Урокі ў відэафармаце, электронная чарга ў сталоўках – ідэі на праекце «Першыя»

Гэтыя і іншыя ідэі выказалі беларускія старшакласнікі, удзельнікі сацыяльна-адукацыйнага праекта «Першыя», які рэалізуецца кампаніяй А1 пры падтрымцы арганізатараў канферэнцый ТЕDxMіnsk. Чарговы крэатон, які нядаўна прайшоў у Гродне, стаў трэцім па ліку ў Беларусі. На думку яго арганізатараў, гэта конкурс ідэй, якія здольны змяніць навакольны свет, грамадства і наогул жыццё ў лепшы бок.

Конкурс уключае некалькі кірункаў – экалогія, тэхналогіі, інклюзія і культура. У Гродне агучваліся ідэі, якія датычацца сучасных тэхналогій. Па словах Мікалая Брэдзелева, аднаго з арганізатараў конкурсу, старшакласнікам даецца магчымасць прадставіць свае прапановы, самыя цікавыя з якіх увойдуць у банк даных сусветнага TED-праекта. Дарэчы, назва апошняга складаецца з першых літар англійскіх слоў «тэхналогія», «адукацыя» і «дызайн». Праз гэтыя камунікацыйныя каналы трэба данесці сваю ідэю, прычым толькі на беларускай мове. Арганізатары кажуць, што гэта добрая магчымасць папулярызаваць у вучнёўскім асяроддзі родную мову.

Большасць ідэй датычылася вэб-тэхналогій, закліканых дапамагчы зрабіць традыцыйныя школьныя ўрокі больш цікавымі, а сам працэс навучання – найбольш эфектыўным. Вучні не толькі ідуць у нагу з часам, але імкнуцца апярэдзіць яго. Яны прапануюць больш смела ўкараняць сучасныя тэхналогіі ў школьнае жыцце. Напрыклад, выкладваць на сайт школы лекцыі альбо ўрокі, каб вечерам школьнікі змаглі замацаваць новую тэму. Таксама гэта вельмі спатрэбіцца тым вучням, якія прапусцілі заняткі, а такім чынам змогуць засвоіць матэрыял.

Адна з ідэй датычылася чэргаў у школьных сталоўках. Як адзначылі самі вучні, з гэтай праблемай сутыкаюцца многія. Таму варта стварыць электронную чаргу, якая будзе адлюстравана ў спецыяльна створанай мабільнай праграме. А колькасць вучняў, якія зайшлі ў сталоўку, падлічыць вэб-камера ў памяшканні. Калі там шмат вучняў, ісці не варта, кажуць аўтары ідэі. Больш за тое, яны нават прапануюць зарэзерваваць такім чынам месца ў сталоўцы. Ёсць і прапанова зрабіць мабільны сэрвіс пад назвай «разумныя вочкі»: вучні, якія дрэнна бачаць з апошняй парты, маглі б карыстацца спецыяльнымі акулярамі. Але не толькі. Пры дапамозе спецыяльнай праграмы можна, напрыклад, праводзіць вопыты па хіміі.

Удзельнікі крэатону выказалі ідэю наогул замяніць традыцыйныя падручнікі на электронныя. Пры гэтым выкарыстоўваць элементы гульні па ўзроўнях: вучань толькі тады зможа перайсці на вышэйшы ўзровень, калі добра засвоіць папярэдні. Як сказаў гімназіст з Іўя Канстанцін Муліца, падлеткі такім чынам ідуць наперад і сёння ствараюць будучыню. Сам Косця рыхтуецца стаць праграмістам. Ён займаецца распрацоўкай вэб-праекта, скіраванага на экалагічную культуру насельніцтва.

Гэта інтэрнэт-пляцоўка, якая дапаможа знайсці інфармацыю пра экалагічны рух. Цяпер такіх платформаў няма, таму я і пачаў распрацоўку праграмы. Мы шукаем аднадумцаў і вырашаем, як дзейнічаць. Гэта могуць быць лакальныя мерапрыемствы ад простай прыборкі вуліцы да стварэння вялікага суботніка з удзелам да 100 чалавек, – расказаў Канстанцін.

А вось ці магчыма ўкараніць у навучальных установах смелыя тэхналогіі ўдзельнікаў крэатону? Галоўны спецыяліст аддзела адукацыі Гродзенскага гарвыканкама Андрэй Здунек лічыць, што ўсе новыя фарматы пачынаюцца з ідэй. Тэхналогіі будуць развівацца, і, магчыма, сенняшнія вучні, а заўтрашнія студэнты і педагогі, будуць прасоўваць іх у жыццё. Такая пляцоўка дапамагае вызначыць гэтыя ідэі, звярнуць увагу на самыя патрэбныя.

Не ўсе прапановы вучняў сустрэлі падтрымку ў саміх педагогаў. Напрыклад, настаўніца беларускай мовы і літаратуры Гродзенскай гарадской гімназіі Таісія Гайдукевіч скептычна аднеслася да ідэі рэйтынга настаўнікаў і, адпаведна, магчымасці выбраць таго, у каго ён будзе вышэйшы. «Многія лічаць, што іншы настаўнік будзе лепшы. Гэта ўтапічная ідэя, – кажа Таісія Аляксандраўна. Увогуле змена настаўніка балючая для дзяцей. Асабліва калі яны часта мяняюцца і ў кожнага нейкая свая сістэма».

Затое ёй вельмі спадабалася ідэя здымаць урокі на відэа. Магчыма, не ўсе, але нейкія найбольш значныя і добра падрыхтаваныя можна здымаць для шырокага прагляду, лічыць настаўніца: «Напрыклад, я падрыхтавала цікавы ўрок і хачу, каб яго ўсе ўбачылі, у тым ліку і калегі. Бо нам таксама важна, як працуюць іншыя, але гэта павінен быць падрыхтаваны ўрок, узгоднены з дзецьмі. Гэта цікавая ідэя».

На думку дырэктара студыі вэб-дызайну Глеба Койніша, падчас крэатону прагучалі новыя ідэі па гейміфікацыі навучання, гэта значыць па даданні гульні ў адукацыю. Напрыклад, элементы гульні можа мець гімнастыка для інтэлекту, каб ён зранку хутчэй «прачнуўся». Для гэтага варта зрабіць нейкае простае заданне, рашыць задачу ці адказаць на пытанне, што прапануе адпаведны мабільны сэрвіс. Увогуле многія ідэі могуць быць рэалізаваны, бо тэхнічны падмурак для іх ёсць, трэба толькі яго развіць. У выніку конкурсу вызначацца дзесяць фіналістаў з усёй краіны. Гэта тыя, хто прапануе самыя цікавыя і перспектыўныя ідэі. Кожны з іх атрымае прыз – айфон – і зможа пад кіраўніцтвам спецыяльнага ментара прадставіць сваю ідэю на маштабнай маладзёжнай канферэнцыі ў Мінску.

Опубликовано:
23 апреля 2020
Просмотров:
5441
Категория:
Поделиться в соцсетях: