Сямейны капітал, гарантыі і льготы

Дзяржаўная сацыяльная падтрымка сем’яў з дзецьмі была актуальнай заўсёды, і пераканацца ў гэтым давялося яшчэ раз падчас прамой лініі ў рэдакцыі «Настаўніцкай газеты». Сямейны капітал і льготы сем’ям, дзе выхоўваюцца дзеці з абмежаванымі магчымасцямі, асаблівасці прызначэння дапамог і працоўныя гарантыі бацькам — такой аказалася асноўная тэматыка пытанняў, адказы на якія давалі намеснік начальніка аддзела народанасельніцтва, гендарнай і сямейнай палітыкі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Марына Барысаўна Арцёменка, кансультант аддзела народанасельніцтва, гендарнай і сямейнай палітыкі Міністэрства Святлана Мікалаеўна Белаш, кансультант аддзела працоўнага заканадаўства юрыдычнага ўпраўлення Міністэрства Таццяна Валер’еўна Рахуба і начальнік аддзела сацыяльнага страхавання Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Ларыса Іванаўна Капыльская.

— 3 якой перыядычнасцю можа прадастаўляцца адрасная сацыяльная дапамога мнагадзетным сем’ям?

М.Б.Арцёменка.
Перыядычнасць прадастаўлення дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі залежыць не ад катэгорыі сем’яў, а ад таго, які гэта від дапамогі. Паводле Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 41 ад 19 студзеня 2012 года, ёсць пяць напрамкаў адраснай падтрымкі.

Так, штомесячная сацыяльная дапамога прадастаўляецца малазабяспечаным сем’ям, сярэднедушавы даход якіх па аб’ектыўных прычынах не дасягае 100% бюджэту пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва. Дарэчы, на сёння БПМ складае 1 569 130 рублёў. Гэтая дапамога прызначаецца на перыяд ад 1 да 6 месяцаў на працягу года з пачатку моманту звароту з улікам таго, якія захады робіць сям’я для паляпшэння ўзроўню свайго дабрабыту. Разам з тым адразу на перыяд 12 месяцаў уключна такая дапамога можа прызначацца няпоўным сем’ям, дзе ёсць дзіця-інвалід ва ўзросце да 18 гадоў.

Права на аднаразовую сацыяльную дапамогу ўзнікае ў сем’яў, якія апынуліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, пры ўмове, што іх сярэднедушавы даход не перавышае 1,5 БПМ. Такі від дапамогі, як правіла, прызначаецца адзін раз на працягу каляндарнага года. Паўторна на працягу каляндарнага года яе могуць атрымаць сем’і, якія пацярпелі ад стыхійных бедстваў, пажараў і ў выніку іншых форс-мажорных сітуацый.

Права на забеспячэнне прадуктамі харчавання дзяцей першых двух гадоў жыцця маюць малазабяспечаныя сем’і, якія па аб’ектыўных прычынах атрымліваюць даход на чалавека ніжэй чым 100% БПМ. Разлік даходаў членаў сям’і здзяйсняецца за 12 месяцаў, якія папярэднічаюць месяцу звароту. Аднак пры нараджэнні ў сям’і двойні і большай колькасці дзяцей адначасова дапамога аказваецца незалежна ад узроўню даходу. Гэты від падтрымкі прадастаўляецца ў натуральнай форме — у выглядзе набору прадуктаў харчавання на кожныя 6 месяцаў да дасягнення дзіцем узросту 2 гадоў. Трэба таксама дадаць, што бясплатнае забеспячэнне прадуктамі харчавання, як і прадастаўленне штомесячнай сацыяльнай дапамогі, здзяйсняецца толькі пры ўмове занятасці або рэгістрацыі ў якасці беспрацоўнага працаздольнага бацькі ў поўнай сям’і ці працаздольнай асобы, з якой маці не знаходзіцца ў афіцыйным шлюбе, але сумесна пражывае. Пры гэтым перыяд занятасці на працягу разліковага перыяду павінен быць не менш за 6 месяцаў.

Сацыяльная дапамога на аплату тэхнічных сродкаў сацыяльнай рэабілітацыі аказваецца без уліку ўзроўню даходаў інвалідам ІІІ групы і дзецям ва ўзросце да 18 гадоў пры наяўнасці адпаведных медыцынскіх паказанняў. Гэтая дапамога прадастаўляецца на перыяд эксплуатацыі сродкаў рэабілітацыі. Нарэшце, ёсць дапамога на кампенсацыю выдаткаў пры набыцці падгузнікаў інвалідам І групы і дзецям-інвалідам з чацвёртай ступенню страты здароўя. Такая дапамога прадастаўляецца на падставе адпаведнага медыцынскага заключэння чатыры разы на працягу каляндарнага года незалежна ад узроўню даходаў.1

— У якім выпадку прызначаецца дапамога на дзяцей ва ўзросце больш чым 3 гады?

М.Б.Арцёменка. На дзяцей такога ўзросту прадугледжаны два віды дапамогі. Адна з іх прызначаецца на падставе Закона «Аб дзяржаўных дапамогах сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей» пэўным катэгорыям. Гаворка аб сем’ях з дзіцем-інвалідам да 18 гадоў; сем’ях, дзе выхоўваецца ВІЧ-інфіцыраванае дзіця ва ўзросце да 18 гадоў; сем’ях, у якіх бацька ці айчым праходзіць тэрміновую вайсковую службу, а таксама аб выпадках, калі абодва бацькі або адзін з бацькоў у няпоўнай сям’і з’яўляюцца інвалідамі І—ІІ групы ці калі ад зін з бацькоў мае інваліднасць І групы, а другі даглядае яго і атрымлівае дапамогу па доглядзе.

У такіх сітуацыях памер дапамогі на кожнае дзіця ва ўзросце больш чым 3 гады складае 50% , а на дзіця-інваліда — 70% БПМ. Аднак для гэтых катэгорый прад’яўляецца ўмова занятасці бацькоў. Працаздольны бацька ў поўнай або адзіны з працаздольных бацькоў у няпоўнай сям’і павінны адносіцца да занятых асоб на момант звароту па дапамогу, а таксама не менш чым на працягу 6 месяцаў на працягу года, які папярэднічаў такому звароту. У агульным правіле ёсць толькі некалькі выключэнняў. Умова занятасці не распаўсюджваецца на тых, каму ў год звароту па дапамогу прызначана пенсія, дапамога па доглядзе дзіцяці-інваліда ва ўзросце да 18 гадоў, за інвалідам І групы ці асобай, якая дасягнула 80- гадовага ўзросту, дапамога на дзіця ва ўзросце да 18 гадоў, інфіцыраванае вірусам імунадэфіцыту чалавека.

Другі від дапамогі ўведзены з сёлетняга студзеня Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 572 ад 9 снежня мінулага года. Такая дапамога прызначаецца на дзяцей ва ўзросце ад 3 да 18 гадоў у выпадку, калі ў сям’і выхоўваецца дзіця да 3-гадовага ўзросту. Якіх-небудзь іншых умоў тут няма. Памер гэтага віду дапамогі вызначаны ў 50% БПМ на сям’ю незалежна ад колькасці дзяцей.

Застаецца дадаць, што абодва віды дапамогі прызначаюцца ва агульнаўстаноўленым парадку: па месцы работы або службы маці, а калі маці не працуе — па месцы работы або службы бацькі. І яшчэ: калі сям’я адначасова мае права на два віды дапамогі, то неабходна выбраць, якую з іх атрымліваць.

— Якія дакументы неабходна сабраць для прызначэння сямейнага капіталу? Якія існуюць умовы яго атрымання?

М.Б.Арцёменка. Новая мера падтрымкі сем’яў — сямейны капітал — уведзена Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 572 ад 9 снежня 2014 года з пачатку сёлетняга студзеня. Так, указ прадугледжвае, што ў сям’і пры нараджэнні ці ўсынаўленні трэцяга і наступных дзяцей з’яўляецца права на аднаразовае атрыманне безнаяўных грашовых сродкаў у памеры 10 тысяч долараў ЗША. Праграма гэтая часовая, разлічана на пяць гадоў і распаўсюджваецца на сем’і, дзе нарадзілася трэцяе або наступнае дзіця ў перыяд з 1 студзеня 2015 па 31 снежня 2019 года. Прычым калі дзіця было ўсыноўлена, то дата яго нараджэння павінна таксама быць не раней за 1 студзеня 2015 года. Асноўнымі ўмовамі прадастаўлення сямейнага капіталу з’яўляецца наяўнасць грамадзянства нашай краіны ў аднаго з бацькоў ці ўсынавіцеляў і яго пастаяннае пражыванне ў Рэспубліцы Беларусь, а таксама пастаяннае пражыванне дзяцей, якія ўваходзяць у склад сям’і, на тэрыторыі Беларусі.

Трэба ведаць, што права на прызначэнне сямейнага капіталу мае маці або мачаха ў поўнай сям’і, адзіны з бацькоў у няпоўнай сям’і, усынавіцель ці ўдачарыцель. Пры гэтым калі ў поўнай сям’і права на прызначэнне сямейнага капіталу ў маці няма (напрыклад, калі ў яе адсутнічае беларускае грамадзянства), то такая магчымасць узнікае ў бацькі ці айчыма пры выкананні вызначаных умоў. Таксама важна адзначыць, што рэалізаваць права на прызначэнне сямейнага капіталу можна не пазней чым праз 6 месяцаў з дня нараджэння, усынаўлення, удачарэння трэцяга ці наступных дзяцей і што сямейны капітал прадастаўляецца толькі адзін раз.

Для прызначэння сямейнага капіталу ў мясцовы выканаўчы і распарадчы орган у адпаведнасці з рэгістрацыяй па месцы жыхарства падаюцца наступныя дакументы: заява па ўстаноўленай форме; пашпарт грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, які мае права на сямейны капітал; пасведчанні аб нараджэнні дзяцей, якія ўлічваюцца ў складзе сям’і. Акрамя таго, поўныя сем’і прадастаўляюць пасведчанне аб шлюбе і дакумент, які сведчыць аб асобе мужа ці жонкі, а няпоўныя сем’і — дакументы, якія пацвярджаюць гэты статус, напрыклад, пасведчанне аб смерці мужа ці жонкі, копію рашэння суда аб скасаванні шлюбу або пасведчанне аб скасаванні шлюбу. У сваю чаргу мясцовы выканкам дадаткова запытвае даведку аб месцы жыхарства і складзе сям’і, а таксама неабходную інфармацыю ў адносінах да дзяцей, якія ўлічваюцца ў складзе сям’і. Непасрэдна ж рашэнне аб прызначэнні або адмове ад прызначэння сямейнага капіталу прымаецца ў месячны тэрмін з дня падачы грамадзянінам заявы.

Наступны этап — адкрыццё дэпазітнага рахунку. Тут таксама важна не прапусціць тэрмін і не пазней чым праз 6 месяцаў з даты прыняцця рашэння аб прызначэнні сямейнага капіталу звярнуцца ў філіял ААТ «Беларусбанк», адрас якога ўказаны ў такім рашэнні. І крыху аб распараджэнні сродкамі. Права на іх выкарыстанне з’яўляецца пасля таго, як споўніцца 18 гадоў дзіцяці, у сувязі з нараджэннем, усынаўленнем ці ўдачарэннем якога сям’і і быў прызначаны сямейны капітал.

Асаблівасць сямейнага капіталу ў тым, што ён хоць і прызначаецца аднаму чалавеку (як правіла, гэта маці), але выкарыстоўваць яго можна на патрэбы ўсіх членаў сям’і па частках ці ў поўным аб’ёме. Прычым склад сям’і вызначаецца на дату падачы ў мясцовы выканаўчы і распарадчы орган заявы аб распараджэнні сродкамі сямейнага капіталу. Дарэчы, распараджацца сродкамі са згоды членаў сям’і можа адзін чалавек. Калі ж згоды няма, то сямейны капітал будзе падзелены паміж усімі членамі сям’і ў роўных долях.

— Як можна выкарыстоўваць сямейны капітал?

М.Б.Арцёменка. Сродкі сямейнага капіталу можна накіроўваць на паляпшэнне жыллёвых умоў, аплату адукацыі, атрыманне сацыяльных паслуг і паслуг у сферы аховы здароўя, фарміраванне дадатковай пенсіі маці ці мачахі ў поўнай або адзінага з бацькоў у няпоўнай сям’і. Датэрмінова сямейны капітал можа быць выкарастаны толькі на платныя медыцынскія паслугі на падставе заключэння дзяржаўнай урачэбна-кансультацыйнай камісіі.

— 12 ліпеня ў нашай сям’і нарадзілася трэцяе дзіця, а 21 ліпеня старэйшаму сыну споўнілася 18 гадоў. Ці можам мы разлічваць на атрыманне сямейнага капіталу?

М.Б.Арцёменка.
Пры вызначэнні складу сям’і ўлічваюцца яе члены, якім не споўнілася 18 гадоў на дату нараджэння (усынаўлення ці ўдачарэння) трэцяга ці наступных дзяцей. У вашай сітуацыі, паколькі трэцяе дзіця нарадзілася пасля 1 студзеня гэтага года і на момант нараджэння ў сям’і выхоўваліся трое непаўналетніх дзяцей, права на сямейны капітал пры выкананні іншых умоў (у прыватнасці наконт пастаяннага пражывання ў Беларусі) у вас ёсць. Адначасова зноў жа звяртаем увагу, што звярнуцца за прызначэннем сямейнага капіталу трэба на працягу 6 месяцаў з дня нараджэння трэцяга дзіцяці, пры гэтым неабходна прадаставіць пасведчанні аб нараджэнні ўсіх траіх дзяцей, у тым ліку сына, які ўжо дасягнуў 18-гадовага ўзросту.

— У верасні нарадзілася чацвёртае дзіця, аднак сітуацыя такая: муж з’яўляецца грамадзянінам Рэспублікі Беларусь, а я грамадзянка Расійскай Федэрацыі з відам на жыхарства ў Беларусі. Мы маем права на сямейны капітал?

М.Б.Арцёменка. Калі ў поўнай мнагадзетнай сям’і толькі адзін з бацькоў мае грамадзянства Беларусі і пастаянна пражывае ў нашай краіне, а таксама калі ў нашай краіне пражываюць дзеці, то права на сямейны капітал ёсць. І звяртацца па яго неабходна менавіта грамадзяніну Беларусі, у гэтым канкрэтным выпадку — вашаму мужу. А вы і дзеці будзеце ўключаны ў склад сям’і.

— Ці павінны выплаціць аднаразовую дапамогу маці, якая да 12-тыднёвага тэрміну цяжарнасці стала на ўлік у жаночай кансультацыі ў недзяржаўным медыцынскім цэнтры?

С.М.Белаш.
Магчымасці атрымаць дзяржаўную дапамогу, прадугледжаную заканадаўствам пры пастаноўцы на ўлік у раннія тэрміны цяжарнасці, у гэтай сітуацыі няма. У адпаведнасці з артыкулам 10 Закона «Аб дзяржаўных дапамогах сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей», права на гэты від дапамогі маюць жанчыны, якія сталі на ўлік толькі ў дзяржаўных арганізацыях аховы здароўя, рэгулярна наведвалі такія арганізацыі і выконвалі прадпісанні ўрачоў-спецыялістаў на працягу ўсяго тэрміну цяжарнасці.

— Дачка, якая вучыцца на дзённым аддзяленні ва ўстанове вышэйшай адукацыі, у хуткім часе павінна нарадзіць. У якіх памерах ёй будуць выплачвацца дапамогі на дзіця?

С.М.Белаш.
Пасля прад’яўлення па месцы навучання лістка непрацаздольнасці дачка павінна атрымаць дапамогу па цяжарнасці і родах. А затым зноў жа па месцы навучання будуць рабіцца іншыя выплаты па яе заяве. Гэта аднаразовая дапамога пры пастаноўцы на ўлік у раннія тэрміны цяжарнасці ў дзяржаўнай установе аховы здароўя ў памеры 100% БПМ; аднаразовая дапамога пры нараджэнні дзіцяці (на першае дзіця памер такой дапамогі складае 10, а на другое і наступных дзяцей — 14 БПМ); пасля заканчэння тэрміну лістка непрацаздольнасці па цяжарнасці і родах — штомесячныя дапамогі на дзіця ва ўзросце да 3 гадоў (на першае дзіця — 35%, на другое і наступных дзяцей — 40% сярэдняй зарплаты работнікаў па краіне за квартал). Дарэчы, заўважым, што выплата штомесячнай дапамогі здзяйсняецца незалежна ад атрымання стыпендыі.

— Права на якія пенсіі і дапамогі маюць сем’і, дзе выхоўваецца дзіця-інвалід?

С.М.Белаш. Па-першае, трэба сказаць аб сацыяльнай пенсіі на дзіця-інваліда ва ўзросце да 18 гадоў, якая прызначаецца ў органах па працы, занятасці і сацыяльнай абароне. Памер пенсіі залежыць ад вызначанай дзіцяці ступені страты здароўя. Так, пры першай ступені страты здароўя гэта 80%, другой ступені — 85%, трэцяй ступені — 95%, чацвёртай ступені — 110% найбольшай велічыні бюджэту пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва за два апошнія кварталы.

Па-другое, бацькі, якія выхоўваюць дзіця-інваліда, маю ць права на шэраг дзяржаўных дапамог. Так, пры выхаванні ў сям’і дзіцяці-інваліда да 3 гадоў дапамога на яго прызначаецца ў павышаным (45% ад сярэднямесячнай зарплаты работнікаў у краіне) памеры незалежна ад колькасці дзяцей у гэтай сям’і. Цяпер памер такой дапамогі адпавядае 3 013 800 рублям. Калі ў сям’і разам з дзіцем-інвалідам выхоўваюцца іншыя дзеці ва ўзросце больш чым 3 гады, то бацькі маюць права на дапамогу на дзяцей, старэйшых за 3 гады. Тут памер дапамогі дыферэнцыраваны: 70% БПМ — на дзіця-інваліда ва ўзросце звыш 3 гадоў і 50% БПМ — на іншых дзяцей у сям’і ў такім жа ўзросце. На сёння гэтыя дапамогі складаюць адпаведна 1 098 400 і 784 600 рублёў.

Непрацуючыя бацькі ці іншыя непрацуючыя асобы, якія даглядаюць дзіця-інваліда, маюць права на дапамогу па доглядзе дзіцяці-інваліда ва ўзросце да 18 гадоў. Гэтая дапамога прызначаецца ў органах па працы, занятасці і сацыяльнай абароне па месцы жыхарства і выплачваецца ў памеры 100% БПМ незалежна ад вызначанай дзіцяці ступені страты здароўя.

У выпадку санаторна-курортнага лячэння ці медыцынскай рэабілітацыі дзіцяці-інваліда працуючыя бацькі могуць разлічваць на дапамогу па часовай непрацаздольнасці для іх догляду. Дапамога прызначаецца ў памеры 100% сярэднядзённага заробку на ўвесь перыяд догляду ў санаторна-курортных арганізацыях, цэнтрах медыцынскай і медыка-сацыяльнай рэабілітацыі з улікам часу, неабходнага для праезду туды і назад. Патрэба ў такім доглядзе ўстанаўліваецца ўрачэбна-кансультацыйнай камісіяй арганізацыі аховы здароўя па месцы жыхарства ці знаходжання дзіцяці.

Асобная гаворка аб дапамозе па часовай непрацаздольнасці маці ці іншай асобы, якая фактычна даглядае дзіця-інваліда. Гэтая дапамога прызначаецца на ўвесь перыяд, на працягу якога маці ці іншая асоба па заключэнні ўрача не можа здзяйсняць такі догляд. Нарэшце, заўважым: дзяржаўная адрасная сацыяльная дапамога ў выглядзе кампенсацыі выдаткаў на набыццё падгузнікаў для дзяцей-інвалідаў з чацвёртай ступенню страты здароўя прызначаецца незалежна ад узроўню даходаў сям’і.

— Якія працоўныя гарантыі і іншыя льготы вызначаны для сем’яў з дзіцём-інвалідам ва ўзросце да 18 гадоў?

С.М.Белаш. Працуючыя бацькі ў такіх сем’ях (маці ці мачаха, бацька ці айчым) маюць права на дадатковыя аплатныя свабодныя ад работы дні: у месяц — за кошт сродкаў дзяржаўнага сацыяльнага страхавання, у тыдзень — за кошт сродкаў наймальніка. Бацькам у сем’ях, дзе выхоўваецца дзіця-інвалід, прадастаўляецца стандартны падатковы вылік на кожнае дзіця ў месяц (с 1 студзеня 2015 года — у памеры 410 000 рублёў), а бацькам — плацельшчыкам адзінага падатку яго стаўкі змяншаюцца на 20%.

Для сем’яў з дзецьмі-інвалідамі прадугледжаны паслугі нянькі (прадастаўляюцца ў тэрытарыяльных цэнтрах сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва па месцы жыхарства) і сацыяльнай перадышкі (прадастаўляюцца стацыянарнымі ўстановамі сацыяльнага абслугоўвання — дамамі-інтэрнатамі для дзяцей-інвалідаў). З бацькоў, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў, не бярэцца плата за харчаванне дзяцей ва ўстановах дашкольнай адукацыі. У агульнаадукацыйных установах навучэнцам з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, якія вучацца ў спецыяльных ці інтэграваных класах, прадастаўляецца бясплатнае харчаванне. Таксама для дзяцей-інвалідаў і дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця вызначана бясплатнае карыстанне падручнікамі і вучэбнымі дапаможнікамі.

Сем’ям з дзецьмі-інвалідамі, якія знаходзяцца ў чарзе на паляпшэнне жыллёвых умоў, прадастаўлена права на атрыманне жылога памяшкання сацыяльнага карыстання дзяржаўнага жылфонду незалежна ад даходу і маёмасці. А плата за паслугі водазабеспячэння, водаадвядзення, газа- і электразабеспячэння няпоўным сем’ям з дзецьмі-інвалідамі, а таксама поўным сем’ям, якія выхоўваюць дзіця-інваліда з трэцяй ці чацвёртай ступенню страты здароўя, здзяйсняецца па субсідзіраваных тарыфах для насельніцтва без выкарыстання вызначанага парадку дыферэнцыраваных тарыфаў.

Да таго ж, дзеці-інваліды ва ўзросце да 18 гадоў маюць права на бясплатнае забеспячэнне лекамі, якія выдаюцца па рэцэптах урачоў у межах пераліку асноўных лекавых сродкаў; права на першачарговае бясплатнае санаторна-курортнае лячэнне (пры наяўнасці медыцынскіх паказанняў і адсутнасці проціпаказанняў) або аздараўленне (пры адсутнасці медыцынскіх проціпаказанняў). Пры гэтым асобы, якія суправаджаюць дзіця-інваліда ў санаторна-курортныя ці аздараўленчыя арганізацыі, забяспечваюцца пуцёўкамі бясплатна пры неабходнасці такога суправаджэння.

Дзецям-інвалідам ва ўзросце да 18 гадоў вызначана права на бясплатны праезд на ўсіх відах гарадскога транспарту (за выключэннем таксі) незалежна ад месца жыхарства, а ў выпадку пражывання ў сельскай мясцовасці — на аўтатранспарце агульнага карыстання рэгулярных міжгародніх зносін у межах адміністрацыйнага раёна па месцы жыхар-ства і права на бясплатны праезд на чыгуначным, водным і аўтамабільным пасажырскім транспарце (акрамя таксі) агульнага карыстання рэгулярных прыгарадных зносін. Пры гэтым ільготы на праезд, прадугледжаныя дзіцяці-інваліду, распаўсюджваюцца на асобу, якая яго суправаджае.

Дадатковыя льготы і гарантыі могуць прадастаўляцца па месцы працы бацькоў у адпаведнасці з калектыўнымі дагаворамі і лакальнымі пагадненнямі. У нашай краіне таксама дзейнічае шэраг грамадскіх арганізацый і дабрачынных фондаў, якія спецыялізуюцца на аказанні дапамогі сем’ям з дзецьмі-інвалідамі.

— Ці працягнецца выплата дапамогі на дзіця ва ўзросце да 3 гадоў у выпадку работы па дагаворы падраду?

С.М.Белаш.
Работа па грамадзянска-прававым дагаворы не з’яўляецца падставай для спынення выплаты дапамогі па доглядзе дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў. У перыяд работы на падставе такога дагавора абмяжоўваецца толькі сума дапамогі — яна выплачваецца ў памеры 50%. Прычым варта звярнуць увагу, што памер дапамогі абмяжоўваецца на ўвесь тэрмін дзеяння грамадзянска-прававога дагавора незалежна ад часу фактычна выкананай работы ці атрымання ўзнагароджання. Напрыклад, такая сітуацыя: грамадзянска-прававы дагавор на аказанне паслуг заключаны на тэрмін з 1 студзеня па 30 чэрвеня, а работы па ім выконваліся ў лютым, красавіку і маі. У такім разе памер дапамогі пераразлічваецца за ўвесь тэрмін дзеяння дагавора — з 1 студзеня па 30 чэрвеня.

— Ці можа быць звольнена цяжарная жанчына ў выпадку ліквідацыі арганізацыі?

Т.В.Рахуба.
Можа. Атрыкул 268 Працоўнага кодэкса сапраўды вызначае забарону на скасаванне працоўных дагавораў (кантрактаў) па ініцыятыве наймальніка з цяжарнымі жанчынамі, але за выключэннем некаторых выпадкаў. У прыватнасці, да такіх выключных выпадкаў адносіцца ліквідацыя арганізацыі, спыненне дзейнасці філіяла, прадстаўніцтва ці іншага адасобленага падраздзялення арганізацыі, размешчаных у іншай мясцовасці, спыненне дзейнасці індывідуальнага прадпрымальніка, а таксама вінаватыя дзеянні з боку работнікаў.

— Ці мае якія-небудзь дадатковыя гарантыі падчас скарачэння штату арганізацыі жанчына, якая выхоўвае дзіця-інваліда?

Т.В.Рахуба.
Працоўным кодэксам вызначана забарона на скасаванне працоўнага дагавора (кантракта) толькі з адзінокімі маці, якія выхоўваюць дзяцей ва ўзросце да 14 ці дзяцей-інвалідаў ва ўзросце да 18 гадоў, зноў жа за выключэннем выпадкаў ліквідацыі арганізацыі і спынення дзеяння індывідуальных прадпрымальнікаў, а таксама вінаватых учынкаў работніка. Разам з тым дадатковыя гарантыі падчас скарачэння колькасці ці штату работнікаў для маці з дзіцем-інвалідам у поўнай сям’і могуць быць прадугледжаны палажэннямі калектыўнага дагавора або тарыфнага пагаднення. Выкананне гэтых палажэнняў для наймальніка з’яўляецца абавязковым.

— У якім выпадку можна перааформіць на бацьку водпуск па доглядзе дзіцяці да 3 гадоў?

Т.В.Рахуба.
Паводле другой часткі 185 артыкула Працоўнага кодэкса, такі водпуск можа быць прадастаўлены працуючаму бацьку ці іншаму сваяку — члену сям’і дзіцяці ў выпадку выхаду маці на работу ці службу, вучобу (пры атрыманні прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай, вышэйшай або пасляўніверсітэцкай адукацыі), праходжання падрыхтоўкі ў клінічнай ардынатуры на дзённай форме, а таксама калі маці з’яўляецца індывідуальным прадпрымальнікам, натарыусам, адвакатам, творчым работнікам, работнікам, які здзяйсняе рамесніцкую дзейнасць, — за выключэннем асоб, якія прыпынілі адпаведную дзейнасць у парадку, вызначаным заканадаўствам.

— Ці можа цяжарная жанчына скасаваць датэрмінова кантракт па ўласным жаданні?

Т.В.Рахуба.
Паводле артыкула 41 Працоўнага кодэкса, тэрміновы працоўны дагавор можна скасаваць па патрабаванні работніка толькі ў выпадку яго хваробы ці інваліднасці, іншых уважлівых прычын, якія перашкаджаюць далейшаму выкананню работы, а таксама ў выпадку парушэння наймальнікам заканадаўства аб працы, калектыўнага ці працоўнага дагавора. І, дарэчы, факт парушэння наймальнікам заканадаўства аб працы, калектыўнага ці працоўнага дагавора ўстанаўліваецца дзяржаўнай інспекцыяй працы, прафсаюзамі або судом. Пры гэтым асаблівых умоў для цяжарнай жанчыны, якая хоча датэрмінова скасаваць кантракт, заканадаўства не прадугледжвае. Такім чынам, на гэтую катэгорыю жанчын распаўсюджваецца агульнае правіла.

— Ці павінны прадастаўляць дадатковы водпуск для здачы сесіі пры атрыманні другой вышэйшай адукацыі без накіравання наймальніка?

Т.В.Рахуба.
У выпадку атрымання другой выйшэйшай адукацыі без накіравання наймальніка прадастаўленне водпуску без захавання зарплаты для здачы сесіі з’яўляецца толькі правам, а не абавязкам наймальніка. Абавязак з’яўляецца толькі тады, калі ёсць накіраванне і адпаведны дагавор на атрыманне адукацыі, а таксама калі норма аб водпусках на здачу сесіі замацавана ў працоўным або калектыўным дагаворы.

— Заняткі ў школе пачынаюцца ў 8 гадзін раніцы, аднак я да гэтага часу не паспяваю прыйсці на работу, бо трэба адвесці дзіця ў садок. Што можна зрабіць у такой сітуацыі?

Т.В.Рахуба.
Артыкул 289 Працоўнага кодэкса прадугледжвае, што як пры прыёме на работу, так і пазней, паводле дамоўленасці з наймальнікам, работніку вызначаецца няпоўны працоўны час. Пры гэтым па просьбе жанчыны, якая мае дзіця ва ўзросце да 14 гадоў (і ў тым ліку калі дзіця знаходзіцца на папячэнні), наймальнік абавязаны вызначыць няпоўны працоўны дзень або тыдзень. Умова аб рабоце з няпоўным працоўным часам уключаецца ў працоўны дагавор пры прыёме на работу, а пераход на няпоўны працоўны час у перыяд працоўнай дзейнасці афармляецца загадам ці распараджэннем наймальніка.

— Ці павінны змяніць графік працоўных водпускаў па жаданні жанчыны, якая зацяжарала? Як часта можа браць водпускі без захавання заработнай платы цяжарная жанчына?

Т.В.Рахуба.
Умовы прадастаўлення працоўных водпускаў за другі і наступныя рабочыя гады замацаваны ў 167 артыкуле Працоўнага кодэкса. Так, час асноўнага і дадатковага водпуску за другі і наступныя гады вызначаецца ў любы тэрмін рабочага года на падставе чарговасці. У сваю чаргу гэтая чарговасць рэгламентуецца графікам, які зацвярджаецца наймальнікам і ўзгадняецца з прафсаюзам (калі такое ўзгадненне прадугледжана калектыўным дагаворам). Прычым, паводле пункта 5 чацвёртай часткі гэтага ж артыкула Працоўнага кодэкса, пры складанні графіка наймальнік па жаданні жанчыны-работніцы абавязаны запланаваць працоўны водпуск у пэўны перыяд перад водпускам па цяжарнасці і родах ці пасля яго. Гэтая норма з’яўляецца абавязковай. Варта таксама адзначыць, што, паводле пункта 1 артыкула171 Працоўнага кодэкса, працоўны водпуск можа быць перанесены ці працягнуты ў бягучым рабочым годзе, у прыватнасці пры наступленні тэрміну водпуску па цяжарнасці і родах.

З гэтага вынікае, што ў выпадку пісьмовай заявы цяжарнай жанчыны і пры наяўнасці ў яе права на працоўны водпуск вам абавязаны прадаставіць яго ў поўным памеры перад водпускам па цяжарнасці і родах або адразу пасля заканчэння такога водпуску. Астатнія варыянты пераносу працоўнага водпуску магчымы толькі па дамоўленасці бакоў — наймальніка і работніка.

А цяпер наконт другога пытання. Прадастаўленне кароткачасовага водпуску без захавання зарплаты па сямейна-бытавых і іншых уважлівых прычынах магчыма тэрмінам не больш чым 30 каляндарных дзён на працягу каляндарнага года, калі іншае не прадугледжана калектыўным дагаворам, пагадненнем ці наймальнікам. Пры гэтым калектыўным дагаворам ці пагадненнем можа быць вызначана працягласць водпуску без захавання зарплаты больш чым 30 каляндарных дзён, а таксама рэгламентаваны выпадкі, калі прадастаўленне такога водпуску становіцца абавязковым. Калі ж адпаведных норм у калектыўным дагаворы ці пагадненні няма, то гэтыя пытанні вырашаюцца наймальнікам у адносінах да канкрэтных работнікаў арганізацыі.

— З 21 жніўня выйшла на работу пасля водпуску па доглядзе дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў і ў хуткім часе прадаставіла лісток непрацаздольнасці ў сувязі з хваробай дзіцяці за 5 каляндарных дзён — з 24 па 28 жніўня. Дапамога па непрацаздольнасці за гэты час разлічвалася зыходзячы з тарыфнай стаўкі. Затым на перыяд з 6 верасня па 9 студзеня наступнага года быў выдадзены лісток часовай непрацаздольнасці па цяжарнасці і родах. У якім памеры павінны налічыць дапамогу па цяжарнасці і родах з улікам таго, што я працягвала працаваць з 6 па 30 верасня?

Л.І.Капыльская.
Памер дапамогі па цяжарнасці і родах складае 100% сярэднядзённага заробку за кожны дзень знаходжання ў такім водпуску. Пры гэтым, паводле агульнага правіла, сярэднядзённы заробак разлічваецца за 6 поўных папярэдніх каляндарных месяцаў. У прыватнасці, па агульным правіле, калі лісток па часовай непрацаздольнасці па цяжарнасці і родах выдадзены з 6 верасня, то разлік павінен рабіцца за перыяд з 1 сакавіка па 31 жніўня.

Аднак тут сітуацыя асаблівая. Перад прызначэннем дапамогі па цяжарнасці і родах у разліковым перыядзе вы адпрацавалі ўсяго 6 дзён, таму трэба мець на ўвазе: заканадаўства вызначае, што калі ў разліковым перыядзе менш як 30 каляндарных дзён (пры гэтым у такі перыяд не ўключаюцца каляндарныя дні вызвалення ад працы), то дапамога па цяжарнасці і родах вызначаецца зыходзячы з тарыфнай стаўкі ці акладу (без надбавак і павышэнняў), вызначаных на дзень узнікнення права на дапамогу, або зыходзячы з сярэдняга заробку, які захоўваецца за час працоўнага і сацыяльнага (у сувязі з навучаннем) водпускаў ці часовай непрацаздольнасці.

У прыватнасці, у гэтым канкрэтным выпадку дапамога па цяжарнасці і родах павінна быць разлічана зыходзячы з тарыфнай стаўкі (без надбавак і павышэнняў), якая ўстаноўлена па стане на 6 верасня. Прычым за адпрацаваны перыяд з 6 па 30 верасня такая дапамога не прызначаецца.

— У сувязі з цяжарнасцю вызначаны няпоўны працоўны тыдзень з дадатковымі выхаднымі ў чацвер, пятніцу і суботу. Як у такім выпадку робіцца разлік дапамогі па цяжарнасці і родах?

Л.І.Капыльская.
Памер сярэднядзённага заробку вызначаецца за 6 поўных каляндарных месяцаў, якія папярэднічаюць месяцу, у якім узнікае права на дапамогу па цяжарнасці і родах. Пры гэтым выхадныя дні з разліковага перыяду не выключаюцца. Дапамога прызначаецца за ўсе каляндарныя дні, у тым ліку за дадатковыя выхадныя.

— У маі і пачатку чэрвеня замяняла калегу, які часова адсутнічаў. Ці ўлічваецца аплата за гэтую замену пры вылічэнні памеру дапамогі па цяжарнасці і родах?

Л.І.Капыльская.
У заробак для вылічэння дапамогі па цяжарнасці і родах уключаюцца ўсе віды аплаты працы (акрамя выплат аднаразовага характару), на якія, паводле заканадаўства, налічваюцца ўзносы дзяржаўнага сацыяльнага страхавання. Гаворка ў тым ліку ідзе і аб уключэнні ў заробак за адпаведныя месяцы даплат за выкананне абавязкаў работніка, які часова адсутнічаў.

Сяргей ГРЫБ, «Настаўніцкая газета»
Опубликовано:
12 октября 2015
Просмотров:
9490
Категория:
Поделиться в соцсетях: