У Беларусі імкнуцца далучыць медыятараў да спраў «цяжкіх» непаўналетніх

Хлопчык-гімназіст з добрай сям’і аднойчы скраў з крамы цукеркі і папаўся. У яго пытаюцца: «Ты пайшоў купіць ласунак, і ў цябе не хапіла грошай?» — «Не, у мяне іх і не было». Значыць, ішоў красці мэтанакіравана. «А каторы раз ты ўжо так робіш?»  «Трэці». Другому хлопчыку яшчэ і дзесяці гадоў не было, а ён ужо некалькі разоў сыходзіў з дому і жыў у гаражах. Пасля, гадоў у 11, краў слоікі з закаткамі. Потым удзельнічаў у гвалтаванні, а на судзе казаў, што не разумеў, што адбываецца, а проста дапамагаў трымаць рукі ахвяры. Тады ўсё абышлося без пакарання. Нарэшце, калі яму было 13, разам са старэйшым братам ішоў па вуліцы, і кампанія выпівох папрасіла ў іх грошы на піва. Хлопчык дастаў ножык і зарэзаў аднаго з тых, хто прасіў...

Ребенок

Гэтыя маленькія гісторыі дзіцячых лёсаў, здаецца, розныя, але падобныя тым, што патрабавалі своечасовай і адпаведнай дапамогі. Цэнтр «Медыяцыя і права» сумесна з зацікаўленымі ўстановамі краіны пачынае праект па прымяненні медыяцыі (дасудовага мірнага вырашэння канфлікту) у дзейнасці камісій і інспекцый па справах непаўналетніх, каб дапамагчы дзецям, якія трапілі ў складаныя сітуацыі канфлікту з законам. Прычым дапамагчы своечасова, пакуль яшчэ можна выправіць і дзіця, і яго шлях.

Глядзець вачыма дапамогі, а не пакарання

Цэнтр «Медыяцыя і права» пры Беларускім рэспубліканскім саюзе юрыстаў з 2015 года працуе над рэалізацыяй розных сацыяльных праектаў, у прыватнасці над укараненнем службаў медыяцыі ў школах, а таксама над прымяненнем медыяцыі для дапамогі падлеткам, якія знаходзяцца ў канфлікце з законам. Юрысты плануюць далучыць медыятараў да работы ў камісіях і інспекцыях па справах непаўналетніх. Адзінкавыя выпадкі такога ўдзелу медыятараў у вырашэнні праблем «цяжкіх» падлеткаў ужо былі, аднак гэтага вельмі мала, лічыць Ірына Арлоўская, кіраўнік Цэнтра «Медыяцыя і права», выканаўчы дырэктар аб’яднання «Беларускі рэспубліканскі саюз юрыстаў»:

– Мы плануем навучыць аднаўленчым медыятыўным практыкам 20 чалавек з розных устаноў, якія цесна звязаны з малалетнімі парушальнікамі закона, калі тыя трапляюць у складаныя сітуацыі. Гэта настаўнікі школ; удзельнікі камісій па справах непаўналетніх (КСН), у склад якіх уваходзяць прадстаўнікі дзяржорганаў, устаноў і арганізацый, якія ажыццяўляюць прафілактыку безнагляднасці і правапарушэнняў непаўналетніх; прадстаўнікі інспекцый па справах непаўналетніх (ІСП), якія складаюцца з супрацоўнікаў Міністэрства ўнутраных спраў. Нават калі гэтыя спецыялісты пройдуць не паўнавартаснае навучанне, а гэткі паскораны курс, падчас якога азнаёмяцца з асноўнымі прынцыпамі работы медыятара, яны ўсё роўна ўжо змогуць бачыць і знаходзіць выхад з сітуацыі мірным (медыяцыйным) шляхам без крымінальнага пакарання падлетка.

«Юрысты плануюць далучыць медыятараў да работы ў камісіях і інспекцыях па справах непаўналетніх. Адзінкавыя выпадкі такога ўдзелу медыятараў у вырашэнні праблем «цяжкіх» падлеткаў ужо былі, аднак гэтага вельмі мала».

Прадстаўнікі ўсіх гэтых арганізацый разам з медыятарамі цэнтра прысутнічалі на рабочай сустрэчы, дзе разам намагаліся прыдумаць, як і з каго стварыць тую самую групу спецыялістаў-ратавальнікаў, якія змогуць глядзець на сітуацыю вачыма медыятара, а не сячы з-за пляча. А яшчэ – зразумець, наколькі глыбока трэба вывучыць спецыфіку медыяцыі, каб з яе дапамогай ратаваць юныя лёсы падлеткаў, якія памыліліся.

– Мы можам даць скарочаны курс, падчас якога ўдзельнікі даведаюцца пра асновы медыятыўных практык, пра асаблівасці правядзення перагавораў у крымінальна-прававым канфлікце, навучацца правільна ставіць пытанні, – растлумачыла Ірына Арлоўская. – А на пляцоўцы Саюза юрыстаў мяркуем стварыць рабочую групу і падрыхтаваць метадычныя рэкамендацыі для работы. І па кожным выпадку напісаць аднаўленчую праграму.

Парушальнік-пачатковец і сістэмны злодзей

Падлеткі, якія знаходзяцца ў канфлікце з законам, – далёка не заўжды крымінальныя зладзеі. Найчасцей гэта дзеці, якія проста памыліліся, упэўнены медыятары (спецыялісты па дасудовым вырашэнні канфліктаў). Ёсць малыя, якія сыходзяць з дому бадзяжнічаць на тыдзень, на месяц, і часта не таму, што ім гэта падабаецца, а таму, што дома невыносныя ўмовы для жыцця. Але іх, як і тых, хто мэтанакіравана выпівае, крадзе і паводзіць сябе агрэсіўна, ставяць на ўлік. Дапамагчы ім выправіцца і змяніцца, напэўна, можна, – і лепш рабіць гэта не праз накіраванне ў спецыялізаваныя ўстановы, а з дапамогай медыяцыі.

Падлеткавыя справы для медыятараў вельмі цяжкія, нашмат больш цяжкія, чым нават бізнес-разборкі «на мільён», таму ў такіх справах медыятары працуюць удвух, сцвярджаюць спецыялісты.

Вучыцца з дапамогай медыяцыі вырашаць канфлікты лепш на практычных выпадках, таму спецыялісты хочуць сабраць розныя гісторыі і стварыць з іх каля 10 кейсаў (выпадкаў) з рэальных сітуацый, у якія трапляюць падлеткі.

Прычым карыснымі для разбору могуць стаць і тыя выпадкі, калі непаўналетні ўпершыню сутыкнуўся з парушэннем закона, і тыя, дзе падлетак ужо лічыцца «зацятым злодзеем», упэўнены спецыялісты, якія працуюць з дзецьмі, што трапілі ў поле зроку адпаведных органаў:

Вучыцца з дапамогай медыяцыі вырашаць канфлікты лепш на практычных выпадках, таму спецыялісты хочуць сабраць розныя гісторыі і стварыць з іх каля 10 кейсаў (выпадкаў) з рэальных сітуацый, у якія трапляюць падлеткі.

– Калі правапарушэнне здзейснена ўпершыню, падлетка яшчэ можна спыніць. Хтосьці ўвогуле «за кампанію» проста рашыўся на нешта. Ды і па сям’і потым відаць, выпадкова падлетак у нешта ўвязаўся ці да гэтага пакрысе ўсё ішло. Магчыма, трэба гэты працэс скіраваць у бок школы, каб медыятары маглі дапамагаць падлеткам яшчэ да таго, як іх справа будзе накіравана ў камісію па справах непаўналетніх.

Для большага разумення, як працуе медыяцыя, спецыялісты прывялі прыклад, дзе ўдалося выправіць не толькі дзіцячы лёс, але і стасункі цэлай сям’і.

Меладрама пад назвай жыццё

Жыла-была 13-гадовая дзяўчынка, якая білася са сваімі аднакласнікамі. З-за чаго? А проста з-за нейкіх сваіх унутраных уяўленняў справядлівасці. Перавялі яе ў іншы клас, а яна кажа: «Я ўсіх тых запомніла і ўсё роўна буду біць, бо яны кепскія». Што рабіць з ёй, не ведалі, і дырэктар школы ў роспачы напісала на яе заяву ў камісію па справах непаўналетніх. У гэты самы час пра аматарку боек даведаліся медыятары, якія вырашылі паспрабаваць дапамагчы.

На першай сустрэчы школьніца нагадвала вожыка, які колецца і... брыдка лаецца. Медыятар падышоў да яе і сказаў:

– Хачу выказаць табе сваю павагу. Ты вельмі настойліва і мэтанакіравна ідзеш па сваім шляху. Дарога ў цябе кепская, але ідзеш ты па ёй прыгожа.

Трэба сказаць, што за год да гэтага яе ўжо ледзь не адправілі ў спецыялізаваную ўстанову ў Магілёве (крыху не хапіла правапарушэнняў). Дзяўчынка паля гэтых слоў здзівілася, а пасля пачала расказваць:

– Калі я б’ю аднакласнікаў, я ўключаю рэжым неадэкватнасці, і калі перамагаю – адчуваю сябе чалавекам. 

Я падкормліваю ката, але забраць яго дахаты не магу, бо ў мамы алергія. А яшчэ я крыўдую на бацьку, бо ён не хваліць мяне, не любіць, а любіць толькі сваіх новых дзяцей.

Да перагавораў з медыятарамі дзяўчынка была гатовая, але ніякіх вынікаў не чакала, бо была ўпэўнена, што нікому не патрэбная. І медыятары пачалі рыхтаваць медыяцыйную сесію паміж школай і сям’ёй дзяўчынкі. На першай жа сустрэчы высветлілася, што размаўляць паміж сабой родныя людзі не ўмеюць – зрываюцца на крык. Маці абуралася, у прыватнасці: «А чаму бацька да нас не далучаецца?» Таму запрасілі на сустрэчу і тату дзяўчынкі. А той кажа:

– Не ведаю я, што рабіць. Можа, хай едзе ў Магілёў? Магчыма, там яе навучаць.

Такім чынам, самыя родныя людзі «скінулі» яе з уліку. Тады пазванілі старэйшай сястры, якая ўжо жыла асобна, і тая таксама пачала крычаць, што гатовая ўжо забраць сястру да сябе, бо маці не спраўляецца.

Тады медыятары сабралі разам усю гэтую сям’ю і спыталі ў дзяўчынкі, чаго яна хоча. І тая звярнулася да бацькі:

– Тата, а хто я для цябе?

– Ты мой першынец, і я табой вельмі ганаруся. Памятаю, як ты ў пятым класе рабіла цудоўныя рэчы на ўроках працы.

Дзяўчынка заплакала і кінулася да бацькі абдымацца са словамі: «А я думала, ты мяне не любіш!» І вось тут далучыліся медыятары, якія, як кажа Міхаіл Мацкевіч, начальнік аддзела практычнай медыяцыі цэнтра «Медыяцыя і права», выступілі перакладчыкамі на зразумелую мову.

– Твой бацька ад адчаю сказаў, каб ты ехала ў Магілёў, ён спадзяваўся, што там табе дапамогуць, бо сам ён і твая мама не ведалі, што рабіць.

І было відаць, як у гэтых людзей мяняецца ўспрыманне адно аднаго. Сыходзілі яны, абдымаючыся.

Гісторыя скончылася добра. Наладзіліся стасункі з бацькам і яго новай сям’ёй. Дзяўчынка ўзялася за вучобу, дадаткова займалася з настаўнікамі на канікулах у межах медыятыўнага пагаднення, якое падпісалі школа і бацькі падлетка.

Опубликовано:
23 марта 2023
Просмотров:
4827
Категория:
Хештеги:
Поделиться в соцсетях: