Студатрады: і вопыт, і практыка, і заробак

Як студэнту з карысцю правесці летнія канікулы? Куды ўладкавацца на працу, каб зарабіць уласныя грошы? Дзе можна набрацца вопыту па сваёй будучай спецыяльнасці і адпрацаваць летнюю практыку? На пытанні, якія кожны год задаюць сабе студэнты па ўсёй Беларусі, ёсць адказ у пярвічнай арганізацыі БРСМ БНТУ: рашэнне — работа ў будаўнічых атрадах.

Пярвічная арганізацыя БРСМ Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта штогод становіцца лідарам у краіне па арганізацыі летняй другаснай занятасці студэнтаў. За перыяд трэцяга працоўнага семестра «Лета-2016» Штабам працоўных спраў БНТУ сфарміравана 110 студэнцкіх атрадаў агульнай колькасцю 1,5 тысячы чалавек. Мы наведалі тры будоўлі, каб паглядзець, як працуецца студатрадаўцам з БНТУ.

Першы прыпынак — кітайска-беларускі індустрыяльны парк «Вялікі Камень» у Смалявіцкім раёне. Тут, за 25 кіламетраў ад сталіцы, хутка з’явяцца вытворчыя і жылыя зоны, офісныя і гандлёва-забаўляльныя комплексы, фінансавы і навукова-даследчы цэнтры, але пакуль тут кіпіць будоўля, на якой працуюць і 20 студэнтаў БНТУ з атрада «Вялікі Камень».

Усіх гасцей будучы індустрыяльны парк сустракае вялізным плакатам. На кітайскай і рускай мовах ён апавяшчае: «Час — грошы, аператыўнасць — жыццё». Здаецца, пад гэтым дэвізам працуе ўся будоўля: асноўныя работы па будаўніцтве інфраструктуры стартавай зоны «Вялікага Каменя» будуць завершаны датэрмінова — у верасні 2016 года.

«Наша праца тут — вязка арматуры, устаноўка і дэмантаж апалубкі, заліванне бетону, — патлумачыў падчас кароткай экскурсіі па будаўнічых аб’ектах камандзір атрада «Вялікі Камень» Яўген Грунтоў, студэнт будаўнічага факультэта БНТУ. — Пачынаць работу трэба ў 8:00, таму нас на аўтобусах забіраюць з Мінска ў 7 раніцы, а назад адвозяць а 5-й гадзіне вечара. Працоўны дзень — восем гадзін, ёсць абедзенны перапынак. Сталовай тут няма, але ў бытоўцы ў нас ёсць і халадзільнік, і чайнік, і мікрахвалёўка».

На будоўлі «Вялікага Каменя» будатрадаўцы будуць роўна месяц, з 5 ліпеня да 5 жніўня. Заработная плата здзельная, па выніках працы: за адпрацаваныя гадзіны і за здадзеныя аб’екты. Канкрэтнай сумы пакуль ніхто не агучвае, але вядома, што для студэнтаў будаўнічая праца — справа прыбытковая: у 2015 годзе за месяц хлопцы атрымлівалі па 5—10 млн рублёў. Па словах камандзіра атрада, на гэтую будоўлю жадаючых было шмат — з тых, хто паспеў запісацца, адбіралі лепшых.«Мы ўсе з БНТУ, большасць — з будаўнічага факультэта, — расказаў Яўген, — таму для нас гэта асабліва важна: нельга кіраваць, самому не паспрабаваўшы працаваць на будоўлі. Хтосьці сюды прыйшоў падзарабіць, каб не сядзець лета без справы, у кагосьці гэтая праца пойдзе ў залік летняй практыкі. Я тут для таго, каб набрацца вопыту, папрацаваць сваімі рукамі».

Будаўнічы атрад БНТУ на гэтым аб’екце першы год, але наступным летам на «Вялікі Камень» таксама плануюць працаўладкоўваць студэнтаў. «У БРСМ адразу прапанавалі работу, інакш мы самі б шукалі, а гэта больш складана, — падзяліўся будатрадавец і будучы трэцякурснік будаўнічага факультэта БНТУ Станіслаў Кірычэнка.Тым больш што практыку звычайна прапаноўваюць адпрацаваць бясплатна, гэта не ўсіх задавальняе, а тут атрымаем зарплату».

Наступны пункт — пасёлак Бараўляны, што ў Мінскім раёне. Там над узвядзеннем калектарнай станцыі працуюць яшчэ два дзясяткі студэнтаў БНТУ. У велізарным катлаване за работу студэнтаў адказвае іх вопытны камандзір пяцікурснік будаўнічага факультэта Арцём Фесенка. Ён рэкардсмен: будоўля калектара — яго сёмы па ліку будаўнічы атрад. Да гэтага Арцём пабываў на многіх знакавых для краіны аб’ектах: працаваў на будоўлі Беларускай АЭС у Астраўцы, у студгарадку на вуліцы Чурлёніса ў Мінску, у Нацыянальным алімпійскім камітэце, у Палацы Незалежнасці. Сёлета ў Бараўлянах ён плануе адпрацаваць два месяцы, увесь ліпень і жнівень.«Тут на месцы катлавана пабудуюць калектар, куды будзе сцякаць вада з усяго пасёлка і двароў, фільтравацца, ачышчацца і запускацца ў грунт, — кажа Арцём. — Працуем па стандартным графіку, з Мінска і назад нас адвозяць на аўтобусе. У атрадзе 21 чалавек, усе студэнты будаўнічага факультэта з 2 па 5 курс. Запісваюцца многія, але браць на такія адказныя аб’екты імкнуцца больш вопытных хлопцаў: першакурснікаў у нас няма, другакурснікаў толькі двое. Мы тут пераважна заліваем бетон, вяжам арматуру. Працоўны дзень у восем раніцы пачынаем з планёркі: мая задача — атрымаць заданне ў брыгадзіра і прараба і размеркаваць на яго людзей з атрада. Потым сачу за працоўнай дысцыплінай на працягу дня, ну і сам працую, вядома. У будаўнічым атрадзе колькі зробіш, столькі і заробіш: два гады назад на будоўлі плошчы ў Заслаўі да Дня пісьменства я, напрыклад, за два месяцы зарабіў 22,5 мільёна».

Трэці студэнцкі атрад БНТУ, сфарміраваны для дапамогі ў будаўніцтве 3-й лініі Мінскага метрапалітэна, атрымалася заспець на вуліцы К.Цэткін: там хлопцы дапамагаюць у бетонных і земляных работах. Пад грукат экскаватара камандзір атрада трэцякурснік факультэта транспартных камунікацый Аляксандр Жардзецкі абапіраецца на рыдлёўку і адказвае на пытанні: «Нас тут дзесяць чалавек. Мы ўладкаваны як падсобныя рабочыя другога разраду, робім тое, што не даручаюць кваліфікаваным спецыялістам, каб не адцягваць іх увагу. Напрыклад, сёння выстаўлялі загароды і папераджальныя знакі перад работамі на аўтамабільнай дарозе. У нас тут студэнты з факультэтаў транспартных камунікацый, энергетычнага будаўніцтва і энергафака — усіх патроху».

Як паведамілі ў Штабе працоўных спраў БНТУ, для работы на Усебеларускай маладзёжнай будоўлі — Беларускай АЭС — у ліпені — жніўні 2016 года быў сфарміраваны зводны студэнцкі будаўнічы атрад, куды ўвайшлі 83 студэнты БДУІР, БНТУ і Мінскага дзяржаўнага энергетычнага каледжа, а за ўвесь 2016 год Мінскі гарадскі штаб студэнцкіх атрадаў БРСМ плануе працаўладкаваць у студатрадах каля 10 тысяч чалавек.

Нагадаем, што ў Беларусі ў 2016 годзе на часовае працаўладкаванне навучэнскай моладзі выдзелена 45,5 млрд беларускіх рублёў (да дэнамінацыі), а ўсяго работу ў гэтай сферы прапануюць не менш чым 70 тысячам чалавек.

Кацярына ЖОРАВА, Настаўніцкая газета
Опубликовано:
2 августа 2016
Просмотров:
1408
Категория:
Поделиться в соцсетях: