Кібербулінг, прыватнасць у сацыяльных сетках, бяспечныя паводзіны ў інтэрнэце — ужо не другарадныя пытанні, а сучасныя рэаліі. Настаўнікі і педагогі-псіхолагі ўсё часцей сутыкаюцца з сітуацыямі, калі анлайн-канфлікты выходзяць за межы экрана і ўплываюць на класны калектыў, псіхалагічны стан дзяцей і атмасферу ў школе. Пра тое, як своечасова заўважыць інтэрнэт-рызыкі, правільна пабудаваць размову з вучнямі, бацькамі і якія інструменты могуць дапамагчы педагогу ў рабоце з лічбавымі пагрозамі, расказвае педагог-псіхолаг Рэспубліканскага цэнтра псіхалагічнай дапамогі Інстытута псіхалогіі БДПУ аўтар праекта «Кропка захавання» Ілляна Мацвіенка.

— Ілляна, чаму сёння тэма лічбавай бяспекі і кібербулінгу становіцца адной з ключавых для педагогаў? Якія запыты паспрыялі стварэнню праекта “Кропка захавання”?
— Ідэя абагульніць той вопыт, які ў мяне ёсць па гэтай тэме, была даўно. Я ўжо не першы год праводжу мерапрыемствы, заняткі па тэмах прафілактыкі кібербулінгу, бяспечных зносін у інтэрнэт-прасторы і для настаўнікаў, і для педагогаў-псіхолагаў, і для дзяцей з бацькамі. За гэты час назапасіўся даволі вялікі багаж практычных матэрыялаў, напрацовак. Мне вельмі хацелася данесці актуальную інфармацыю да як мага большай колькасці педагогаў, тым больш што на практычныя матэрыялы па гэтай тэме ёсць вялікі запыт. Спадзяюся, што і рэсурс, і сабраная на ім інфармацыя прынясуць карысць педагогам і вучням. Зазірнуўшы на старонку праекта, педагогі змогуць паўзаемадзейнічаць, абмеркаваць тэму, атрымаць патрэбныя навыкі і веды. Педагогам мая распрацоўка дазволіць сэканоміць час і аблегчыць іх задачу ў тым, каб данесці да школьнікаў усе важныя моманты, звязаныя з кібербулінгам, бяспекай у інтэрнэце.
Яшчэ адным стымулам для стварэння сайта было жаданне арганізаваць прастору, якая дазволіць педагогам абмяркоўваць важныя тэмы і знайсці дакладныя інструменты для работы са школьнікамі.
У далейшым у мяне ёсць планы развіцця праекта “Кропка захавання”. Тут можна будзе атрымаць зваротную сувязь ад саміх педагогаў пра тое, чаго б ім яшчэ хацелася, якія пытанні ім важныя. Інфармацыя на сайце, як і пагрозы і рызыкі ў інтэрнэце, пастаянна будзе абнаўляцца, і да кожных новых рызык і пагроз, запытаў педагогаў будуць дадавацца новыя інструменты, новыя рэсурсы дапамогі.
— З якімі тыповымі сітуацыямі, звязанымі з кібербулінгам, могуць сутыкнуцца настаўнікі? Якія сігналы павінны іх насцярожыць?
— У адрозненне ад гісторый, звязаных са зносінамі дзяцей паміж сабой, кібербулінг і іншыя сеткавыя пагрозы дарослым вельмі цяжка адсачыць. Педагогам сапраўды бывае складана ў пытаннях дапамогі і прафілактыкі кібербулінгу. Самая галоўная складанасць — тэхнічная недаступнасць да пэўных чатаў, сацыяльных сетак, да зносін непаўналетніх у гульнях. Акрамя таго, часам праблема заключаецца ў псіхалагічным аспекце, калі педагогі не ўмеюць падтрымаць, вызначыць, убачыць адпаведныя прыкметы кібербулінгу. Бывае, нават вызначаныя маркеры, якія могуць выклікаць падазронасць, здаюцца нармальнымі: моўны слэнг, субкультуры, пра якія многа ведаюць школьнікі, педагогам незразумелыя, невядомыя. Настаўнікі не заўсёды ведаюць, што пэўныя словы могуць быць крыўднымі, абразлівымі ў маладзёжнай культуры, хаця на слых яны гучаць нармальна.
— Што выдае школьніка, які становіцца ахвярай кібербулінгу? Якімі павінны быць дзеянні педагогаў, каб своечасова ўмяшацца і дапамагчы дзіцяці?
— Самыя галоўныя прыкметы — рэзкія змяненні ў паводзінах і скрытнасць. Дзіця, якое стала ахвярай кібербулінгу, хавае тэлефон, мяняюцца яго фарматы зносін у сацыяльных сетках, свае профілі ён робіць закрытымі.
Калі сітуацыя кібербулінгу — працяг негатыўных узаемаадносін у класе, то педагог можа звярнуць увагу на розныя гісторыі, якія вучні расказваюць пра адно і тое ж дзіця, на насмешкі. Навучэнцы могуць абмяркоўваць відэаролікі, фотаздымкі, перасылаць іх адно аднаму ў сацсетках, каменціраваць. Таксама школьнікі могуць жорстка крытыкаваць нейкі кантэнт, з-за якога дзіця пачынаюць ганьбіць, буліць. І нават у вучэбных чатах, дзе знаходзяцца педагогі, могуць перыядычна з’яўляцца выпадковыя фразы са здзеклівым і абразлівым тонам. Тут вельмі важная рэакцыя педагогаў: яны павінны звярнуць увагу на нефармальныя паведамленні жартоўнага характару, растлумачыць недапушчальнасць такіх жартаў і тое, чаму здзеклівыя рэчы не могуць быць смешнымі.Неабходна ўзяць гэтую сітуацыю пад асабісты кантроль. Важна таксама пагаварыць з дзіцем, якога падверглі кібербулінгу, з яго бацькамі пра тое, чаму такія публікацыі з’яўляюцца недапушчальнымі.
Бывае, кібербулінг не звязаны з калектывам, у якім вучыцца дзіця. У такім выпадку відавочныя маркеры заўважыць складана, але насцярожанасць павінны вызваць факты, што ў дзіцяці змяніўся настрой, яно менш уключана ў жыццядзейнасць школьнага калектыву, яго не цікавяць рэчы, якія раней абуджалі інтарэс. Будзе заўважна, што школьнік знаходзіцца ў стрэсе.
— Як настаўнікам эфектыўна і дзейсна данесці дзецям інфармацыю пра лічбавую бяспеку? З якога ўзросту трэба пачынаць размову на гэтую тэму?
— Пытанні, звязаныя з лічбавай бяспекай, актуальныя для хлопчыкаў і дзяўчынак ужо з 1 класа. Сучаснасць такая, што і першакласнікі, і падлеткі, і старшакласнікі аднолькава, але з рознай інтэнсіўнасцю выкарыстоўваюць гаджэты. Адзінае, што важна разумець: у кожным узросце фокус размовы мае свае аспекты. У пачатковай школе можна пачынаць з пытанняў, звязаных з этыкай зносін у рэальным жыцці, закранаць дружбу ў інтэрнэце. Тэхнічныя пытанні пра паролі, падман у інтэрнэт-прасторы, пра тое, навошта нам інтэрнэт, чым ён можа быць карысны і чым небяспечны, таксама можна абмяркоўваць. Важна ўзняць і тэму агрэсіўных паводзін у сацыяльных сетках, рэакцыі на гэта. Паступова тэмы будуць ускладняцца: прыватнасць старонак у сацыяльных сетках, якім чынам і каго дадаём у сябры, высвятленне адносін у інтэрнэце, самапрэзентацыя сваёй асобы — для 5—8 класаў усе гэтыя пытанні будуць актуальныя.
У кожным з гэтых блокаў даступнымі для ўзросту аргументамі важна гаварыць пра давер да дарослых, пра тое, што з імі трэба абмяркоўваць моманты, якія пераходзяць мяжу дазволенага, і выпрацаваць алгарытм далейшых дзеянняў.
— Калі прыкметы цкавання заўважылі не педагогі, а бацькі, што ім параіце зрабіць у першую чаргу?
— Узаемадзеянне педагогаў з бацькамі мае важную ролю, таму што менавіта бацькі прывіваюць першыя правілы карыстання гаджэтамі, фарміруюць разуменне меж дазволенага, бяспечных паводзін. Неабходна, каб і педагогі, і бацькі прытрымліваліся адной пазіцыі ў пытаннях бяспекі, звязанай са зносінамі ў інтэрнэт-прасторы.
Калі бацькі заўважылі прыкметы цкавання ў інтэрнэце, яны павінны абмеркаваць гэта з дзіцем. У выпадку, калі сітуацыя кібербулінгу звязана са школай, то абмеркаванне з класным кіраўніком — абавязковы крок. Гэта ўжо закранае пытанні ўзаемаадносін дзяцей у рэальным калектыве.
Калі пытанне цкавання не звязана са школай, то трэба ацаніць, наколькі класны кіраўнік зможа падтрымаць ці дапамагчы дзіцяці. З аднаго боку, бацькі могуць разважаць, што гэтая справа не тычыцца школы. З другога — узаемадзеянне ў гэты момант з класным кіраўніком, з псіхолагам дапаможа хутка справіцца з траўматычным вопытам, а педагогі зразумеюць, чаму змяніліся паводзіны школьніка і інш. Як прыклад, дзіця пакутуе ад кібербулінгу ў анлайн-гульні, там яго абражаюць. Яно становіцца больш трывожным, зніжаецца ўвага, пагаршаецца памяць, адзнакі. Настаўнікам прычына такіх паводзін будзе незразумелай. Але калі класны кіраўнік ці педагог-псіхолаг будуць адсочваць развіццё сітуацыі, яны змогуць арганізаваць інфармацыйную і псіхалагічную падтрымку вучня.
Як неабходна вырашаць праблему? Перш за ўсё тэхнічна спыніць тое, што адбываецца ў інтэрнэт-прасторы. Затым вызначыць, хто прымаў удзел у кібербулінгу, а хто, наадварот, падтрымаў дзіця (калі сітуацыя звязана з класным калектывам). Пасля гэтага праводзіцца індывідуальная, групавая работа з усімі ўдзельнікамі сітуацыі, накіраваная на яе спыненне, на дамоўленасць аб адэкватным узаемадзеянні паміж дзецьмі, каб недапусціць паўтарэнне кібербулінгу.
— Ілляна, вы часта праводзіце сустрэчы з педагогамі па тэме лічбавай бяспекі. Якія моманты для іх яшчэ не зразумелыя, у якіх кірунках не хапае кампетэнцый?
— Педагогам можа не хапаць інструментаў, якія дазволяць ім самім праводзіць падобныя мерапрыемствы ў інтэрактыўным фармаце. Любая інфармацыя і веды па эфектыўнай падтрымцы дзіцяці або падлетка, якія сутыкнуліся менавіта з лічбавымі пагрозамі ў інтэрнэт-прасторы, патрабуюць пастаяннай актуалізацыі: тое, што было важна яшчэ на мінулым тыдні, сёння ўжо можа быць неактуальна. Таму неабходна пастаянна развіваць свае кампетэнцыі па гэтых пытаннях, абнаўляць веды і рэсурсы дапамогі. Настаўнікі павінны валодаць інфармацыяй наконт таго, куды навучэнцам звяртацца па дапамогу і куды самі педагогі могуць звярнуцца ў сітуацыі, калі сутыкнуліся з чымсьці, што не атрымліваецца вырашыць самастойна.
