У Беларусі жывуць крыху больш за 18 тысяч дзяцей-сірот

На сённяшні дзень большасць сірот у нашай краіне – больш за 14 тысяч выхоўваецца ў замяшчальных, апякунскіх і прыёмных сем'ях або ў дзіцячых дамах сямейнага тыпу. Акрамя таго, да 500 хлопчыкаў і дзяўчынак штогод усынаўляюцца і ўдачараюцца. Толькі дзве тысячы дзяцей знаходзіцца на дзяржаўным забеспячэнні. Самае галоўнае права дзіцяці  гэта права на пражыванне ў сям'і, таму і для дзяржавы менавіта гэта з'яўляецца прыярытэтам.

Цяпер у Беларусі пражывае крыху больш за 18 тысяч дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, – гэта менш за 1 % ад колькасці ўсяго дзіцячага насельніцтва краіны (для параўнання, у 2007 годзе такія дзеці складалі 1,5 % ад усіх дзяцей). На жаль, большасць такіх непаўналетніх – 83 % – з'яўляюцца сацыяльнымі сіротамі (іншымі словамі, маюць бацькоў, але засталіся без іх апекі), і толькі 16 % – біялагічныя сіроты (страцілі бацькоў). Яшчэ 1 % знаходзяцца ў інтэрнатных установах часова (напрыклад, у выпадку, калі бацькі трапілі ў месцы пазбаўлення волі). Такія звесткі агучыла галоўны спецыяліст упраўлення сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай работы галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі Алена Сімакова.

Яна адзначае такую тэндэнцыю, як скарачэнне сеткі дзіцячых дамоў і дамоў-інтэрнатаў у краіне (так, сёлета ўжо зачыніліся два дзіцячыя дамы і школа-інтэрнат). Гэта звязана з тым, што ўхіл ідзе на тое, каб не дапускаць выпадкаў, калі дзіця трапляе ў інтэрнат. «Як паказвае практыка, лепш забяспечыць адразу ўладкаванне дзіцяці ў сям'ю», – кажа Алена Сімакова.

Таму ў цяперашні час дзіця адпраўляецца ў інтэрнат, толькі калі няма ніякай магчымасці ўладкаваць яго ў сям'ю сваякоў або перадаць на ўсынаўленне ў дзіцячы дом сямейнага тыпу.

Што датычыцца ўсынаўлення ў сям'ю, то прыярытэт аддаецца ўсынаўленню і ўдачарэнню ў межах нашай краіны. У лідарах за 2018 год тут Мінская вобласць і Мінск. «Як правіла, усынаўляюцца малыя да пяці гадоў», – адзначае загадчыца сектара сацыяльна-педагагічнай работы і аховы дзяцінства камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама Зінаіда Вараб'ёва. Хоць апошнім часам, па яе словах, сталі ўсынаўляць і дзяцей 10–12 гадоў і вышэй.

З замежных усынавіцеляў варта адзначыць італьянцаў – менавіта ў гэтую краіну ў асноўным з'язджаюць дзеці. Гэта звязана з тым, што паміж Беларуссю і Італіяй быў падпісаны міжнародны дагавор аб далейшым кантролі за лёсам усыноўленага дзіцяці. Але калі дзіця ўсынаўляюць сваякі, то, па словах Алены Сімаковай, ніякіх абмежаванняў па краіне пражывання няма.

Ёсць і такі варыянт, калі непаўналетнія вяртаюцца ў родную сям'ю, да біялагічных бацькоў. Гэта магчыма альбо праз аднаўленне ў бацькоўскіх правах, альбо праз рашэнне суда аб адмене раней прынятага рашэння аб адабранні дзіцяці. Штогод такім чынам вяртаецца каля 200 дзяцей.

* * *

Памяншаецца ў нашай краіне і колькасць дзяцей-інвалідаў, якія пражываюць у дамах-інтэрнатах. Так, у параўнанні з 2010 годам, іх колькасць скарацілася амаль у два разы. На сёння, як паведаміў намеснік начальніка ўпраўлення арганізацыі сацыяльнага абслугоўвання галоўнага ўпраўлення сацыяльнага абслугоўвання і сацыяльнай дапамогі Міністэрства працы і сацабароны Мікалай Арол, у такіх установах знаходзяцца 556 дзяцей. Пры гэтым, калі раней такія дзеці пры дасягненні паўналецця, як правіла, перамяшчаліся ў дарослыя дамы-інтэрнаты, то пачынаючы з 2013 года пры дамах-інтэрнатах развіваюцца паслугі суправаджаемага пражывання, калі мадэлююцца натуральныя ўмовы жыцця. Дзякуючы гэтаму выхаванцы інтэрнатаў, якія маюць псіхічныя адхіленні, рыхтуюцца да будучага самастойнага жыцця: вучацца гатаваць, прыбіраць, планаваць бюджэт і г. д.

Святлана Бусько, «Звязда», 21 лістапада 2019 г.
(фатаграфія-матыватар Жаўтка Данілы – пераможцы конкурсу «Я – грамадзянін Рэспублікі Беларусь»)

Опубликовано:
21 ноября 2019
Просмотров:
446
Категория:
Поделиться в соцсетях: