Што рабіць, калі вы знайшлі згубленую кімсьці рэч?

Неяк давялося сутыкнуцца з дзіўнай сітуацыяй. У выхадны дзень трэба было тэрмінова зняць з карткі частку грошай. Побач з банкаматам не было нікога мінімум хвіліну. Але на экране прылады свяцілася не застаўка, а меню выбару аперацыі. Націснуў адмену – і тут жа са шчыліны рэзка выехала... чыясьці картка. Браць яе я не стаў. Праз секундаў дваццаць банкамат «праглынуў» чужы пластык назад.

Аляксандр Чалей

Але як па законе паступіць са знаходкамі? Пра гэта расказвае старшы інспектар па асаблівых даручэннях арганізацыйна-аналітычнага ўпраўлення міліцыі грамадскай бяспекі МУС падпалкоўнік міліцыі Аляксандр Чалей.

Шэсць месяцаў вытрымкі

Калі ў знойдзеным партманеце ёсць нейкія пластыкавыя карткі, візіткі, пропускі або іншыя прадметы, з дапамогай якіх можна ўстанавіць асобу ўладальніка, з ім трэба як мага хутчэй звязацца і ўсё вярнуць. Інакш гэта будзе лічыцца ўжо прысваеннем страчанай рэчы – фактычна вы завалодалі заведама чужой маёмасцю. Але наўрад ці хто з нас носіць у кашальку, напрыклад, паперку з нумарам свайго тэлефона. Таму неабходна неадкладна звярнуцца ў орган унутраных спраў або мясцовага кіравання і самакіравання па тым раёне, дзе вы знайшлі прадмет. Пры гэтым грамадзянін, які знайшоў рэч, мае права захоўваць яе ў сябе альбо здаць на часовае ўтрыманне ў органе, куды звярнуўся са знаходкай. Праўда, не назусім. Калі на працягу шасці месяцаў з моманту заявы аб знаходцы гаспадар не знойдзецца, то прадмет па законе будзе ўжо належаць вам.

Так, у Мінскай вобласці быў выпадак, калі чалавек пайшоў адпачываць на раку і знайшоў спінінг. Чалавек аказаўся сумленны. З адпачынку ён паехаў проста ў міліцыю, куды і здаў рыбалоўную прыладу. А крыху больш чым праз паўгода яму патэлефанавалі. Аказалася, што па спінінг ніхто не прыйшоў. Пасля складання адпаведных дакументаў вуду перадалі новаму ўладальніку.

Праўда, здараюцца выпадкі, калі ўладальнік дакладна ведае, дзе ён згубіў нейкую рэч. А калі вяртаецца – яе там ужо няма. У канцы мінулага года нехта з наведвальнікаў выпадкова забыў кашалёк з грашыма ў адным з зоамагазінаў у сталіцы. Яго падабрала нейкая жанчына.

На знаходцы можна цалкам законна і зарабіць. Той, хто знайшоў чужую маёмасць і вярнуў яе ўладальніку, можа патрабаваць ад яго ўзнагароджанне. Але яно не можа перавышаць 20 % ад кошту знаходкі. Сума вызначаецца па пагадненні бакоў альбо праз суд. Тут трэба адзначыць, што права на ўзнагароджанне не ўзнікае, калі той, хто знайшоў чыюсьці рэч, не заявіў пра гэта або спрабаваў яе прыхаваць.

Вы знайшлі грошы

Калі прыналежнасць кашалька можна ўстанавіць па яго вонкавых прыкметах або змесціве, дык з купюрай, якая ляжыць пасярод дарогі, сітуацыя ўжо куды больш складаная. Хто ж з нас перапісвае нумары ўсіх банкнот, якія праходзяць праз нашы рукі? І зусім іншая сітуацыя, калі чалавек бачыць, што грошы выпалі ў кагосьці, і прысвойвае іх.

Так здарылася ў канцы 2017 года ў адным з гандлёвых цэнтраў Мінска. У Першамайскае РУУС звярнуўся мужчына і паведаміў, што ў яго прапала 210 беларускіх рублёў і 80 долараў ЗША. Праваахоўнікі пачалі аналізаваць запісы з камер відэаназірання. І аказалася, што жанчына, якая ішла ззаду, падабрала некалькі купюр на агульную суму 20 долараў і 25 рублёў. Праўда, вяртаць грошы яна не стала і палічыла за лепшае іх патраціць. Пасля супраць жанчыны была заведзена крымінальная справа па частцы 1 артыкула 205 Крымінальнага кодэкса – «Крадзеж». Санкцыя яго прадугледжвае пакаранне ў выглядзе грамадскіх работ, штрафу ці папраўчых работ на тэрмін да двух гадоў, або арышт ці абмежаванне волі на тэрмін да трох гадоў, або пазбаўленне волі на такі ж тэрмін. Вось такая цана за не самую вялікую прысвоеную суму.

Як жа правільна дзейнічаць у такім выпадку?

Усе маніпуляцыі з чужымі грашыма – выдаткаванне, дарэнне, хаванне – раўназначныя прысваенню. І нават калі вы палажылі грошы ва ўласны кашалёк і не паспелі патраціць – лічыцца, што вы іх таксама прысвоілі, бо своечасова не заявілі пра знаходку ў органы ўнутраных спраў або мясцовага кіравання і самакіравання.

Адміністрацыйная або крымінальная адказнасць надыходзяць у залежнасці ад сумы. Па артыкуле 10.6 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях адказнасць не такая жорсткая – штраф да пяць базавых. Калі прысвоеная сума або грашовы эквівалент маёмасці мае асабліва буйны памер, які перавышае 1000 базавых велічынь, то ў ход уступае артыкул 215 Крымінальнага кодэкса. Ён прадугледжвае грамадскія работы, штраф або арышт на тэрмін да трох месяцаў. 

Такія выпадкі ў нашай краіне нячастыя. Сёлета па гэтым артыкуле за першыя восем месяцаў не было заведзена ніводнай крымінальнай справы. А вось летась іх было цэлых дзве. У абодвух выпадках фігуравалі вельмі вялікія сумы, супастаўныя з коштам новага аўтамабіля ці нават аднапакаёвай кватэры ў Мінску, – 12,5 тысячы долараў і 94 тысячы рублёў адпаведна. А ў 2017 годзе хтосьці наогул прысвоіў вельмі дарагі гадзіннік, кошт якога вымяраецца дзясяткамі тысяч рублёў на цяперашнія грошы.

Трэба ведаць

Калі вы знайшлі згубленую рэч у рэстаране, краме, установе адукацыі, то незалежна ад таго, вядомы законны ўладальнік знаходкі або не, трэба паведаміць пра яе ў адміністрацыю аб'екта, дзе вы знаходзіцеся. У грамадскім транспарце сітуацыя іншая, бо прадстаўнікамі парка там з'яўляюцца кіроўца або машыніст і кандуктар (пры яго наяўнасці, канешне). Браць знаходку ў рукі – гэта ўжо рызыкоўна. Яе знешні выгляд можа хаваць сапраўднае прызначэнне рэчы. У свеце не аднойчы здаралася так, што пад выглядам бяскрыўднай каробкі або цацкі хавалася выбуховая прылада. Таму пазначце сабе час, калі вы знайшлі згублены прадмет, пастарайцеся, каб людзі адышлі далей ад падазронага аб'екта, і дачакайцеся прыбыцця следча-аператыўнай групы. Для яе супрацоўнікаў вы з'яўляецеся важным відавочцам.

З кожным днём усё больш гандлёвых пунктаў, арганізацый і проста вулічна-дарожнай сеткі трапляе пад прыцэлы аб'ектываў відэакамер. Таму выкрыць аматара чужога дабра – справа тэхнікі. Але тут ёсць адна асаблівасць. Уявім сабе сітуацыю: чалавек знайшоў чужую маёмасць, а пасля нейкім чынам страціў працаздольнасць, напрыклад, трапіўшы ў бальніцу. За час, пакуль ён будзе знаходзіцца там, яго асобу паспелі высветліць па запісах відэакамер, але ж магчымасці вярнуць грошы ён фізічна не меў. У такім разе пачнецца высвятленне ўсіх абставін, і калі яны пацвердзяцца цалкам, то чалавека вызваляць ад адказнасці.

А вось знойдзены ў адміністрацыйных будынках, гасцініцах, магазінах і г.д. і пакінуты сабе тэлефон або іншая рэч – гэта ўжо ў большасці выпадкаў крадзеж. У гэтым разе лічыцца, што ўладальнік ведае, дзе знаходзіцца яго маёмасць, а той, хто знайшоў, – ведае альбо здагадваецца, што ўладальнік можа па гэту маёмасць вярнуцца.

Валяр'ян Шкленнік, «Звязда», 30 верасня 2019 г.
(фота –
«Звязда»)

Опубликовано:
30 сентября 2019
Просмотров:
511
Категория:
Поделиться в соцсетях: