Ягор Макарэвіч: Маладзёжны парламент – магчымасць рэалізаваць свой патэнцыял

Два гады таму пры Нацыянальным сходзе з'явіўся Маладзёжны парламент. Узначаліць яго даверылі выпускніку Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце, юрысту-пачаткоўцу Ягору Макарэвічу. Сёння ён – чарговы герой нашай рубрыкі. У інтэрв'ю для «Плеяды маладых» Ягор падвёў першыя вынікі дзейнасці Маладзёжнага савета пры Нацыянальным сходзе, расказаў, як сфарміруюць новае скліканне, і растлумачыў, чаму грамадская дзейнасць – аснова поспеху для моладзі

Андрэй Макарэвіч

– Маладзёжны парламент – грамадскі орган, які праз пару месяцаў будзе адзначаць сваё двухгоддзе. Раскажыце пра ўзнікненне вашай структуры і яе дзейнасць.

– Першае скліканне Маладзёжнага парламента заканчвае сваю двухгадовую дзейнасць 2 ліпеня. Такая структура з'явілася ў краіне ўпершыню, хоць сама ідэя маладзёжнага парламентарызму існавала даўно. У 2017 годзе яе падтрымаў Прэзідэнт. На працягу трох наступных гадоў задума прапрацоўвалася і, нарэшце, у 2020 годзе ажыццявілася. Асноўная мэта работы Маладзёжнага парламента ў тым, каб дэпутаты і сенатары пры разглядзе пытанняў мелі на ўвазе меркаванне моладзі, а моладзь разумела сутнасць працэсаў дзяржаўнага кіравання.

Маладзёжны парламент уключае 70 прадстаўнікоў усіх абласцей краіны і горада Мінска ва ўзросце ад 18 да 31 года. Гэта, напрыклад, маладыя дэпутаты мясцовых Саветаў, члены грамадскіх аб'яднанняў, партый, маладыя лідары, якія працуюць на разнастайных прадпрыемствах, ва ўстановах, і пры гэтым актыўна займаюцца грамадскай дзейнасцю.

Іх асноўная задача – даносіць погляды маладзёжнага асяроддзя да нашых парламентарыяў і, наадварот, дзяржаўную пазіцыю – да аднагодак. Моладзь больш даверліва ўспрымае інфармацыю ад сваіх равеснікаў. Вось гэтым мы займаліся два гады і можам ужо падводзіць першыя вынікі, бо стаім на парозе фарміравання новага склікання. Яно, дарэчы, будзе створана па новых правілах. Туды ўвойдуць прадстаўнікі кожнага раёна краіны і гарадоў абласнога падпарадкавання, – каля 140 чалавек.

– Як будуць праходзіць выбары?

– Кожны раённы Савет дэпутатаў накіруе сваіх прадстаўнікоў. Як правіла, гэта будуць члены маладзёжных парламенцкіх структур, створаных пры Саветах дэпутатаў. Гэта не значыць, што ў новым складзе абавязкова павінны быць толькі парламентарыі. Знойдуць там сваё месца і іншыя маладыя лідары, які дасягнулі значных вынікаў. Дарэчы, усе нашы парламентарыі працуюць на грамадскіх пачатках, паралельна з асноўным месцам. У нас ёсць свае профільныя камісіі. Напрыклад, камісію па ахове здароўя ўзначальвае малады хірург-анколаг, камісію па інфармацыйнай камунікацыі – дзяўчына-карэспандэнт «СБ. Беларусь сегодня», камісію па пытаннях навакольнага асяроддзя – ляснічы.

– Падводзячы першыя вынікі вашай двухгадовай работы, як вы лічыце, чаго вам удалося дасягнуць?

– Па сутнасці, мы ўпершыню сфарміравалі сістэму маладзёжнага парламентарызму ў краіне. Маладзёжны парламент стварае сацыяльны ліфт, які дазваляе маладым быць заўважанымі ў кожным раёне, вобласці. Наша асноўная задача, вядома, – і ўдзел у заканатворчым працэсе. У Маладзёжнага парламента ёсць магчымасць на розных стадыях распрацоўкі законапраектаў уносіць свае прапановы. Такіх ініцыятыў ад нас паступае шмат: ад аховы здароўя да ліцэнзавання прадпрымальніцкай дзейнасці. І нашы прапановы ўлічваюцца.

– Вы кажаце пра сацыяльны ліфт. То-бок членства ў Маладзёжным парламенце – магчымасць руху па кар'ернай лесвіцы?

– Пачну з таго, што кар'ерызм – гэта не дрэнна. Любы чалавек хоча рэалізаваць свае прафесійныя амбіцыі, але кар'ерызм без ведаў – бессэнсоўны. Маладзёжны парламентарызм дае магчымасць людзям, якія ўжо маюць лідарскія якасці, займець уменні, каб працаваць у дзяржаўнай сістэме. Ты можаш скарыстацца гэтай магчымасцю – і сацыяльны ліфт у дачыненні да цябе спрацуе, цябе заўважаць. То-бок Маладзёжны парламент – гэта магчымасць быць заўважанымі, каб рэалізаваць свой патэнцыял.

– Вы ўваходзілі ў Канстытуцыйную камісію па распрацоўцы абнаўленняў у Асноўны Закон. Што вам даў такі вопыт?

– Я па адукацыі юрыст, заканчваў Акадэмію кіравання, магістратуру юрфака БДУ. А ў юрыдычнай навуцы канстытуцыйнае права займае важнае месца. Калі мне пашчасціла ўвайсці ў склад Канстытуцыйнай камісіі, я зразумеў, што гэта як для краіны, так і для мяне асабіста – гістарычная падзея.З аднаго боку, каласальны вопыт, а з другога – крэдыт даверу, які прыйдзецца доўга апраўдваць. Увогуле, маладыя парламентарыі спрычыніліся да работы над Канстытуцыяй. Яны сустракаліся ў рэгіёнах з аднагодкамі і акумулявалі іх прапановы ў закон. Вынік – у Канстытуцыі з'явіўся 31-ы артыкул, які гарантуе маладым людзям пэўныя правы. Гэтая ідэя была падтрымана членамі Савета Рэспублікі.

– Ваш шлях у грамадскую дзейнасць пачаўся з Маладзёжнай палаты Мінгарсавета. Да гэтай справы, як вы адзначалі, падштурхнулі цікаўнасць і жаданне ствараць. Погляды змяніліся?

– Я гэтых прынцыпаў прытрымліваюся і сёння. Вельмі ўдзячны Нацыянальнаму сходу за магчымасць убачыць закуліссе парламенцкага жыцця. Маё жаданне ствараць, калі я пачынаў займацца маладзёжным парламентарызмам, рэалізавалася. І мае жыццёвыя ідэалы не змяніліся. Работа ў Маладзёжнай палаце і Маладзёжным парламенце – гэта рознае. Маладзёжная палата Мінгарсавета рэалізоўвала праекты лакальнага характару, але гэты вопыт вельмі дапамог. Дзякуючы яму калегі выбралі мяне на пасаду старшыні Маладзёжнага парламента. Дарэчы, у юнацкай палаце Мінгарсавета мы займаліся падрыхтоўкай прававой базы для стварэння Маладзёжнага парламента пры Нацыянальным сходзе.

– Як вы вучыліся ў школе?

– Я гуманітарый і любіў больш дысцыпліны гістарычнага профілю, грамадазнаўства, літаратуру. Мне было цяжка асвойваць фізіку, матэматыку, хімію, таму не быў выдатнікам. Але і сярод двоечнікаў не хадзіў. Крыху не пашчасціла пры паступленні – матэматыку, якую не любіў, прыйшлося здаваць на ЦТ ва ўніверсітэт. Таму не трапіў на бюджэт.

Я лічу, што кожнаму маладому чалавеку акрамя адукацыі, неабходна мець яшчэ нейкае захапленне – спорт або грамадскую дзейнасць. Гэта як элемент уласнага самавыхавання. Я веру, што маладыя людзі, якія займаюцца нечым акрамя адукацыі, фарміруюцца як цэласныя асобы. Усе гады маёй вучобы ў Акадэміі кіравання я займаўся маладзёжным парламентарызмам. Але і вучыўся добра, бо мне падабаліся юрыдычныя дысцыпліны. Таму паступіў у магістратуру юрфака БДУ, а цяпер вучуся ў аспірантуры.

– Вы ўжо закранулі пытанне адукацыі. Вучыліся ў Акадэміі кіравання на юрыста. Верагодна, сустракаліся з думкай, што досыць у нашай краіне эканамістаў, юрыстаў ды журналістаў. Наколькі запатрабаваная сёння прафесія юрыста?

– Я мэтанакіравана ішоў не столькі на юрыдычную спецыяльнасць, колькі ў Акадэмію кіравання. Мне была цікавая сфера дзяржкіравання. Я ні капелькі не шкадую, што выбраў гэту ўстанову. Акрамя класічнай юрыдычнай адукацыі, якую можна атрымаць у шматлікіх ВНУ краіны, я маю веды ў сферы дзяржаўнага кіравання. У мяне была магчымасць вучыцца ў вядучых кіраўнікоў-практыкаў, займець сувязі з сакурснікамі, якія сёння працуюць у дзяржаўным сектары. Таму я мяркую, не важна, якая колькасць на рынку вакансій прадстаўнікоў той ці іншай спецыяльнасці. Калі ты валодаеш навыкамі, станеш запатрабаваным спецыялістам. Галоўнае – не гнацца за модай, а разумець, што табе блізка і наколькі здолееш сябе рэалізаваць у галіне.

– Якім было ваша першае месца работы?

– Мне пасля выпуску пашчасціла... Але адразу падкрэслю: гэта вынік грамадскай дзейнасці, якой я займаўся падчас вучобы і ў школе, і ў Акадэміі кіравання. Некаторыя памылкова думаюць, што ў Маладзёжны парламент можна трапіць «па блаце». Але гэта не так. У нашым скліканні кожны – рэальны лідар меркаванняў, які мае падтрымку равеснікаў.

Мне прапанавалі пасля ВНУ пайсці працаваць памочнікам старшыні Пастаяннай камісіі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Савета Рэспублікі Ірыны Анатолеўны Старавойтавай. Я працаваў з ёй два гады. Пасля – у Галоўным інфармацыйна-аналітычным цэнтры Міністэрства адукацыі. Калі ў 2020 годзе быў сфарміраваны Маладзёжны парламент, мне прапанавалі стаць памочнікам намесніка старшыні Савета Рэспублікі Анатоля Міхайлавіча Ісачанкі. З пачаткам работы Маладзёжнай палаты многія маладыя рабяты сябе зарэкамендавалі і сталі памочнікамі сенатараў.

Калі Анатоль Міхайлавіч узначаліў Магілёўскі аблвыканкам, я падумаў, што неабходна сканцэнтравацца на навуковай рабоце, і пайшоў працаваць выкладчыкам на юрфак БДУ. Адчуваю сябе там максімальна камфортна, цяпер выкладаю паліталогію, дзяржаўнае кіраванне і палітыку на розных факультэтах.

– Маладзёжны парламент – грамадская нагрузка, за якую вы не атрымліваеце грошы?

– Так. Асабліва ў 2020 годзе мне і калегам казалі, што мы падтрымліваем дзяржаўны курс за нейкія вар'яцкія грошы. Гэта няпраўда. Нам ніхто не плаціць ні за пазіцыю, ні за нагрузку ў Маладзёжным парламенце.

– Працягнем тэму хейту. У вас ёсць калонка ў адной з маладзёжных газет, дзе вы выступаеце са смелымі выказваннямі. Вы сутыкаецеся з хейтам з-за вашай палітычнай пазіцыі?

– Асабліва сутыкнуўся з ім у 2020 годзе, калі выказваў сваю падтрымку дзеючай уладзе. Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі – класічны метад паліттэхналогій. Я выкладваў пасты – і ўжо праз 15-20 секундаў пачыналася хваля хейту. Я быў да гэтага гатовы, таму ўспрымаў спакойна. Ад жывых зносін, асабліва ад знаёмых хейт – гэта іншая справа. Я ніколі нікога не крытыкаваў за палітычную пазіцыю, а дакладна, узважана выказваў сваю. Чалавек, які займаецца грамадскай дзейнасцю, павінен да хейту адносіцца спакойна, а да альтэрнатыўнага пункту гледжання прыслухоўвацца.

– Выказваючы сваю палітычную пазіцыю ў 2020 годзе, вы страцілі сяброў, кантакты са знаёмымі?

– Не. У мяне былі знаёмыя, якія мелі іншую пазіцыю, але яны не спрабавалі мне нешта навязаць. У мяне ёсць адзін прыяцель, які выказваўся не за ўладу і галасаваў адпаведна. Але ён разумеў, што «вуліца» нічога не вырашыць. Таму калі пачаліся пратэсты, іх не падтрымаў, а цяпер стаў заўзятым прыхільнікам улады.

– Давайце пагаворым пра вашы захапленні, акрамя грамадскага жыцця. Чым напаўняеце вольны час?

– Люблю дзейнасць, якая дазваляе «пераключацца». Па-першае, гэта спорт – веласіпед улетку, горныя лыжы зімой, басейн і прагулкі пешшу па Мінску ва ўсе поры года. Па-другое, люблю фільмы, сачу за навінкамі кінематографа. Магу нават назваць сябе кінаманам.

– Ці можна вас сустрэць увечары ў бары ці кафэ?

– Вядома, я лічу, што нічога тут асаблівага няма. Гэта адпачынак, які цябе перазагружае. Я часам бываю на нашых, як іх называюць, «тусовачных» вуліцах – Зыбіцкай, Кастрычніцкай. Там сустракаюся з сябрамі. Пра нас, маладых парламентарыяў, складваецца ўражанне, як пра кансерватыўных, адасобленых маладых людзей, але гэта не так.

– Як вы адносіцеся да такога маладзёжнага трэнду як рэлакацыя?

– Скептычна. Каб пераехаць, ты павінен мець навыкі, якія будуць карыснымі за мяжой. А калі іх няма і ты пераязджаеш, толькі каб пераехаць, не будзеш там запатрабаваны. Я заўсёды з гэтай нагоды прыводжу прыклад. У мяне быў знаёмы айцішнік, які зарабляў некалькі тысяч долараў. З'ехаў у Адэсу – і вярнуўся праз два месяцы. Тыя ўмовы, якія ствараюцца ў нас у кантэксце развіцця ІТ-сектара, лепшыя за еўрапейскія. Моладзь пераязджае за мяжу і думае, што будзе атрымліваць там дзясяткі тысяч долараў. Дык і траціць ты там будзеш шмат. Цяпер гляджу ў Тік-Ток, як нашы маладыя людзі, што папераязджалі ў Польшчу, улягаюць там практычна 24/7 і атрымліваюць капейкі. На мой погляд, у краіне створаны ўсе ўмовы для развіцця маладога чалавека.

– Вы ў 2018-м ва ўзросце 21 года балаціраваліся ў Мінскі гарадскі Савет дэпутатаў. У вас не атрымалася трапіць у яго склад. У будучым збіраецеся зноў паспрабаваць? Ці, можа, адразу ў Парламент?

– Мне гэта цікава. Не выключаю, што буду балаціравацца ў Парламент або ў мясцовыя Саветы дэпутатаў у 2024 годзе. Я лічу, што магу быць карысны людзям. Нельга загадваць. Але я не бачу нічога дрэннага ў тым, калі ў наш Парламент прыходзяць маладыя людзі. Яны заўсёды з'яўляюцца праваднікамі дзяржаўнай палітыкі для сваіх аднагодкаў. Гэта тая пераемнасць, пра якую кажуць нашы ўлады.

Опубликовано:
18 мая 2022
Просмотров:
2034
Категория:
Поделиться в соцсетях: