ЦЭ, ЦТ і мэтавая падрыхтоўка. Што трэба мець на ўвазе абітурыентам

28 студзеня ў Беларусі прайшоў рэпетыцыйны цэнтралізаваны экзамен, удзел у якім узялі больш як 52 тысячы адзінаццацікласнікаў. Пад «рэпетыцыю» было задзейнічана 2600 аўдыторый у 144 пунктах правядзення ЦЭ. З боку педагагічнай грамадскасці да гэтай працэдуры былі прыцягнутыя каля 8 тысяч чалавек. Пераважна тыя педагогі, якія будуць працаваць і на самім ЦЭ. Для гэтага «рэпетыцыя» і была задумана, каб людзі атрымалі вопыт, а таксама каб ліквідаваць «вузкія месцы» ў арганізацыі экзамену.

Готовимся к ЦЭ

Дастаўка на экзамен – абавязак школы

У Міністэрстве адукацыі працаваў штаб для каардынацыі правядзення рэпетыцыйнага этапа цэнтралізаванага экзамену, які вёў аператыўны маніторынг сітуацыі на кожным пункце правядзення ЦЭ. Па інфармацыі галоўнага адукацыйнага ведамства, усё прайшло ў штатным рэжыме. Дзе-нідзе на ўваходзе ў пункты правядзення ЦЭ ўтвараліся чэргі, і гэта тая акалічнасць, над якой яшчэ трэба будзе папрацаваць.

Напрыклад, на базе БДУ рэпетыцыйны цэнтралізаваны экзамен праходзілі каля дзвюх тысяч адзінаццацікласнікаў. Пад выпрабаванне па дзесяці прадметах былі задзейнічана больш як 50 аўдыторый у пяці карпусах універсітэта. «Гэта сур'ёзная нагрузка на нашу інфраструктуру, – канстатаваў старшыня арганізацыйнай камісіі па правядзенні цэнтралізаванага экзамену і цэнтралізаванага тэсціравання ў БДУ, прарэктар універсітэта Канстанцін Казадаеў. – Невялікія чэргі на ўваходах абумоўлены цэнтралізаваным падвозам школьнікаў. Іх прывозяць адразу вялікімі групамі, а групы прапускаюцца ўжо ў парадку чарговасці...»

Паводле інструкцыі, дастаўляць вучняў на ЦЭ павінна ўстанова адукацыі. І гэта не залежыць ад таго, патрабуецца падвоз з сельскага пункта ў райцэнтр ці размова ідзе аб перамяшчэнні ў самім раённым цэнтры, абласным горадзе або ў Мінску. У Міністэрстве адукацыі тлумачаць: ЦТ – гэта асабістая справа абітурыента і яго бацькоў, якія хвалююцца, ці даехала іх дзіця да пункта здачы ЦТ, і тут школа адказнасці не нясе. А вось у дачыненні да цэнтралізаванага экзамену дастаўка, рэгістрацыя і суправаджэнне – абавязак школы, бо размова ідзе пра атрыманне атэстата.

Педагогі ўжо выказваюць свае пажаданні. Сярод прапаноў – змяніць час прыбыцця ў першасны пункт збору навучэнцаў. Не трэба збіраць дзяцей у школах у 8 раніцы, калі пачатак тэсціравання ў 11.00. Да таго ж адзінаццацікласнікі не толькі прыязджалі са сваімі суправаджаючымі педагогамі, але і пакідалі з імі ж пункт здачы іспыту. У буйных гарадах, магчыма, пасля ЦЭ дазволяць школьнікам дабірацца дадому самастойна, папярэдне атрымаўшы на гэта згоду бацькоў. Напрыклад, дзецям, якія хутка справіліся з заданнем, было нязручна працяглы час чакаць іншых.

У правядзенні новага іспыту, дарэчы, ёсць асаблівасці: рэгістрацыяй удзельнікаў займаецца пункт правядзення ЦЭ сумесна з камісіямі школ. Яшчэ адзін адметны момант – усе раёны і школы замацаваны за канкрэтнымі пунктамі, таму ў школьніка няма магчымасці выбраць самастойна іншы пункт, больш зручны для яго, як гэта адбываецца на ЦТ.

Напярэдадні рэпетыцыі члены аргкамісій прайшлі навучанне, для кожнага правялі інструктаж. У пэўны дзень сумесна з мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі ў пункты ЦЭ даставілі экзаменацыйныя матэрыялы. Яны цалкам ідэнтычныя тым, што будуць прапанаваныя выпускнікам у маі.

Рэпетыцыйны цэнтралізаваны экзамен праходзіць па адпрацаванай за многія гады тэхналогіі цэнтралізаванага тэсціравання ў тэставай форме. Тэсты сфарміраваныя на аснове заданняў базавага ўзроўню асваення праграм па вучэбных прадметах. У іх не выкарыстоўваюцца заданні павышанага пятага ўзроўню складанасці. Затое павялічылася колькасць заданняў вобласці «В» (да 20–22), дзе не прапануюцца дыстрактары (варыянты заданняў).

Тэхналогія праверкі тая ж, што і пры ЦТ, – абязлічаная, камп'ютарная. Гэта складаны, працяглы, але ў той жа час адладжаны працэс. Бланкі скануюцца, алічбоўваюцца. На гэтым этапе камп'ютар можа нешта не распазнаць, таму ў інтарэсах таго, хто здае экзамен, праводзіцца верыфікацыя. Праблема ў тым, што сучаснае праграмнае забеспячэнне не гарантуе стапрацэнтную якасць пераводу рукапіснага тэксту ў электронны фармат. А верыфікатары дапамагаюць машыне разабраць «каракулі» ў бланку, выдаляюць і ўвесь бруд: напрыклад, абітурыент выпадкова чыркнуў ручкай, і, каб камп'ютар не залічыў яму няправільны адказ, гэта з элетроннай выявы прыбіраецца. Электронная выява раздзяляецца на частку рэгістрацыі і частку адказаў. Адны аператары правяраюць толькі рэгістрацыю, а другія – толькі адказы і нават не ведаюць, чыя работа знаходзіцца перад імі на экране. Верыфікатар не бачыць бланк адказаў цалкам. За кожную вобласць адказваюць розныя людзі. Уся працэдура праверкі бланкаў строга канфідэнцыйная.

Школьная адзнака і тэставыя балы

У Рэспубліканскім інстытуце кантролю ведаў (РІКВ) абяцаюць праверыць усе тэставыя работы за два-тры тыдні. Вынікі загрузяць на сайт інстытута, і навучэнцы ў раздзеле «Вынікі ЦЭ» змогуць атрымаць іх па пашпартных даных.

Нядаўна былі зацверджаны шкалы пераводу тэставых балаў у школьную адзнаку. Для таго каб атрымаць «дзясятку» па рускай і беларускай мове, трэба набраць ад 82 да 100 балаў, па матэматыцы – ад 77 балаў да 100, па фізіцы – ад 79 да 100 балаў, хіміі – ад 85 да 100 і гэтак далей. Як відаць, інтэрвал тэставых балаў, якія гарантуюць максімальны школьны бал, даволі істотны. Між іншым, пры падачы сертыфікатаў ЦЭ ў прыёмную камісію кожны бал будзе для абітурыентаў на «вагу золата»... Дапусцім, два выпускнікі нясуць дакументы ў БДУ на спецыяльнасць «Прыкладная інфарматыка». У абодвух у школьным атэстаце па матэматыцы – «10», але адзін на ЦЭ набраў 77 балаў, а другі – 98. Зразумела, што ў другога абітурыента значна больш шанцаў на паступленне.

А калі 11-класнік атрымае на ЦЭ 1 або 2 балы – як будзе выстаўляцца адзнака яму ў атэстат? У Міністэрстве адукацыі тлумачаць, што бал, атрыманы на ЦЭ, будзе складвацца з гадавой адзнакай і дзяліцца на два. Напрыклад, калі па ЦЭ выпускнік атрымае 1 бал, а яго гадавая адзнака 3 балы, то сярэдняе арыфметычнае – «двойка». У такім выпадку навучэнец атрымае даведку, з якой можна ісці паступаць толькі ў каледж. Атэстат аб агульнай сярэдняй адукацыі будзе выдадзены, калі сярэдняе арыфметычнае паміж гадавой адзнакай і адзнакай, атрыманай на ЦЭ, па 10-бальнай шкале будзе ад 3 балаў і вышэй. Дарэчы, да ЦЭ таксама дапускаюцца толькі вучні, якія маюць гадавыя адзнакі ад 3 балаў і вышэй.

Падрыхтоўка пад патрэбы заказчыкаў

Яшчэ адна важная адметнасць уступнай кампаніі 2023 года – змяненне ў падыходах да адбору на мэтавую падрыхтоўку ў ВНУ. З аднаго боку, цяпер знятыя абмежаванні на месца знаходжання арганізацый – заказчыкаў кадраў. Калі раней мэтавая падрыхтоўка распаўсюджвалася толькі на пэўныя населеныя пункты (чарнобыльскія, сельскія рэгіёны, гарады з насельніцтвам да 20 тысяч), то цяпер дагаворы на мэтавую падрыхтоўку могуць заключаць арганізацыі і прадпрыемствы, размешчаныя ў тым ліку ў сталіцы і абласных цэнтрах. Адначасова з гэтым прадугледжана павелічэнне гранічных квот у рамках мэтавай падрыхтоўкі: на сельскагаспадарчых спецыяльнасцях – да 70 працэнтаў ад кантрольных лічбаў прыёму, па медыцынскіх – да 80 працэнтаў і па іншых спецыяльнасцях – да 60 працэнтаў. Вядома, што 60, 70 і 80 працэнтаў – гэта максімальная планка. І тут ёсць шмат акалічнасцяў. Ці знойдзецца столькі заказчыкаў, гатовых пралічыць свае патрэбы ў кадрах на 4-5 і больш гадоў наперад? Ці будуць гатовыя абітурыенты заключаць дагавор на мэтавую падрыхтоўку? Сёння такія дагаворы заключаюцца на пяць гадоў адпрацоўкі на заказчыка кадраў пасля атрымання вышэйшай адукацыі і на тры гады – пасля атрымання сярэдняй спецыяльнай адукацыі.

Мэтавая падрыхтоўка мае на ўвазе папярэдняе заключэнне дагавора паміж абітурыентам і заказчыкам кадраў яшчэ да правядзення этапу адбору, а пасля яго ўдалага праходжання – таксама і з ВНУ, дзе будуць рыхтаваць маладога спецыяліста.

Міністэрства адукацыі плануе стварыць базу даных арганізацый – заказчыкаў кадраў, якія выдаюць мэтавыя накіраванні абітурыентам, каб дапамагчы выпускнікам і работадаўцам знайсці адно аднаго. У гэтай базе будуць і ВНУ, і каледжы, дзе таксама вядзецца мэтавая падрыхтоўка.

Некаторыя кіраўнікі могуць прызначыць абітурыенту сумоўе, каб пазнаёміцца з ім бліжэй і ацаніць яго матывацыю. Мабыць, вырашальным фактарам для арганізацыі – заказчыка кадраў з'яўляецца паспяховасць абітурыента. Будучаму работадаўцу важна быць упэўненым, што прэтэндэнт на мэтавае месца зможа не толькі прайсці па конкурсе ў ВНУ або каледж, але і паспяхова скончыць вучобу. Высокія балы па профільных прадметах, наяўнасць грамат і падзячных лістоў будуць на карысць абітурыента.

Традыцыйна высокія конкурсы фарміруюцца ў медыцынскіх ВНУ. А сёлета сталічныя ўстановы аховы здароўя ўпершыню змогуць заказаць для сябе кадры. Паводле інфармацыі, размешчанай на сайце БДМУ, заключыць з абітурыентам дагавор аб мэтавай падрыхтоўцы могуць арганізацыі пад кантролем упраўленняў аховы здароўя аблвыканкамаў, абласных УП «Фармацыя», абласных цэнтраў гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя. Актуальная інфармацыя аб заключэнні мэтавых дагавораў з'явіцца на сайтах арганізацый у канцы красавіка. Выдача мэтавых напрамкаў пачнецца ў маі.

Абітурыентам, якія хочуць працаваць ва ўстановах аховы здароўя сталіцы, трэба будзе звярнуцца ў камітэт па ахове здароўя Мінгарвыканкама, у Мінскай вобласці – у галоўнае ўпраўленне аховы здароўя Мінаблвыканкама. Каб у далейшым працаваць ва ўстановах аховы здароўя Гродна, Брэста, Віцебска, Гомеля і Магілёва, трэба звярнуцца ў галоўнае ўпраўленне па ахове здароўя адпаведнага аблвыканкама.

Запасныя варыянты для мэтавікоў

Яшчэ адзін важны нюанс: тэрміны паступлення на мэтавую падрыхтоўку змяніліся. Падача дакументаў будзе адбывацца з 3 да 8 чэрвеня. У ЦТ удзельнічаць мэтавікам не трэба. З гэтага года прэтэндэнты на мэтавую падрыхтоўку будуць здаваць унутраны экзамен па першым профільным прадмеце (з 4 да 10 чэрвеня). Выпрабаванне пройдзе ў вуснай форме, акрамя спецыяльнасцяў творчага напрамку, а таксама звязаных са спортам, фізічнай культурай і шэрагу іншых. На сайце Міністэрства адукацыі можна знайсці пытанні да экзамену: іх 50 па кожным прадмеце. На экзамене абітурыент выцягне білет і пойдзе рыхтавацца. Для падрыхтоўкі яму выдадуць праштампаваны ліст. Конкурс будзе фарміравацца, зыходзячы з сумы сярэдняга бала атэстата і ўнутранага вуснага экзамену. Такім чынам, усе абітурыенты будуць праранжыраваныя. Залічэнне на мэтавыя месцы – да 13 чэрвеня.

Калі абітурыенты не пройдуць па конкурсе (а такое магчыма, калі на адно месца будзе прэтэндаваць некалькі чалавек), яны змогуць паспрабаваць свае сілы пры паступленні на бюджэтную або платную формы навучання. Для гэтага выпускнікам бягучага года неабходна будзе здаць адзін прадмет на ЦТ, таму для падстрахоўкі ў маі на яго варта зарэгістравацца, каб не ўпусціць сваю магчымасць. Ці можна задзейнічаць варыянт з паступленнем на спецыяльнасці, дзе праводзіцца ўнутраны экзамен.

Опубликовано:
9 февраля 2023
Просмотров:
2565
Фото:
БЕЛТА
Категория:
Хештеги:
Поделиться в соцсетях: