Смажанка - толькі два разы на тыдзень або як знізіць залішнюю вагу вучняў і… іх партфеляў

Для прафілактыкі атлусцення беларускіх вучняў у школьных буфетах абмяжуюць продаж сасісак у цесце і смажанак да двух разоў на тыдзень, дзеля зніжэння фізічнай нагрузкі на пазваночнік — зменшаць вагу падручнікаў, а каб выратаваць дзяцей ад сістэматычнага стамлення, прапануюць адмяніць хатнія заданні.

Партфель сучасных старшакласнікаў лягчэйшы, чым у 5 або 6-клашак, вага ранцаў якіх перавышае нормы на 20-30%. Такія вынікі даследаванняў агучыла на сустрэчы з журналістамі Ала Малахава, загадчык аддзялення гігіены дзяцей і падлеткаў Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя:

— У апошніх класах вучні дамаўляюцца паміж сабою і носяць адзін падручнік на дваіх, і гэта разумна. Але, на жаль, некаторыя настаўнікі забараняюць такі варыянт, патрабуючы, каб у кожнага было ўсё сваё. Я бачыла, што нават энцыклапедыі дзеці з сабою носяць. Можна дазволіць вучням цягаць з сабой менш, калі, напрыклад, у пачатковай школе пакідаць у класе некаторыя прылады: фарбы, альбомы, кнігі для пазакласнага чытання. Настаўнікі павінны кантраляваць вагу ранцаў, сачыць, што носяць з сабою дзеці. Некаторыя, бывае, і ўчарашні «груз» не выкладаюць з сумак.

І ўсё ж дзякуючы прафілактыцы колькасць выпадкаў парушэння постаці і зроку ў дзяцей ад 0 да 17 гадоў зменшылася ў параўнанні з лічбамі папярэдняга года на 5,6% і 9,6% адпаведна. Зніжаюцца і лічбы захворванняў крывятворных органаў і сістэмы кровазвароту, псіхічных расстройстваў. Аднак не здае пазіцыі сумная і трывожная тэндэнцыя росту сярод школьнікаў праблем атлусцення, цукровага дыябету ІІ тыпу (прыдбанага праз залішнюю вагу), хвароб вачэй і вушэй, органаў дыхання. Гэта выклікана не толькі няправільным харчаваннем, але і меншай рухомасцю шкаляроў, працяглым «завісаннем» у камп’ютарах. Завышаны таксама патрабаванні навучальнай праграмы.

— Вучэбная нагрузка апераджае псіхалагічную падрыхтаванасць да яе школьніка на 1-1,5 года. Гэта адбылося ў сувязі з пераводам дзяцей на навучанне з шасці, а не з сямі гадоў, пачаткам вывучэння асобных прадметаў (фізіка, хімія, матэматыка) з меншага ўзросту і ўсталяваннем 5-дзённага школьнага тыдня. Агульная колькасць вучэбных гадзін пры гэтым паменшылася, але ж павялічылася штодзённая нагрузка. Сем урокаў цяпер бывае нават у школьнікаў сярэдніх класаў,— канстатуе спецыяліст.— У такіх умовах адмена хатніх заданняў павінна быць першачарговай задачай міністэрства адукацыі.

Неабходна перагледзець і складаны змест сучасных падручнікаў, з прычыны якога школьнікі вывучаюць прадметы з дапамогай бацькоў. Акрамя таго, патрэбна пільна сачыць за выкананнем графіка кантрольных, якіх праз пераносы можа быць па дзве на дзень.

Ірына СІДАРОК, «Звязда»
Опубликовано:
20 августа 2015
Просмотров:
1434
Категория:
Поделиться в соцсетях: