Шчучын для дзяцей

Напрыканцы мінулага тыдня гарадоў, дружалюбных да дзяцей і падлеткаў, у Беларусі стала больш. Афіцыйна да іх далучыўся Шчучын. Ён стаў 26-м горадам, які цяпер будзе насіць гэтае ганаровае званне. Узгадненне аб супрацоўніцтве паміж Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусі, Дзіцячым фондам ААН (ЮНІСЕФ) і Шчучынскім райвыканкамам падпісалі іх прастаўнікі.

Шчучын

На пасяджэнні да прысутных звярнуліся намеснік Міністра адукацыі, адказны сакратар Нацыянальнай камісіі па правах дзіцяці, старшыня Каардынацыйнага савета Аляксандр Уладзіміравіч Кадлубай, прадстаўнік ЮНІСЕФ у Рэспубліцы Беларусь сустаршыня Каардынацыйнага савета Таня Радачай. З падрабязным дакладам пра становішча дзяцей і падлеткаў Шчучына выступіла намеснік старшыні Шчучынскага райвыканкама Алена Васільеўна Пасюта. Пра развіццё патэнцыялу падлеткаў і моладзі для забеспячэння іх удзелу ў рэалізацыі пратформы «Горад, дружалюбны да дзяцей і падлеткаў» для лакалізацыі Мэт устойлівага развіцця выступіла Надзея Васільеўна Васільчанка, дырэктар Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі.

Выступоўцы звярнулі ўвагу на тое, што цэнтральнай катэгорыяй канцэпцыі «Горад, дружалюбны да дзяцей і падлеткаў» з’яўляецца якасць дзіцячага жыцця і што роля мясцовых органаў улады ў гэтым вельмі высокая.

Па словах А.В.Пасюты, райвыканкам зацікаўлены ў стварэнні ўмоў для паляпшэння становішча спраў у дачыненні да дзяцей і падлеткаў у горадзе. Каб падрыхтавацца да далучэння да платформы, тут быў створаны Каардынацыйны савет, наладжана сістэма работы з лідарамі і актывам дзіцячых і маладзёжных аб’яднанняў Шчучына. Юныя парламентарыі вучацца быць карыснымі грамадству, бачыць праблемы і знаходзіць магчымасці для іх вырашэння.

Пра некаторыя з іх расказаў прысутным Ягор Хільмановіч, старшыня маладзёжнага парламента: «У наш парламент уваходзяць 26 маіх равеснікаў, якія прадстаўляюць усе ўстановы адукацыі нашага раёна. Сёння мы рэалізуем 16 сацыяльна значных праектаў. Напрыклад, я з гімназістамі рэалізаваў праект па развіцці веларуху ў Шчучыне. Мы выявілі праблемы інфраструктуры нашага горада, якія не дазвалялі без перашкод ездзіць на веласіпедзе. З вынікамі даследавання і прапановамі пайшлі да старшыні райвыканкама на пасяджэнне Каардынацыйнага савета і разам шукалі выйсце. У выніку была зніжана вышыня бардзюраў у неабходных месцах горада, што ацанілі і веласіпедысты, і мамы з каляскамі, і пажылыя людзі. А на базе кінатэатра быў адкрыты велапракат, павялічылася колькасць веластаянак у горадзе».

Таня Радачай, прадстаўніца ЮНІСЕФ у Рэспубліцы Беларусь, адзначыла: «У гэтым годзе ініцыятыве, якая пачыналася як «Горад, дружалюбны да дзяцей», спаўняецца 25 гадоў, і практычна 15 з іх яна рэалізуецца і ў Беларусі. І мне прыемна даведвацца пра тыя дасягненні, якія вы прадэмастравалі за гэтыя гады».

Пры гэтым яна запэўніла: «Мы будзем прыкладаць яшчэ больш нагамаганняў, каб больш заўважна і актыўна прысутнічаць у розных краінах і рэгіёнах, і рабіць усё, каб дзеці ў будучыні адчувалі сябе яшчэ лепш. Так, у ЮНІСЕФ ёсць новая краінавая праграма на наступныя 5 гадоў, якую мы распрацавалі зусім нядаўна і запускаем яе разам з кіраўніцтвам краіны. Сярод асноўных момантаў, якія будуць улічаны, – работа над тэмай адказнага і пазітыўнага бацькоўскага вопыту. Сумесна з Міністэрствам адукацыі мы будзем працягваць работу над тэмай інклюзіўнай адукацыі, каб на месцах, у гарадах, незалежна ад іх магчымасцей, прадастаўляўся роўны доступ да адукацыі і роўныя ўмовы.

Асаблівы акцэнт у межах новай краінавай праграмы будзем рабіць на падлетках, на тых, хто ўжо не адчувае сябе дзецьмі, – маладых людзях ад 10 да 20 гадоў. Будзем рабіць акцэнт і на пытаннях псіхічнага здароўя і ўстойлівасці да розных крыніц стрэсу, якімі напоўнена жыццё ў ХХІ стагоддзі. Будзем рабіць упор і на развіццё навыкаў ХХІ стагоддзя – тое, што дапаможа маладым людзям, з аднаго боку, уносіць свой уклад у развіццё грамадства і эканомікі, з другога – павышаць свае шансы на рынку працы. Будзем працаваць і з партнёрамі на месцах, у гарадах, каб далучаць маладых людзей і выкарыстоўваць іх творчую энергію і ідэі, каб знаходзіць новае, сучаснае вырашэнне праблем».

Трэба заўважыць, што «Горад, дружалюбны да дзяцей і падлеткаў» – гэта не мадэль ідэальнага горада і не званне, якое выдаецца толькі за дасягнутыя поспехі. Удзел у гэтай ініцыятыве азначае пастаяннае імкненне клапаціцца пра дзяцей і не спыняцца на дасягнутым. Удзельнікам ініцыятывы прадастаўляецца магчымасць распрацаваць праграму, закліканую дапамагчы гораду стаць больш добразычлівым да дзяцей і падлеткаў ва ўсіх аспектах, якія тычацца кіравання, інфраструктуры і паслуг. Пры гэтым абавязковы ўдзел дзяцей і моладзі ў працэсах прыняцця рашэнняў, якія закранаюць іх інтарэсы.

Опубликовано:
20 апреля 2021
Просмотров:
11872
Категория:
Поделиться в соцсетях: