Ці ведаеце вы, што чытаюць вашы дзеці?

Фэнтэзі — адзін з самых папулярных літаратурных кірункаў у сучасных дзяцей. Па падобныя кнігі стаяць у чарзе ў бібліятэках краіны, а асабліва нецярплівыя трацяць усе свае кішэнныя грошы, каб чарговы раз «праглынуць» твор за два дні.

Кнігі

— Фэнтэзі чытаюць і дзяўчаткі, і хлопчыкі, — расказвае загадчыца сектара старэйшага абанемента Цэнтральнай дзіцячай бібліятэкі імя М. Астроўскага ў Мінску Людміла Дуброўская. — Гэта серыі кніг Джаан Роўлінг пра Гары Потэра, серыя «Часадзеі» Наталлі Шчэрбы. Яшчэ вельмі папулярныя кнігі «Таямнічыя прыгоды» Юрыя Сітнікава, Уладзіміра Шломана і Кацярыны Карэтнікавай і жахі для дзяцей Роберта Штайна і Стывена Кінга.

Вучні 6—8 класаў выбіраюць:

  • Джаан Роўлінг. Серыя кніг «Гары Потэр»;
  • Наталля Шчэрба. Серыя кніг «Часадзеі»;
  • Яўген Глаголеў. Цыкл кніг серыі «Зярцалія», «Пардус»;
  • Серыя жахаў «Таямнічыя прыгоды».

Сучасныя 9—11-класнікі пераходзяць на класіку. Напрыклад, усе рэкорды ў бібліятэцы пабіў Рэй Брэдберы «Віно з дзьмухаўцоў» і Джэрам Сэлінджэр «Над безданню ў жыце».

— Кантраляваць попыт сённяшніх старшакласнікаў немагчыма, — упэўнена бібліятэкар. — Дзеці ведаюць, што хочуць, і прыходзяць да нас ужо з гатовым спісам. Перачытваюць «Джэйн Эйр», «Птушкі ў цярноўніку», «1984»... Напрыклад, у нас 16 кніг Рэя Брэдберы «Віно з дзьмухаўцоў», але іх амаль ніколі няма, бо сёння хтосьці здаў, і тут жа іншы забраў.

Пакаленне Z выбірае:

  • Рэй Брэдберы. «Віно з дзьмухаўцоў»;
  • Джэрам Сэлінджэр. «Над безданню ў жыце»;
  • Харпер Лі. «Забіць перасмешніка»;
  • Джоджа Маес. «Да сустрэчы з табой»;
  • Шарлота Бронтэ. «Джэйн Эйр».

Родная мова з маленства

А вось на беларускай мове чытаюць няшмат, сказалі ў бібліятэцы. Нават «Палескіх рабінзонаў» Маўра просяць на рускай. І гэта нягледзячы на тое, што ў некаторых маладзёжных суполках лічыцца крутым чытаць творы на мове арыгінала. Але кнігі на беларускай усе ж заказваюць. У бібліятэкі просяць беларускамоўныя выданні Аляксея Шэіна «Сем камянёў» і Андрэя Жвалеўскага і Яўгеніі Пастэрнак «Гімназія № 13» (дарэчы, падзеі ў рамане адбываюцца ў сучасным Мінску). Таксама сярод беларускамоўных карыстаюцца попытам кнігі Валерыя Гапеева «Мая мілая ведзьма», «Урокі першага кахання» і маладой аўтаркі Ксеніі Шталянковай «Адваротны бок люстра».

Падобная сітуацыя склалася і ў сектары малодшага абанемента бібліятэкі. Работнікі ўстановы мяркуюць, што дзеці больш ахвотна чытаюць на роднай мове таму, што сучасныя выдавецтвы паклапаціліся, каб кнігі для маленькіх былі яркімі і вельмі прыгожымі.

— У малодшым абанеменце, як і ў старэйшым, карыстаюцца попытам серыі кніг, — гаворыць загадчыца сектара аддзела абслугоўвання Цэнтральнай дзіцячай бібліятэкі Вольга КРАСІЛЕВІЧ. — Напрыклад, серыя кніг шведскага пісьменніка і мастака-ілюстратара Свэна Нурдквіста пра старога Пэтсана і яго смешнага коціка ў паласатых штанах Фіндуса. Папулярнасцю карыстаюцца кнігі гэтай серыі як на беларускай, так і на рускай мовах.

Для самых маленькіх мамы выбіраюць кнігі з мінімальнай колькасцю тэксту і вельмі прыгожымі малюнкамі.

— Сёння такія кнігі выдаюць у вялікай колькасці, — расказвае бібліятэкар. — Звычайна да нас прыводзяць дзетак, якія ўжо разумеюць, што такое кніга, і могуць штосьці разглядваць, пакуль маці чытае. Найчасцей для малых бяруць дзіцячую прыгодніцкую літаратуру — як правіла, героямі гэтых кніг з'яўляюцца жывёлы, а ў самім выданні ілюстрацыі размяшчаюцца на ўвесь разварот.

Літаратура

Першакласнікі часта бяруць літаратуру, якую неабходна чытаць па школьнай праграме, з тэкстам, надрукаваным вялікім шрыфтам. Таксама дзеці любяць гісторыі пра дзёрзкую карову маму Му. Серыя створана Юяй Вісландэр і Свэнам Нурдквістам. Прычым любяць гэтыя прыгоды як дашкольнікі, так школьнікі.

Незвычайнай дзеці лічаць серыю пра Мага Захарыю аўтараў Ахіма Альгрыма і Сілке Морытц. Гэта кнігі-загадкі, у якіх трэба знайсці смешныя памылкі: напрыклад, ваду, што «капае» з намаляванага акіяна, ці траву, якая «расце» на стуле.

Сярод папулярных беларускіх аўтараў у малодшым абанеменце — Вольга Гапеева. Яна стварыла маленькія казачныя гісторыі, якія нікога не пакінуць абыякавым. Героі ў аўтаркі дзіўныя: суп, які не хоча быць нудным, гузік, які шукае сэнс у жыцці, вожык, які ніяк не можа зразумець, чаму людзі перад сном лічаць авечак.

З малымі і малодшымі школьнікамі можна пачытаць:

  • Томас і Юя Вісландэр. «Мама Му і снегакат»;
  • Свэн Нурдквіст. «Пэтсан і Фіндус святкуюць каляды»;
  • Свэн Нурдквіст. «Калядная каша»;
  • Андрэй Жвалеўскі і Яўгенія Пастэрнак. «Праўдзівая гісторыя Дзеда Мароза».

Становяцца дарослымі не разам, а побач

Ужо ў трэцім-чацвёртым класах дзяўчаткі і хлопчыкі пачынаюць чытаць усё больш. Школьніцы чытаюць раманы для дзяўчат, хлопчыкі — фантастыку і прыгоды на касмічную тэматыку. Але яны па-ранейшаму любяць, каб героямі кніг былі школьнікі.

Вельмі папулярным праектам тут можна лічыць «Дзённік Нікі» Рэйчал Рэнэ Расэл. Кнігі гэтай аўтаркі любяць не толькі юныя беларусачкі. Дзеннікі ўвайшлі ў топ-10 самых папулярных серый па версіі «Кнігі рэкордаў Гінеса» і заваявалі мноства літаратурных узнагарод. Гэта вельмі трапны і вясёлы дзённік няўдачніцы з цудоўнымі ілюстрацыямі. У кнізе апісаны пытанні, знаёмыя кожнай дзяўчынцы: як паводзіць сябе з хлопчыкам, каб яму падабацца, як будаваць адносіны з бацькамі і сястрой, як завесці сяброў ў класе і потым іх не страціць.

Яшчэ адзін папулярны жанр сярод дзяцей — гэта дэтэктыў. Бадай, самай запатрабаванай можна назваць аўтарку Холі Вэб і яе серыю кніг пра дзяўчынку Мэйзі Хітчынс. Дарэчы, з гэтым згодны і прадстаўнікі названай кніжнай крамы. Кнігі гэтай аўтаркі ўваходзяць у топы продажу ў нашай краіне. Творы апавядаюць пра раследванні разумнай, смелай і цікаўнай дванаццацігадовай дзяўчынкі Мэйзі і яе вернай сабакі Эдзі. Кнігі напісаны ў жанры класічнага англійскага дэтэктыва. Хлопчыкам (хаця і дзяўчаткам таксама) падабаюцца кнігі Ганса Юргена Прэса «Па гарачых слядах. 50 дэтэктыўных загадак» і «Прыгоды «Чорнай рукі». Гэта гісторыі, укладзеныя ў малюнкі для дзяцей, якім не дае спакою слава Шэрлака Холмса і Эркюля Пуаро. Захапляльныя дэтэктыўныя загадкі і рэбусы.

А вось папулярная серыя «Вялікая маленькая дзяўчынка» беларускай аўтаркі Марыі Бяршадскай расказвае пра сямігадовую дзяўчынку і яе сяброў, пра жыццё і турботы звычайных дзяцей.

— Разумееце, серыі кніг — добра не толькі таму, што папулярна, — гавораць бібліятэкары. — Дзеці, якія палюбілі героя, хочуць знаходзіць яго на старонках зноў і зноў. Гэта не толькі мудры маркетынгавы ход, але і вельмі карысная справа. Праз кнігі дарослыя могуць знаходзіць кантакт з дзецьмі.

Наталля ТАЛІВІНСКАЯ, газета «Звязда», фота газеты «Звязда»

Опубликовано:
27 декабря 2018
Просмотров:
1085
Категория:
Поделиться в соцсетях: