Ці будуць канкурэнтаздольнымі леташнія сертыфікаты ЦТ?

Сёлета падчас правядзення цэнтралізаванага тэсціравання будзе выкарыстоўвацца новая методыка разліку тэставых балаў, якая дазваляе не толькі ранжыраваць абітурыентаў па ўзроўні іх падрыхтоўкі, але і супастаўляць вынікі здачы ЦТ з вынікамі навучання ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі. Аб гэтым журналістам у прэс-цэнтры БелТА расказалі першы намеснік Міністра адукацыі Ірына СТАРАВОЙТАВА і дырэктар Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў Юрый МІКСЮК.

Абітурыенты

Новая методыка па-ранейшаму выклікае ў абітурыентаў шмат пытанняў. І хоць у краіне праходзіць ужо трэці этап рэпетыцыйнага тэсціравання, менш іх не становіцца. Адмаўленне ад рэйтынгавай шкалы адразу адбілася на балах, якія абітурыенты ўбачылі па выніках і першага, і другога раўндаў «рэпетыцыі» будучага экзамену. Пераадолець 50-бальную планку – цяпер не праблема.

Але Міністэрства адукацыі вырашыла захаваць мінімальныя парогавыя значэнні на ЦТ на ўзроўні мінулага года. Шчыра кажучы, і раней парогавыя значэнні ў 10–15 балаў, а тым больш у 7 балаў па стабальнай шкале выклікалі горкую ўсмешку ў выкладчыкаў ВНУ і педагогаў. Па новай шкале мінімальныя балы можна набраць усляпую метадам угадвання, нават не спрабуючы звярнуцца да сваіх ведаў. Ці не прасцей было ўвогуле адмяніць гэтыя цяпер ужо абсалютна ўмоўныя прахадныя парогі?

– У прахадных балаў ёсць свая гісторыя, – кажа Юрый Міксюк. Яны, насамрэч, калісьці ўжо адмяняліся, потым вярталіся, пераглядаліся ў бок павышэння. Але цяпер у нас узнікла сітуацыя, калі ў адзін год абітурыенты змогуць падаваць у прыёмныя камісіі сертыфікаты ЦТ 2018 года, калі дзейнічала рэйтынгавая шкала і сертыфікаты гэтага года з новай сістэмай падліку тэставых балаў. Па нашых дакументах, тэрмін дзеяння сертыфікатаў цэнтралізаванага тэсціравання складае два гады. І ў абітурыентаў ёсць права не здаваць ЦТ, а скарыстацца леташнімі сертыфікатамі. У выпадку, калі б мы перагледзелі мінімальныя парогі ў бок павышэння, хтосьці мог апынуцца за бортам прыёмнай кампаніі. Але мы ўсё роўна раім усім абітурыентам зноў прыйсці на ЦТ і праэкзаменаваць свае веды, каб атрымаць канкурэнтаздольныя балы.

Юрый Міксюк запэўніў, што ў наступным годзе мінімальныя парогі зменяцца. Але гэта будзе зроблена пасля таго, як будуць прааналізаваныя вынікі ўсіх удзельнікаў ЦТ 2019 года. Так рабілася і раней – мінімальныя прахадныя парогі ўстанаўліваліся пасля аналізу вынікаў абітурыентаў папярэдняга года.

Новая методыка падліку тэставых балаў прыдумана не намі, яна навукова абгрунтаваная і выкарыстоўвае падыходы, якія дазваляюць не проста ранжыраваць абітурыентаў, але і ацаніць узровень іх ведаў у абсалютнай велічыні, – падкрэслівае Юрый Міксюк. Аднак пастаянна навязваецца думка, што новая сістэма падліку балаў уводзіцца для таго, каб штучна завысіць вынікі абітурыентаў. Гэта не адпавядае рэчаіснасці. Што датычыцца ўгадвання, я вам скажу так: калі мы выстаўляем тэсты на дыстанцыйнае рэпетыцыйнае тэсціраванне, то разумеем, што іх будуць усебакова разглядаць не толькі з мэтай вывучэння структуры, аналізу заданняў, але і для таго, каб выявіць іх слабыя бакі. Таму мы, канешне, не прымалі ўсіх мер, каб знізіць да мінімуму магчымасць угадвання. Паверце, што высокіх балаў вы такім метадам не атрымаеце. А калі камусьці і ўдасца пераадолець мінімальныя парогавыя значэнні, шанцы паступіць у іх усё роўна будуць мінімальныя. Таму лепш не выпрабоўваць лёс: трэба прыйсці на экзамен і прадэманстраваць свае веды.

Ірына Старавойтава паведаміла, што сёлета на бюджэтныя месцы ў ВНУ змогуць прэтэндаваць 26,6 тысячы абітурыентаў – на 0,7 % больш, чым летась. Колькасць бюджэтнікаў дзённай формы навучання павялічыцца на медыцынскіх, ІТ-спецыяльнасцях, а таксама на спецыяльнасцях, звязаных з фізічнай культурай і спортам.

Платнікаў-першакурснікаў таксама стане больш – на 1,2 % у параўнанні з мінулым годам, усяго ВНУ прымуць 28,2 тысячы студэнтаў платнай формы навучання. Прырост адбыўся за кошт спартыўных і ІТ-спецыяльнасцяў.

Усяго ў 2019 навучальным годзе беларускія ВНУ плануюць прыняць 54,7 тысячы першакурснікаў – на 1% больш у параўнанні з 2018-м. Пры гэтым колькасць выпускнікоў школ сёлета будзе меншай на паўтары тысячы чалавек. Прыём будуць ажыццяўляць 42 ВНУ дзяржаўнай формы ўласнасці і 7 – прыватнай.

Надзея НІКАЛАЕВ, «Звязда»
(фота Надзеі Бужан)

Опубликовано:
17 апреля 2019
Просмотров:
626
Категория:
Поделиться в соцсетях: