыцыйны бланачны вiд РТ, – робiць выснову Наталля Вайцяховiч. Ён найбольш наблiжаны да працэсу цэнтралiзаванага тэсцiравання.

Ацэньваць тэсты будуць па ўжо прызнанай методыцы. Нягледзячы на тое, што першы этап пройдзе без новаўвядзенняў, зараз iдзе iх абмеркаванне для ЦТ-2021. А значыць, i на будучыя рэпетыцыйныя тэсцiраваннi. Дакумент спецыфiкацыi прымуць на пачатку наступнага года. Ён узгоднiць некаторыя навацыi ў тэсцiраваннi. Мэта – якасна ацанiць абiтурыентаў з розным узроўнем ведаў.

Опубликовано:
1 Октября 2020
Просмотров:
563
Категория:
Хештеги:
Поделиться в соцсетях:
Опасности интернета