У БДУІР абмеркавалі пытанні інклюзіўнай ІТ-адукацыі

ІІІ Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя «Бесперапынная прафесійная адукацыя для людзей з асаблівымі патрэбамі» прайшла ў Інстытуце інфармацыйных тэхналогій БДУІР. Яна аб'яднала экспертаў з Беларусі, Расіі, Швейцарыі, Узбекістана, Латвіі і Польшчы.

Дети с инвалидностью

– Наша мерапрыемства прысвечана ў першую чаргу пытанням, звязаным з інклюзіўнай адукацыяй і пашырэннем даступнасці прафесійнай адукацыі для асоб з асаблівымі адукацыйнымі патрэбамі. Але не толькі навучальныя матэрыялы павінны быць сёння адаптаваныя для ўсіх членаў грамадства. Не менш важнае пытанне фарміраванне экаасяроддзя для прафесійнага і творчага развіцця асобы, падкрэсліў падчас адкрыцця канферэнцыі рэктар БДУІР Вадзім БОГУШ.

Прывітальнае слова Міністра замежных спраў Беларусі, старшыні Нацыянальнай камісіі па справах ЮНЕСКА Уладзіміра Макея зачытала адказны сакратар Нацыянальнай камісіі Наталля Шчасновіч: «Інклюзіўная адукацыя ў Беларусі з'яўляецца прыярытэтнай для падрыхтоўкі кадраў новага пакалення, здольных забяспечыць адаптацыю ва ўмовах лічбавай трансфармацыі. Хуткі рост сучасных тэхналогій патрабуе ад асоб з асаблівымі патрэбамі, як і ад усяго насельніцтва ў цэлым, новых кампетэнцый, якія дазваляюць бязбольна ўключацца ў сучасныя працэсы».

Сёлета тэматыка канферэнцыі значна пашырылася. У цэнтры ўвагі былі пытанні не толькі інклюзіўнай ІT-адукацыі, але і сацыялізацыі інвалідаў у грамадстве.

Падчас мерапрыемства эксперты абмеркавалі dіgіtal skіlls і soft skіlls для асоб з асаблівымі патрэбамі ва ўмовах лічбавай трансфармацыі, развіццё інклюзіўнай адукацыі з выкарыстаннем інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій.

Удзельнікі з розных краін абмяняліся перадавым вопытам, які дазволіць разам зрабіць крок наперад, пераадолець лічбавы разрыў і стварыць роўныя магчымасці для доступу да інфармацыі людзей з асаблівымі патрэбамі.

Гасцямі мерапрыемства сталі дзіцячы інклюзія-хор «Радасць душы», а таксама інваліды-калясачнікі, якія жывуць актыўным жыццём. Гэтыя людзі не па чутках знаёмыя з праблемамі інвалідаў і змаглі падзяліцца сваім бачаннем арганізацыі комплекснага падыходу да фарміравання безбар'ернага асяроддзя, паспяховай рэалізацыі асобаснага і прафесійнага развіцця, а таксама расказаць аб праблемах, якія іх хвалююць.

Свае прапановы і рэкамендацыі па выніках канферэнцыі ўдзельнікі плануюць прадставіць у Міністэрства адукацыі, Камісію па працы і сацыяльных пытаннях Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі для падрыхтоўкі праекта закона «Аб правах інвалідаў і іх сацыяльнай інтэграцыі».

Надзея Нікалаева, «Звязда», 7 снежня 2019 г.

Опубликовано:
9 декабря 2019
Просмотров:
490
Категория:
Поделиться в соцсетях: