У Беларусі пачалася інфармацыйная кампанія, скіраваная на папярэджанне сэксуальнага гвалту і эксплуатацыі дзяцей

30 ліпеня ў Беларусі пачалася інфармацыйная кампанія, скіраваная на папярэджанне сэксуальнага гвалту і эксплуатацыі дзяцей. Яе дэвіз – «Навучыце дзіця бачыць падман». Зараз злачынствы супраць палавой недатыкальнасці перацякаюць паступова ў інтэрнэт-сферу. І пад маскай незнаёмага віртуальнага суразмоўцы можа хавацца хто заўгодна.

Насилие

У гэтым годзе выяўлены 353 дзіцяці, якія пацярпелі ад сэксуальнага гвалту. Гэта на 20 чалавек больш, чым за аналагічны перыяд летась, – заявіў начальнік 2-га ўпраўлення Галоўнага ўпраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі крымінальнай міліцыі МУС Дзмітрый Цаюн.

Што будзе ўключаць у сябе інфармацыйная кампанія? Перш за ўсё – прафілактычныя мерапрыемствы, скіраваныя на недапушчэнне фактаў гандлю людзьмі, інфармаванне грамадскасці з дапамогай як СМІ, так і прадстаўнікоў няўрадавых арганізацый. Рыхтуюцца буклеты, здымаюцца тэматычныя ролікі. Праваахоўнікі ж манітораць разнастайныя рэсурсы ў сеціве, каб выявіць педафілаў.

– Датычна злачынстваў супраць палавой недатыкальнасці, якія здзяйсняюцца ў адносінах да дзяцей, у першую чаргу праца павінна праводзіцца з бацькамі, установамі адукацыі, дзе непасрэдна ажыццяўляецца кантакт з дзіцем і дзе ён праводзіць асноўную частку свайго дня, – мяркуе Дзмітрый Цаюн. – Адпаведна, мы павінны арыентаваць бацькоў і педагогаў на магчымыя факты выяўлення дзяцей, якія знаходзяцца ў групе рызыкі ці ўжо, на жаль, пацярпелі ад такіх злачынстваў.

Як чакаецца, у бліжэйшы час будзе запушчаны сайт, дзе будзе змешчаны шырокі аб’ём інфармацыі па гэтай праблематыцы. Ён будзе структураваны датычна аўдыторыі. Матэрыяламі змогуць карыстацца дзеці розных узростаў, бацькі, педагогі і проста неабыякавыя грамадзяне.

– Перад супрацоўнікамі органаў унутраных спраў стаіць першачарговая задача не гнацца за колькаснымі паказчыкамі, а максімальна прафесійна і аператыўна спрацаваць, каб выявіць як мага больш пацярпелых, прадухіліць здзекі над дзецьмі і выяўляць тых асоб, якія здзяйсняюць такія злачынствы, – зазначыў Дзмітрый Цаюн. Педафілія, як правіла, латэнтная. І ад прафесіяналізму нашых супрацоўнікаў залежыць, наколькі хутка мы зможам усталяваць такіх людзей і прыцягнуць да адказнасці. У асноўным усе педафілы сядзяць у інтэрнэце. Каб пазбегнуць адказнасці, яны не паказваюць сваю сапраўдную знешнасць, род заняткаў, знаёмяцца з дзецьмі і пасля здзяйсняюць грумінгавыя злачынствы. Гэта спакушэнне праз інтэрнэт, сэксуальныя намёкі... Мы прапрацоўваем змены ў заканадаўстве, каб крыміналізаваць гэтыя дзеі. Хочам увесці прафілактычны артыкул у Крымінальны кодэкс, каб не было фізічнага кантакту, каб дзіця не падвяргалася гвалту.

Дзмітрый Цаюн асобна адзначыў, што больш за 85 % апытаных на сайце ведамства падтрымліваюць ініцыятыву аб увядзенні крымінальнай адказнасці за грумінгавыя злачынствы, а таксама за захоўванне дома дзіцячай парнаграфіі.

Але часта на такія злачынствы ідуць самыя блізкія людзі. Па звестках МУС, з 2013 года чатыром маці прад’явілі абвінавачванне ў злачынствах супраць палавой недатыкальнасці. Яны за грошы дазвалялі гвалтаваць сваіх дзяцей і здымаць гэта на відэа. Часта такія злачынствы здзяйсняюць самыя блізкія людзі – дзядулі, бацькі і сужыцелі маці.

Нядаўна вось здарыўся гучны выпадак у Наваполацку. Тры гады жыхар Мінска гвалтаваў маленькіх дзяўчынак, здымаў працэс на камеру і прадаваў відэа на тэматычныя сайты. Маці гэтых дзяўчынак – родныя сёстры. Яны мала таго што ведалі пра гвалт, дык яшчэ і дапамагалі злачынцу ў яго чорнай справе. А ў якасці платы атрымлівалі ежу і грошы.

Непасрэдны ўдзел у згвалтаванні дзяцей прымаў адзін замежнік. Ён таксама замаўляў парнаграфічныя ролікі. Па нашай ініцыятыве ён затрыманы. Зараз рыхтуецца яго экстрадыцыя ў Беларусь.

Кіраўнік прадстаўніцтва Міжнароднай арганізацыі па міграцыі ў Беларусі Зейнал Гаджыеў высока ацаніў намаганні Беларусі ў гэтай сферы.

Вельмі складана адсачыць такія злачынствы, тым больш знайсці трафікёраў. Гэтыя акалічнасці вымагаюць пастаяннага абнаўлення падыходаў у працы. Мэта нашай кампаніі – інфармаванне дарослых і дзяцей пра гэтую праблему.

Валяр’ян ШКЛЕННІК, «Звязда», 31 ліпеня 2019 г.

Опубликовано:
31 июля 2019
Просмотров:
3469
Категория:
Хештеги:
Поделиться в соцсетях: