Турызм як школа выжывання

Просты спосаб зрабіць з цяжкага падлетка надзейнага сябра.
«Хто пойдзе ў паход?» Калі такое пытанне задаць у падлеткавай аўдыторыі, то можна не сумнявацца, што руку радасна паднімуць 90 працэнтаў школьнікаў. Але пачуць яго можна ўсё радзей. Старшакласнікі заканчваюць школу, а пра рамантыку і складанасці паходаў могуць даведацца хіба толькі з літаратуры або мастацкіх фільмаў. Турыстычныя студэнцкія злёты таксама праводзяцца ўсё радзей. Між іншым, 2015 год быў аб’яўлены Міністэрствам спорту і турызму Годам маладзёжнага турызму…

Знікла слова — знікнуць і кадры

— Два гады таму пры рэарганізацыі і зліцці Рэспубліканскага цэнтра турызму і краязнаўства навучэнскай моладзі з Рэспубліканскім экалагічным цэнтрам з назвы гэтай арганізацыі знікла слова «турызм». Бяда ў тым, што турызм знік не толькі з назвы, але і са зместу дзейнасці, — расказвае старшыня грамадскага аб’яднання «Рэспубліканскі турысцка-спартыўны саюз» Мікалай Дубовік.

У наваствораным Рэспубліканскім цэнтры экалогіі і краязнаўства турыстычны напрамак адышоў на другі план. У выніку рэарганізацыі адбылося значнае скарачэнне метадычнага звяна і педагагічных кадраў. Ланцуговая рэакцыя «распаду» дзіцячага турызму адбываецца і на мясцовым узроўні: інструктары і педагогі пакідаюць сістэму. Мы разумеем, што рэарганізацыя задумвалася з добрай мэтай — сэканоміць бюджэтныя сродкі, але турызму яна моцна нашкодзіла, прычым, ва ўсіх раёнах і абласцях.

Варта нагадаць, што рашэнне аб стварэнні ў Беларусі Рэспубліканскай станцыі дзіцяча-спартыўнага турызму прымалася Бюро ЦК ЛКСМБ у складаны пасляваенны час — у далёкім 1953 годзе. І сродкі для гэтага знайшліся… Але праз 60 гадоў гэты напрамак выхаваўчай работы раптам пачаў згасаць. Няўжо аказаўся непатрэбным?

— Мы глыбока перакананы, што калі ў нас у краіне не будзе развівацца дзіцячы і юнацкі турызм, то і дарослы будзе асуджаны на правал… Для турыстаў не існуе ніякіх узроставых абмежаванняў: самаму маленькаму турысту, які разам з бацькамі ўдзельнічаў у апошніх нашых спаборніцтвах, не споўнілася яшчэ два гады. А самаму сталаму, што нядаўна вярнуўся з Індыі, дзе ўдзельнічаў у турпаходзе ў складзе групы, у наступным годзе споўніцца 80 гадоў, — расказаў Мікалай Дубовік.

Ён зазначыў, што заняткі турызмам маюць магутны выхаваўчы патэнцыял: «Я 14 гадоў працаваў у сістэме прафтэхадукацыі. Стварыў два турыстычныя клубы. Мае вучні станавіліся чэмпіёнамі Беларусі. У клуб прыводзілі ўсіх цяжкіх падлеткаў: адзін-два турыстычныя паходы — і гэтыя хлопцы станавіліся самымі надзейнымі партнёрамі і сябрамі. Ніколі мяне не падводзілі. Абсалютная большасць выхаванцаў турыстычных клубаў і гурткоў — гэта дзеці з малазабяспечаных сем’яў, якія не могуць дазволіць аплаціць свайму дзіцяці заняткі прэстыжным фігурным катаннем ці тэнісам. Мы не толькі папулярызуем сярод іх здаровы лад жыцця, але і засцерагаем ад негатыўнага ўздзеяння вуліцы, ад падлеткавай агрэсіўнасці і дэструктыўных паводзінаў. Турызм — гэта яшчэ і цудоўная школа выжывання, уменне жыць у калектыве: турысты ніколі не кідаюць адно аднаго. Нашы выхаванцы могуць самастойна паклапаціцца пра сябе і заўсёды знойдуць выхад з любой складанай сітуацыі. Гэта яшчэ і выдатная падрыхтоўка да службы ў арміі».

А на «дэсерт» — шматдзённы паход

Турызм — вельмі прыцягальны і відовішчны занятак. Напрыклад, спартыўны турызм уключае больш за дзясятак дысцыплін: пешы, горны, лыжны, водны, веласіпедны, а таксама вельмі папулярны ў моладзі спелеатурызм. Спаборніцтвы па турысцка-прыкладным мнагабор’і, спартыўным скалалажанні і арыентаванні заўсёды збіраюць шмат гледачоў. Таму ў дадатковай рэкламе гэты від спорту не мае патрэбы. Вось толькі кадры для спартыўнага турызму ў нашых ВНУ не рыхтуюць. Цікава, што спецыялістаў ў сферы турызму выпускаюць не менш як пяць факультэтаў у краіне, але ні адзін з іх выпускнікоў не мае права павесці арганізаваную групу ў турпаход. Нават у Акадэміі фізічнага выхавання не рыхтуюць інструктараў па турызме. Гэтую функцыю ўзяў на сябе Рэспубліканскі турысцка-спартыўны саюз. Усе яго члены — вопытныя прафесіяналы, якія працуюць выключна на энтузіязме. Ні адной аплачваемай стаўкі ў грамадскім аб’яднанні няма. Але што будзе, калі і «аксакалы» пакінуць галіну?

Рэспубліканскі турысцка-спартыўны саюз выйшаў з шэрагам прапаноў. Напрыклад, увесці ў школьную і ўніверсітэцкую праграму па фізічнай культуры абавязковы штогадовы заліковы шматдзённы паход як спосаб падрыхтоўкі да выжывання ў прыродным асяроддзі. Уключыць спартыўны турызм у праграмы розных спартакіяд і ў працу дзіцяча-юнацкіх спартыўных школ. Прадаставіць вопытным турыстам без педагагічнай адукацыі права працаваць з дзецьмі. У рэшце рэшт, галоўнае — не дыплом, а ўменне знайсці падыход да дзяцей і жаданне падзяліцца з пачаткоўцамі сваім вопытам…

Яшчэ адна прапанова — арганізаваць рэспубліканскі палявы турыстычны лагер, у рамках якога праводзіліся б трэніроўкі і выніковыя спаборніцтвы па розных відах турызму. Развіццю як унутранага, так і ўязнога турызму паспрыяў бы і ўсебеларускі пешаходна-веласіпедны маршрут «Залатое кола Беларусі» — прадумаць яго разам Рэспубліканскі турысцка-спартыўны саюз запрашае Міністэрства спорту і турызму і Міністэрства адукацыі.

— Трэба тэрмінова штосьці рабіць, бо калі мы будзем проста назіраць за тым, што адбываецца, то праз тры-пяць гадоў нічога вярнуць ужо будзе немагчыма, — папярэджвае Мікалай Дубовік. — Прафесіяналаў не застанецца…

Па словах дырэктара Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства Алены Ануфровіч, зараз разглядаецца магчымасць заснавання спецыяльных значкоў «Турыст Беларусі» і «Юны турыст Беларусі».

— У дадзены момант мы пралічваем крытэрыі, па якіх значкі будуць прысуджацца, — сказала яна. — Лічым, што гэтая мера стане для падлеткаў дадатковым стымулам і яшчэ больш заахвоціць маладых людзей да заняткаў спартыўным турызмам.

Рэцэпты «студэнцкай Меккі»

Кансультант Дэпартамента па турызме Міністэрства спорту і турызму Марына Масташова запэўнівае, што маладзёжны турызм заўсёды знаходзіцца ў цэнтры ўвагі іх ведамства:

— Тэндэнцыі апошніх гадоў паказалі, што моладзь не заўсёды хоча перамяшчацца ў складзе груп, а аддае перавагу індывідуальным падарожжам. Прадстаўнікі маладога пакалення часцяком лічаць класічныя экскурсіі сумнымі. Таму сёння больш распаўсюджаны такія формы турызму, як экскурсіі-квэсты, экскурсіі-віктарыны і інш. Апошнія дзесяць гадоў у краіне развіваюцца маршруты з элементамі анімацыі і атракцыі, калі ўдзельнікі вандроўкі не толькі назіраюць за тым, што адбываецца, але і самі ўдзельнічаюць у працэсе, — распавяла яна. — Вялікую цікавасць выклікаюць і велаэкскурсіі.

Сёння шмат кажуць аб адраджэнні такога брэнда, як вытворчыя экскурсіі, якія раней актыўна выкарыстоўваліся з мэтай прафарыентацыі. У краіне не так шмат прамысловых прадпрыемстваў, якія прымаюць групы турыстаў, — гэта адкрытае акцыянернае таварыства «Тураўшчына», шклозавод «Нёман», фабрыкі «Камунарка» і «Слодыч»… Але іх колькасць пастаянна расце.

Адной з ініцыятыў, якая ідзе якраз ад маладых людзей, эксперт назвала «Фэст экскурсаводаў», які прайшоў у гарадах Беларусі ўжо ў шосты раз: «Міністэрства спорту і турызму падтрымала гэтае пачынанне. Вынікі ўражваюць — на бясплатныя экскурсіі ў гэтым годзе сабралася больш за 4500 чалавек, прычым многія прыходзілі цэлымі сем’ямі, разам з дзецьмі».

Станоўчай тэндэнцыяй Марына Масташова лічыць развіццё адукацыйнага турызму, распрацоўку розных адукацыйных праграм для моладзі, стварэнне пры вышэйшых навучальных установах турысцка-экскурсійных цэнтраў і клубаў экскурсаводаў.

Летам гэтага года Міністэрствам адукацыі быў зацверджаны Пералік рэкамендаваных для наведвання школьнікамі экскурсійных аб’ектаў і турыстычных маршрутаў. Ён распрацоўваўся з улікам узроставых асаблівасцей і патрабаванняў вучэбных праграм і ўключае зараз прыкладна 200 пунктаў. У перспектыве пералік будзе пераглядацца і пашырацца… Вось толькі ці многія сем’і могуць дазволіць экскурсійныя вандроўкі нават па роднай краіне? У савецкія часы для школьнікаў існавалі льготныя тарыфы для перамяшчэння на любым транспарце па тэрыторыі ўсяго Саюза, для іх дзейнічалі льготныя цэны на экскурсійных маршрутах.

Чаму ў Еўропе і ЗША студэнцкая моладзь актыўна вандруе? Ды таму, што такія вандроўкі не б’юць па кішэні: там для яе прадугледжаны зніжкі і на транспарт, і на ўваходныя білеты ў музеі. А Іспанія ў маі ўвогуле пераўтвараецца ў «студэнцкую Мекку»: дзякуючы рэзкаму зніжэнню цэн сюды накіроўваецца ўся студэнцкая моладзь з Еўропы. І не толькі…

На пытанне, ці лабіруе Міністэрства спорту і турызму розныя зніжкі для школьнікаў і студэнтаў, Марына Масташова адказала: «Вядома, нам хацелася б, каб тыя часы вярнуліся. Міністэрства правяло шэраг нарад, на якія запрашаліся і прадстаўнікі транспартных арганізацый. Але пакуль рэальных крокаў не робіцца».

Разам з тым, музейныя ўстановы рэгулярна абвяшчаюць бясплатныя для наведвальнікаў дні. «І тыя туркампаніі, якія займаюцца арганізацыяй дзіцячага і маладзёжнага турызму, рыхтуюць свае праграмы так, каб візіт у той ці іншы музей прыпадаў якраз на бясплатны дзень», — дадала спецыяліст.

Надзея НІКАЛАЕВА, «Звязда»
Опубликовано:
19 ноября 2015
Просмотров:
1565
Категория:
Поделиться в соцсетях: