Што можна прапісаць у шлюбным дагаворы?

Правы на дзяцей, маёмасць, жывёл, бізнес і інтэлектуальныя здабыткі муж і жонка, а таксама жаніх і нявеста могуць прапісаць у шлюбным дагаворы.

У дакуменце можна падзяліць абавязкі па доме, зарплату, рэчы, якія набылі сужэнцы, і нават тыя, якія яны яшчэ толькі збіраюцца набыць.

Шлюбны дагавор можна заключыць да шлюбу, падчас яго і ў тым ліку непасрэдна перад разводам. Ва ўсіх варыянтах добраахвотная дамоўленасць бакоў спрыяе бяспецы іх капіталаў, зберагае нервы, грошы і час пры скасаванні шлюбу і здымае пытанні па атрыманні спадчыны.

– Шлюбны дагавор – спосаб добраахвотна, без прыцягнення суда і сведак, вырашыць маёмасныя і немаёмасныя пытанні, а таксама дэталёва вызначыць моманты, якія датычацца ўтрымання непаўналетніх дзяцей і сямейных абавязкаў, – сцвярджае Вольга Фядуцік, кансультант упраўлення натарыята і загсаў Міністэрства юстыцыі. – Да таго ж вырашэнне маёмасных пытанняў пры заключаным шлюбным дагаворы значна таннейшае, чым праз суд.

У нейкіх выпадках шлюбны дакумент – гэта «план» на перспектыву.

– Напрыклад, у нявесты ёсць зямельны надзел, дзе з часам мяркуюць збудаваць дом. Каб вызначыць, чыя гэта будзе маёмасць, лепш скласці дагавор, інакш дом будзе сумесна нажытай маёмасцю, – тлумачыць прадстаўніца Мінюсту.

Калі дагавор складаюць да таго, як створаць сям’ю, то ён пачынае дзейнічаць толькі пасля рэгістрацыі шлюбу. Калі ж дакумент робяць ужо муж і жонка, яны могуць абазначыць тэрмін, калі дагавор павінен уступіць у сілу: з моманту натарыяльнага засведчання або ў нейкі абазначаны мужам і жонкай час, у тым ліку і перад скасаваннем шлюбу, расказала Галіна Кавальчук, натарыус Мінскай гарадской натарыяльнай акругі:

– У шлюбны дагавор з цягам часу можна дадаць змены ў выглядзе дадатковых пагадненняў, а таксама скасаваць дакумент. Пасля разводу дзеянне дагавора спыняецца, і дадаць у яго ўжо нічога немагчыма. Праўда, ёсць выключэнні – калі сужэнцы ўстанаўліваюць адносіны да нейкіх абавязкаў, як правіла, па ўтрыманні адно аднаго пасля разводу ці матэрыяльным забеспячэнні дзяцей.

Бывае, муж і жонка прапісваюць умовы выплаты крэдыту, выдадзенага на куплю кватэры. Вызначаюць, хто будзе плаціць грошы, калі маёмасць пяройдзе ва ўласнасць аднаго з сужэнцаў пасля разводу.

– Паступова беларусы пазбаўляюцца ад стэрэатыпу, што шлюбны дагавор – гэта недавер да партнёра. Колькасць дагавораў з году ў год павялічваецца, і ўсё больш людзей разумеюць перавагі гэтага дакумента, калі справа даходзіць да вырашэння маёмасных пытанняў ці аліментаў. Летась у Беларусі было заключана 4112 дагавораў, а за тры месяцы 2020-га – ужо 1075, – паведаміў Артур Стрэх, памочнік старшыні Беларускай натарыяльнай палаты.

Шлюбны дагавор перш за ўсё і рэгулюе правы на ўласнасць, якая была прыдбаная падчас сямейнага жыцця. І ў мужа, і ў жонкі роўныя правы на ўсю сумесна набытую ўласнасць, у тым ліку і на інтэлектуальную, згодна з артыкулам 23 Кодэкса аб шлюбе і сям'і, падкрэсліла натарыус.

– Калі адзін падчас шлюбу быў заняты вядзеннем хатняй гаспадаркі і доглядам дзяцей і не меў уласнага заробку, а другі ў гэты час пісаў вершы і карціны, то апошняе лічыцца агульным і дзеліцца папалам. Аднак у шлюбным дагаворы можна абазначыць, што творы мастацтва будуць належаць толькі іх аўтару. З іншага боку, Кодэксам аб шлюбе і сям’і забараняюцца здзелкі паміж сужэнцамі адносна маёмасці, набытай у шлюбе, – яе нельга ні падарыць, ні прадаць адно аднаму. Калі муж і жонка хочуць, напрыклад, перааформіць кватэру, набытую ў шлюбе, з аднаго на другога, то амаль што адзіны магчымы варыянт – шлюбны дагавор, у якім абазначаецца пераход права ўласнасці. Важна памятаць, што калі прадмет шлюбнага дагавора – нерухомая маёмасць, то дакумент уступіць у сілу толькі з моманту яго рэгістрацыі ў агенцтве па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельным кадастры.

Шмат розных умоў муж і жонка прапісваюць у шлюбным дагаворы адносна дзяцей. Гэта вызначэнне месца пражывання малога, выезды за мяжу, іх утрыманне (без уліку аліментаў), месца знаходжання падчас канікул, наведванне секцый і гурткоў.

– У адным з дагавораў бацькі, што набывалі для непаўналетняга дзіцяці кватэру, вызначаліся да дробязяў, які там павінен быць рамонт і нават мэбля, – расказала натарыус. – А аднойчы бацькі хацелі прапісаць веравызнанне малога. Такое зрабіць мы, вядома, не маглі, бо гэта закранае інтарэсы трэціх асоб. У дадзеным выпадку – дзіцяці, якое само павінна вызначыцца пасля паўналецця.

Існуюць і іншыя моманты, якія нельга адлюстраваць у шлюбным дагаворы. Напрыклад, нельга адмовіцца ад выплаты аліментаў, нават калі другая палова атрымала вялікую спадчыну.

– У шлюбным дагаворы можна таксама акрэсліць умовы выплат агульных даўгоў мужа і жонкі і права патрабавання па абавязках, якія ўзніклі ў інтарэсах сям’і. Уключыць у дакумент можна і долю ў фондах прадпрыемства, акцыі і іншыя актывы, калі гаворка ідзе пра людзей, якія працуюць у сферы бізнесу. Аднак гэта датычыцца толькі арганізацый, зарэгістраваных на тэрыторыі Беларусі, – падкрэсліла Галіна Кавальчук. – Тое ж самае і з замежнай маёмасцю – праваўладанне ёю нельга вызначыць беларускім заканадаўствам, трэба звяртацца да законаў краіны яе прыналежнасці.

Опубликовано:
2 апреля 2020
Просмотров:
13031
Категория:
Поделиться в соцсетях: